Гiды

Загляне сонца... Сусветныя дні незалежнасці

Загляне сонца... Сусветныя дні незалежнасці

Малюнак Ave

Галоўнае свята краіны — яе сімвалічны дзень народзінаў — дзяржавы часцей за ўсё святкуюць як Дзень незалежнасці або Дзень аднаўлення незалежнасці. А што адзначаць у тых краінах, якія як бы ніколі яе і не гублялі і не былі ад некага залежныя? Сойка паразбіралася, у сувязі з якімі гістарычнымі падзеямі розныя краіны свету святкуюць свае галоўныя нацыянальныя святы.

Літва: чым больш, тым лепш

У Літве вырашылі: чым больш незалежнасці — тым лепей (і тут цяжка не пагадзіцца). 16 лютага 1918 года Літоўская Тарыба падпісала «Акт аб незалежнасці Літвы», таму ў гэтую дату адзначаюць Дзень аднаўлення незалежнасці Літвы. У 1940-м годзе саветы забаранілі святкаваць такі небяспечны дзень, аднак з 1990-га іх пра гэта болей не пыталі: 11 сакавіка 1990 года Вярхоўны Савет Літоўскай ССР прыняў акт «Аб аднаўленні Літоўскай дзяржавы» — уласна з такой назвай святкуецца гэты дзень сёння. І каб было зразумела, што гэта за «аднаўленне» і што за дзяржаву аднаўлялі, 6 ліпеня святкуюць Дзень дзяржавы, або дзень каранацыі Міндоўга, або Міндаўгаса.

Увогуле, большасць краін нашага цэнтральна- і ўсходнееўрапейскага рэгіёну (а яшчэ і многія цэнтральнаазіяцкія краіны) святкуюць Дзень незалежнасці, прымеркаваны да падзей 1918 года — часу распаду былых імперый, або да «параду суверэнітэтаў» 1988-1991 гадоў.

Мексіка: Крык за незалежнасць

Нікога не здзівіш, што большасць краін Лацінскай Амерыкі адзначаюць нацыянальнае свята, прымеркаванае да здабыцця незалежнасці ад Гішпаніі ў 1810-11 або ў 1821 годзе. Але на агульным фоне вылучаецца Мексіка: тут 16 верасня святкуюць не дзень атрымання незалежнасці, а дзень пачатку барацьбы (дарэчы, падобная сітуацыя ў Алжыры, дзе таксама як Дзень незалежнасці святкуюць дзень пачатку рэвалюцыі).

16 верасня 1810 года ў горадзе Далорэс каталіцкі святар Мігель Ідальга-і-Кастылья пазваніў у царкоўны звон і заклікаў да зброі, што паклала пачатак мексіканскай вайне за незалежнасць, і гэтая падзея вядомая як «Крык Далорэсу», які таксама называюць «Крыкам незалежнасці».

Сірыя: Дзень эвакуацыі

Дзень эвакуацыі, або Дзень Джалаа, ён жа Дзень размінавання — нацыянальны дзень Сірыі, прысвечаны эвакуацыі апошняга французскага салдата ў канцы французскага мандата на Сірыю 17 красавіка 1946 года пасля абвяшчэння Сірыяй аб поўнай незалежнасці ў 1941 годзе.

Пасля Першай сусветнай вайны Асманская імперыя была падзелена на некалькі новых дзяржаў, стварыўшы сучасны арабскі свет і Турэцкую Рэспубліку. У 1916 годзе Ліга Нацый аддала Францыі мандаты на тэрыторыі сучасных Сірыі і Лівана.

Сірыя абвясціла незалежнасць у 1941 годзе, але толькі 1 студзеня 1944 года яна была прызнана незалежнай рэспублікай. З пачаткам крызісу ў Левантэ ў 1945 годзе, выкліканага брытанскім уварваннем, санкцыянаваным Чэрчылем, французы эвакуяавалі апошнія свае войскі 17 красавіка 1946 года.

Камерун: День рэферэндуму

Большасць краін Афрыкі святкуюць свой Дзень незалежнасці датычна падзей 1958-68 гг. і канцом — часцей за ўсё — брытанскага або французскага валадарства, аднак Камерун вырашыў быць больш арыгінальным. Камерун здабыў незалежнасць 1 студзеня 1960 года, але святкуе гэтую дату сціплей за 20 траўня — Нацыянальнае свята ў памяць аб канстытуцыйным рэферэндуме ў Камеруне 1972 года.

Нацыянальнае свята Камеруна, або Дзень унітарнай дзяржавы, святкуецца ў гонар таго, што на агульнанацыянальным рэферэндуме 20 траўня 1972 года камерунцы прагаласавалі за ўнітарную дзяржаву ў процівагу існай федэральнай. Па сутнасці, гэта Дзень адзінства, калі аб’яднаўся Французскі Камерун і Брытанскі Паўднёвы Камерун у адну дзяржаву — накшталт таго, як у Нямеччыне святкуюць Дзень нямецкага адзінства 3 кастрычніка.

Сан-Марына: незалежнасць ад Рымскай імперыі

Анклаў, акружаны Італіяй, дзяржава-карлік, якая не ўваходзіць ні ў ЕС, ні ў НАТА, самая старая дзяржава Еўропы і адна з найстарэйшых суверэнных дзяржаваў у свеце — гэта ўсё пра Сан-Марына.

Паводле легенды, у 301 годзе хрысціянін Марына, які ўцёк ад ганенняў імператара Дыяклетыяна, заснаваў рэлігійную суполку, незалежную ад імператара і ад Папы. Пазней з яе ўтварылася рэспубліка, названая па імені заснавальніка, кананізаванага яшчэ пры жыцці, Сан-Марына (San Marino). Карацей, ні многа, ні мала, але лічыцца, што ў сувязі з гэтымі падзеямі, 3 верасня 301 года Сан-Марына атрымала незалежнасць ад Рымскай імперыі.

Гішпанія: прыз за крэатыўнасць

Гішпанія — акурат той прыклад дзяржавы, якой таксама хацелася нешта святкаваць, але прыдумаць, ад каго яна была залежнай, не ўдалося. Таму гішпанцы вырашылі далёка не хадзіць і дасталі галоўны козыр — Калумба, які 12 кастрычніка 1492 года адкрыў Амерыку без ніякіх пераносных сэнсаў. Цяпер у гэты дзень святкуюць Нацыянальнае свята Гішпаніі, — а хто ж ім забароніць?

Fun fact: у 1913 годзе гэтую дату прапанавалі назваць Днём гішпанскай расы, але так далёка ўсё ж не зайшлі і спыніліся на «нацыянальным свяце».

Святкаванне традыцыйна ўключае ваенны парад, на якім прысутнічаюць кароль, каралеўская сям’я, старшыня ўраду і іншыя шышкі, уключна з прадстаўнікамі аўтаномных супольнасцяў.

Партугалія: нацыянальнае свята ў дзень смерці паэта

Дзень Партугаліі, або Дзень Партугаліі, Камойнша і Партугальскіх супольнасцяў, святкуюць 10 чэрвеня, у дзень смерці вялікага партугальскага паэта Луіша дэ Камойнша ў 1580 годзе (забаўны факт: акурат у тым самым годзе Партугалія стала на 60 гадоў часткай Гішпаніі).

Луіш дэ Камойнш шануецца як аўтар паэмы «Лузіяды», эпапеі, прысвечанай гісторыі Партугаліі, і нагадвае пра часы росквіту Партугальскай імперыі. Пры рэжыме Салазара з 1944 і да рэвалюцыі гваздзікоў 1974 года ён называўся «Днём расы» (з націскам на першым складзе) з палітычных нацыяналістычных меркаванняў. Камойнш тады расцэньваўся ўладамі як сімвал «партугальскай расы».

Але ладна, ёсць у Партугаліі і звчайны Дзень аднаўлення незалежнасці, які святкуюць 1 снежня, гэта прымеркавана да падзеі 1640 года, калі краіна аднавіла аўтаномію пасля Іберыйскага саюза з Гішпаніяй.

Японія: самая старажытная дата

У Дзень заснавання дзяржавы адзначаецца дата, калі ў 660 г. да н.э. першы імператар Японіі Дзіму ўзышоў на трон і ўласна заснаваў Японскую імперыю. У аснове свята ляжыць японскі новы год, які святкавалі паводле сонечна-месяцовага календара і які прыходзіўся на пачатак вясны. Лічыцца, што гэты Дзіму заняў трон у першы дзень першага месяца, але пасля ўвядзення Грыгарыянскага календара дату перанеслі на 11 лютага. Гэтую дату адзначаюць з 1872 года, і спачатку яе называлі Днём заснавання імперыі, але пасля капітуляцыі ў Другой сусветнай свята адмянілі і вярнулі толькі ў 1966-м, ужо са змененай назвай.

Сучасны дзень заснавання дзяржавы адзначаюць даволі ціха, без бурных песень-скокаў. Палітычныя арганізацыі праводзяць мітынгі за або супраць святкавання, а члены імператарскай сям’і выступаюць з віншаваннямі японскаму народу. Свята ўсё яшчэ выклікае спрэчкі ў грамадстве, таму ў гэты дзень не вітаецца адкрыта праяўляць нацыяналізм ці нават патрыятызм.