Гiды

Мазыр: невідавочны гайд

Мазыр: невідавочны гайд

Горад на сямі пагорках, пярліна Палесся, беларуская Швейцарыя — гэта ўсё ён, Мазыр. Пра яго жартуюць, што ў ім больш карыстаюцца лесвіцамі, якія пралягаюць па ўсім горадзе, чым грамадскім транспартам: вуліцы ў Мазыры часам хаваюцца па глыбокіх ярах, а трамвай ходзіць па адзіным маршруце. А яшчэ там самы вялікі порт у краіне, які стаіць на чароўнай Прыпяці. Як падарожнічаць па самым узгорыстым горадзе Беларусі, не згадваючы пра нафту і не пазіраючы на Курган Славы і ахопленага полымем рэвалюцыі Леніна, чытайце у новым гайдзе ад Сойкі.

Замкавая гара

Хіба галоўны турыстычны пункт горада, старое гарадзішча, дзе цяпер месціцца стылізаваны драўляны замак з краязнаўчым музеем (з крыповымі чучаламі жывёл) і музеем «Палеская веда», кавярняй і пляцоўкамі для рамеснікаў. Сёння ён выглядае трохі домікам для Барбі (у плане памеру), але некалі драўляны замак меў тры вежы са сценамі таўшчынёй больш за метр, а вежы злучаліся гараднямі вышынёй каля 10 метраў. Карацей, сур’ёзны быў замак. Затое цяпер на аглядныя вежы можа падняцца любы ахвочы і паназіраць за жыццём горада з вышыні і паўяўляць, як усё змянілася за стагоддзі.

posmotrim.by

Лесвіцы па ярах, яны ж Экасцяжына

Звыкламу да плоскасці і роўнядзі беларускаму воку яры пад Мазыром сапраўды могуць здавацца горнымі пераваламі: часам стромкасць схілаў можа дасягаць 30°. Для турыстаў тут зрабілі драўляную экасцежку ў 6 км, уздоўж якой расце мноства відаў лекавых раслін — так што раптам вам прыхопіць сэрца ад нечаканасці і прыгажосці, вы ведаеце, што рабіць. А яшчэ, паводле легенды (насамрэч, сур’ёзна), там жыве янотападобны сабака з самымі беларускімі на свеце звычкамі: у выпадку небяспекі ён удае мёртвага.

mazyr.by
planetabelarus.by

Мост праз Прыпяць

Той выпадак, калі памер мае значэнне: гэты мост даўжынёй каля кіламетра сапраўды ўражвае. А з боку пляжу можна ўбачыць творы мясцовых Бэнксі — на апорах маста месціцца цэлая галерэя стрыт-арту ад мазырскіх мастакоў.

Увага: мост мусяць закрыць на рэканструкцыю на цэлыя тры гады, таму хутчэй за ўсё ён зменіць свой выгляд і развітаецца з графіці, то сёння — самы час наведаць яго.

progomel.by

Бровар Кімбараўка

Тут варылі піва з 1885 года, і спачатку на заводзе працавала ўсяго тры чалавекі. У другой палове мінулага стагоддзя тут рабілі «Рыжскае», «Беларускае» і «Украінскае» півы, а ў незалежнай Беларусі з’явіліся «Кімбараўка», «Мазырскае» і іншыя. На жаль, у 2004 годзе бровар перастаў варыць піва і пераключыўся на безалкагольныя напоі — квас, збіцень, медавуху. Пакаштаваць гэта ўсё можна ў межах экскурсійнага туру ў бары «Кімбураўка», які месціцца на тэрыторыі бровару. Ну, і яшчэ гэта проста запамінальныя, сімпатычныя будынкі з чырвонай цэглы, якую мы так любім.

mlife.by

Мазырскі трамвай

Мазыр — адзін з чатырох гарадоў Беларусі (разам з Віцебскам, Менскам і Наваполацкам), дзе жывуць трамваі. Хаця трамваі — моцна сказана; насамрэч тут з 1988 года курсуе трамвай роўна па адным маршруце: адвозіць працаўнікоў на НПЗ. Даўжыня маршруту каля 20 км, якія трамвай праходзіць за 40 хвілін: раніцай у бок завода, а ўвечары ў бок горада без прыпынкаў у прыгараднай зоне. Для турыстаў гэта добрая забаўка — сузіраць краявіды, рассякаючы мазырскія прэрыі або снежныя прасторы, спускаючыся і падымаючыся па ўзгорках, дзе трамвай часам разганяецца да 60 км/г.

Закінутая дзіцячая лякарня

Дзіцячая лякарня на вул. Рыжкова, 11Д была збудаваная незадоўга да пачатку Першай сусветнай. Уладальнік узводзіў цагляны мадэрновы будынак як уласную сядзібу і нават не думаў пра лякарню. Аднак усе мы ведаем, што з такімі будынкамі здарылася пасля 1917-га. Фасад упрыгожылі атыкі з паўкалонамі, авальныя вокны, разьбяныя фрызы і разеткі — гэтыя аздобы нагадваюць пра тое, што дом задумваўся жылым, бо лякарні не афармлялі ў такой манеры. Сёння гэта чарговы закінуты будынак краіны-руіны, які мы калісьці адрэстаўруем.

Капішча

Іншыя культавыя збудаванні горада вы знойдзеце і без Сойкі — пра іх вам раскажа кожны экскурсавод і любая мапа, а вось экзотыка ў выглядзе язычніцкіх драўляных стодаў на кожным кроку не валяецца. Гэтае капішча месціцца на Шайтан-гары, дзе за часамі паганства былі ахвярнікі і ідалы. Капішча было адноўлена мясцовым энтузіястам, які правёў тут даследаванні. Ён усталяваў на гэтым месцы копіі старажытных ідалаў і ахвярныя камяні. Капішча неаднаразова разбуралі, але помнік зноў і зноў аднаўлялі. Яго каардынаты на мапе: 52.032267, 29.252786. Калі праверыце, ці на месцы яно зараз, то раскажыце нам.

Муралы «Летуценнікі» і «Сон-трава»

Аматары стрыт-арту таксама парадуюцца ў гэтым горадзе: да круцезных муралаў «На пагорках», «Сімвал» і «Мазырская галактыка» дадаліся два новыя.

На вуліцы Прытыцкага раім паглядзець на поўны надзеі мурал віцебскага мастака Глеба Каштанава «Летуценнікі», зроблены ў канцы 2021 года ў межах праекту арт-супольнасці Urban Myths. Паводле легенды, у 2022 годзе гараджане мусілі атрымліваць карткі «Беларусбанка» з выявай гэтага муралу, аднак у Сойкі няма агентаў, каб праверыць, ці гэта здзейснілася. Міргніце нам, калі ведаеце. А ў 2022 годзе на Інтэрнацыянальнай, 54 з’явіўся мурал «Сон-трава» ад таго самага мастака.

Калі вы такі ж фанат стрыт-арту, як і Сойка, то завітвайце ў тэматычны інстаграм — там багатыя багацці ўсяго пра Мазыр.

«Летуценнікі»

«Сон-трава»