Гiды

І бабулі перадай. Факты, чуткі і міфы пра банкаўскія карткі

І бабулі перадай. Факты, чуткі і міфы пра банкаўскія карткі

Малюнкі @krymkuch

Ад пільнага позірку Сойкі не схаваецца ніводная спроба накасячыць на любым узроўні вашага жыцця. Гэтым разам моцнай дзюбай дасведчанасці разбіваем міфы пра тое, як працуюць банкаўскія карткі, як адрозніць махлярства ад выгоды і агулам — спяваць рамансы пад настрой, а не разам са сваімі фінансамі.

Усе грошы ў мяне на картцы

Банкаўская картка — гэта кавалачак пластыку, які дае доступ да сродкаў на банкаўскім рахунку і шэрагу аперацый з ім. То бок ніякіх сродкаў непасрэдна на картцы быць не можа, усе фінансы знаходзяцца на банкаўскім рахунку.

Калі я мяняю картку, мяняецца і рахунак?

Не, рахунак і картка не раўназначныя. Рахунак — гэта тое «месца» ў банку, дзе захоўваюцца вашыя сродкі, а картка — толькі доступ да гэтых сродкаў. Калі сканчаецца тэрмін дзеяння карткі, яна псуецца ці губляецца, не трэба заводзіць новы рахунак, з ім нічога не здараецца. Але…

Калі вы згубілі кантроль над карткай

Вам трэба тэрмінова звязацца з тэхпадтрымкай банка і папрасіць заблакаваць карту. Гэта значыць, што ніякіх дзеянняў з вашым рахункам не зможаце ажыццявіць ні вы, ні нехта іншы. Такім чынам вы прадухіліце крадзеж ці іншыя непажаданыя здарэнні з вашым рахункам і сродкамі на ім.

Увяду няправільны пін-код тры разы — і ўсё

Сапраўды, многія банкі па ўсім свеце прапануюць такія захады бяспекі: калі тры разы запар увесці няправільны пін-код, картка аўтаматычна блакуецца. Гэта значыць, што вашая банкаўская картка не дасць больш магчымасці здзяйсняць аперацыі. Але гэтую паслугу можна адключыць у банкаўскім аддзяленні ці ў аплікацыі.

А калі вашая картка заблакавалася, не трэба панікаваць. Варта проста зняць патрэбную суму ў касе банка і замовіць новую картку, якая будзе мець іншы нумар, пін-код і код бяспекі.

Нейкія складаныя гэтыя карткі, прасцей з наяўнымі

 

Безумоўна, шмат што залежыць ад асабістых прэферэнцый, але банкаўскія карткі лічацца досыць надзейным сродкам распараджацца грашыма. Адзіная рэч, якая абнуляе бяспеку карткі — калі вы носіце пін-код і картку разам. Не рабіце гэтага, бо такім чынам іншым асобам вельмі проста дабрацца да вашых грошай. Таксама не варта перасылаць лічбы пін-коду ў паведамленнях ці агучваць іх уголас пры іншых людзях. Тым больш, не варта называць гэтыя лічбы людзям, якія званяць вам з пытаннямі ад імя банкаў, міліцыі, таварыства аховы рыб ці Папы Рымскага. Лічыце гэта сваёй таямніцай.

Знайшлі праблему, картка ж — не зубная шчотка

Правілы бяспекі забараняюць перадаваць банкаўскія карткі трэцім асобам. Нават сваякам, а тым больш незнаёмцам, якія, напрыклад, прапануюць аднесці некуды вашу картку для аплаты (такія сітуацыі могуць здарыцца ў кавярнях і рэстаранах). Існуе небяспека, што нехта зробіць копію вашай карткі, каб далей накласці рукі на вашыя грошы.

А картка не псуецца?

Сапсаваць банкаўскую картку даволі складана. Яны не псуюцца ад тэлефонаў (але моцны магніт можа сапсаваць картку з магнітнай стужкай — чорнай палоскай ззаду) і не перастаюць працаваць, калі намокнуць. Таксама ў адрозненне ад віртуальных картак, звычайную не трэба зараджаць (віртуальныя карткі прывязаныя да прылады, напрыклад, смартфону). Смяротным для банкаўскіх картак будзе купанне ў пральнай машыне, моцнае уздзеянне цяпла (не трэба смажыць карткі), ну і таксама картку можна проста зламаць.