Адсвяткаваць Купалле
Скокі праз вогнішча, пусканне вянкоў па вадзе, сяўба, касьба і варажба — не вашая тэма? Што ж, ніхто не забараняе вынайсці свой уласны фармат святкавання, ды хоць і сваю ўласную дату — усё адно кожны адзначае Купалле калі хоча. У любым разе, запаліць вогнішча ды пасядзець ля яго ў кампаніі добрых сяброў цёплай ноччу — заўжды неблагое рашэнне.
Фота bestbelarus.by
Урэшце сустрэць світанак
Прызнайцеся: вы таксама, наглядзеўшыся лайфстайл-блогаў пра прадуктыўную раніцу, прыдумлялі калісьці, што вось пачняце вы ўставаць а 5 раніцы і жыццё зайграе новымі фарбамі? Ну і як, атрымалася? Вось і ў нас не. Так што да таго як ставіць сабе мегаамбітныя мэты, можна паспрабаваць з меншага: хаця б аднойчы прачнуцца так, каб сустрэць світанак. У кампаньёны пасуе сабака, кава, блізкі чалавек: можна спалучаць у любых камбінацыях або ўжываць паасобку.
Фота Tom Henell, Unsplash
Прачытаць «Небяспечнае лета» Тувэ Янсан
Адна з кніг пра мумі-троляў, дзе ў іх сям’і адбылася трагедыя: здарылася паводка, якая знішчыла іх дом, і мумі-тролі вымушаны выпраўляцца ў шлях шукаць новае жытло. Тым часам хвалямі да берагу прыбіла тэатр, і Мумі-тата вырашае паставіць у ім п’есу ўласнага аўтарства, і ўсе рыхтуюцца да генеральнай рэпетыцыі. Гэта вясёлая, хоць і з адценнем суму, кніга пра веру ў добрае, і пра дом, і пра тое, як перажыць цяжкія часы.
Наведаць лавандавыя палі
Ніякага здзеку: гэта не гісторыя пра далёка не кожнаму даступны французскі Праванс. У любой краіне ў нашых шыротах вырошчваюць лаванду, і апошнім часам трэнд дабраўся да Беларусі: пашукайце, дзе яна расце недалёка ад вас, і выпраўляйцеся ў падарожжа, якое назбірае лайкаў у ваш інстаграм і як прыемны пабочны эфект супакоіць нервы. Сёлета квітненне лаванды ў Беларусі абяцаюць з самага канца чэрвеня прыблізна да 17 ліпеня.
Фота lavandamia.by
Паесці на оўпэн-эйры
Або на пленэры. Або на прыродзе. Інфа 100%: любая ежа становіцца ў разы смачнейшай. Вядома, самая смачная гатуецца на вогнішчы, таму заўсёды добрае рашэнне — гэта выезд/выхад/выпаўз на прыроду (з намётамі і без), ну але калі агонь вас палохае — то паход хоць бы ў найбліжэйшую «Пясочніцу», «Лідбір Двор» або ў батанічны сад на «Вуліцу Ежу» (чарговая мусіць адбыцца 23-24 ліпеня).
Фота vulitsaezha.by
Зрабіць уласнае марозіва
Нічога на свеце не параўнаецца з марозівам «Каштан» (тым самым, з самага дзяцінства) ды італійскім джэлата (тым самым, на узбярэжжы Тыбру). Аднак пакінем настальгіі для доўгіх зімовых вечароў. Збірайце сяброў, дзяцей і дзяцей сяброў і распачынайце свой самы каляровы творчы працэс. Каб прыгатаваць сарбет, нам трэба толькі папярэдне парэзаныя на кавалачкі і замарожаныя бананы і дадаткі. Міксуем бананы (чым даўжэй, тым больш пухкім будзе марозіва) з дадаткамі — і асвяжаемся, далей зноў мік… Гэты працэс ужо гучыць як вечны рухавік. У якасці самых модных дадаткаў гэтым летам — свежы шпінат, базілік, арахісавае масла, мята і какава.
Фота Daniel Öberg, Unsplash
Замовіць будучыню
Сярэдзіна лета — найлепшы час, каб сеяць двухгадовыя кветкі. Таму, калі ў вас ёсць уласная клумба, вам перапаў кавалачак палісадніка, вы захапілі акрайчык зямлі пад акном здымнай кватэры, або хаця б гаршчок з зямлёй, які можна выставіць на балкон, вазьміце насенне і заклён: праз год мы сустрэнемся на гэтым жа месцы, і тут будуць квітнець вось гэтыя кветкі. Для заклёну на будучыню пасуюць: мальвы, незабудкі, турэцкія гваздзікі, маргарыткі, браткі.
Фота Alpine Light, Unsplash
Пабегчы за белым трусам
Калі вы гэтак жа, як і мільёны іншых людзей у сотнях краінаў свету, захапляецеся Эліс (вядомай нам з розных перакладаў як Аліса або Алеся), якая пайшла ў Цудазем’е, будзе сумна змарнаваць ейны дзень. 4 ліпеня 1865 года ўбачыла свет першае выданне бясконца папулярнай кнігі, якая з таго часу ніколі не пераставала перавыдавацца, дала пачатак жанру фэнтэзі і падмурак для тысячаў новых прадуктаў культуры. Адзначыць дзень можна па-рознаму: ад перачытвання кнігі (па-беларуску ёсць два розныя пераклады), пераглядання фільма пра Алісу — да шалёнага чаявання з сябрамі. For painting my roses red Someone will lose his head!