Гiды

Адкуль мы ўзяліся: 8 кніг пра нашу гісторыю

Адкуль мы ўзяліся: 8 кніг пра нашу гісторыю

Быць беларусам — не быць скотам, гэта ведае ўжо, здаецца, кожны. Аднак у далейшай дыскусіі наконт паходжання і нацыянальнага гонару хацелася б мець і больш канкрэтныя аргументы. Напярэдадні 105-годдзя БНР Сойка прапануе восем галоўных кніг пра нашу гісторыю, на якіх гадавалася сама і якія можа параіць для павышэння градусу нацыянальнай свядомасці. Яны выдаваліся з 1910 да 2016 года і ахопліваюць фактычна ўсе перыяды нашай гісторыі. Шукайце ў бібліятэках, букінісце, па прыватных абвестках і на кніжных паліцах у гасцях у сяброў. Scripta manent, і гэта цешыць.

Адкуль мы ўзяліся: 8 кніг пра нашу гісторыю

«Адкуль наш род», Уладзімір Арлоў

Настольная кніга школьнікаў пакалення 90-х. Ладна, настольнай кнігай быў, відаць, хорар «Заклятыя скарбы», але калі гаворка пра гістарычны нон-фікшн — тут кніга Арлова сапраўды многім служыла гідам у свет таго па-сапраўднаму свайго, чым можна ганарыцца. Першае яе выданне было ў 1996 годзе, і не дзіва, што пасля яна перавыдавалася яшчэ некалькі разоў, і — хочам спадзявацца — яшчэ будзе перавыдавацца, калі загляне сонца.

Спампаваць

Адкуль мы ўзяліся: 8 кніг пра нашу гісторыю

«Кароткая гісторыя Беларусі», Вацлаў Ластоўскі

Гэтая кніга — першая, дзе Беларусь разглядаецца як асобны суб’ект, а таксама першы падручнік па гісторыі, напісаны беларусам для беларусаў. Ластоўскі выдаў сваю працу ў 1910 годзе, аднак доўгія гады ў СССР гэтая кніга была недаступная, перавыдалі яе рэпрынтам у 1993-м. Не да ўсяго апісанага ў кнізе варта ставіцца з аднолькавым стоадсоткавым даверам — яе аўтар Вацлаў Ластоўскі быў не толькі гісторыкам, але і пісьменнікам, і творцам міфаў. Аднак нацыянальныя міфы — гэта ў значнай ступені тое, што робіць нацыю трывалай і стварае аксітацынавыя сувязі ў мозгу (напэўна).

Спампаваць

Адкуль мы ўзяліся: 8 кніг пра нашу гісторыю

«Таямніцы Полацкай гісторыі», Уладзімір Арлоў

Нарысы пра «калыску беларускай дзяржаўнасці», упершыню выдадзеныя ў 1994 годзе. Гэта нянудны і дасціпны аповед пра незалежнае Полацкае княства і лёс нацыянальнай рэліквіі — крыж Еўфрасінні, пра дзейнасць у Полацку ордэна езуітаў і падзеі 1812 года, пра Полацкі кадэцкі корпус і выдатных людзей, якіх даў Беларусі і свету найстаражытнейшы горад нашай краіны.

Спампаваць

Адкуль мы ўзяліся: 8 кніг пра нашу гісторыю

«Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі», Уладзімір Арлоў і Павел Татарнікаў

Увага: кніга-«экстрэміст» у нашым спісе. Гэта тоўстае, вялікафарматнае выданне з выдатнымі ілюстрацыямі Паўла Татарнікава. Кніга выйшла ў 2016 годзе і налета атрымала ажно дзве Прэміі Цёткі (даецца за кнігі для дзяцей і падлеткаў) — і за тэкст, і за ілюстрацыі. Як і ўсе гістарычныя кнігі Арлова, «Айчына» робіць адразу level up што да павышэння нацыянальнай свядомасці — не толькі дзецям і падлеткам, але і ўсім, каму гэтага не хапае. У цэлым, яе не пашкодзіла б мець у кожнай сям’і і ў кожным месцы, дзе ёсць скапленні беларусаў.

Адкуль мы ўзяліся: 8 кніг пра нашу гісторыю

«Невядомая вайна: 1654-1667», Генадзь Сагановіч

Той, хто чытаў гэтую кнігу, ужо задоўга да 24 лютага 2022 года не насіў ружовых акуляраў, гледзячы на ўсходняга суседа. Гэта гісторыя вайны, якую нельга называць, — вайны з Маскоўскім княствам, у якой, як лічыцца, загінуў амаль кожны трэці беларус і пасля якой дэмаграфічная сітуацыя на нашых землях доўга не магла палепшыцца. Пасля прачытання «Невядомай вайны» не застаецца ніякіх ілюзій пра «братэрскія народы», «адвечнае сяброўства», «блізкасць культур» і іншыя казкі.

Спампаваць

Адкуль мы ўзяліся: 8 кніг пра нашу гісторыю

Энцыклапедыя «Вялікае Княства Літоўскае» ў 3 тамах

Самая грунтоўная на сёння праца па гісторыі і культуры вельмі насычанага на падзеі перыяду ў жыцці беларусаў, тры тамы якой выйшлі з 2005 да 2010 года. Выданне багата ілюстраванае, з фотаздымкамі, мапамі і планамі. І гэта важкі адказ тым, хто ўсё яшчэ думае, што ВКЛ была выключна дзяржавай літоўцаў, якія нас заваявалі і падпарадкавалі, і мы пасля хадзілі «пад прыгнётам панскім». Ну, або тым, хто думае, што гісторыя Беларусі пачалася з БССР.

Спампаваць

Адкуль мы ўзяліся: 8 кніг пра нашу гісторыю

«Нацыянальнасьць — Беларус», Алег Латышонак

Прачытаўшы гэтую кнігу, вы ўжо ніколі не заблытаецеся ў «ліцвінах», «русінах», «Літве» і «Русі». Аўтар, беларускі гісторык з Беластоку, разблытвае гістарычныя міфы, распавядае пра Каліноўскага і кальвінізм, палемізуе з расейцамі і літоўцамі і даказвае: беларусы былі змагарамі ды ваякамі, дакладна як у творах Караткевіча. Вялікая частка гэтай кнігі, складзенай пераважна з эсэ, прысвечаная паходжанню назвы «Белая Русь» і падвойнай душы беларуса. «Беларусы — двайныя сіроты, бо гэта русіны, пазбаўленыя Кіева, і ліцвіны, пазбаўленыя Вільні».

Адкуль мы ўзяліся: 8 кніг пра нашу гісторыю

БОНУС: «Падручнікі з БЧБ»

Падручнікі па прадмеце «Мая Радзіма — Беларусь» і па гісторыі Беларусі выдання 1993 года (у народзе больш вядомыя як «падручнікі з БЧБ»).

Нягеглыя, у тонкай вокладцы, амаль без ілюстрацый, падрыхтаваныя на хуткую руку, але менавіта яны запалі ў душы тым, хто вучыўся ў школе ў 90-я, і сталі легендай, якую пераказвалі малодшым сёстрам, братам і пасля сябрам. Пратрымаліся гэтыя падручнікі зусім нядоўга — пасля рэферэндуму 1995 года такі дызайн «міністэрства магіі» цярпець не стала. Аднак хто ведае, мо гэта акурат гэтыя тонкія кніжкі абудзілі праз гады гістарычную памяць ў многіх з тых, што «выйшлі на вуліцу знянацку так».