Archconcrete
Брэнд Archconcrete робіць лямпы і свечнікі з суворага, як наша жыццё, матэрыялу — бетону, спалучаючы яго з векавым дубам, керамагранітам і іншымі сімваламі моцы і нязломнасці. Сярод візітовак брэнду — вось такія касмічныя лямпы Ufo Stranger і лямпы-шкілеты Skeleton M. Так што memento mori, але разам з тым свяцільні гэтага брэнду дапамогуць выстаяць нават у самыя няўстойлівыя часы. Дастаўка па ўсім свеце.
EcoDeco
EcoDeco прыдумалі сабе канцэпт і пачуваюцца з ім няблага, не пашыраючы сваю дзейнасць надта далёка ад першапачатковай задумы: вялікія драўляныя насценныя мапы-пано, якія таксама могуць быць свяцільнямі. Розныя гарады, краіны, рэгіёны, колеры, мовы, ступені дэталізацыі, — усё на густ замоўцы. Самы стандартны (і ён жа самы карысны і пазнавальны) варыянт — мапа свету. Яна ж — і мапа дастаўкі.
Enjoy the present
Enjoy the present спецыялізуецца на прадметах дэкору, сярод якіх свечкі. Ёсць свечкі ў куфэрачках ці ў цыліндрах, а ёсць і адлітыя ў пэўных формах (напрыклад, вось такія півоні) — кожны нешта выбера для свайго душэўнага стану і інтэр’еру. Хоць, напрыклад, такіх чароўных німфаў з соевага воску будзе шкада паліць, каб не згарэлі іхнія галовы. Лайфхак: пасля выкарыстання некаторых свечак па непасрэдным прызначэнні, іх ёмістасці могуць служыць у якасці кашпо або проста ўпрыгожваць інтэр’ер. Прадаюцца ў краме на Нямізе, 3 у Менску або з дастаўкай па ўсёй Беларусі.
Fajno
Fajno робяць мэблю і прадметы інтэр’еру, сярод якіх чароўныя драўляныя лямпы-птушкі, якіх хочацца пагладзіць па цёплай галаве. Апярэнне ў іх можа быць рознага колеру, хоць залатое. Нават калі такая птушка не знясе такога ж колеру яйка (у якім іголка і далей па тэксце), аднак настрой дакладна ўздыме і надасць утульнасці. Дызайнеры засвойваюць новыя для сябе матэрыялы і параўнальна нядаўна пачалі рабіць вясёлыя свечнікі з бетону. Дастаўляюць па ўсім свеце, а па Беларусі птушкі і іншыя прадметы дэкору ляцяць бясплатна.
MON ABAT-JOUR
Дызайнеры з MON ABAT-JOUR, як вынікае з назвы, уласна спецыялізуюцца на свяцільнях і абажурах, у тым ліку займаюцца рэнавацыяй і перацяжкай старых лямпаў. Гэта цалкам ручная праца (уключна з каркасам і ўсімі дэталямі), высакаякасныя тканіны замаўляюць у Экс-ан-Правансе і Расільёне ў Францыі і на поўначы Англіі, таму кожная вырабленая рэч напраўду ўнікальная. Робяць свяцільні і ўласна па індывідуальных замовах, абяцаюць ад двух да дзесяці дзён. Дастаўка ёсць па Менску і па ўсёй Беларусі.
Смуга
«Смуга — кераміка з таямнічай беларускай душой. Хоча жыць у тваім інтэр’еры», — гаворыць яе стваральніца Маша Лапіцкая. Мы ўжо расказвалі пра гэтую аўтарку ў гайдзе пра падарункі, але чаму б не згадаць пра яе і тут — яе вырабы па-сапраўднаму самабытныя і запамінальныя. Сярод хітоў: лямпа-поўня, хмара (якую сама аўтарка назвала «Пачвара 2.0» — але ёй лепей ведаць), ліс (з карацейшым носам мог бы сысці і за зайца) і вось такая крутая паласатая спадніца. Наконт цэн і дастаўкі варта пытацца ў дырэкце.
Хутка Смачна
«Рэчы без нагляду і падазроныя прадметы», — ідэальны слоган брэнду. Таму нядзіўна, што, акрамя торбаў-заплечнікаў-цішотак, адзін з хайлайтаў — свяцільні-цягнікі метро, ікарусы і іншы ранейшы і актуальны менскі грамадскі транспарт. А вось такія лямпы абяцаюць «рэлакацыю ў Асмолаўку хутка і без залішняй бюракратыі! За разумны кошт». Сам брэнд рэлакаваўся ў Варшаву і дасылае свае настальгічныя вырабы па ўсім свеце.
ШЭМ
Стылёвыя свечкі з соевага воску, з нетрывіяльнымі водарамі, у кераміцы ручной працы робіць брэнд ШЭМ. Тут абяцаюць падабраць індывідуальны водар або стварыць новы на густ замоўцы. Яшчэ адзін плюс у тым, што брэнд максімальна экалагічны: пасля выкарыстання свечкі можна аддаць ёмістасць на перазаліўку (плюс звычайна гэта каштуе мінус дваццаць рублёў ад цаны). У Менску брэнд прадстаўлены на розных маркетах, а пра дастаўку далей ад горада варта пытацца ў дырэкце.