Iva Sativa – Коса
Бадзёры танцавальны трэк, які гайдае як мае быць. У вайбе ёсць нешта ад гурта Palac залатога перыяду — параўнаць можна не адыходзячы ад касы, то бок у поўным плэйлісце на Spotify бліжэй да канца.
Петля Пристрастия – Жыццё як жах
Слухаеш трэк і толькі недзе на сярэдзіне ловіш сябе на думцы, што гурт упершыню спявае па-беларуску. Тут ёсць усё, за што мы любім Пятлю: алкаголь і філасофскія развагі пра вечнае вяртанне. Але ў канцы нечаканка — няўжо промень надзеі?
Борисовский тракт – Спасатели из Малибу
Вясёлы сёрф-трэк ад юных іранічных мінскіх рокераў з празрыстым і крыху лоўфайным гучаннем.
Leibonik – Emigrant Song
Лейбонік нібы вядзе гутарку з тымі, хто з’ехаў, але разам з тым шле выразнае пасланне тым, хто ў РБ: не так салодка бадзяцца па замежжы, а калі і бывае салодка, то прытарна, ажно зводзіць сківіцы да слёз.
Neuro Dubel – Переехала Комбайном
Класіка з непаўторнай атмасферай летняга жніва. Свежапафарбаваныя камбайны поўзаюць па залатых каласістых палях і шукаюць сабе новых ахвяр.
СОЮЗ – Glance
Імпрэсіянісцкая замалёўка ад гурта, які ў гэтым годзе запісаў чароўны альбом Force of the Wind і працягвае набіраць абароты, напрыклад, паспеў выступіць на сёлетнім фестывалі Primavera ў Барселоне.
Дуся – Время идёт
Рамантычная прыгожая сінтовая песня з новага альбому Дусі Шукшыной «Огонь простит» пра імгенне і няспынны час.
Dlina Volny – Do it
Прыцягнальны і магічны New Wave на ўсе выпадкі жыцця: вось ты шпацыруеш у навушніках па начным горадзе, вось едзеш па трасе насустрач світанку, а вось танчыш з сябрамі пад віно на балконе дзесяціпавярховай панэлькі.