Гiды

Магія махлярства: 5 самых сучасных «разводаў»

Магія махлярства: 5 самых сучасных «разводаў»

Малюнак Аve

Як ілюзіяніст прымушае нас верыць у тое, што трусік знікае ў цыліндры, так і махляры ўмеюць упэўніць нас у тым, што яны толькі клапоцяцца пра нас і дакладна не мараць завалодаць нашымі грашыма. Хіба мы ўсе не жывем у чаканні цудаў? То няхай такім цудам будзе ваша надзвычайная абароненасць ад зламыснікаў.

Набудзеш вецер — атрымаеш буру

Заўжды прыемна набыць нешта па нізкім кошце: вы ўбачыле на мясцовай барахолцы аб’яву аб продажы арігінальнага яйка Фабержэ па кошце курынага. Прадавец тлумачыць, што тэрмінова патрэбныя грошы, яму падарылі, і не спадабалася, і агулам у яго такіх тры. Далей схема простая: прадавец абяцае даслаць тавар поштай, атрымлівае грошы і знікае разам з імі.

Мараль тут вельмі празрыстая — не варта набываць дарагія рэчы з рук па занадта прывабных коштах, асабліва поштай, асабліва на ўмовах поўнай перадаплаты.

Не пажадай рэчаў суседа свайго

Уявіце, вам прыйшло паведамленне: на ваша імя дастаўленая пасылка з трохкілагармовым Будам з чыстага золата. Ніякага Буды вы не замаўлялі, пасылак не чакаеце, але вось яно, так побач з вамі, а вам акурат не хапае залатога Буды, каб падперці парнік. Таму вы ідзяце на пошту, плаціце за пасылку (ну а чаму б і не заплаціць, калі нешта прыўкраснае чакае вас унутры), а дома высвятляеце, што ў пасылцы, напрыклад, цэгла. Ёй, канешне, таксама можна падперці парнік, але вы ж заплацілі за «Буду»…

Мараль: калі вы не чакаеце пасылак, не прымайце чужыя. Калі вы думаеце, што пасылка для вас, упэўніцеся ў супадзенні рэквізітаў, таварных адзнакаў, прасачыце за трэкерам адпраўлення.

Д’ябал у дэталях

Бывае, на вас навальваецца непераадольная прага даведацца, як жыве былая суседка па матчынай лініі траюраднай сястры, і нішто не спыніць вас ад таго, каб праверыць яе старонку ў сацыяльных сетках. Але там вас чакае непрыемны сюрпрыз — паведамленне, што ваш акаўнт заблакаваны і для пацверджання асобы трэба зрабіць сімвалічны плацеж на такі вось адрас. Маўляў, грошы вернуцца, вас проста правераць і адпусцяць у чароўны свет сацсетак. Вы плаціце, з карткі спісваецца не два рублі, а дзве тысячы… Гучыць сумная музыка, а пры сустрэчы з былой суседкай па матчынай лініі траюраднай сястры вы адчуваеце непераадольнае жаданне плюнуць ёй у вочы.

Мараль гэтай гісторыі: калі сістэма ўпэўнівае вас, што ў вас заблакавана старонка ў сацсетках / аперацыйная сістэма на камп’ютары, упэўніцеся:

  1.  ці правільная назва сайта; часам адрозненні мінімальныя — не той даменны адрас, лішняя літарка, не хапае працяжніка;
  2.  паспрабуйце зайсці ў сацыяльную сетку на іншай прыладзе;
  3.  праверце паведамленні ў электроннай пошце — пры непаладках ці праблемах заўжды прыходзяць афіцыйныя лісты ад платформаў;
  4.  не ўводзьце свае плацежныя дадзеныя, калі маеце справу з базава бясплатным сервісам ці аплікацыяй;
  5. упэўніцеся, што гэта не глабальны збой — такое таксама здараецца.

Здрада з рахункам

Вы маеце бізнэс па вытворчасці пэндзлікаў і штомесяц плаціце мясцоваму заапарку за апалыя валаскі з вавёрчыных хвосцікаў. Нечакана вам прыходзіць ліст: ваш пастаянны партнёр указвае, што ягоны рахунак змяніўся, варта звярнуць на гэта ўвагу. Вы паслухмяна мяняеце рэквізіты, адпраўляеце грошы, але замест вавёрчыных валасоў вам прыходзяць раз’юшаныя паведамленні ад заапарку: грошай вы не даслалі, таму ніякіх вам больш пэндзлікаў, а ўсе вавёркахвасты паедуць да вашых канкурэнтаў — у клініку па перасадцы вусаў.

Мараль: уважліва вывучайце лісты і sms-паведамленні, у якіх ідзе размова пра змену банкаўскіх дадзеных. Лепш удакладніць абставіны, патэлефанаваўшы вашым партнёрам/калегам/сэрвісам ці даслаўшы ліст з пытанямі НЕ Ў АДКАЗ на паведамленне аб перамене дадзеных, а на любы іншы кантакт, якім вы карысталіся раней.

Палядзі мне ў вочы

Вашай бабулі патэлефанавалі з дрэннымі навінамі: вы зваліліся з баявога слана ў Ірландыі, чым страшна абразілі мясцовых рэлігійных актывістаў. Адзіны спосаб уратаваць вас ад ганебнай смерці праз цкаванне слімакамі — заплаціць выкуп/хабар/ залог і гэтак далей.

Мараль больш шырокая, чым у папярэдных прыкладах:

  1. махляры шмат іфнармацыі даведваюцца з сацыяльных сетак. Па магчымасці, сачыце за сацсеткамі пажылых сваякоў, навучыце іх інфармацыйнай бяспецы;
  2.  распавядайце сваякам пра небяспеку махлярства, дамаўляйцеся пра дзеянні ў выпадку экстранных сітуацый;
  3.  упэўніце сваякоў не захоўваць буйныя грошы дома;
  4.  растлумачце, што не існуе сітуацый, дзе рашэнні трэба прымаць вокамгненна і ў поўнай сакрэтнасці.

На развітанне некалькі агульных парадаў:

  • Памятайце, што банк НІКОЛІ НЕ БУДЗЕ СУПРАЦЬ таго, каб працягнуць камунікацыю ў аддзяленні. Не бывае настолькі тэрміновых сітуацыяў, якія не вырашаліся б пры асабістай сустрэчы.
  • Уважліва сачыце, куды і пры якіх абставінах вы ўводзіце свае банкаўскія дадзеныя.
  • Не спампоўвайце файлы ад невядомых адрасатаў, не пераходзьце па спасылках з лістоў і паведамленняў.
  • Перад тым як замовіць тавар у інтэрнэце, вывучыце інфармацыю пра гандляра, ацаніце кошт і якасць тавару.
  • НІКОЛІ НЕ ДЗЯЛІЦЕСЯ сваімі прыватнымі банкаўскімі дадзенымі. Асабліва ў сеціве.