Гiды

Вялікая бітва булак: паска, пасха і куліч

Вялікая бітва булак: паска, пасха і куліч

Асцярожна: Сойка надзявае настаўніцкія акуляры і вучыць вас, як жыць, а дакладней, як размаўляць па-беларуску, каб не было сорамна перад наступнымі пакаленнямі. Жартуем. Насамрэч сённяшні матэрыял пра тое, як можна называць хлеба-булачны выраб, які традыцыйна пякуць на Вялікдзень, і як яго лепей не называць, каб не зашкварыцца.

Малюнак Ксеніі Лагавой

Чаму гэта важна

Назвы страваў у розных мовах — гэта не проста словы. Гэта словы, якія маюць культуралагічнае, ледзьве не магічнае, нацыяўтваральнае значэнне, бо акурат паказваюць на нашыя адрозненні ад суседзяў. Мапы 19 стагоддзя, якія вызначалі межы, дзе жывуць беларусы, у першую чаргу базуюцца на моўных адрозненнях (а такія словы, як хлеб, вада, дзень і ноч, ва ўсіх славянскіх мовах больш-менш тыя самыя, таму яны для мапаў не пасуюць). І не апошнюю ролю ў такім вызначэнні грае побытавая лексіка, вялікі пласт якой — гэта назвы страў. Таму для зручнасці, можам казаць так: Беларусь там, дзе ядуць «дранікі».

Усё проста: паска, яна ж пасха

У беларускай і ўкраінскай мовах круглы салодкі хлеб або пірог, які выпякаюць на Вялікдзень, традыцыйна называюць «паска» або «пасха». А калі гэта рытуальная страва з тварагу, то яе называюць «сырнай/тварожнай паскай», бо проста «паска», без азначэння, па змоўчанні робіцца з мукі.

Баба, яна ж — булка

А яшчэ ў беларускіх гаворках поўначы і паўночнага захаду (то-бок збольшага — Віцебшчына ў самым шырокім значэнні) велікодны пірог могуць назваць проста «булка», «баба» або «бабка». Так, такое бывае, што адно і тое слова, як «бабка», у розных рэгіёнах можа абазначаць зусім розныя стравы.

Што не так з «кулічом»

Усё з ім нармальна ў межах Расеі. Слова «куліч» паходзіць са старагрэцкай мовы, дзе абазначала «хлеб круглай або авальнай формы», і сярод усіх моў нашых суседзяў выкарыстоўваецца толькі ў расейскай. Ва ўкраінцаў, як і ў нас, гэта «паска», у палякаў падобная страва называецца baby, babki, а ў трохі далейшых традыцыйна праваслаўных суседзяў — малдаван, румынаў і балгараў — выпякаюць «казунак».

Бонус трэк: а што ў беларускай рускай мове

Ёсць такія словы-сімвалы, якія хоць і можна перакладаць на іншую мову, але навошта? — там яны губляюць сваё абаянне і часта гучаць нейкімі чужымі, нібыта больш не належаць нам (як у выпадку з «дранікамі», якія ў некаторых рэстарацыях чамусьці называюць «картофельными оладьями»). Амерыканцы не саромеюцца есці candies там, дзе брытанцы (і іншыя краіны, якія традыцыйна ўжываюць British English) паядаюць sweets, і cookies/crackers на месцы брытанскіх biscuits. Так што гэта няблага — мець пачуццё годнасці, як у амерыканцаў, і ўжываць сваё — паскі, пасхі і булкі — нават у рускай мове Беларусі.