Гiды

9 траўня: хто, што і з кім святкуе ў гэты дзень

9 траўня: хто, што і з кім святкуе ў гэты дзень

Вайна, якую развязала Расея супраць Украіны, змяшала ўсе фарбы звыклай пераможнай нарацыі. 9 траўня перастала быць святам ветэранаў, гваздзікоў і ўспамінаў. Перамогу ўзялі на ўзбраенне. Пакуль цацачныя фабрыкі штампуюць танкі з чырвонай зоркай, у Кіеве падаюць ракеты «за Рязань», а мільёны ўкраінскіх дзяцей гуляюць з чужымі цацкамі ўдалечыні ад дома. Распавядаем, як праходзіць «Дзень Перамогі» ў ключавых сталіцах нашага геапалітычнага рэгіёну.

Літва


9 траўня ў нашых суседзяў па Вялікім Княстве святкуюць Дзень Еўропы. У гэты дзень у 1950 годзе была падпісаная дэкларацыя Роберта Шумана (міністр замежных спраў Францыі ў той час). Дакумент стварылі, каб разам каардынаваць здабыванне вугалю і выраб сталі. Такім чынам паўстала аб’яднанне, якое стала продкам сённяшняга Еўрапейскага саюзу.

Сёлета ў Дзень Еўропы на Лукішскім пляцы ўздымаюць сцяг Еўрасаюзу, ад Катэдральнай да Ратушнай плошчы праходзіць шэсце духавога аркестру, запачаткоўваючы серыю афіцыйных падзеяў. Кожны ахвотны можа здаць «Еўрапейскі экзамен» анлайн, праверыўшы свае веды пра аб’яднаную Еўропу. За добрыя адказы ўзнагароджваюць заплечнікамі, настолкамі і г. д.

У той жа час паліцыя традыцыйна асцерагае перад магчымымі правакацыямі і заклікае не выкарыстоўваць феерверкі. Георгіеўскія стужкі, як што, у Літве забароненыя.

Латвія

Сёлета латвійскі парламент забараніў публічныя святкаванні 9 траўня, адзіным выключэннем з’яўляецца Дзень Еўропы.

Першапачаткова латвійскія ўлады планавалі абвясціць 9 траўня 2023 году Днём жалобы па ахвярах вайны Расеі ва Украіне, як гэта ўжо было зроблена ў 2022 годзе. Аднак Латвійская камісія па правах чалавека палічыла гэтага недастатковым і распрацавала прапанову аб забароне ўсіх феерверкаў, шэсцяў і іншых грамадскіх забаваў у гэты дзень.

Новы закон закліканы прадухіліць праслаўленне вайны і спыніць прапагандысцкія скажэнні гісторыі Другой сусветнай вайны, якія часта здараюцца пры святкаванні Дня перамогі.

Польшча

Пасля выхаду з сацыялістычнага блоку ў 1989 годзе, у Польшчы перасталі святкаваць Дзень перамогі 9 траўня. Тут не адмаўляюць, што савецкія салдаты дапамаглі пазбавіцца ад жахаў нацысцкай акупацыі, але разам з тым не лічаць іх вызваліцелямі.

У Польшчы, як і ў цэлым у Еўропе, Дзень перамогі над фашызмам святкуюць 8 траўня, гэта працоўны дзень, а святкаванне збольшага — гэта ўскладанне кветак да Магілы невядомага салдата ў Варшаве.

Сёлета ў Варшаве плануецца мірная акцыя пратэсту. Яна адбудзецца 9 траўня ля ўваходу на могілкі-маўзалей Савецкай Арміі ў Варшаве. Удзельнікі акцыі хочуць нагадаць усяму свету пра тое, што цяпер адбываецца ва Украіне і перашкодзіць расейскай амбасадзе арганізаваць цырымонію ўскладання кветак да мемарыяла савецкім салдатам.

Украіна

Украіна, якая асабліва балюча адчувае розніцу паміж «можам паўтарыць» і «ніколі зноў», адзначае Дзень памяці і прымірэння. З 2016 года гэта выходны дзень, і святкуецца ён 8, а не 9 траўня. Хаця «святкуецца» — гэта не тое слова. Згодна з законам пра дэкамунізацыю, акцэнт са святкавання змяшчаецца ў бок ушанавання, у гэты дзень ускладаюць кветкі, без феерверкаў і парадаў. Нацысцкая і камуністычная сімволіка забароненыя, партрэты Сталіна і Гітлера таксама.

9 траўня ад сёлета ва Украіне, як і ў заходніх суседак — Дзень Еўропы. Сёлета менавіта ў Кіеве свята адзначае прэзідэнтка Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен.

Грамадская думка пры гэтым у пытанні святкавання Дня перамогі да вайны не дасягала кансэнсусу. 9 траўня на вуліцах украінскіх гарадоў праходзілі шэсці «Несмяротнага палка» — акцыі, запачаткаваныя расейскай прапагандысцкай арганізацыяй, адбываліся затрыманні з канфіскацыяй савецкай сімволікі.

Эстонія

Паліцыя забараніла ў перыяд з 5 па 9 траўня ўсе публічныя сходы, якія могуць быць звязаныя з падтрымкай агрэсіі. Забароненыя Сцягі РФ, СССР, любыя сцягі непрызнаных народных рэспублік, сцягі са знакамі Z і V, георгіеўскія стужкі. Сёлета ўпершыню ніводная група не спрабавала атрымаць дазвол у паліцыі на правядзенне шэсцяў ці іншых мерапрыемстваў на 9 траўня.

Пры гэтым можна прыйсці з кветкамі на могілкі, пакланіцца загінулым у Другой сусветнай, аднак нельга мець пры сабе ніякай сімволікі і ўключаць на тэлефоне агрэсіўную музыку.

Грузія

Дзень Перамогі над фашызмам адзначаецца ў Грузіі 9 траўня, у краіне гэта святочны і выхадны дзень. Грузінская апазіцыя стала настойвае на пераносе святочнай даты на 8 траўня, каб адзначаць яе з усёй Еўропай, аднак ініцыятыву рэгулярна адвяргаюць улады.

Звычайна у гэты дзень улады сустракаюцца з ветэранамі Другой сусветнай у парку Квікідзэ ў Тбілісі, ніякіх парадаў з танкамі на вуліцах не відаць. Больш за тое, масавыя святкаванні гэтага дня ўжо даўно адышлі на задні план (асабліва пасля вайны з Расеяй у 2008 годзе), і збольшага імі займаліся расейскія і прарасейскія суполкі, якія сёлета ўжо не так моцна актыўнічаюць.

Малдова

Малдова афіцыйна прызнае 9 траўня дзяржаўным святам з моманту здабыцця незалежнасці ў 1991 годзе — гэтая дата адзначаецца як «Дзень перамогі і ўшанавання памяці загінулых герояў за незалежнасць Айчыны».

Збольшага святкаваннем Дня перамогі апякуецца руская супольнасць Малдовы, а таксама партыя сацыялістаў Рэспублікі Малдова. Цырымоніі ўскладання вянкоў звычайна праводзяцца ў мемарыяльным комплексе «Вечнасць» у Кішынёве на працягу дня.

Сёлета ў Кішынёве плануцца Марш памяці і шэсце «Несмяротны полк».

Казахстан

Астана сёлета адмовілася ад правядзення традыцыйнага параду з нагоды дзяржаўнага свята Дня перамогі. У Міністэрстве абароны гэта растлумачылі неабходнасцю эканоміць сродкі і падтрымліваць неабходны ўзровень баявой гатоўнасці.

Пры гэтым да свята ветэранам (іх засталося 222) выплацілі аднаразовую дапамогу.

Гэта ўжо чацвёрты Дзень перамогі, які ў Казахстане святкуюць без помпы. Спачатку былі два гады абмежаванняў, выкліканых каранавірусам, летась таксама вырашылі не вывозіць тэхніку з салютамі для эканоміі сродкаў. Прэзідэнт краіны Такаеў 8 траўня памаліўся ля брацкай магілы і паляцеў на парад у Маскву.

Расея

Нягледзячы на развязанае ва Украіне жорсткае кровапраліццё і велізарныя ўласныя страты ў вайне, Масква напоўніцу святкуе Дзень перамогі — з традыцыйным парадам на Краснай плошчы.

Ноч перад святкаваннем колішняй перамогі Расея адзначыла буйным ракетна-авіяцыйным абстрэлам тэрыторыі Украіны.

На парад у Маскве прыехалі самыя блізкія ідэалагічныя саюзнікі Пуціна — прэзідэнты Казахстана, Кыргызстана, Узбекістана, Таджыкістана, Арменіі. Аляксандр Лукашэнка ў Маскве ўжо з 8 траўня.