Гiды

Як гэта працуе: як карміць сябе, а не свой сметнік

Як гэта працуе: як карміць сябе, а не свой сметнік

Гэта не пра «не з’ясі — не выйдзеш з-за стала» і разлады харчовых паводзінаў, не. Паразмаўляем пра тое, як людзі спрычыняюцца да трохі больш разумнага спажывання, каб у выніку менш ежы адпраўлялася на сметнікі. Сойка даследавала сітуацыю з выратаваннем прадуктаў і гатовых страваў і прапануе пазнаёміцца з некаторымі спосабамі — глядзіш, і мы нешта добрае зможам пераняць.

У чым увогуле праблема?

Паводле праекта The World Counts, прыкладна траціна прадуктаў харчавання ў свеце выкідваецца марна. Гэта каля 1,3 мільярда тон у год. Самая вялікая крыніца харчовых адходаў — на этапе вытворчасці: праз шкоднікаў сельскагаспадарчых культур і неэфектыўны збор ураджаю. За гэтым ідуць «пасляўборачная апрацоўка і захоўванне» і «спажыванне». Вялікая колькасць прадуктаў губляецца проста таму, што мы іх выкідваем. 35% змарнаваных прадуктаў выкідваюць супермаркеты, крамы і хатнія гаспадаркі. Большая іх частка па-ранейшаму прыдатная для ўжывання ў ежу.

Харчовыя адходы самі па сабе ёсць праблемай у свеце, дзе больш за 800 мільёнаў чалавек пакутуюць ад голаду і недаядання. Адной чацвёртай ежы, якая марнуецца ў ЗША і Еўропе, хапіла б, каб накарміць іх усіх.

ААН выражае занепакоенасць

Тэма харчовага марнатраўства традыцыйна «непакоіць і глыбока турбуе» Арганізацыю Аб’яднаных Нацый, дзе да 2030 года хочуць скараціць напалову глабальныя харчовыя адходы, а таксама страты прадуктаў, якія адбываюцца пад час іх вырабу і паставак.

Гучыць прывабна, але як гэтага дасягнуць? (Асабліва з улікам няўхільнага росту насельніцтва.) Больш за 2 мільярды чалавек далучацца да нашай планеты ў перыяд з 2020 па 2050 год. Усім гэтым людзям трэба есці! Мы можам пракарміць іх, павялічыўшы вытворчасць прадуктаў харчавання на 60% — ці проста перастаць выкідваць нашу ежу.

Марнаванне ежы і змены клімату

На глабальную харчовую сістэму прыпадае да 30% выкідаў парніковых газаў. І частка гэтага — харчовыя адходы. Вугляродны след харчовых адходаў ацэньваецца ў 3,3 мільярда тон эквіваленту CO2, выкіданых у атмасферу ў год. Гучыць занадта абстрактна? Тады вось так: калі б «харчовыя адходы» былі краінай, яна займала б трэцяе месца ў свеце па выкідах CO2 пасля Кітаю і ЗША.

Марнаванне ежы таксама пагаршае сітуацыю з прэснай вадой: выдаткаваная марна ежа таксама азначае выдаткаваную марна ваду (а гэта 250 квадратных кіламетраў прэснай вады штогод). Між тым, колькасць людзей, якія адчуваюць востры недахоп вады, расце з кожнай секундай. Чакаецца, што да 2050 года лічба дасягне амаль 4 мільярдаў чалавек.

Што можа зрабіць кожны з нас?

Вядома, ніхто не адмаўляе, што найбольшую шкоду экалогіі, у тым ліку і ў дачыненні да марнавання харчовых прадуктаў, робіць зусім не выкінуты намі раз на тыдзень пластыкавы пакет, а буйныя прадпрыемствы / карпарацыі / сусветнае зло. Але калі мы не бачым вялікага сэнсу выступаць з голымі рукамі супраць сусветнага зла, то нам заўжды даступныя маленькія дзеянні (якія, у сваю чаргу, уплываюць на тыя 35% змарнаваных прадуктаў).

Вось сем крокаў, які можа лёгка зрабіць кожны з нас:

  1. Правесці «інвентарызацыю» сваёй лядоўні, маразільні і шафы перад паходам у краму, каб не купіць непатрэбнага/дубляў.
  2. Скласці план харчавання.
  3. Захоўваць прадукты належным чынам.
  4. Захоўваць свае «недаедкі» належна, каб імі можна было неўзабаве перакусіць.
  5. Купляць час ад часу «непрыгожыя» прадукты або тыя, у якіх хутка заканчваецца тэрмін прыдатнасці (вядома, не загадзя, а каб ужыць у той самы дзень).
  6. Кампаставаць арганіку.
  7. Выкарыстоўваць рэшткі ежы творча — у гугле тонны рэцэптаў страў з ужо згатаванай ежы, прычым некаторыя з іх уласна і патрабуюць прадуктаў, згатаваных раней (як, напрыклад, азіяцкі смажаны рыс).

А як з гэтым у іншых краінах?

  • Практычна ў любым еўрапейскім супермаркеце ёсць аддзел з «непрыгожай» ежай (або той, у якой хутка заканчваецца тэрмін прыдатнасці), якую можна купіць з вялікай зніжкай.
  • Аплікацыя Too good to go працуе ў большасці еўрапейскіх краін — яна дапамагае выратаваць ежу з рэстаранаў, кавярняў і пякарняў, гатэляў і супермаркетаў.Выбіраеце кавярню/рэстаран, які выглядае вам прывабным, рэзервуеце «торбу з сюрпрызам» (звычайна прыемным), плоціце і забіраеце ў адпаведны час. Дарэчы, гэта яшчэ і танны спосаб харчавацца рэстараннай ежай у «дарагіх» краінах, такіх як Швейцарыя і Нарвегія — выходзіць танней, чым есці фастфуд.
  • У розных краінах ёсць свае аналагічныя аплікацыі — напрыклад, у Польшчы таксама працуе foodsi, у Швецыі — Karma, у Францыі і шэрагу іншых краінаў Еўропы — Phenix.
  • Ёсць аплікацыі, які дазваляюць дзяліцца ежай (ды і не толькі ежай, а любымі рэчамі) з суседзямі бясплатна (для абодвух бакоў) — напрыклад, брытнаская Olio. Гэта такі сабе аналаг олдскульнай суполкі ў фэйсбуку «Аддам задарма» (дарэчы, у Польшчы гэта — «Uwaga, śmieciarka jedzie»). А яшчэ можна не проста аддаваць рэчы, але абменьвацца імі: напрыклад, натхнёная прынцыпам zero waste, ёсць варшаўская суполка ў фэйсбуку «Zamienię za jedzenie», дзе можна аддаць непатрэбнае адзенне, абутак, вопратку і атрымаць узамен ежу.
  • А яшчэ ёсць дабрачынныя арганізацыі, так званыя food banks («харчовыя банкі»), якія займаюцца зборам харчовых прадуктаў ад вытворцаў і пастаўшчыкоў і перадаюць іх людзям, якія жывуць у нястачы; пры гэтым дзейнічае жорсткая сістэма кантролю якасці прадуктаў. Першыя харчовыя банкі з’явіліся ў ЗША ў 1967 годзе, а ў Еўропе першы харчовы банк быў створаны ў 1983 годзе ў Францыі. Цяпер яны дзейнічаюць у большасці краін Еўропы і ў многіх іншых краінах свету. (Напрыклад, у Польшчы «banki żywności» сёння працуюць у 27 гарадах).
  • У некаторых краінах заканадаўча забаронена выкідаць прыдатныя ў ежу харчовыя прадукты. Напрыклад, у 2016 годзе ў Францыі быў прыняты закон, які забараняе супермаркетам пазбаўляцца ад непрададзеных прадуктаў харчавання, якія яшчэ цалкам прыдатныя да ўжывання. Таму крамы ў абавязковым парадку заключаюць дамовы з дабрачыннымі арганізацыямі па перадачы ім прадуктаў.