ВЫБІТНЫЯ
Самае сапраўднае белае паліто
Строгі па форме і мяккі навобмацак, гэты палітон з штучнага футра ўцеплены ізасофтам, насіць яго камфортна да -8. Пры яшчэ ніжэйшых тэмпературах можна паддзець ваўняны швэдрык і працягваць несці ў свет сваю бездакорнасць (як і належыць кожнаму ў белым паліто).
Памеры 38-46
Жанчына — чорны лебедзь
Элегантны доўгі кашміравы выраб ад Вольгі Кардаш. Гэтая казка не пра традыцыйных для дызайнеркі буслоў, але пра каралеўскага чорнага лебедзя з «пярловым станікам». Пра якасць паліто чытайце ў складзе: 40% кашмір, 30% альпака, 20% воўна, 10% поліамід.
Адзіны памер.
Сяброўка-каваманка
Паліто колеру кавы з вышыўкай ад брэнду LEUSHINA выратуе тых, каму псіхалагічна цяжка хаваць упрыгожанні пад грубыя тканіны. Брэнд вырашыў вашую праблему — цяпер хадзіце з аздобамі навонкі. Паліто двухбортнае, на 70% складаецца з воўны, расшытае шклярусам і шоўкавымі ніткамі.
Памер 44-46 (М)
Для мяне і для яго
Хто там наракае на шэрае неба? Брытанскі Vogue гэтай восенню ізноў пяе дыфірамбы нябеснаму шэраму, а мы звяртаем увагу на брэнды, якія звяртаюць увагу на хлопчыкаў. У гэтых ваўняных аверсайзах можна хадзіць парамі: ёсць мужчынскі і жаночы варыянты — для закаханых шэрых зайчыкаў.
Памер: аверсайз.
Прынцэса ў пудры
Яшчэ адзін з трэндавых колераў восені — пудравы ружовы. Аднак дазволім Барбі адысці ў нябыт, у беларускіх дызайнераў знойдзецца нешта больш брутальнае — як гэтае ружовае арт-паліто з вышытым чырвоным вокам і назвай «Прынцэса жуйка». Яно ўцепленае ізасофтам, таму яго можна насіць да -10 градусаў.
Памеры: 40-46
ПА КЛАСІЦЫ
Колеру кэмэл
Паліто ў колеры кэмэл у самых розных фасонах: бушлат, халат, кокан. Яны разлічаныя на тэмпературу да -10 градусаў дзякуючы спалучэнню воўны і кашміру з уцяпляльнікам слімтэкс.
Памер: індывідуальны пашыў і падгон па фігуры
Гусіная лапка
Паліто-халат у чорна-белую гусіную лапку — гэта класіка ад беларускага брэнда адзення. Максімальна ўніверсальнае, элегантнае і вытрыманае, яно пасуе пад дэмісезоннае надвор’е нашых шыротаў і практычна пад любую нагоду.
Памеры: 42-48
Класічны аверсайз
Паліто-аверсайз з 100% італьянскай воўны і падшыўкай з віскозы ў розных колерах: шэры, чорны, ружовы і кэмэл. Мадэль са шліцай, поясам і фірмовай вешалкай.
Памеры: 40-46, 46-50
Глыбокі смарагд
Структураванае двухбортнае паліто-трэнч сакавітага смарагдавага колеру з кнопкамі замест гузікаў. Яно яркае і цёплае, бо ў складзе 67% воўны.
Памеры: 46, 48, 50
Вулканічны дым
Паліто з італьянскай воўны ў адным з модных адценняў гэтага сезону: PANTONE 18-0202 Lava Smoke — лававы дым. Lava Smoke — гэта адценне глыбокага шэрага, інтэнсіўнае і непранікальнае.