Гiды

Уводзіны ў сучаснае беларускае мастацтва ад Мікіты Моніча

Уводзіны ў сучаснае беларускае мастацтва ад Мікіты Моніча

Малюнкі Ave

Добры дзень, шаноўнае спадарства, з вамі Мікіта Моніч, і гэта далёка не поўны, але гайд па сучасным беларускім мастацтве для ўпэўненых карыстальнікаў сеткі інтэрнэт. Такім чынам, вы вырашылі ўпусціць у сваё жыццё нешта новае і незвычайнае, напрыклад, сучаснае мастацтва. Першы крок — падпісацца на Сойку — вы, напэўна, ужо зрабілі. Што далей?

Медыя

Пачнем з самых простых дзеянняў, то бок дапоўнім сваю стужку ў інстаграме і тэлеграме праектамі, якія альбо цалкам прысвечаны сучаснаму беларускаму мастацтву, альбо рэгулярна звяртаюць увагу на гэтую тэму.

Анлайн-часопіс пра сучаснае беларускае мастацтва «Chrysalis Mag»*

Інста
Сайт

Каманда праекта займаецца папулярызацыяй беларускага мастацтва, твораў беларускіх мастакоў, якія жывуць па ўсім свеце. У іх выходзіць шмат візуальнага матэрыялу, афіша падзей, анонсы і крытычныя артыкулы. Можна сказаць, стартар-пак, каб пачаць занурацца ў сучаснае выяўленчае мастацтва Беларусі. Але як жа ўсё-ткі чытаецца іх назва і што яна значыць?

* Крызаліс (лац. chrysalis, ад грэц. χρυσός — золата) — гэта стадыя развіцця «кукалкі», з якой з’яўляецца матылёк. Сучаснае беларускае мастацтва, на наш погляд, можна ахарактарызаваць гэтай стадыяй абуджэння, распраўлення крылаў і інтэграцыі ў міжнародную мастацкую супольнасць.

Працягнем шарсціць інсту. Зусім нядаўна я сам наткнуўся на яшчэ адно медыя пра нашу культуру.

Арт.Кантэкст

Малады праект, створаны летам 2022 года. Цалкам беларускамоўны, прысвечаны «тым, хто жыве і цікавіцца мастацтвам. Для творцаў і гледачоў. Прастора для абмену ідэямі, думкамі ды ўражаннямі». «Арт.Кантэкст» прапаноўвае як арыгінальныя матэрыялы, так і інфармацыю з іншых рэсурсаў, ёсць афіша, навіны і падзеі як выяўленчага мастацтва, так і музыкі з літаратурай ды тэатрам. Спадзяюся, што кантэнт будзе з’яўляцца рэгулярна і раю ім поспеху, а Вам — падпісацца на іх.

Artcenter

Калі ж вы прыхільнік ідэі, што інстаграм — гэта пра карцінкі, і проста хочаце паступова пазнаёміцца з сучаснымі беларускімі мастакамі, то можна падпісацца на сацсеткі пляцоўкі Artcenter. Гэта найбуйнейшая ў краіне пляцоўка па продажы твораў выяўленчага мастацтва, звязаная з Палацам мастацтва і штогадовымі выставачнымі праектамі «Восеньскі салон» і «Арт-Мінск». Так што, пры жаданні і магчымасці, можаце адразу перайсці са стану гледача ва ўладальніка сучаснага арта.

Калі ж вы гатовыя капнуць глыбей, то наступнае заданне — ужо павышанай цяжкасці.

Задачкі з зорачкай (Калектар і pARTizan)

Гаворка ідзе пра праект KALEKTAR. Гэта вялікі рэсурс пра сучаснае беларускае мастацтва, які ўключае як імянны паказальнік, так і вялізную колькасць малюнкаў і артыкулаў. Вось тут ёсць іх рэзюмэ па гадах, уключаючы нават 2022-і.

Калі ж вы вырашылі сур’ёзна разабрацца ў «лоры» сучаснага беларускага мастацтва, то вы ніяк не абыдзецеся без сайта альманаху «pARTizan». Навігацыя там яшчэ больш заблытаная, чым у «Калектара», афармленне надзвычай мастацкае. Затое ёсць маса каштоўнай інфармацыі. Калі я шукаю там што-небудзь, то кожны раз адчуваю сябе даследчыкам, які спрабуе разгадаць інтэлектуальную галаваломку або сакрэты іншапланетнай цывілізацыі. Вельмі цікавы і карысны, праўда, працазатратны занятак.

ТГ-каналы

Што тычыцца тэлеграма, то ўсё сціпла: у беларускім сегменце практычна няма паблікаў, прысвечаных сучаснаму мастацтву. Дакладней як, пра сучасную беларускую музыку праекты ёсць. А вось пра выяўленчае мастацтва і ўсякія практыкі, накшталт перформансу і г.д. зусім нягуста.

Самым масавым з’яўляецця ТГ-канал Беларускай рады культуры BY_culture. Будзьце ўважлівыя, канал нядаўна прызналі «экстрэмісцкім». Пэўна за тое, што яны:

  • «захоўваюць творчы патэнцыял, падтрымліваючы людзей культуры з усіх яе сфер;
  • развіваюць беларускую культуру, каб з’яўляліся новыя крэатыўныя праекты, а культурная супольнасць аб’ядноўвалася;
  • прасоўваюць нашу культуру ў свеце».

Акрамя сумнага летапісу рэпрэсіяў супраць дзеячоў культуры, там можна знайсці навіны культуры, абвесткі пра новыя праекты і магчымасцях паспрыяць развіццю нашай культуры ў гэтыя складаныя часы.

Яшчэ мне ўдалося знайсці канал Little Hedonist арт-менеджаркі і журналісткі Вольгі Мжэльскай. Яна акурат зноў стала яго весці пасля перапынку, абяцае сачыць за рухам беларускай культуры і польскай арт-сцэны. Часам мяне наведвае пачуццё, што апошнім часам гэта ўсё больш сумежныя паняцці.

Калі ж вам хочацца, каб усё тлумачылася выразна і лагічна, то пара пераходзіць да мастакоў. Тым, хто не проста творыць мастацтва пра Беларусь проста зараз, але і актыўны ў інтэрнэце.

Уводзіны ў сучаснае беларускае мастацтва ад Мікіты Моніча

Мастакі

Макс Осіпаў

Першым няхай будзе мой ўлюбёнец. Гэта мастак, які працуе на сутыку станковага мастацтва і манументальных муралаў. З аднаго боку, ён рабіў крутыя муралы ў Менску, Маладзечне, Чарэі (!)…, або, напрыклад, цудоўны неафіцыйны стыкерпак для Нацыянальнага мастацкага музея. А з другога, ён рэгулярна стварае станковыя працы ў стылістыцы «маляваных дываноў» (калі не ведаеце, што гэта, то ў мяне выпуск пра гэта быў).

Праект Макса «Я магу ўсё патлумачыць» — проста казка, а не праект. Акрамя таго, што творы ў Осіпава дэкаратыўныя, іранічныя, надзённыя і напоўненыя адсылкамі да сусветнай і беларускай культуры, дык ён яшчэ і суправаджае іх разгорнутымі тэкстамі-эксплікацыямі (адсюль і назва праекта). Адназначна раю падпісацца. А калі вы знаходзіцеся за межамі Беларусі, то і трапіць на яго выставу.

Алеся Скарабагатая

Абсалютны чэмпіён ўсіх «Восеньскіх салонаў» і «Арт-Мінскаў» ў намінацыі «Прыз глядацкіх сімпатый». Жывапіс у яе ілюзіянісцкі, дэкаратыўны, салодкі і лірычны. Уражвае майстэрствам выканання, часам падымаецца ад чыстай дэкаратыўнасці да працы з ідэямі часу і распаду. Цікава, але пры ўсёй прыцягальнасці яе карцін для публікі на выставах, у мастачкі не вельмі вялікая старонка ў інстаграме. Ды і абнаўляецца старонка рэдка, мабыць у справаздачным фармаце, па меры з’яўлення новых твораў. А гэта, улічваючы тэхніку і стыль мастачкі, справа няхуткая. У фармаце захапляльнай галерэі на яе творы можна паглядзець на сайце аўтаркі.

Аляксандр Бельскі

Яшчэ адзін фаварыт штогадовых выстаў у Менску. Ён таксама займаецца жывапісам, а яшчэ стварае лічбавыя працы. Мне здаецца, што яго творы напаўняе пранізлівы сум з вялікай доляй гумару. Мастак працуе серыямі, якія быццам бы ствараюць асобны маленькі сусвет. Або, прынамсі, з’яўляюцца часткамі адной гісторыі. Посціць свае творы ў інсту.

Караліна Палякова

У жанры лічбавага калажа працуе фатографка Караліна Палякова. Калі вы ўважліва чытаеце Сойку, то ўжо знаёмыя з гэтай мастачкай. Акрамя таго, Караліна здымала кліпы для «Ляпісаў», яе творы ўпрыгожвалі білборды ў Менску і цішоткі Мікіты Мелказёрава, а сёння яна, як многія іншыя беларускія творцы, у выгнанні, і я вельмі раю на яе падпісацца.

Дар’я Цемра

У Цемры прыгожы інстаграм: нібы кадры з кліпа Die Antwoord раптам вырашылі зрабіць лірычны кавер на песню Deutschland гурта Rammstein. Гатычна і эстэтычна. Але для мяне яе галоўным творам стала «Спадчына» — на мой погляд, глыбокая і разумная праца, якая выклікала ў нацыянальна-арыентаваных фэйсбуках шыт-сторм такой сілы, што я не ведаю, з чым гэта можна параўнаць. Вельмі крута.

Анастасія Рыдлеўская

Больш экспрэсіянісцкі стыль, замяшаны на яркім і складаным колеры, болю, жаночай прыродзе і чароўных джунглях псіхікі з яе запахлохвальнымі і выдатнымі насельнікамі, гэта ўжо пра Анастасію Рыдлеўскую. Тэма прыроды, расліннасці і цудоўных звяроў радніць у маёй галаве творы Анастасіі са стылем яшчэ аднаго класнага мастака.

Базіната (Базыль Стахіевіч)

Творы Базыля вы бачылі на вуліцы Кастрычніцкай. Ён не толькі аўтар некалькіх крутых муралаў, але і бацька загадкавай Вялікай Істоты ля будынка былога ОК 16, якому мясцовыя гопнікі адломлівалі канечнасці. Апошнім часам, мяркуючы па сацсетках, мастак зусім сышоў у друіды. Калі я гляджу яго інсту, то ў маёй галаве нібы пачынае граць музыка, настолькі яго «калякі-маляки з прыродай» захопліваюць.

Асобны свет складаюць графікі і ілюстратары. Гэты свет настолькі шырокі, што трэба рабіць пра яго асобны вялікі матэрыял. Пакуль жа абмяжуюся простым згадваннем некалькіх імёнаў.

Doctor Oy

Гэта, зноў, муралы і іншыя інтэрвенцыі ў публічную прастору, а яшчэ пазнавальны стыль, весялосць, разнастайнасць чалавечага матэрыялу пры нязменным імкненні выявы ў бок іерогліфа. Ну і яго карцінкі так і просяцца на мерч. Вынікова, прычым.

 

Вольга Якубоўская

Пасля падзеяў 2020 года Вольга Якубоўская ў нашай краіне галоўная па коціках. І хай за многімі яе творамі ляжаць гісторыі людзей, поўныя болю, пакуты і парушэнняў правоў і закону, у саміх малюнках мастачкі такі аптымізм і жыццярадаснасць, што іх можна прапісваць нам, беларусам, у якасці тэрапіі.

Актыўныя дыназаўры

Калі ўважліва пашарсціць сацсеткі, то падасца, быццам недзе ў гадоў у сорак беларускія мастакі кідаюць усё і сыходзяць у пустыню, застаючыся толькі ў рэдкіх аглядных артыкулах і ў сваіх карцінах на сценах дзяржаўных выставачных пляцовак. На шчасце, гэта не заўсёды так, і ёсць мастакі старэйшыя за інтэрнэт, але ўсё ж такі ў ім актыўныя.

Сярод такіх дыназаўраў — Уладзімір *Наша ўсё* Цэслер і ў меру правакатыўны Сяргей Грыневіч.

Заключэнне

Гэты аглядны матэрыял можна працягваць яшчэ доўга.

Калі я гатовы быў ужо скончыць, то ў працэсе гуглення наткнуўся на добры матэрыял 2016 года «9 галоўных маладых сучасных мастакоў Беларусі. Ведаць суседзяў у твар». Дык вось, уявіце, ні аднаго супадзення з маім тэкстам. Жэсць, карацей.
Спачатку задумаешся пра сучасны беларт, і ўспамінаецца праца Аляксея Лунёва 2009 года «Нічога няма» (2009, папера, графіт, акрыл, 61х86). А як пачынаеш усё гэта падбіваць ў тэкст, так тут цябе і зносіць ад багацця імёнаў, з’яваў і твораў.
Шчыра спадзяюся, што з вамі цяпер адбудзецца гэтаксама. Як вядома, галоўная парада пачаткоўцам гучыць проста: «Пачніце!»

І так, абавязкова напішыце ў каментарах, на каго з беларускіх артыстаў усе мы павінны падпісацца і за якімі праектамі абавязаны сачыць.

Уводзіны ў сучаснае беларускае мастацтва ад Мікіты Моніча

Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы Free Belarus Center