Гiды

Што рабіць у Берасці. Невідавочны гід

Што рабіць у Берасці. Невідавочны гід

Берасце, яно ж Брэст, — гэта не толькі цёзка брэтонскага горада, крэпасць, вуліца Савецкая са штодзённым рытуалам запальвання ліхтароў і пара музеяў. У «горадзе над Бугам» (хоць карэктней казаць над Мухаўцам) ёсць чым заняцца і больш спрактыкаванаму турысту.

Сойка пачынае серыю публікацый, прысвечаных беларускім гарадам. Welcome to Берасце. Паляцелі!

Берасцейскі канструктывізм

Адной з архітэктурных фішак горада з’яўляецца некалькі дзясяткаў будынкаў, пабудаваных у 1920-30-я гады па ўсіх канонах мадэрнізму: простыя геаметрычныя формы, плоскія дахі, стужачныя шыбы. Большая частка з іх змагла захаваць сваё пазнавальнае аблічча нягледзячы на шматлікія рэнавацыі.

Некалькі гадоў таму энтузіясты нават зрабілі анлайн-даведнік па канструктывісцкай архітэктуры горада. На жаль, цяпер сайт недаступны. У інстаграме захаваўся акаўнт праекта, а ў сеціве — мноства публікацый на гэтую тэму, дзякуючы якім можна скласці свой уласны маршрут. Пагатоў, большасць будынкаў размешчаныя даволі кампактна ў цэнтры горада ў межах вуліц Леванеўскага, Леніна і Гогаля.

Што рабіць у Берасці. Невідавочны гід Аўтар фота – Алег Малейка

Кава і дэсерты ў «Бразіленьі»

У прамежку паміж аглядам канструктывісцкай архітэктуры варта зазірнуць у «Бразіленью» — атмасферную кавярню з выдатнымі напоямі і смачнымі дэсертамі на Гогаля, 11. Балазе размяшчаецца яна практычна за два крокі ад большасці самых цікавых будынкаў.

У добрае надвор’е можна піць каву сярод кветак на тэрасе, а калі на вуліцы дождж — знайсці ўтульны куток унутры кавярні.

Што рабіць у Берасці. Невідавочны гід Фота «Бразіленья»

Персанальны кінасеанс у «Беларусі»

Шпацыруючы па Савецкай, зазірніце ў галоўны берасцейскі кінатэатр «Беларусь». Але не дзеля чарговай серыі прыгод «дзіцяці Беларусі» Джона Уіка. Тут можна арандаваць для сябе і сяброў малую залу для прагляду сусветнай класікі кінематографа — рэпертуар вам прапануюць супрацоўнікі. Прычым ежу і напоі можна прыносіць з сабой. Гэтая опцыя, як кажуць, асабліва не піярыцца адміністрацыяй кінатэатра. Таму трэба пытацца непасрэдна ў касе малой залы або па гарадскім тэлефоне +375 (162) 34-18-49.

Дарэчы, сам кінатэатр «Беларусь» размяшчаецца на месцы, дзе была вялікая сінагога — галоўны храм габрэйскай абшчыны Берасця. У 1970-х захаваная частка будынка стала асновай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі новага кінатэатра.

Што рабіць у Берасці. Невідавочны гід Фота BRESTODAY

Алея магнолій

Працягваем прагулкі па Берасці і накіроўваемся да ракі. Тут нас чакае алея магнолій. Яна была закладзеная энтузіястамі ў 2019 годзе ў супрацоўніцтве з берасцейскім гарадскім ляснічым. Задумка заключалася ў тым, каб стварыць на ўзбярэжнай сад бесперапыннага цвіцення.

Цяпер тут высаджаныя дзясяткі паўднёвых дрэў, цвіценнем якіх можна любавацца з сакавіка па верасень. Прычым тут ужо не толькі магноліі, а цэлы батанічны сад, хоць яшчэ і малады: цюльпанавыя дрэвы, паўлоўніі, катальпы, дзёран коўза, ясень манны, сафоры, рэдкія віды дубоў, церціс канадскі.

Будзеце шпацыраваць уздоўж ракі — арыентуйцеся на сонечны гадзіннік і, вядома, на дрэвы ў квецені.

Што рабіць у Берасці. Невідавочны гід Фота Гарадскi ляснiчы. Берасце.

Кактэйль-бар Rob Roy

Магчыма, самы круты кактэйль-бар у Берасці. Ён размясціўся ў былым вугальным хляве ў адным з цэнтральных падворкаў па адрасе вул. Камсамольская 31/1. Адкрываецца бар а 18.00 і працуе толькі з чацвярга па нядзелю. І гэта выдатны варыянт для Hard Day’s Night стомленых падарожнікаў.

Рэкамендуем размяшчацца за стойкай, каб у поўнай меры атрымаць асалоду ад не толькі ад аўтарскіх кактэйляў (карта змяняецца некалькі разоў на год), але і ад магіі працы бармэнаў.

Што рабіць у Берасці. Невідавочны гід Фота ROB ROY