Гомельскія цмокі
Фота Budzma.org
Фота з Краязнаўчага сайту Гомеля і Гомельшчыны
Як вядома, найвялікшая папуляцыя цмокаў у Беларусі заўважаная менавіта ў Гомелі. І так, усё сур’ёзна: у 90-я мясцовыя мастакі і краязнаўцы абмяркоўвалі, як бы зрабіць сімвалам Гомеля менавіта міфічных цмокаў. Фальклор і гарадскія легенды давалі досыць матэрыялу, але, на жаль, з таго часу ў горадзе з’явілася ўсяго некалькі цмачыных месцаў. Выяву істоты можна знайсці ў скульптуры «Першага гамяльчаніна», а вось іншыя менш вядомыя — напрыклад, у аздабленні дома Янкеля Лаўянава, што па вуліцы Савецкай. Ёсць і яшчэ. Здолееце іх знайсці? Гучыць як квэст.
Прычым тут Мандэльштам
Фота ГородГомель.бел
Нават калі вы не аматары класічнай музыкі, варта пазнаёміцца з гомельскай філармоніяй. І справа не ў рэпертуары ўстановы, а ў тым, што раней у гэтым будынку жыла сям’я Выгодскіх.
Леў Выгоцкі
Габрэйскі род праславіў псіхолаг, стваральнік тэорыі аб «новым чалавеку» Леў Выгоцкі (ён хацеў адмежавацца ад свайго знакамітага сваяка — літаратурнага крытыка і перакладчыка Давіда Выгодскага — і змяніў напісанне ўласнага прозвішча). І вось яму Восіп Мандэльштам прысвяціў верш.
Турнэ па могілках
Фота з Краязнаўчага сайта Гомеля і Гомельшчыны
Пашукайце старыя могілкі ў раёне Манастырок. Гэта гістарычная забудова існуе з сярэдзіны 18 стагоддзя і мае ўсё, што так шануюць вандроўнікі па гарадах: багатую і разнастайную гісторыю, утульныя аднапавярховыя краявіды, нечаканыя маляўнічыя знаходкі.
А старыя могілкі ў раёне Навабеліца самі па сабе — цікавае месца для шпацыраў (хоць і не вельмі абцас-фрэндлі, так што не ігнаруйце зручны абутак). Некаторыя надмагіллі існуюць з моманту заснавання могілак — 19 стагоддзя, а іншыя зусім новыя.
Яшчэ адна брама
Гід па беларускай культуры багаты на разнастайныя брамы і легенды пра іх. Хочаш — наведай Вострую Браму ў Вільні, хочаш — заспявай «Слуцкую браму» (галоўнае — не шукаць яе ў Слуцку), хочаш — пагартай «Браму неўміручасці». А вось рэальную, матэрыяльную браму можна паглядзець і памацаць у Гомелі, у раёне Новая Мільча.
Першымі тут пасяліліся стараабрадцы, з таго часу засталося не так шмат матэрыяльных каштоўнасцяў, але на скрыжаванні вуліц Дружбы і Аршанскай захавалася брама, якая некалі вяла да царквы. Сама царква, пабудаваная ў 19 стагоддзі, згарэла ў 1997-м. А брама вытрывала і стаіць сабе далей.
Фота Д. Новікаў
Паесці як мясцовы
Тым, хто ў падарожжы аддае перавагу гастранамічным адкрыццям, Гомель мае што паказаць. За атмасферу, канцэрты і смачнае піва мясцовыя цэняць бар «Квартирник», які побач з Музеем гісторыі Гомеля.
Смачна, разнастайна і танна можна пад’есці ў народным рэстаране «Бацькі». А для больш камерных вечароў пасуюць рэстаран «ФаСоль» або кавярня «Прага». Дарэчы, апошняя месціцца ў тым самым доме Выгоцкіх.