Размовы

Польская фатографка здымала беларусаў і адкрыла ў сябе беларускія карані

Моніка Орпік

Польская фатографка здымала беларусаў і адкрыла ў сябе беларускія карані

Польская мастачка і фатографка Моніка Орпік жыве ў Гамбургу. Працы Монікі выстаўляліся ў прэстыжнай варшаўскай нацыянальнай галерэі Zachęta, а першая кніга-альбом будзе прэзентаваная ў Парыжы. Што ў гэтай гісторыі цікавіць Сойку, да чаго тут Беларусь і беларусы? Выходзіць, што да ўсяго. Кніга, якую зрабіла Орпік, расказвае менавіта пра нас, у працэсе яе стварэння выявілася, што і сама Орпік мае беларускія карані.

Улетку 2020 года Моніка паехала на Падляшша, у польскі рэгіён, дзе жыве беларуская нацыянальная меншасць, калі ў Беларусі ўжо разгараліся пратэсты і пачалі ўзмацняцца рэпрэсіі, а да мяжы з Польшчай пачалі сцякацца мігранты з Сірыі ды Іраку. Калі Моніка фатаграфавала беларусаў і распытвала іх пра гісторыю суседства, родных і сваякоў, якія жывуць па той бок мяжы, саму мяжу ачапілі, а неўзабаве пачалі будаваць сцяну. У Варшаве Моніка размаўляла з беларусамі, якія ўцяклі ад турмы нядаўна, і тымі, што ўжо гадамі жывуць у Польшчы. Сойка пагаварыла з Монікай пра кнігу Stepping Out Into This Almost Empty Road («Выйсці на гэтую амаль пустую дарогу»), межы, суседзяў і паўставанне грамадства.

— Калі і чаму ты раптам пачала цікавіцца Беларуссю?

— Гэта адбылося выпадкова і невыпадкова адначасова. У 2020 годзе я пачала ствараць праект «Суседзі», і пачала яго менавіта ў дзень выбараў, 9 жніўня. Не адмыслова, проста так супала. Мне прапанавалі паўдзельнічаць у валанцёрскім фотапраекце ў Гайнаўцы, раней я часта думала пра Падляшша, часта ездзіла туды ў дзяцінстве, часткова ўяўляла, што там жыве беларуская меншасць і што там адбылося, а тут выпала магчымасць удасканаліць свае веды. Вядома ж, я бачыла, што адбывалася ў Беларусі ў сувязі з выбарамі і рэвалюцыяй, якая ўжо распачыналася, усе тады гэтым цікавіліся. Таму гэтая тэма пачала сама сабой усплываць падчас інтэрв’ю, якія я рабіла на Падляшшы. Потым я таксама пачала размаўляць з людзьмі, якія выехалі з Беларусі пасля жніўня 2020 года або жылі ў Польшчы даўжэй, але паходзяць з Беларусі. Карацей, гэтая тэма не была мне вельмі блізкая раней, хаця, калі я распачала гэты праект, высветлілася, што мая прабабуля была беларускай.

Польская фатографка здымала беларусаў і адкрыла ў сябе беларускія карані Фота з праекту «Суседзі»

— З Падляшша?

— Не, яна была з Беларусі, пазнаёмілася з маім прадзядулем, які быў з Падляшша, а адтуль яны пераехалі на Мазуры. Я сама ўжо адтуль, з Элку. Тата расказаў мне пра паходжанне прабабулі, падобна, што я па ёй маю імя, яна таксама была Моніка Орпік. Я ўсведамляю, што маю беларускія карані, але напачатку не гэта было самым істотным. Мяне цікавіла гэтая тэма на ўзроўні супольнасці: як гэта, калі існуюць дзве групы (не хачу дзяліць гэтых людзей на дзве групы, я іх адчуваю як адно цэлае, але гэты падзел увесь час узнікаў падчас размоваў), якія не маюць паміж сабой нічога агульнага на ўзроўні кантакту, але на ўзроўні гісторыі і традыцыі ў іх ідэнтычная база. Мне было цікава, які механізм тут працуе, чаму тут няма адзінства. А з іншага боку, калі ў Беларусі былі выбары, адбылася кансалідацыя людзей, гэтых групаў на фоне крызісу.

— З гэтага праекту «Суседзі» потым вырасла кніга?

— Для мяне суседзі — гэта цікавая канцэпцыя сама па сабе, у кантэксце мяжы таксама, адчуванне якой у нас за апошнія два гады зноў змянілася. Праходнасць мяжы змянілася падчас міграцыі, потым была пабудова сцяны з польскага боку, потым мяжа з Украінай падчас вайны. Назва «Суседзі» была больш працоўнай, калі я пачала праект, мяне цікавіла перадусім блізкасць, узаемадзеянне. Варта адзначыць, што ў польскім кантэксце назва «Суседзі» вельмі моцна асацыюецца з кнігай* Яна Тамаша Гроса, які піша пра Ядвабнэ, і людзі ўвесь час мне гэта падкрэслівалі (*У цэнтры сюжэту — трагедыя 1600 габрэяў, замардаваных іхнымі суседзямі-палякамі. — Заўв. Сойкі). Але ў працэсе працы мая канцэпцыя змянілася, кніга змянілася.

— Ты фатографка, мастачка, але падчас гэтай працы ты брала шмат інтэрв’ю. Якія ў цябе ўражанні ад рэпарцёрскай, журналісцкай працы?

— Гэта праўда, я ніколі не рабіла інтэрв’ю дагэтуль. Гэта першая вялікая праца, якой я, па шчырасці, вельмі баялася. Гэта складаная тэма, вельмі асабістая, неўралгічная нават, часам складана пачаць размову. Я не сустракалася са сваімі героямі адзін раз, а хадзіла да іх зноў і зноў, спачатку без дыктафона і фотаапарата, здабывала давер. Я распачала праект на Падляшшы, тры месяцы пражыла ў Гайнаўцы. Людзі самі дапамагалі мне шукаць герояў, але вельмі важнай постаццю для мяне была Кася Вапа (Настаўніца, актывістка з Гайнаўкі, польская беларуска, падчас міграцыйнага крызісу дапамагала людзям, якія блукалі па Белавежскай пушчы без ежы і лекаў, атрымала Медаль свабоды слова — Заўв. Сойкі). У Варшаве, Вроцлаве было крыху складаней шукаць герояў, бо гэта вялікія гарады. Да таго ж, многія людзі мелі такую траўму пасля таго, што перажылі ў Беларусі, і не хацелі дзяліцца гэтым досведам. Пасля гэтай працы многія людзі сталі для мяне вельмі блізкімі, мы дагэтуль утрымліваем кантакт.

— А што новага ты пра нас даведалася як пра супольнасць?

— Для мяне гэта таксама пэўная навука. Я шмат засвоіла падчас падрыхтоўкі кнігі. Але мой самы важнае здабытак, — нейкая новая вера ў людзей, у тое, што розныя групы могуць дзейнічаць разам. Што калектыўная сіла і супольны рух не абавязкова магчымыя толькі тады, калі ёсць лідар і кіраванне. Што людзі могуць быць эфектыўныя, проста аб’яднаўшыся. Я параўноўвала беларускі пратэст з Жаночым страйкам* у Польшчы, сама па сабе гэтая паралель узнікала час ад часу. (*Агульнапольскі жаночы рух, які паўстаў пасля таго, як кіроўная партыя адхіліла законапраект «Уратуем жанчын», які лібералізаваў абарцыйнае заканадаўства — Заўв. Сойкі). Наш польскі актывізм такі, што мы ўмеем хутка мабілізавацца, але потым гэтак жа хутка рассыпаемся. Нехта ўнутры групы скажа тое ці іншае — і зноў супольнасць дзеліцца, а мусіла б трымацца разам.

Польская фатографка здымала беларусаў і адкрыла ў сябе беларускія карані Фота з праекту «Суседзі»

— А раскажы пра «Плошчу Свабоды» ў Варшаве — гэта быў твой праект: стварэнне ў Варшаве месца, дзе маглі б сустракацца беларусы, дзе адбываліся б беларускія падзеі. Ты ў Гамбургу, ці нехта зараз займаецца гэтым месцам?

— Я арганізавала гэтае месца, яно ўвесь час існуе, але мне складана навігаваць падзеі, калі я за мяжой. Калі я рабіла інтэрв’ю, часта чула такую фразу пра тое, што «тут няма месца, якое было б нашым». Натхнёная ўласна «Плошчай Перамен», я задумала стварыць такое месца — у клубакавярні «Młodsza siostra», дзе можна ладзіць канцэрты і дыскусіі.

— То бок, ты зараз шукаеш людзей, якія б займаліся гэтым месцам з Варшавы?

— Дакладна, калі б нехта хацеў заняцца гэтым — дзверы адчыненыя.

Польская фатографка здымала беларусаў і адкрыла ў сябе беларускія карані Скульптура Монікі Орпік — літара «Ў» — паўстала адмыслова для «Плошчы Свабоды». Зараз скульптура едзе на выставу ў Закапанэ, пасля чаго вернецца ў Варшаву

— Твае працы выстаўляліся ў музеі Zachęta, гэта амбітна. Ці лічыш ты гэта вялікім дасягненнем?

— Не магу сказаць, што я не цешуся, што тая выстава адбылася, што не лічу гэта сваім поспехам. Аднак нашмат больш важным для мяне ёсць тое, што зараз паўстае кніжка, а яшчэ больш важна — колькі людзей злучыліся ў працы над ёй, што я магла кнігу рабіць разам, у супольнасці, што за 2,5 гады стварылася група, творам якой ёсць гэтая кніга. Таму, хоць на вокладцы стаіць маё імя і прозвішча, гэтую кнігу стварылі мы ўсе, кожны з герояў. Цяпер, калі кніга ўжо хутка выйдзе, мне хацелася б ездзіць з ёй, паказваць яе ў дамах культуры, каб людзі там сустракаліся. Каб гэта не былі проста выставы ў мастацкіх галерэях з белымі сценамі, дзе ўсё чыста і прыгожа, а каб людзі размаўлялі, дзяліліся досведам. Гэта — мая амбіцыя.

— Прэзентацыя кнігі будзе ў Парыжы, але пакуль не ў Варшаве. Прычыны палітычныя?

— Я планую прэзентацыю гэтай кнігі на Падляшшы, а таксама ў Варшаве, але мне здаецца, зараз гэта можа быць складана праз наяўную палітычную сітуацыю. Ізноў пытанне «адкуль ты» ўніфікуе людзей з месцам, адкуль яны паходзяць. Як гэта ўплывае на людзей, якія два гады таму ўцякалі з Беларусі, я не ведаю. Я перажываю, што расце дыскрымінацыя і пра яе няшмат гавораць. Я баюся, што медыі маюць настолькі моцную сілу маніпуляваць намі, што Беларусь ізноў мае для людзей адзіную канатацыю, што гэта — вораг, перажываю, што не паказваецца ўся гісторыя гэтых двух гадоў. Пратэстаў, змагання з рэжымам.

Польская фатографка здымала беларусаў і адкрыла ў сябе беларускія карані Фота з праекту «Суседзі»

Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы Free Belarus Center