Гiды

Любоў і спорт: 7 беларускіх пляжаў для гэтага лета

Любоў і спорт: 7 беларускіх пляжаў для гэтага лета

Спякота, спякота, перайдзі на Фядота… На жаль, у беларусаў няма ні мора, ні заклёнаў, якія дапамаглі бы схавацца ад пякучага лета. Затое ёсць рэкі, азёры і вадасховішчы, дзе можна панізіць градус і атрымаць пэўную кампенсацыю ад навакольнага асяроддзя.

Сойка абляцела беларускія пляжы ў пошуках адпачынку, прычым умова была толькі адна — не глядзець у бок Нарачы, Браслава і Вілейкі, пра якія і без таго ўсе ведаюць. У выніку, у наш спіс трапілі як пункты, дзе можна схавацца ад спёкі ў выходны дзень, так і мясціны з нейкім неверагодным антуражам.

Вадасховішча ў Паланевічах

Калі вы жывяце ў Менску, але толькі ад словаў Цнянка, Камсамольскае возера, Пціч, Менскае мора пачынаеце чухацца, для вас ёсць добрая навіна: на адлегласці не болей за 50 кіламетраў (паўгадзіны на аўто) знаходзяцца некалькі цікавых мясцін, дзе можна адпачыць ад летняй спякоты.

Першае з іх — штучны вадаём, створаны на рацэ Волка каля вёскі Паланевічы. Паміж Менскам і Баранавічамі, збоку ад М-1, размясцілася невялікае ўтульнае возера, з трох бакоў акружанае лесам. З паўночнага боку абсталяваны пляж: пераапранальня з бетонных блокаў, кантэйнеры для смецця, некалькі стацыянарных мангалаў і «грыбкоў» для ценю. У вадзе для дзяцей нават зрабілі месца для купання, але хардкорная канструкцыя са старых дошак больш нагадвала платы ў закінутых вёсках. Ці дажыў імправізаваны «жабнік» да гэтага сезону, невядома.

Дарэчы, у Паланевічах ёсць чым заняцца, калі вы трымаецеся рэкамендацый лекараў і з дванаццаці дня да чатырох вечара пазбягаеце прамых сонечных промняў. Да восеньскіх падзей 1939 года Паланевічы адносіліся да заходніх рубяжоў СССР, і ў лесе засталіся доўгачасовыя абарончыя пункты: тады частка вузла абароны, а сёння — схаваныя ў цяньку гістарычныя помнікі. Так што набірайцеся моцы, дыхайце вольным паветрам фактычна Койданаўскай незалежнай рэспублікі — і зноў на пляж, загараць і купацца.

фота Арцём Мацісаў

Вадасховішча Удранка

Яшчэ адно неблагое «калясталічнае» месца для летняга адпачынку ёсць у маладзечанскам кірунку — за чатыры кіламетры на паўночны ўсход ад Радашковічаў. Удранка даўжынёй ледзь болей за кіламетр, а жыццё сваё атрымала дзякуючы будаўніцтву Вялікага канала Вілейска-Менскай воднай сістэмы. Плаціна вадасховішча лічыцца мясцовай славутасцю, бо гэта рэдкае гідратэхнічнае збудаванне: яна полая, а ўсярэдзіне цячэ канал. Прагуляйцеся да яе, сфатаграфуйцеся, а потым — на пляж, заходзіць у ваду трэба ў спецыяльна абсталяваным месцы. Калі што, вам гэта растлумачаць ратавальнікі мясцовага Асвода, якія сочаць за бяспекай і парадкам. Парадак, дарэчы, там быў першапачаткова (пераапранальні, біяпрыбіральні, смеццевыя кантэйнеры, альтанкі, падрыхтаваная гульнявая пляцоўка), так што ад вас залежыць, ці застанецца ён там пасля вашага наведвання.

«Стаўпецкі» Нёман

Калі ў нашым гідзе вы не знойдзеце Нёман ці Бярэзіну, лічыце яго несапраўдным. Але не: гід сапраўдны — і мы ўжо на Нёмане. Паколькі яго працягласць па тэрыторыі Беларусі каля паўтысячы кіламетраў, прапануем спыніцца на адной лакацыі — мы выбралі стаўпецкую. Тут зноў з’яўляецца альтэрнатыва: ці браць байдарку і спыняцца праз нейкі час у розных лакацыях, ці наўмысна недзе завіснуць. Калі больш падабаецца другі варыянт, (прычым вы шукаеце спакойны адпачынак для ўсёй сям’і) база «Высокі бераг» — гэта адначасовы must see і must have: пабачыў і зразумеў, што трэба браць. Купанне ў Нёмане, лазня, більярд — і гэта ўсё фактычна не выязджаючы са Стоўбцаў.

Высокі бераг

Калі хочацца прагуляцца па Нёмане дзікуном, тады бярэм байдарку, і першы прыпынак — урочышча Кругліца. Абрывісты бераг вышынёй восем метраў, на якім растуць стройныя хвоі. А ў канцы абрыву — добры выхад і пляж з трамплінам. Чым не аквапарк з горкай, ды яшчэ з выдатнай прыродай і за бясплатна. Але будзьце гатовыя, што ахвочых адпачыць тут хапае. Любіце цішэйшыя мясціны — шукайце, іх на Нёмане дастаткова. Напрыклад, крыху ніжэй — утульная палянка сярод хваёвага маладняку, яшчэ трохі спусціцца — убачыце паўразбураны млын у вёсцы Жукаў Барок, а потым рэшткі Казанскай царквы каля вёскі Беражное. І людзей няшмат, і крыху гістарычнай спадчыны ў падарожжы выходнага дня не зашкодзіць.

Нёман Фота Holiday.by

Беліна

На Бярэзіне таксама хапае выдатных месцаў для адпачынку, можна нават у «камень-нажніцы-папера» згуляць, каб вызначыцца, дзе кінуць якар. Некаму падабаюцца месцы каля Бабруйска, некага вабіць Студзёнка сваімі напалеонаўскімі скарбамі (паводле легенды, менавіта тут затанула амаль усё, што Напалеон цягнуў дамоў са свайго паходу). Наш жа выбар — мястэчка Беліна, якое размешчана на крутым беразе Бярэзіны (вышыня 15 метраў). Ветлівыя мясцовыя жыхары, выдатны пясчаны пляж, прыгожыя краявіды, лес па суседстве з чарніцамі, суніцамі і зараснікамі малінаў і ажынаў, вельмі чыстая рака — што яшчэ патрэбна, каб прабавіць спякотны летні дзень? А калі дня мала — бярыце намёты ці заказвайце нумары ў аздараўленчым комплексе, які месціцца побач і дзеліць з вёскай адну назву.

Чарэя і Белая Царква

Гэтыя мясціны добра вядомыя тым, хто хаця б раз наведваў фестываль Sprava, які гэтым летам, на жаль, не адбудзецца. Чым не нагода падтрымаць фэст маральна і з’ездзіць на лакацыю з сябрамі. Калі раней, нягледзячы на наяўнасць вадаёма, Чарэя справядліва была больш вядомая сваёй гісторыяй (тут гаспадарылі Сапегі і Мілашы, Іван Жахлівы дарыў абраз мясцовай царкве), то ў апошнія гады натоўпы прыхільнікаў добрай кампаніі зрабілі месца сапраўды турыстычным. А арганізатары фестывалю добра папрацавалі над інфраструктурай: тыя ж падыходы да вады істотна адрозніваюцца ад «дасправаўскіх» часоў. Так што ўсё проста: бераце намёт і ў памяць аб Sprava любы музычны інструмент, набываеце прысмакі на кірмашы ў Чарэі, дзе ў свой час любіў купляць піва бацька Максіма Багдановіча, — і ў Белую Царкву, дзе ёсць самаробны пірс, з якога зручней заходзіць у ваду.

фота 34mag

фота 34mag

Каташы

А вы ведалі, што на Берасцейшчыне ёсць часцінка Афрыкі? Прынамсі штучнае возера ў Каташах называюць не інакш, як беларускі Туніс. Амаль белы пясок на фоне блакітнай вады — гэта сапраўды не беларускія пейзажы, якія нам, да таго ж, падарыла савецкае мінулае. Калі будавалі трасу перад алімпіядай у Маскве, пясок бралі з гары Вярхоўская. Але пяску спатрэбілася столькі, што гара ператварылася ў кар’ер, які пазней яшчэ больш паглыбілі і затапілі.

На знешнім выглядзе параўнанні з курортамі «ол інклюзіў» заканчваюцца. У Каташах няма ні кэмпінгу, ні базы адпачынку, таму на начоўку трэба ці ў Кобрын, ці браць з сабою намёт. Мабыць, гэта да лепшага, бо пры такіх умовах штучнае возера і застанецца выключна беларускім цудам.

фота Travelling.by

Зэльва

Летась быў складзены рэйтынг найлепшых беларускіх пляжаў, і гарадскі пляж у Зэльве стаў пераможцам. Гэта нагода, каб прыехаць са сваёй інспекцыяй і зрабіць уласныя высновы, ці мела рацыю паважаная камісія. Насамрэч тут усё ёсць: «жабнік» і вартая добрых словаў пляцоўка для дзяцей. Ёсць валейбольная пляцоўка, а для людзей на вазках — пантон для спуску да вады. Увогуле, усё адпавядае высокім стандартам, але ёсць ўражанне, што калі ў пастаянных наведнікаў такіх пляжаў спытаць, за што яны найперш любяць Беларусь, то яны адкажуць, што за чысціню вуліц. Безумоўна, вуліцы, як і пляжы, павінны быць чыстымі, але гэта мусіць успрымацца як асяроддзе здаровага чалавека, а не як нацыянальны гонар.