Гiды

Бусел: што варта ведаць пра галоўную птушку Беларусі

Бусел: што варта ведаць пра галоўную птушку Беларусі

Малюнак Snywonder

У канцы красавіка у Беларусь далятаюць з выраю апошнія белыя буслы. Як кажуць, цяпер афіцыйна: бусел прыляцеў — вясна будзе. Разам з вясною з’яўляюцца буслянкі, а ў іх — бусліныя яйкі. У фальклоры бусел асацыюецца з немаўлятамі (тымі, каторых не знайшлі ў капусце), у прыродзе — з экалагічна чыстай і не знішчанай чалавекам прыродай. Калі бусел гнездаваў-гнездаваў, а потым адмовіўся ад прывычнага месца, хутчэй за ўсё, экалогія там стала моцна кульгаць.

Сойка разам з адмыслоўцамі арганізацыі «Экадом» падрыхтавала даведнік пра ўзлёты і падзенні белага бусла, а таксама — пра нашыя магчымасці яму дапамагаць.

Асноўныя звесткі

Афіцыйная назва: Ciconia ciconia
Працягласць жыцця: каля 20 гадоў (у няволі — да 34)
Рост дарослай асобіны: 80 см, вага: 3-4 кг
Размах крылаў: каля 2 м
Даўжыня дзюбы: 16-20 см
Гняздо бусла: сапраўдная хаціна вагой ад 500 кг да 2 тонаў. Будуюць іх буслы на дахах будынкаў, комінах, дрэвах, слупах лініяў электраперадач, воданапорных вежах ды іншых месцах.

Буслы — мясныя птушкі. Птушанятаў кормяць дажджавымі чарвякамі, а падросшы, яны ядуць тое, што ўпалююць самі — ад камароў да трытонаў і зайчанятаў. І зусім не абавязкова жабаў.

Бусел у творах і вытворчасці

У беларускім народным фальклоры бусел мае славу вернага, сямейнага і з усіх бакоў станоўчага птаха. Лічыцца, што буслы не будуюць гнёзды ў кепскіх людзей. Таму разбурэнне гнязда, знішчэнне яек ці забойства птушанятаў у нас сустракаецца з вельмі негатыўнай рэакцыяй.

Бусел — герой нашай літаратуры, а, дзякуючы Уладзіміру Караткевічу, уся Беларусь зрабілася «Зямлёй пад белымі крыламі». Бусел жыве ў беларускай вытворчасці і брэндынгу.

  • Дызайнерскія рэчы Вольгі Кардаш

 

  • Дзіцячы супермаркет

  • Культавая гарэлка

Бусел у мове

Бусел у нашай мове мае шэраг псеўданімаў у розных рэгіёнах: з самых вядомых — бацян і буська/бусень, з самых забаўных — бухал (з націскам на «у») і весялец/весялок. Так што ў цэлым нядзіўна, што ў слова «бусел» афіцыйна прызнанае пераноснае значэнне «высокая бутэлька гарэлкі». І дарэчы, славутая беларуская буська, яна ж пацалунак, — гэта ўсё адсюль. Так што «даць бусла» — гэта кодавая назва не для «даць дубу», а для вельмі нават рамантычнай дзеі.

Бусел у небяспецы

Буслы не застрахаваныя ад ад катаклізмаў і няшчасных выпадкаў. Але галоўная прычына бусліных бедаў — актыўнасць чалавека, праз якую адбываецца:

  • Страта месцаў харчавання. Рэгуляванне стоку рэк, меліярацыя, узворванне лугоў, ужыванне мінеральных угнаенняў і хімічных сродкаў, разбудоўванне дарог і гарадоў, ператварэнне пустых участкаў у сметнікі. Усё гэта знішчае прыдатны да харчавання птушак біятоп.
  • Страта месцаў для буслянак. Людзі высякаюць старыя дрэвы, на якіх буслы прывыклі будаваць гнёзды, або мяняюць пакрыццё даху на тое, якое буслам не даспадобы. Бывае, што буслянкі руйнуюць свядома ці гаспадары, ці электрыкі, якія гэтак бароняць лініі электраперадач. (Альтэрнатыва — размяшчэнне спецыяльных платформаў пад буслянкі на слупах, што аберагае і буслоў, і электрычныя драты).
  • Смерць буслоў. Птушкі, якія жывуць на лініях электраперадач, часта паміраюць ад удараў токам. Буслы заблытваюцца ў вяроўкі, матузкі і тонкія драты, якія людзі пакідаюць на полі пасля жніва. Птушкі прыносяць гэтыя матэрыялы ў гняздо, што нярэдка становіцца прычынай калечання, удушэння і смерці. Таксама буслы гінуць ад хімічных угнаенняў, якія з’ядаюць разам з кормам. Нярэдка робяцца ахвярамі сутыкнення з самалётамі.

 

Адстрэл буслоў

Каля 75% маладых буслоў гінуць у першы год жыцця падчас міграцыі. Такія вынікі паказалі даследаванні нямецкай папуляцыі, якая мігруе на захад і зімуе ў Заходняй Афрыцы. Сярод соцень небяспек, якія падсцерагаюць нашых белых сяброў падчас далёкіх паветраных падарожжаў, ёсць і самыя натуральныя браканьеры ў Ліване або Сірыі, якія палююць на буслоў дзеля грошай.

Штогод Камітэт супраць забойства птушак (CABS) атрымлівае паведамленні пра «бойню буслоў», якая часта адбываецца ў ліванскіх гарадах.

Вялікая частка гэтай інфармацыі публікуецца самімі браканьерамі, якія, нягледзячы на забарону адстрэльваць буслоў, рэгулярна выкладваюць «трафейныя фотаздымкі» сябе і сваёй птушынай здабычы ў сацыяльных сетках.

Дапамога буслам

  • Ахвяраванне

Акрамя CABS, існуе ініцыятыва EuroNatur, якая абараняе месцы жылля буслоў, намагаецца панізіць колькасць сітуацый сутыкнення птушак з электрычным токам, што нярэдка прыводзіць да іх гібелі, а таксама звяртае ўвагу грамадства на праблемы кліматычнага крызісу: занадта гарачае і сухое лета дрэнна ўплывае на размнажэнне белых буслоў, таму важна захаваць вільготныя палі і лугі. Таму, калі хочаце дапамагчы, можна ахвяраваць CABS або пералічыць сродкі EuroNatur.

  • Прыбіранне вяровак

Адзін са спосабаў дапамагчы буслам — прыбраць небяспечныя для іх сінтэтычныя вяроўкі і матузкі з палёў. Для гэтага не трэба нічога адмысловага, толькі вольны час, мяхі для смецця і кампанія аднадумцаў. Вяроўкі трэба збіраць на палях, узбочынах і канавах.

  • Рамонт гнязда

Буслянкі, пабудаваныя ў занадта высокіх, небяспечных, неадпаведных месцах не абавязкова знішчаць. Часам дастаткова «адрамантаваць гняздо». У адных сітуацыях дапаможа падрэзванне галінаў дрэва або скіданне занадта цяжкой часткі гнязда. У іншых сітуацыях неабходна размясціць адмысловую платформу на электрычным слупе. Усталяваць платформу можна патрабаваць у сельсавета або раённай энергетычнай службы (напісаўшы зварот), або ўручыўшы інструкцыю пабудовы такой платформы гаспадару тэрыторыі, на якой размешчана аварыйнае гняздо.

***

Буслы, буслы, ляціце дарогай прамою
На зарослыя пальмамі берагі,
Раскажыце, што над вялікай ракою
Ёсць народ, што ніколі не крыўдзіў другіх,
Што бязмерным гонарам я ганаруся,
І мацнее штодзённа мая любоў,
Бо скупая зямля маёй Беларусі
Не раджала рабоў і не мела рабоў.
Буслы вучаць дзяцей. У лясным ветрабоі,
Ў цёмных пушчах буслам зайздросцяць звяры…
Крылы моцныя гучна вяслуюць над хвоямі,
Хвост пушысты, як веерам, ногі накрыў.
І адклаўшы вясло, я слухаю сказы,
І па плыні спакойнай, па глыбіні
Адплываю кудысьці з захадам разам,
І згасаю на сумным тваім агні.

Уладзімір Караткевіч, з верша «Буслы вучаць дзяцей»