«Гаражы» і іх здаровая альтэрнатыва
Трыццаць гадоў таму гаражы мелі для грамадзянаў надзвычайнае значэнне. У іх хадзілі мужчыны, па іх лазілі дзеці, за імі адбываліся адначасова і самыя жудасныя, і самыя прывабныя падзеі. Заўважым, што «гаражы» — гэта зборнае паняцце, якое ўключае любыя будыніны ці канструкцыі пэўнай ступені занядбанасці з вялікай колькасцю жалезных, іржавых, лядашчых дэталяў. Каму з нас вецер не халодзіць былую рану, якую мы атрымалі менавіта падчас узаемадзеяння з такімі «гаражамі»? (Часам, дарэчы, гэта былі элементы дзіцячых пляцовак.)
Што дрэннага ў «гаражах»: Паводле дадзеных, якія прыводзіць Міністэрства аховы здароўя Беларусі, кожнае 10-е дзіця атрымлівае траўму летам. 80% няшчасных выпадкаў адбываюцца падчас гульняў. Нетрывалыя канструкцыі з іржой і брудам — невычарпальная крыніца небяспечных сітуацый.
Чым замяніць: Ёсць камерцыйныя прапановы (скалалазанне, гульнявыя цэнтры, вяровачныя гарадкі і гэтак далей), і бясплатныя — паспрабуйце паспрыяць таму, каб камунальныя службы зрабілі ваш двор бяспечным для дзяцей і дарослых.
Гудрон і забарона на жаванне
Хуткі тэст на ўзрост: ведаеш, чаму дзеці жавалі гудрон? Калі не ведаеш, то ідзі да малых мяняцца ўкладкамі ад Love is. Гудрон — вязкае рэчыва, якое выкарыстоўваюць на будоўлях, і дзеці 80-90-х жавалі яго, бо: а) не было жуйкі; б) не было грошаў на жуйку. Не, гэта было нясмачна, бо нікель, ванадый і іншыя «смачняшкі», якія сустракаліся ў гудроне, не лічацца прыдатнымі для ежы. А як адрэагуе пакаленне Z, калі мы напішам, што і жавалі такую заляпуху ўсім дваром па чарзе?
Што дрэннага ў жаванні гудрону: Усё. Гэта будаўнічы матэрыял, поўны таксічных складнікаў. Імаверна, той факт, што шмат хто з сучасных дарослых у дзяцінстве жаваў гудрон, мае ключавое значэнне для сённяшняй геапалітычнай абстаноўкі.
Чым замяніць: нармальнай жуйкай з крамы.
Зялёны яблычак і чыстая бялізна
Прызнайцеся, у дарослым узросце вы таксама спрабавалі пагрызці зялёныя яблычкі, каб адчуць хвалю цеплыні з дзяцінства? І хваля-такі накрывала, ды так, што «прыбой» пагражаў выплеснуць усё са страўніка. Дзіцячая гульня са смакам — пралезці да чужых дрэваў і натрэсці любых пладоў. Без розніцы, наколькі яны спелыя. Ці яшчэ горш — з задавальненнем вусеняў паглынаць яблыкі, вішні і алычу з гарадскіх «агульных» дрэваў.
Што дрэннага ў тым, каб каштаваць зялёныя яблычкі: Няспелая садавіна нясмачная, можа выклікаць разлад у працы страўніка. Тое, што і рукі, і самі дары прыроды нямытыя, толькі дадае экстрыму — ці перамаглі ўжо халеру ў Беларусі? З’ясі і дазнаешся.
Чым замяніць: спелай і МЫТАЙ садавіной, якая расла не ў горадзе.
Бяздомныя жывёлы і рэальная дапамога
Дапамагаць бяздомным жывёлам — добра і патрэбна. Калі ў дзяцінстве мы ведалі, што бацькі не дазволяць прытуліць коціка ці сабачку, мы будавалі для іх дамкі з кардонак, песцілі, абдымалі і дзяліліся школьнымі катлетамі. А потым нехта прыносіў у клас стрыгучы лішай. Мы спачувалі жывёлам і цярпелі за-за няўмення дапамагчы ім і не нашкодзіць сабе.
Што дрэннага ў дзіцячай дапамозе бадзяжным жывёлам: Пад’езд шматкватэрнага дома не можа быць прытулкам, хворых жывёлаў не падлячыць ежай. Каты і сабакі могуць пераносіць лішай, таксаплазмоз, шаленства, лептаспіроз і іншыя захворванні.
Чым замяніць: Распавядзіце дзецям, як рэальна дапамагчы жывёлам — валанцёрства, грашовая падтрымка адмысловых прытулкаў і фондаў і гэтак далей.
Гульня ў ножычкі і каштоўнасць канцавінаў
Ох, гэты гук, з якім нож тыпу «матылёк» уваходзіць у вільготны пясок на дзіцячай пляцоўцы! Адчуванне даросласці, уласнай небяспечнасці і забароненага плоду… Ножычкі, выбуховыя пакеты з магніем, петарды з бутэлек ад шампанскага — дзеці ўзору трыццацігадовай даўніны ведалі толк у тым, як нанесці сабе траўмы. Ад сярэдзіны 90-х да спісу адказаў на пытанне «Адкуль у цябе гэты шнар» варта дадаць кітайскія феерверкі.
Што дрэннага ў небяспечных гульнях: Уласна кажучы, небяспека. Узгадайце, колькі шнараў, пашкоджаных пальцаў, рук і вачэй прыйшлося на адзін ваш двор. Без гэтага можна абысціся, праўда?
Чым замяніць: Цікаўцеся, чым занятыя вашыя дзеці. Тлумачце, распавядайце. Не пакідайце іх сам-насам з летам.