Гiды

Як быць эканомным і экалагічным у Беларусі

Як быць эканомным і экалагічным у Беларусі

Не так проста быць добрым у злым свеце. Збіраць камяні ў часы, калі прынята іх раскідваць. Аднак менавіта гэтыя часы — нашыя, а іншых можа і не быць, калі сёння не клапаціцца пра заўтра. Сойка разам з экалагічнай арганізацыяй «Экадом» сабралі шпаргалку пра тое, як эканоміць грошы, спрычыняючыся да глабальных экалагічных працэсаў. Збярэм камяні ў шматразовыя пакеты!

Адмаўляемся ад fast fashion

Статыстыка

  • Штогод у свеце вырабляюць больш за 100 мільярдаў адзінак адзення, а перапрацоўваюць толькі 1%.
  • Вытворчасць адзежы адказвае за 20% сусветнага ўжывання вады і 8% утварэння парніковых газаў.
  • Мас-маркет свядома раскручвае гонку за модай, вырабляючы агромныя колькасці адзення, частку якога выкінуць ці спаляць, ніводнага разу не надзеўшы.
  • Новае адзенне — гэта ДОРАГА.

Што рабіць?

  • Закупляцца ў сэкандах і на барахолках (накшталт Куфара). Крамы ўжыванага адзення ўжо даўно не пра беднасць, а пра эканомнасць і экалагічнасць.
  • Апранацца ў беларускіх дызайнераў. У нас ёсць падрабязны гайд пра іх. Унікальнае, якаснае адзенне каштуе даражэй, але будзе ўпрыгожаннем вашага гардэробу, а не шараговым нізкаякасным фаст-фэшнам (пасля якога — шопінгавая пякотка).

Не набываем, а абменьваемся

  • Карыстаемся аплікацыяй Отдам Даром (або аналагам, які ёсць у вашым горадзе/мястэчку). Такія сэрвісы дазваляюць хутка раздаваць рэчы, якія вам не патрэбныя, і хутка атрымліваць тое, што спатрэбілася. Гэта ўстойлівы і разумны падыход, які таксама забяспечвае бясконцыя гадзіны забаў — можна праглядаць рэчы іншых людзей, дзе бывае шмат нечаканага.
  • Арганізуем буккросінг у сваім пад’ездзе ці ў вёсцы. Замест таго, каб кніга збірала пыл у вас дома, можна даць яе пачытаць іншым людзям, а заадно ўзяць сабе ўзамен нешта цікавае. У пад’ездзе гэта можа быць прыкручаная палічка з апісаннем і першай кніжкай для абмену, якую пакладзеце вы. А ў вёсцы буккросінг можна арганізаваць, напрыклад, у сельскім доме культуры, заручыўшыся падтрымкай яго працаўнікоў. Заданне з зорачкай — арганізаваць бясплатны суседскі пункт абмену рэчамі, таксама, напрыклад, у скрыні ў пад’ездзе.
  • Абменьваемся ежай з суседзямі. Уявіце, вы з’язджаеце ў адпачынак і пакідаеце псавацца цэлую лядоўню ежы або адпраўляеце ў сметнік яшчэ добрыя прадукты. Аддавайце тое, што не паспяваеце спажыць. У некаторых краінах і гарадах ёсць сайты і аплікацыі, якія дазваляюць пашырыць геаграфію і мажлівасці абмену, бываюць і адмысловыя грамадскія лядоўні, дзе можна пакінуць харчы з пазнакай даты прыгатавання. Можна аддаваць ежу валанцёрам, якія гатуюць з яе дабрачынныя абеды. Пашукайце, ці ёсць такое паблізу вас.

Вырошчваем ежу

Нават Капітан Відавочнасць палянуецца тлумачыць, чаму вырашчаная ўласнымі рукамі гародніна і садавіна — гэта ECO ў кубе. Калі ж у вас няма магчымасці агароднічаць на ўласных градках, пачніце з зеляніны на падваконні або на балконе. Make рассада ў баначцы з-пад смятаны great again! Калі ж інстынкт агародніка пачне не ўлазіць у квадратныя метры вашага жытла, можна заняцца азеляненнем свайго горада ці мястэчка. Але памятайце, тут ёсць пэўныя правілы і неабходна атрымаць дазволы.

Перадаем прывітанне чыноўнікам

  • Трымаем тэлефон напагатове. Звычка фатаграфаваць экапраблемы (і не толькі), каб потым рабіць звароты на 115.бел, можна істотна змяняць наваколле. Шматгадовая дзірка ў асфальце? Сфоткалі — адправілі. Высякаюць дрэвы? Сфатаграфавалі, напісалі. Не прыбіраюць за сваім сабакам? Вы ўжо зразумелі, што рабіць. Можна дасылаць запыты нават калі недзе, на ваш погляд, не хапае дрэваў і іншай расліннасці. Больш варыянтаў экапраблемаў і спосабаў уплываць на іх вырашэнне сваімі сіламі можна знайсці тут.
  • Ствараць петыцыі на экалагічныя тэмы на Petitions.by. Калі нейкае пытанне ўзрушыла вас настолькі, што вы гатовыя збіраць подпісы, каб дамагчыся праўды, гэты пункт для вас. Скласці петыцыю насамрэч вельмі проста, а юрысты і юрысткі каманды зазвычай гатовыя вам дапамагчы. Калі ж вам некамфортна дасылаць петыцыю адміністрацыі ад свайго імя, вы можаце звярнуцца ў Зялёны тэлефон — валанцёры зробяць гэта за вас.