Гiды

Як гэта працуе: Змаганне з «менструацыйнай беднасцю»

Як гэта працуе: Змаганне з «менструацыйнай беднасцю»

Не хавайце вочы: менструацыя — руцінны працэс для ажно паловы чалавецтва. Каб назаўжды пазбыцца стэрэатыпаў пра «бруднасць» і «інтымныя жаночыя справы», узгадаем, што гэты крывавы серыял з’яўляецца звычайнай часткай фізіялогіі, створанай дзеля таго, каб патэнцыйна маглі нараджацца ўсе людзі — розных палоў і гендараў. А таму давайце без штучнай сарамлівасці: чым хутчэй мы выкінем з мовы ўсялякія няёмчыстыя эўфемізмы тыпу «гэтых дзён» і «чырвоных дзён календара», чым хутчэй уручым хлопцам пажыццёвае права на набыццё падпасак, тым больш роўным і камфортным будзе наша сужыхарства на планеце.

А пакуль у прыбіральнях нашых школаў яшчэ няма скрыначак з гігіенічнай выратавалкай, пагаворым пра краіны, у якіх усё вельмі кепска, і краіны, якія ўжо вырушылі насустрач змаганню з менструацыйным убоствам.

З менструацыяй ясна. Але да чаго тут убоства?

Тэрмін «менструацыйнае ўбоства» азначае немагчымасць набыць падпаскі (тампоны, менструальныя чашы, адмысловыя майткі і г.д.), а таксама недахоп асноўных ведаў пра гігіену, адсутнасць доступу да вады і зачыненай прыбіральні, а таксама культурнае цемрашальства, якое дыскрымінуе жанчыну падчас месячных.

Не спяшайцеся адмахвацца ад Сойкі, як ад дакучлівай мухі, маўляў, аптэкі ды крамы «Міла» — на кожным кроку, падпаскі — на розную кішэню, у кране булькае гарачая вада, а пра сродкі «з крылцамі» ведае нават ваш дзядуля.

Няўмольная статыстыка ад UNICEF (далей усе лічбы — ад гэтай арганізацыі): з 1,9 мільярдаў людзей, у якіх ёсць менструацыя, купіць пракладкі не могуць сабе дазволіць (увага!) 500 мільёнаў. А мільёны дзяўчатак да таго ж баяцца сваіх менструацыяў, як агню, бо пераменлівы настрой і боль — далёка не найгоршае, што можа напаткаць у «гэтыя дні».

Раскошная менструацыя для багатых

У Ліване крамныя падпаскі — без перабольшвання, прадмет раскошы. 66% жанчынаў не могуць сабе іх дазволіць. У Індыі толькі 12% дзяўчатак, у якіх ужо пачалася менструацыя, маюць грошы, каб набыць сабе асноўныя гігіенічныя сродкі.

Ва усходняй частцы Кеніі, дзе больш за палову насельніцтва выжываюць за 1 даляр на дзень, ажно 10% дзяўчынак узростам да 15 гадоў прызналіся, што за падпаскі расплочваліся сэксуальнымі паслугамі. Сэкс за падпаскі — рэальнасць большасці жанчын у Кіберы (гэта раён Найробі з найбольшымі ў Кеніі трушчобамі). Вы жахаецеся, а на мове навукі гэта называецца трансакцыйны сэкс, калі ўласным целам можна заплаціць у тым ліку за элементарныя сродкі гігіены.

Бруд

Асобнае пытанне — магчымасць памыцца. У згаданай Кеніі 76% жанчын не маюць доступу да вады і зачыненай прыбіральні, 84% дзяўчат у Афганістане не дбаюць пра інтымную гігіену падчас менструацыі, у Іране палова дзяўчат не мыюцца цягам тыдня ад пачатку месячных. У Індыі 67% жанчын выкарыстоўваюць анучы замест пракладак. Паколькі доступ да чыстай вады ў краіне моцна абмежаваны, самаробныя пракладкі наогул не мыюць або палошчуць у бруднай вадзе і сушаць у цемры, каб сорамныя анучкі ніхто не бачыў (а яны тым часам яшчэ і пакрываюцца цвіллю).

Сорам

І гэта яшчэ калі б усе праблемы ўпіраліся ў грошы. Менструацыйнае ўбоства падмацоўваюць забабоны вакол месячных, якія спараджаюць стыгматызацыю ды дыскрымінацыю. У некаторых частках Індыі «брудным жанчынам» нельга ўдзельнічаць у маленні, дакранацца да святых кніг. У розных краінах свету (вядома, не тых, якія лічацца развітымі і дэмакратычнымі) жанчыны падчас менструацыі не гатуюць ежу, а таксама не ядуць пэўных страваў, не ўдзельнічаюць у штодзённых сямейных справах, у адных месцах жанчынам забараняецца мыцца, у іншых — піць халодную ваду.

Дадаткова, у такіх краінах, як Танзанія ці Афганістан, пачатак месячных аўтаматычна сімвалізуе пачатак полавай спеласці, а Яе Вялікасць Традыцыя запальвае зялёнае святло для ўсіх пажадлівых аматараў цнатлівасці. Вось чаму першая менструацыя ў гэтых краінах — далёкая ад свята небяспечная падзея.

— Але мы не ў Танзаніі! — усклікнеце вы.

Агулам у нас, вядома, лепш. Але і тут, як кажуць, каму як пашанцавала. У Беларусі ніхто не вядзе статыстыку менструацыйнага ўбоства (прынамсі, Сойка яе не знайшла). А вось у нашай блізкай суседцы Польшчы, дзе такую статыстыку вядуць, 42% жанчын прызналіся, што ў іх дома не прынята гаварыць пра менструацыю. 54% польскіх тынэйджэрак прынамсі раз не пайшлі ў школу праз тое, што ў іх былі месячныя, 21% з гэтай лічбы засталіся дома, бо не мелі адпаведных сродкаў гігіены.

Вось тое, што найчасцей выкарыстоўваюць жанчыны на свеце замест адмысловых сродкаў менструальнай гігіены:

Старое адзенне
Анучы
Брудныя коўдры і пледы
Бруд
Птушынае пер’е
Газеты

Менструацыйнае падаткаабкладанне

Як мы ведаем, цану кожнага тавару ў краме, апроч яго ўласнага сабекошту, ствараюць розныя дадатковыя фактары. Між іх — VAT/ПДВ, падатак на дададзеную вартасць. У многіх краінах гэтым падаткам менш або зусім не абкладаюцца такія вырабы як туалетная папера, прэзерватывы ці лекі без рэцэпту. Пры гэтым тавары менструальнай гігіены пераважна прыроўніваюцца да тавараў не першай неабходнасці і абкладаюцца «ватам», які прынята называць тампонавым падаткам. Паколькі тэма менструацыйнага ўбоства гняце вялікую частку планеты, то тут, то там праводзяцца кампаніі па скасоўванні гэтага падатку.

У барацьбе з менструацыйным убоствам першае месца належыць Аўстраліі, дзе з 2019 года папросту адмянілі тампонавы падатак. У 2020 тое ж зрабілі ў Шатландыі. За апошнія гады 17 краінаў, пераважна ў Еўропе, але не толькі, істотна зменшылі гэты падатак.

Наперадзе планеты

Калі Шатландыя ў вас асацыюецца толькі з хлопцамі-ў-клетчатых-спаднічках, то вось +1 да камплекту асацыяцыяў: гэта першая краіна, якая зрабіла падпаскі ды тампоны дасяжнымі для ўсіх. Ва ўсіх школах, універсітэтах, а пазней і іншых дзяржаўных інстытутах, стала магчыма атрымаць прадметы менструальнай гігіены цалкам бясплатна. Нават калі вы не збіраецеся наведваць інстанцыі, а ціха седзіце ў сваёй шатландскай хаціне з вядзерцам марозіва на самым дне менструальнага цыкла, вы можаце нагугліць найбліжэйшы пункт, дзе вам выдадуць адпаведны сродак гігіены.

— Але мы і не ў Шатландыі, — уздыхняце вы.

І не ў Гішпаніі таксама. А там з гэтага года заканадаўча дазволілі трохдзённы аплочвальны адпачынак жанчынам у перыяд менструацыі. Калі трэба, менструальны бальнічны можна працягнуць нават да пяці дзён. Праўда, не ўсім жанчынам падабаецца такое новаўвядзенне. Некаторыя лічаць, што гэта заканадаўства робіць іх менш прывабнымі ў вачах патэнцыйных працадаўцаў.

Беларускі кантэкст тут дадаць не так проста, бо ў нас не праводзяцца даследаванні менструацыйнага ўбоства, не адмяняюць тампонавы падатак і не абмяркоўваюць месячныя ў публічнай прасторы. Але кампанія Flo, якая родам менавіта з Беларусі, увяла менструальны бальнічны для сваіх супрацоўніц. Праўда, і галоўны прадукт гэтай кампаніі — не што іншае як аплікацыя, каб сачыць за менструальным цыклам.