Гiды

Сапіенс няголенус: валасатая гісторыя чалавецтва

Сапіенс няголенус: валасатая гісторыя чалавецтва

Малюнкі Машы Лазарчук

Пашыраем кругагляд у нечаканых кірунках і прадстаўляем вам заблытаную, як нячэсаны каўтун, гісторыю ўзаемадачыненняў чалавецтва і валасоў на целе ў пытаннях і адказах.

Усё пачалося з таго, што мы сталі лысымі…

… прынамсі ў параўнанні з іншымі прыматамі. Навукоўцы сыходзяцца на тым, што губляць валасы людзі пачалі з розных прычынаў. Паляванне прымусіла проталюдзей устаць на дзве нагі і навучыцца шпарка бегаць пад пякучым сонцам. Каб не перагрэцца, яны гублялі валасы і адрошчвалі потавыя залозы.
Відавочна, на голай скуры было прасцей лавіць паразітаў, якія даймалі дагістарычных людзей больш, чым іншых прыматаў (малпы будуюць новае гняздо кожную ноч, а людзі заставаліся ў сваіх пячорах і буданах на працяглы тэрмін).

Але чаму мы не цалкам гладкія?

Адкуль ногі, ой, валасы растуць

Ізноў навукоўцы маюць розныя варыянты. Імаверна, доўгія валасы на галаве патрэбныя, каб не напякло ў патыліцу, а мозг быў пад большай абаронай. Бровы затрымліваюць пот з ілба, вейкі фільтруюць пыл і бароняць ад сонца. А навошта ж вусы? Чарльз Дарвін лічыў, што ўся справа ў палавым адборы, калі вартасць самца наўпрост залежыць ад пышнасці ягонай барады. Праўда, сённяшнія даследаванні кажуць, што бароды больш падабаюцца самім мужчынам — яны лічаць калматых братоў больш мужна-агрэсіўнымі. А жанчынам даспадобы голыя твары.

Чаму захаваліся валасы на нагах, падпахамі і ў пахвіне?

Валасы-нелегалы прарваліся ў нашую эру

Няма дакладна пацверджаных дадзеных аб тым, што валасы ў падпахах і ў пахвіне патрэбныя, каб затрымліваць ферамоны. А вось сігнальная функцыя цалкам магла быць прадугледжаная эвалюцыяй — валасы ў гэтых зонах сведчылі пра сэксуальнае саспяванне іх носьбіта, як і валасы на мужчынскіх грудзях кажуць пра спеласць. Яшчэ адна грунтоўная прычына для валасатасці ў гэтых зонах — абарона ад націрання і апрэласцяў. Ну а астатнія валасы на целе захаваліся як напамін пра нашае малпавае мінулае.

Калі валосікі такія прыўкрасныя і карысныя, навошта іх губіць?

Валасы пад сярпом тваім

Галіліся і мужчыны, і жанчыны са старажытнасці. Фактычныя прычыны былі рознымі, але іх лёгка можна абагульніць у адну — падкрэсліць сваю адметнасць. Людзі галіліся завостранымі ракавінкамі ў Старажытным Рыме і набывалі адмысловыя інструменты ў Егіпце. Калі ты гладзенькі, як дзіця, то выглядаеш маладзейшым, здаравейшым, падкрэсліваеш статус. Неабходнасць галіцца была часткай некаторых рэлігійных вераванняў, пэўныя правілы захаваліся і да гэтых часоў. Напрыклад, іслам выступае за акуратныя дачыненні з валасамі і у жанчын, і ў мужчын. У еўрапейскіх краінах стасункі з галеннем валасоў былі нібыта ў прымаўцы — то пуста, то густа. Як жа з гэтым спраўляліся?

Бітва на брытвах

У ХІХ стагоддзі мода на галенне ўспыхнула ў Еўропе з новай моцай. Пасля публікацыі тэорый Чарльза Дарвіна, лішнія валасы сталі асацыявацца з нізкім паходжаннем, прыналежнасцю ледзь не да жывёльнага свету. Асабліва гэтага тычылася жанчын, ды так моцна, што да пачатку ХХ стагоддзя ўжо з’явілася некалькі паранавуковых прац, якія намагаліся даказаць, што валасы на жаночых тварах звязаныя з вар’яцтвам! Для выдалення валасоў выкарыстоўвалі пемзу і наждачную паперу, крэм з пацучынай атрутай і нават рэнтген. У 1964 годзе ногі галілі 98% амерыканскіх жанчынаў. А выдаткі на барацьбу з валасамі дасягаюць 10 тысячаў даляраў на адно жаночае жыццё.

Вецер у валасах

На пачатку 90-х амерыканская акторка Джулія Робертс пачала вольна насіць сукенкі з адкрытым верхам, дэманструючы няголеныя падпахі. Для яе, як і шмат для каго ў свеце, неабходнасць галіць валасы — прыкмета прыгнёту, нібыта жаночае цела недасканалае ад прыроды. Дасюль трэнд не стаў усеагульным. У ХХІ стагоддзі дэпіляцыя важная не толькі для жанчын, а для мужчын, а калматая гісторыя ўзаемадзеяння чалавецтва і валасоў на целе працягвае завівацца.