Малюнак Ave
Стоп! Хто? Крампус? Гэта новы спецатрад у Беларусі?! Навошта ён крадзецца і пры чым тут зімовыя святы?! Калі так шмат пытанняў і так мала адказаў, давайце паспрабуем прайсці лікбез па фальклоры альпійскага рэгіёну Еўропы і раз і назаўжды высветліць, што чакае тых, хто паводзіў сябе дрэнна ў гэтым годзе.
Злы брат Санты
Як ні дзіўна, але ў гісторыі Крампуса з дахрысціянскага нямецкага фальклору шмат агульнага са старымі добрымі індыйскімі фільмамі. Там, дзе ёсць бездакорны светлы герой, абавязкова знойдзецца і яго непрыемны злы брат.
Крампусам называюць злога антыпода Святога Мікалая. Гэта чалавекападобная істота з чорнай поўсцю, рагамі, раздвойнымі капытамі — амаль класічны Чорт, вядомы нам па беларускіх калядных абрадах. Вось толькі Крампус мае куды менш скамарошных, тэатральных рысаў і куды больш магіі, жорсткасці, паганства. Аватар непадкупнай, нядобразычлівай і неадменнай зімы. У хрысціянскі час да бесстаронняга вобразу дадалося маралітэ — Крампус пачаў прыходзіць не па ахвяру на раннюю вясну, а па дрэнных дзетак.
Легенда пра Крампуса мела свае асаблівасці ў розных рэгіёнах. Недзе ён хадзіў, пазвякваючы званочкамі — а званочкі, да слова, вельмі часта асацыяваліся са смерцю ў еўрапейскай міфалогіі, — недзе ён меў у руках бізун ці розгі, якія пакідаў бацькам на цэлы год. За спінаю Крампус носіць ночвы ці кош, каб збіраць сваіх ахвяраў і несці ў логавішча. Якое, дарэчы, таксама існуе ў некалькіх варыяцыях: пячора, дзе Крампус вас з’есць; замак, адкуль ён выкіне вас у мора; пекла, дзе ў прынцыпе нічога добрага чакаць не даводзіцца.
Цікавая асаблівасць гісторыі Крампуса ў тым, што ён не ваюе са Святым Міколам. Тут, як зараз модна казаць, усё up to you. Санта не прыйдзе вам на дапамогу, бо калі вы заслужылі Крампуса, то заслужылі. Жывіце з гэтым, але нядоўга.
Вораг хрысціянства і нацызму
Навукоўцы мяркуюць, што традыцыя крампусавання (давайце паспрабуем абеларусіць нямецкае слова Krampuslauf) ідзе са старажытнасці і была вядома ледзь не з 6 стагоддзя нашай эры. Хоць відавочна, што сам вобраз Крампуса скампіляваны з яшчэ больш спракаветных вераванняў. Упершыню пісьмовыя этнаграфічныя зацемкі пра каляднага чорта з’явіліся напрыканцы 16 стагоддзя. Пазней, чакана, не заладзіліся стасункі Крампуса з інквізіцыяй, але густыя лясы і высокія горы схавалі традыцыю ад пільных вачэй хрысціянскіх святароў, а разам з далучэннем дэманічнай істоты да перадкалядных падзеяў, Крампус атрымаў і права на хрысціянскую рэінкарнацыю. Цяпер ён быў не проста ўвасабленнем зімовых страхаў, але і часткай легенды пра Святога Мікалая. Як там кажуць? Не можаш супрацьстаяць — узначаль.
Трэба зазначыць, што гаворка не толькі пра саму легенду пра істоту, але і пра шэраг традцый, звязаных з ёю. Напрыклад, сярод маладзёнаў прынята пераапранацца ў касцюм Крампуса і пужаць людзей. Дарэчы, традыцыя захавалася і дагэтуль. Хоць магла згінуць: у 1930-я нацысты лічылі, што крампусаванне псуе вобраз дзяржавы хрысціянаў, а ў 1950-я было шмат скаргаў на тое, што казлападобны чорт пужае дзяцей. Ён і пужае, але большасці гэта падабаецца.
Запамінальны вобраз
Нягледзечы на тое, што вобраз Крампуса меў свае асаблівасці і нават спецыфічнае імя ў залежнасці ад рэгіёну, сутнасць пачвары не мянялася. Ён прыходзіць па тых, хто паддаецца грахам. Ён застрашвае і павучае, а разам з тым забаўляе шчасліўцаў, да якіх не пагрукаў у дзверы. Ужо з 19 стагоддзя добра разыходзяцца друкаваныя паштоўкі са страшным, злавесным, падступным, а часам забаўным чортам. Уявіце сабе класічныя да болю ў сківіцах калядныя малюнкі з маляняткамі ў кудзерках, з чырвонымі шчочкамі, бліскучыя ялінкі, свечкі, анёльскія крылы… Вось да гэтых сюжэтаў мацавалі яшчэ і крампусаў розных паходжянняў і гатункаў. Досыць страшных Крампусаў, трэба адзначыць. Ніякіх цнатлівых 16+ — кроў, іклы і чорная поўсць. Дарэчы, часам Крампус хаваўся за вобразам біскупа ў залатых шатах. Такая вось сатыра ад нямецкага Сатыра.
Акрамя паштовак і казак штогод ладзяцца адмысловыя забегі і пужанні. Праўда, сёння іх не ўхваляюць, бо колькасць няшчасных выпадкаў з сардэчнымі прыступамі, гістэрыкамі, траўмамі канцавінаў праз недарэчныя ўцёкі напружвае і без таго занятых на святы лекараў.
Затое ў поп-культуры вобраз карыстаецца вялікім поспехам. Ужо існуе некалькі поўнаметражных карцінаў, досыць цікавых, павучальных і страшных (не раім глядзець з дзецьмі да 12, але самі фільмы неблагія). Вобраз рагатага антыпода Святога Мікалая сустракаецца ў коміксах, кампутарных гульнях, анімацыі. Карацей, як бы ні старалася поп-культура, але зіма не можа трымацца толькі на пазітыўных вобразах пузатага пенсіянера, газіроўцы і чырвона-белых смактульках. У еўрапейскай зімы заўжды ёсць цёмны і халодны бок, на якім вас чакаюць не самыя прыемныя спатканні.
Калі пасля гэтага тэксту вас пачало трывожыць, наколькі вашыя паводзіны былі недасканалымі цягам гэтага году, не хвалюйцеся — агульнапрыняты ў Нямеччыне Крампус прыходзіў па сваіх ахвяраў у ноч з 5 на 6 снежня. Так што выдыхайце, пранесла. Але калі раптоўна пачуеце ўначы перад Калядамі званочкі… Што ж, спадзявайцеся, што сёлета вы былі харошымі дзецьмі.