Гiды

Ho-ho-ho! Калядныя фільмы па-беларуску

Ho-ho-ho! Калядныя фільмы па-беларуску

Малюнак Ave

Навагодні настрой і без тэлевізара? Як так? Прапануем натхняцца святочнымі эмоцыямі пад фільмы ў беларускай прафесійнай агучцы. Уключыць гірлянды, наліць глінтвейну ці какавы, амаль з галавою залезці пад коўдру і пачаць прагляд — чаму не? Сойка, напрыклад, ад такога не адмовіцца.

Гары Потэр і Філасофскі камень

Шмат у каго ёсць традыцыя — пераглядаць Гары Потэра на Каляды. І вось чаму б гэтым разам не паглядзець яго па-беларуску? Шкада, што пакуль ёсць толькі першая серыя ў беларускай агучцы, затое ў ёй усё ўпершыню: і цягнік у Хогвартс, і чароўныя шахматы, і квідыч.

Адзін дома (1, 2 і 3)

Хто не глядзеў пад Новы год гісторыю пра Кэвіна, які застаўся адзін дома на святы і мужна абараняў дом ад злодзеяў? Хто не рваў жываты над гэтай камедыяй у дзяцінстве? Не вы? Тады ў вас ёсць унікальная магчымасць паглядзець гэты фільм упершыню па-беларуску! Ва ўсіх est астатніх — проста панастальгаваць.

Каляды Эі на Хутары прывіднай савы

Эстонскі фільм пра сям’ю, у якой бацькі дужа занятыя кар’ерай і нават на Каляды не могуць сабрацца ўсе разам. Але з нявыкруткі дзяўчынку Эю адпраўляюць на хутар да дзеда, якога яна ніколі не бачыла, і менавіта гэтыя Каляды становяцца для Эі і ўсёй сям’і найшчаслівейшымі.

Цесля і Калядны Зюзя

Экранізацыя казкі нарвежскага пісьменніка Альфа Пройсэна. Цесля Анэрсэн, які любіць Каляды, спрабуе зрабіць усё каб вярнуць сваім траім дзецям, Свэрэ, Тунэ и Карлу, веру ў Каляднага Зюзю. І вось, напярэдадні Калядаў ён сустракаецца з самім Зюзем і мяняецца з ім месцамі…

Калядны дамок

Найлепшая сяброўка просіць Лэйсі пабыць дружкаю на вяселлі і ўпрыгожыць дамок для мядовага месяца. Паводле сямейнай легенды, пара, што правядзе ноч у калядным дамку, знойдзе вечнае каханне і шчасце. Праўда, брат Эйвы пастанавіў дапамагчы Лэйсі, а праз моцную завею яны вымушаныя заначаваць у калядным дамку. Ці спрацуе рамантычная магія?

Калядная гісторыя

Калісьці даўно ў Лапландыі ў хлопчыка Нікаласа трагічна загінулі бацькі пад самыя Каляды. Жыхары вёскі вырашылі ўратаваць хлопца і цягам года пра яго клапоціцца адна з мясцовых сем’яў, а на Каляды ён пераходзіць да наступнай сям’і. У падзяку Нікалас перад сыходам дорыць дзецям развітальныя падарункі — самаробныя цацкі.

Каляды як мае быць

Надыходзіць святочны час, і сям’я Радрыгес збіраецца разам у бацькоўскім доме ў Чыкага, каб адзначыць Каляды і згадаць мінулае. Што і казаць, іх чакае шалёны і багаты на падзеі час.

Дрэнны Санта

Вілі — вельмі дрэнны Санта! У мінулым ён сядзеў у турме, а цяпер непрабудна п’е, перабірае жанчын і абавязкова рабуе ўнівермагі на Каляды. Але нягледзячы на гэта, знайшлося дзіця, якое паверыла ў Вілі, і цяпер яму трэба будзе здзейсніць сапраўдны калядны цуд…

Любоў насамрэч

Пісьменнік Джэмі, аднойчы вярнуўшыся дадому, застае сваю каханую з іншым мужчынам. Спрабуючы схавацца ад праблемаў і злых думак, ён едзе ў Францыю і знаходзіць сваё сапраўднае каханне ў возеры…

Гэта цудоўнае жыццё

Напярэдадні Калядаў сур’ёзныя праблемы на працы даводзяць Джорджа да адчаю, і ён вырашае скончыць жыццё самагубствам. Але нябёсы пасылаюць яму на дапамогу анёла-ахоўніка Клэрэнса, які паказвае Джорджу, якім бы быў свет без яго.

Свежына з салютам

Адзіны ў падборцы беларускі фільм пра беларускае вяселле і Каляды. Вясёлая сямейная камедыя з народным гумарам, спрадвечнай вясковай атмасферай і беларускай гаворкай. Яскрава адрозніваецца ад усіх згаданых фільмаў і, безумоўна, вартая прагляду.