Уводзіны
Польскі парламент складаецца з дзвюх палатаў — Сейму (ніжэйшая) і Сенату (вышэйшая). На выбарах грамадзяне краіны абіраюць асобна дэпутатаў у Сейм і г. зв. паслоў у Сенат. Выбары ў Сейм адбываюцца па прапарцыйнай сістэме. То бок, у партыі ёсць спіс кандыдатаў, выбарцы галасуюць за пэўных асобаў, а ў парламент трапляе колькасць партыйцаў, прапарцыйная агульнай колькасці галасоў за гэтую палітычную сілу. Да прыкладу, вы можаце аддаць голас за кандыдата, які значыцца 33-м у партыйным спісе, ён не пройдзе ў парламент, але, дзякуючы вашаму голасу, дэпутацкія мандаты атрымаюць 15 кандыдатаў ад ягонай партыі, якія ідуць першымі ў спісе.
У Сенат выбары адбываюцца па мажарытарнай сістэме. То бок, кандыдаты праходзяць у парламент, набраўшы большасць галасоў.
Ну і цяпер пра партыі, якія маюць найбольш шанцаў прадвызначыць лёс Польшчы на наступныя 4 гады.
Prawo i Sprawiedliwość (PIS) «Права і справядлівасць»
Кіроўная партыя, якая апошнія 8 гадоў бесперапынна знаходзілася пры ўладзе. Старая структура, на чале якой нязменны Ярослаў Качыньскі. Ідэалогія партыі грунтуецца на нацыянальных, кансерватыўных і сацыяльных пастулатах і моцна звязаная з каталіцкім касцёлам, які дамінуе ў краіне.
На мінулых выбарах у парламент PIS атрымала рэкордную падтрымку — 43% галасоў выбарцаў.
Супраць чаго PIS:
- Увядзення еўра
- ЭКО і абортаў (за час кіравання партыі забарона на аборты ў Польшчы стала яшчэ больш жорсткай — цяпер аперацыю выконваюць толькі ў самых скрайніх выпадках)
- Паспешлівай прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці
Што абяцае PIS:
- 800 злотых ($187) штомесяц на кожнае дзіця ў сям’і (цяпер гэтая дапамога — 500 злотых ($117)
- Бясплатныя лекі для пенсіянераў і дзяцей
- Бясплатныя аўтастрады
- Спрошчанае падаткаабкладанне
За што крытыкуюць PIS:
- За сваркі з Еўразвязам, якія могуць прывесці да «полэкзіту»
- За падпарадкаванне сабе стратэгічна важных структураў (Канстытуцыйны суд, Выбарчая камісія і г.д.), якія маюць заставацца незалежнымі
- За раздаванне бюджэтных грошай замест будавання інфраструктуры
- За дарагі плот на мяжы з Беларуссю, які не стрымаў мігрантаў
Беларускае пытанне
Сярод дэпутатаў ад PIS знайшлося нямала тых, каму асабіста падабаюцца ўлады ў нашай краіне і хто раней дэманстраваў ім гарачую прыхільнасць. Хаця сёння партыя крытыкуе палітыку афіцыйнай Беларусі.
Koalicja Obywatelska «Грамадзянская кааліцыя»
Рэінкарнацыя «Грамадзянскай платформы» (PO) — партыі, якая кіравала Польшчай да PIS-аўскага перыяду. Кіруе партыяй Дональд Туск — зацяты вораг PIS і былы старшыня Еўразвязу. У «Грамадзянскую кааліцыю» апроч «Грамадзянскай платформы» ўваходзяць яшчэ чатыры партыі, разам яны прапануюць 100 крокаў ужо за 100 першых дзён кіравання для паляпшэння Польшчы.
KO выступае за свецкую дзяржаву і, у выпадку перамогі, пагражае PIS раскрыць усе парушэнні і злачынствы, да якіх нібыта дайшло падчас кіравання партыі Качыньскага.
Што абяцае KO:
- Вярнуць прыязныя стасункі з Еўразвязам і доступ да фінансавання
- Дазволіць аборты да 12 тыдня цяжарнасці, фінансаваць ЭКО з бюджэтных сродкаў і бясплатную анэстэзію пры родах
- Павысіць заробкі настаўнікам
- Увесці даплату да арэнды кватэраў маладым людзям і 0% крэдыты на пакупку першага жытла
За што крытыкуюць KO:
- Невыканальная за 100 дзён праграма, якая больш нагадвае рэкламу
- Уся ідэалогія зводзіцца да помсты PIS
- Няма ўцямнага бачання палітыкі ў дачыненні да эканамічных мігрантаў, у тым ліку з Украіны ды Беларусі
Беларусы ад KO
У Беластоку ад «Грамадзянскай кааліцыі» балатуецца палітык і журналіст, мясцовы праваслаўны дзеяч беларускай меншасці Яўген Чыквін.
Trzecia droga «Трэцяя дарога»
Яшчэ адна кааліцыя, якую ўтварылі партыя «Polska 2050» і Польская сялянская партыя (Polskie Stronnictwo Ludowe). Разам гэтыя партыі ўвасабляюць цэнтрысцкую і ліберальна-хрысціянскую сілу і намагаюцца стварыць альтэрнатыву першым двум палітычным гульцам.
Што абяцае «Трэцяя дарога»:
- Большыя заробкі ў бюджэтнай сферы
- Танную зялёную энергію, чыстае паветра
- Дэпалітызаваць персанал у дзяржкампаніях і дзяржустановах
- Аддзяліць Генеральную пракуратуру ад Мінюста
- Прызначыць рэферэндум аб дапушчальнасці абортаў
- Запусціць зразумелую сістэму падаткаабкладання
За што крытыкуюць «Трэцюю дарогу»:
- Партыі, злучаныя ў кааліцыю, маюць мала супольнага, паасобку іх праграмы вельмі розняцца
- Прапанова «Трэцяй дарогі» выглядае кампіляцыяй прапановаў іншых партыяў: трохі кансерватыўныя, крыху ліберальныя, трохі тым, крыху іншым
Nowa Lewica «Новыя левыя»
Адзіная сіла, якую на перадвыбарчых дэбатах прэзентавала жанчына. Паўстала пры аб’яднанні Саюзу дэмакратычных левых і маладой партыі «Вясна». «Новыя левыя» акрэсліваюць характар сваёй партыі як сацыял-дэмакратычны, сацыял-ліберальны, антыклерыкальны, феміністычны і праэкалагічны.
Што абяцаюць «Новыя левыя»:
- Збліжэнне з Еўразвязам, адзіны еўрапейскі пашпарт
- Бясплатны доступ да інтэрнэту па ўсёй краіне
- Адыход ад гаспадаркі, якая базуецца на вуглі
- Роўныя заробкі для мужчын і жанчын на тых жа пасадах
- Доступ да сэксуальнай адукацыі і адукацыі супраць гвалту
- Адмаўленне ад рэлігіі ў школах
- Легалізацыя абортаў
- Легалізацыя аднаполых шлюбаў і партнёрскіх саюзаў
За што крытыкуюць «Новых левых»:
- За намер адмяніць касцельны фонд, прыбраць рэлігію з школьнай праграмы і будаваць свецкую дзяржаву
- За намер узаконіць аднаполыя саюзы і дазволіць аборты
Беларусы ад «Новых левых»
У Познані ад «Новых левых» балатуецца народжаная ў Беларусі беларуска-польская мастачка і актывістка Яна Шостак.
Konfederacja Wolność i Niepodległość «Канфедэрацыя Свабода і Незалежнасць»
Фота PAP
Правая і еўраскептычная партыя. Ейныя прадстаўнікі выказваюцца за дэмантаж Еўразвязу, вяртанне смяротнага пакарання, захаванне нацыянальнай валюты і абмежаванне міграцыі асобаў з нееўрапейскіх краінаў.
Што абяцае «Канфедэрацыя»:
- Усеагульныя падатковыя льготы
- Хуткую і спрошчаную судовую сістэму
- Змаганне з «сэксадукацыяй» і «прапагандай LGBTQ+» у школах
- Забарону абортаў
- Абмежаванне прыёму уцекачоў і мігрантаў
- Абмежаванне льготаў і дапамогі для ўкраінцаў
За што крытыкуюць «Канфедэрацыю»:
- За рэзкія нацыялістычныя і скрайне кансерватыўныя погляды