Алесь Разанаў
*
За ноч авалодаў
усёю акругаю:
снег —
прыгожая перамога.
***
Максім Багдановіч
Зімой
Здароў, марозны, звонкі вечар!
Здароў, скрыпучы, мяккі снег!
Мяцель не вее, сціхнуў вецер,
I волен лёгкіх санак бег.
Як мары, белыя бярозы
Пад сінявой начной стаяць,
У небе зоркі ад марозу
Пахаладзеўшыя дрыжаць.
Вільготны месяц стуль на поле
Празрысты, светлы стоўп спусціў
I рызай срэбнаю раздолле
Снягоў сінеючых пакрыў.
Ўзрывайце ж іх санямі, коні!
Звіні, вясёлых бомаў медзь!
Вакол лятуць бары і гоні,
Ў грудзях пачала кроў кіпець.
***
Андрэй Хадановіч
Калядны рэп
У краіне, дзе поўны тормаз націскае на тармазы;
дзе адно й тое самае сьвята адзначаюць чатыры разы,
каб насельнікі, як наркаманы, зноў і зноў адчувалі прыход
навагодняга сьвята зь вечна новай назваю «Новы год»;
дзе фартуна, як сьнежная баба, усьміхнецца табе анфас,
павіншуе кожнай вітрынай: «С рождеством и калядами вас!» —
ты ня бачыш, ляціш на паўночных аленях у кірунку Караганды,
покуль Дзед Мароз барадою з ваты замятае твае сьляды.
І паўночнае зьзяньне ў вочы, і палярная зорка ўгары,
і на ўсіх санях сьвятога Міколы замежныя нумары.
І складаеш калядную песьню, і выходзіць сьнежаньскі рэп,
і сьпяваў бы, калі б ня поўнач і ня мінус сем на дварэ б.
Гэтай поўначы хопіць зь лішкам на астатнія паўжыцьця…
А назаўтра ў ясьлях выходны – толькі вол, ягня і дзіця.
Баю-бай, маленькі Ісусе,
ў Бэтлееме і ў Беларусі.
***
Тацяна Сапач
Зімовы верш пра любоў
Калі залямантуе завіруха
і спатыкнецца ў чыстым полі вецер,
і стане чорна ў белым-белым сьвеце,
і я пачую ў дзверы ціхі стук…
Чакайце! Будзе ўсё інакш — спачатку
я шчыльна аканіцы зачыню,
на сем замкоў замкну цяжкія дзверы,
згашу сьвятло і радыё прыцішу,
прыціснуся да цела цёплай грубкі —
а ўжо тады пачнецца завіруха,
і я пачую гэты ціхі стук…
Там будзе добры сябра мой стары,
здарожаны, скалелы і галодны, —
як мятлік, да майго прыб’ецца дому,
і ля дзьвярэй, на сем замкоў замкнутых,
пачне марудна, як сьвяча, канаць.
І Божа мой, які чароўны будзе вечар! —
то стук, то стогн парушыць цішыню,
завершыць зык мэлёдыі пра вечнасьць,
штурхне істоту у хаос любові
і жудаснай пакуты чалавечай!..
***
Адам Глобус
На прыпынку
Без дай прычыны мне захарашэла.
Канструяванне прапаведуе зіма.
Галіны спяць, устаўленыя ў шэрань.
На шкле крышталізуецца туман.
Мароз малюе ацыдафілінам
Рафінаваны бездакорны рай.
На скрыжаванні перспектыўных ліній
Уздрыгвае, бясспрэчна, мой трамвай.
***
Віялета Пачкоўская
*
Зіма не золата і снег не павуцінне
А я гляджу ў акно, чакаю, раптам з неба
Танцуючы з імпэтам тарантэлу
Ўпадзе між белых кветак жоўты ліст
Няма. Зіма. Ізноў прыйшла зіма!
А я яшчэ не далюбіла восень
Не дапісала вершаў ёй на мокрым лісці
Не развітаўшыся, пайшла
Зіма не восень
І золата ніяк не стане срэбрам
А срэбра золатам
Як ні чакай таго, ніяк!
Зіма… Снег быў, злы, халодны, цвёрды
Мы ж з восенню ўдзвюх паплачам вадкім
Пардон, цяпер адна
Адна
Зіма
***
Міхась Стральцоў
Першы снег
Калі там хмара набрыняла,
I хто там вецер зацугляў,
Ды толькі з ночы ўранку ўстала
У новай вопратцы зямля.
Паспакайнелы, вунь імгліцца
Празрыстай беллю чорны клён.
Вунь пасмялелая сініца
Ужо наведала балкон.
У белы свет адкрыты дзверы
Для азмрачнелае душы.
I дзень, як чысты ліст паперы:
Устрапяніся і
пішы.
***
Ларыса Геніюш
*
Сьнег разаслаўся шырокім абрусам,
чорнае белым бясшумна накрыў.
З прыгаршчаў шчодрых сьняжынкі цярусіць
вецер на грудзі зьнядужалых ніў.
Боль адбалеў, не трывожыць сягоньня,
чуцен здалёку рассыпчаты сьмех.
Боль адбалеў, і душа не застогне —
раны прыкрыў і захутвае сьнег…
***
Артур Камароўскі
зіма самагубцай-сняжынкаю
мякка падае за каўнер.
здрыганешся: пакуль жывы.
гэта горад стаіць
над табой, бы жаўнер,
бязлітасны вартавы.
як так сталася, што
ты паўсюль, дзе ні ёсць, чужы?
усе маршруты — падман.
кладзіся на снег, ляжы,
указальным абводзь
зорныя стэлажы
кроў збяжыць па тралейбусных правадах.
тупаватыя чайкі
будуць спяваць нон-стоп
амерыкан-блюз і джаз.
затрымаеш дыханне, пакуль дактары
скануюць нутро,
здымаюць у профіль, анфас.
выдыхнеш. усё яшчэ тут,
бяжыш праз адну ў метро.
дыхаць крыху лягчэй.
усміхаешся самому сабе —
таму, хто за шклом.
прыхінаешся да дзявярэй.
***
Наталля Арсеннева
Сьнег падаў
Сьнег падаў з неба іскрачкамі зор…
Ён крыў зямлю каронак дыванамі.
Чуць вечер шапацеў між голымі клянамі
І ўдаль ляцеў туды, гдзе сьніў прастор
Ды пасам зубчатым сінеўся бор
Над агалёнымі даўно палямі,
Што скутыя ляжалі маразамі,
Адпачываючы ад летніх змор…
Адпачывала ўсё: і лес, і поле,
I неба глыб… А чалавека доля?
Не, доля людзкая — усьцяж цярпець,
Шукаць чагось з нязнанаю тугою,
Глядзець на крыўды, зло і лятуцець
Аб яснасьці нязнанага спакою…
* * *
Анхела Эспіноса Руіс
Сьнежань
Прачнуўся сьнежань, сьнег і не спазніўся
Мяне віхор халодны падхапіў,
Душа ўздымаецца без успамінаў,
Я вольная — гасанна на зямлі!
Сьнег падхапіў і грэх мой першародны,
Дзіўлюся ў захапленьні, як дзіця,
Я чыстая — гасанна на вышынях!
Бо сьнег жыве, а ты — ужо вада.
***
Міхал Анемпадыстаў
*
Прыйдзе зіма, і Сьнежань
Лісьце заваліць сьнегам,
Мы адсьвяткуем разам
Божае Нараджэньне.
Цёмна-зялёны водар
Будзе ад елкі ў доме,
Раніцай прыйдзе Студзень,
І зьменіцца нумар году.
Халодна зробіцца ў хаце,
Бо Люты пачне лютаваці
Грукацца ў вокны і дзьверы
Са злосьці, што ён кароткі.
Сьнежань, Студзень і Люты
Сьнегам, сьцюжай і лёдам
Будуць псаваць настрой нам
І вушы будуць марозіць.
А мы павыцягваем з шафы
Шалікі, швэдры, пальчаткі,
Шкарпэткі з авечае воўны
І зімнія палітоны.
Мы апранемся цёпла,
Хай тады нас марозіць,
Калі толькі вопратку гэтую
Моль яшчэ не пажэрла.
Калі толькі гэтую вопратку
Яшчэ не пажэрла моль!
***
Марыя Мартысевіч
HOW I SPENT SATURDAY
Вялікае праньне — пра што мне яшчэ пісаць.
У машыны маёй не сканчаецца чорная паласа.
На антрэсолях чакае вясёлкавая вясна,
Кош закіданы чорным да самага дна.
Шалікі, швэдры, пальчаткі — іх цьмы і цьмы.
Ці адмыемся ад халоднай доўгай зімы?
Чорнае зь белым, дзьве партыі, дзьве душы.
«Як вы там? Дзе вы? Ці не ўзялІ? Пішы».
«Не ўзялі, але нам заставалася паўвяршка».
Не хапае цэнзурных словаў і пральнага парашка.
Ці прарвёмся мы цераз бруі бруднай вады
туды, дзе бялізна белая сапраўды?
Ці пачнецца вясна ў камодзе і на дварэ?
«Як вы там? Што вы робіце?» — «Мы пярэм».
Вялікае праньне — пра што мне яшчэ пісаць.
У краіны маёй не сканчаецца чорная паласа.
Цераз бруі бруднай вады ці прарвёмся мы?
Ці адмыемся ад халоднай чорнай зімы?
***
Галіна Дубянецкая
Заблукаць
заблукаць і згубіцца ў табе
затануць у жамчужнай затоцы
і ня чуць як вецер штомоцы
шкуматае гальлё на вярбе
і аб тым не гадаць і ня ведаць
што вакол заляглі халады
і замглілася ўлоньне вады
і адстала ад выраю лебедзь
колькі выраяў праміне
колькі перлін затояць глыбіні
столькі зім па табе яна стыне
столькі зім ён галосіць па мне
***