Гiды

Баяцца разам: 5 жудасных кніг Стывена Кінга

Баяцца разам: 5 жудасных кніг Стывена Кінга

Маноклі павыпадалі з вачэй аматараў «сапраўднай літаратуры»! Выдавецтва «Янушкевіч» абяцае, што хутка з’явіцца першы беларускі пераклад кніг «Караля жахаў» Стывена Кінга. І хоць беларусаў ужо нічым не напужаеш, падаецца, не будзе лепшага часу для таго, каб паказытаць сабе нервы і пазнаёміцца з легендарнымі творамі з сусвету амерыканскага аўтара. Адважная Сойка нясе ўсім смелым спіс твораў Стывена Кінга, на якіх часткова трымаецца сучасная поп-культура.

Малюнак Ave

Снобы зморшчаць насы і закацяць вочы, але амерыканскага пісьменніка Стывена Кінга сапраўды можна назваць адным з самых паспяховых аўтараў ХХ стагоддзя. Ягоныя творы ў жанры хорару, трылеру, дэтэктыву і іншых прадалі па ўсім свеце больш чым у 350 мільёнах асобнікаў.

Людзі ўсіх нацыянальнасцяў баяцца ўстаць ноччу ў прыбіральню пасля знаёмства з сюжэтамі Кінга. А сам ён, дарэчы, вельмі прыемны чалавек — дазваляе маладым рэжысёрам бясплатна экранізаваць свае апавяданні, забараніў публікаваць свае кнігі па-расейску пасля пачатку вайны, удзельнічае ў дабрачыннасці, а былы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп забаніў Стывена ў твітары. Дарэчы, беларускі гурт «Касіяпея» выпусціў альбом «Стивен Кинг и мы». Хіба не доказ, што гэта наш чалавек?

Кэры / Carrie (1974)

Гатовыя паспрачацца, што вы бачылі вобраз маладой дзяўчыны ў святочнай сукенцы з ног да галавы пакрытай крывёю. Знаёмцеся, гэта Кэры — адзін з самых знакамітых персанажаў аўтара. Дзяўчына пакутуе ад булінгу і бацькоўскага аб’юзу, але насуперак клішэ, Кэры не ідзе ратаваць зайчыкаў, калі яе канчаткова дасталі, а паказвае свой цёмны бок. І паверце, пачуцці гэтыя адгукнуцца ў сэрцы кожнага. Дарэчы, праблематыка, якая ўздымаецца ў творы, досыць прагрэсіўная: што будзе, калі і надалей шэйміць жанчын за іх фізіялогію, пазбаўляць голасу і правоў. Спойлер: нічога добрага.

 

Кінг прызнаваўся, што яму было цяжка пісаць гэтую кнігу, ён літаральна саромееўся апісваць жаночую фізіялогію, але нічога, справіўся, і ў выніку мы маем цудоўны раман і класіку хорар-муві — экранізацыю 1977 года. Фільмы выходзілі і пазней — у 90-я і нулявыя, але з класічным кіно іх не параўнаць.

 

 

Яно / It (1986)

Людзей, якія чыталі раман ці глядзелі экранізацыі «Яно», пазнаць проста: яны будуць трымацца далей ад чырвоных балонікаў. Асабліва чырвоных балонікаў каля каналізацыі. Як і ў большасці твораў Кінга, гісторыя куды больш складаная, чым проста расповед пра блазна-монстра. Гэта файны падлеткавы твор, які прызнае: задзіры могуць быць не менш страшнымі, чым містычныя істоты. Толькі з дрэннымі людзьмі даводзіцца сутыкацца часцей.

У 1990 годзе з’явіўся тэлефільм «Яно», які напужаў гранжавае пакаленне па ўсім свеце. А ў 2017 і 2019 гадах выйшлі дзве часткі поўнаэкраннага пераасэнсавання рамана. Абодва досыць крыповыя, але першая версія яшчэ й настальгічная.

Ззянне / The Shining (1977)

І зноў візуалізацыя гэтай гісторыі знаёмая нават тым, хто не чытаў раман ці не глядзеў ніводнай экранізацыі. Памятаеце твар актора Джэка Нікалсана, які лезе ў дзіру пасярод дзвярэй? Гэта яно. Эпізод з гісторыі, якая зноў страшная не злачыннымі прывідамі, а тым, што з чалавекам і ягонай сям’ёю робяць залежнасці. Кінг ведаў, пра што пісаў, бо сам пакутваў ад ужывання алкаголю і наркотыкаў. У 1980-я завязаў і з тых часоў захоўвае цвярозасць. У адрозненне ад герояў «Ззяння».

Самае знакамітае кінаўвасабленне зняў Стэнлі Кубрык у 1980 годзе (тое самае з Джэкам Нікалсанам). Але ёсць і неблагая тэлеверсія 1997 году і працяг рамана — фільм «Доктар Сон» 2019 года з Юэнам Макгрэгарам у галоўнай ролі.

Імгла / The Mist (2007)

Аповесць «Імгла» досыць прахадная ў творчасці пладавітага Кінга, таму заклікаем вас пазнаёміцца з аднайменным фільмам, які не проста добра перадаў атмасферу, а ўдасканаліў яе так, што вы адчуваеце халодны і вільготны дотык туману на ўласнай скуры. Кінг прызнаваўся, што здымае капялюш перад рэжысёрам Фрэнкам Дарабонтам, якія наважыўся зняць канцоўку настолькі безнадзейнай, што сам «Кароль жахаў» пабаяўся гэта зрабіць.

У 2017 годзе выйшаў амерканскі серыял «Імгла», а сам вобраз туману/імглы, за якой хаваецца нешта варожае і небяспечнае, моцна ўкараніўся ў кінематографе.

Могілкі хатніх жывёлаў / The pet sematary (1983)

Нягледзечы на тое, што і раман, і фільмы наганяюць жахаў, гэты твор стаў ледзь не самым мемным у біяграфіі Кінга. Кожнае другое шоў у ЗША ў 90-я жартавала з небяспекі старых індзейскіх могілак, ажылых катоў і іншых візітовак сюжэту. Глыбінных сэнсаў у гісторыі таксама хапае: бойся ўласных жаданняў, цані што ёсць, страты трэба прымаць і адпускаць. Безумоўна, гэта не самая філасофская гісторыя, але, бясспрэчна, адна з самых страшных. Дарэчы, так лічыць і сам Кінг і не шануе гэты твор, занадта ён змрочны і беспрасветны. Але за гэта мы яго і любім!

Калі чытанне — не ваш моцны бок, то абавязкова трэба паглядзець поўны метр 1989 года. Класіка крыпаты, якую вельмі падобна, але ўжо не так душэўна, рэалізавала ў 2019 годзе цэлая каманда паспяховых галівудскіх сцэнарыстаў і рэжысёраў.