Што ж такое каланізацыя?
Агулам каланіяльная палітыка — гэта тое, як народы-захопнікі паводзяць сябе на заваяваных тэрыторыях. Эксплуатуюць захопленыя народы вайсковымі, палітычнымі і эканамічнымі метадамі. Заваяваныя народы зазвычай бяднейшыя і безабаронныя, ім лёгка навязваць свае правілы і сімвалы.
А вось дэкаланізацыя — гэта адваротны працэс. Пры ім захоплены некалі народ, які ўжо пачувае сябе незалежным і паўнавартасным, вяртае сабе ўласныя традыцыі, гістарычную і культурную спадчыну, надае сваім гарадам той выгляд і атмасферу, якая адлюстроўвае ідэнтычнасць гэтай краіны.
Ці быў каланізатарам Савецкі саюз?
Існаванне Беларусі ў рамках Савецкага саюза — наша нядаўняя гісторыя, якая вельмі цесна пераплятаецца з палітычнымі працэсамі, якія адбываюцца цяпер. СССР дакладна меў у сабе каланіяльны характар, але да паўнавартай імперыі ён не дацягваў.
Ці была каланізавана Беларусь Савецкім саюзам?
Хоць Беларусь і не трапляе строга пад крытэры заходняга канону каланізацыі, але па пэўных прыкметах можна казаць пра каланізацыю беларускіх тэрыторый СССР:
- розныя часткі дзяржавы знаходзяцца ў няроўных адносінах, існуе вертыкаль з боку цэнтра
- эканамічная эксплуатацыя
- культурная няроўнасць: масавая русіфікацыя, знішчэнне
- помнікаў беларускай архітэктуры
Ну і нарэшце:
Прыкметы каланізаванасці вашага горада:
- Мова. Мы ўжо ўзгадвалі расейскую мову, якая ёсць паўсюдна ў беларускай гарадской прасторы. Змена назваў прыпынкаў з беларускай лацінкі на кірыліцу з’яўляецца прыкметай нават не каланіялізму, а неакаланіялізму.
- Савецкія і расейскія назвы вуліц. У беларускіх гарадах захаваліся савецкія назвы вуліц, якія былі наданыя ў гонар савецкіх лідараў, камуністычных ідэалаў ці важных падзей савецкай гісторыі. Часта і лідары, і ідэалы, і падзеі былі варожымі для нас як народа.
- Архітэктура. У беларускіх гарадах мноства будынкаў, што захавалі архітэктурныя стылі і элементы, характэрныя для эпохі Савецкага саюза. Манументальныя пабудовы, вядомыя панарамныя праспекты, тыповы стандарны жыллёвы масіў.
- Інфраструктура. Тут можа быць прыклад будавання заводаў і панэльнага домабудаўніцтва (завод — не толькі прадпрыемства і месца працы, але і аснова горада, яго цэнтр і «сэрца»).
- Помнікі. У гарадах Беларусі захаваліся шматлікія савецкія помнікі, прысвечаныя правадырам і падзеям Савецкага саюза.
- Знакі. У некаторых грамадскіх прасторах беларускіх гарадоў можна ўбачыць знакі, звязаныя з Савецкім саюзам: выявы сярпа і молата ці чырвонай зоркі. Гэтыя знакі могуць месціцца на фасадах будынкаў, помніках ці іншых элементах гарадскога ландшафту.
Што з гэтым рабіць?
Галоўны і пакуль адзіны адказ — вывучаць, аналізаваць і ведаць. Гісторыя каланізавання — таксама наша гісторыя. Ці чакае Беларусь у будучыні ўкраінскі «ленінапад», ці будуць пераназваныя вуліцы, што сёння носяць імёны нашых катаў, што рабіць з савецкімі праспектамі — адкрытыя пытанні для шырокай грамадскай дыскусіі.
Яшчэ адзін адказ — засяродзіцца на сваім. Мове, гісторыі, вывучэнні ўласных адметнасцяў. Пакінуць каланізацыю ў мінулым.