Неабходныя дакументы і захады
- Міжнародны ветэрынарны пашпарт — яго можна купіць толькі ў дзяржаўнай ветстанцыі. (ВАЖНА: Калі мяркуецца, што жывёлу будзе везці не гаспадар, трэба пакінуць у міжнародным пашпарце ў графе ўладальнікаў адно пустое месца — і пасля запісаць туды кур’ера).
- Чып — пры яго ўсталяванні лепей удакладніць, ці пасуе ён да пэўнай канкрэтнай краіны. Яго, як і прышчэпкі, можна зрабіць у прыватнай клініцы, але пасля перанесці гэтую інфармацыю ў міжнародны ветпашпарт усё ў той жа дзяржаўнай ветстанцыі.
- Прышчэпкі — іх трэба зрабіць абавязкова пасля ўсталявання чыпу — іначай інфармацыя пра іх проста не будзе даступная. Пры гэтым пасля прышчэпкі ад шаленства жывёла мусіць адбыць дома 21-дзённы каранцін, і толькі пасля гэтага можна выязджаць за мяжу. Для краін Еўрасаюза дастаткова толькі прышчэпкі ад шаленства, аднак каб вярнуцца назад у Беларусь катам патрэбная яшчэ прышчэпка ад панлейкапеніі, а сабакам — супраць чумы платаядных, гепатыту, парвавірусных і адэнавірусных інфекцый, лептастырозу (калі не былі апрацаваныя з прафілактычнай мэтай дэгідрастрэптаміцынам або рэчывам, які дае эквівалентны эфект). (ВАЖНА для шчанят/кацянят: у ЕС можна ўвозіць жывёл, пачынаючы фактычна з 4-месячнага ўзросту: прышчэпку ад шаленства ставяць толькі пасля трох месяцаў плюс 21 дзень каранціну.)
- Даведка пра стан здароўя жывёлы — яна дзенічае 5 дзён, таму лепей яе браць напярэдадні ад’езду (кажуць, што ў дзяржаўных ветстанцыях яе робяць за пару гадзін). Таксама адпаведны запіс — што жывёла здаровая — доктар мусіць зрабіць і ў міжнародным ветпашпарце. Даведка мусіць быць як мінімум на ангельскай мове, але перад выездам лепей удакладніць, ці няма спецыяльных патрабаванняў у краіне, куды вы накіроўваецеся. (Для Польшчы ёсць магчымасць аформіць даведку на рускай, ангельскай і польскай мовах).
- Апрацоўка ад глістоў (для сабак) — павінна праводзіцца не больш чым за 5 і не менш чым за 1 дзень да выезду. Інфармацыя пра апрацоўку таксама мусіць быць занесена ў міжнародны ветпашпарт і заверана подпісам і пячаткай доктара.
Што трэба ведаць для перасячэння мяжы
- Калі жывёлу ўвозіць кур’ер / упаўнаважаная асоба, уладальнік павінен зрабіць даверанасць, падпісаць яе, прымацаваць да ветэрынарнага сертыфікату і заверыць ветдоктарам (узор даверанасці для Літвы можна спампаваць тут).
- Для Літвы: ветэрынарны сертыфікат, выдадзены ўпаўнаважаным ветэрынарным лекарам краіны адпраўлення, і заява (дэкларацыя) (у выпадку, калі вязе кур’ер — падпісаная ім); формы можна знайсці тут.
- Узор аформленага сертыфіката і іншая карысная інфармацыя ёсць тут.
У сертыфікаце той, хто ў Літве, пазначаецца ў полі «атрымальнік», а той, хто вязе, — у полі «адпраўнік»; абавязкова трэба пазначыць, што асоба перавозіць жывёлу па даверанасці з некамерцыйнымі мэтамі.
ВАЖНА: былі выпадкі, калі мінскія ветэрынары не хацелі так афармляць, але, пасля таго, як ім паказалі прыклад ужо аформленага сертыфіката іншых людзей, пагадзіліся і ўсё зрабілі. Лепш за ўсё прыехаць у раённую ветэрынарку загадзя і ўдакладніць, ці зробяць яны, як вам трэба.
- Для ўезду некаторых парод сабак (якія лічацца небяспечнымі — у кожный краіне свой спіс) патрабуецца адпаведны дазвол інспекцыі і даведка аб тым, што гаспадар прайшоў у кіналагічным клубе спецкурс па правілах догляду гэтай пароды.
- Пошліна на мяжы — трэба высвятляць адносна канкрэтнай краіны. Напрыклад, у Польшчы яна складае 23% ад цаны жывёлы (цану вызначаюць памежнікі па даступных ім базах дадзеных) — гэты падатак можна вярнуць, калі пры зваротным перасячэнні мяжы вы будзеце выязджаць з гэтым жа катом або сабакам. Акрамя таго, за мяжой можна аформіць жывёле еўрапейскі пашпарт, тады яна не будзе абкладацца падаткам. Збольшага падатак датычыцца пародзістых жывёлаў, аднак былі выпадкі, калі памежнікі патрабавалі сплаціць падатак і за беспароднага ката — таму лепей загадзя паклапаціцца, каб у пашпарце было прапісана, што ён «метыс».
- Мытная дэкларацыя — для беларускай мытні — спампаваць і загадзя запоўніць у двух экзэмплярах можна тут.
- Калі жывёла ўязджае ў адну краіну, а плануе жыць у іншай (напрыклад, уезд праз Літву ў Польшчу), то могуць з’явіцца дадатковыя патрабаванні. Калі вы плануеце перавозіць свайго гадаванца транзітам праз Літву, то ў вас павінен быць аформлены сертыфікат, дзе Беларусь — краіна адпраўлення, Літва — краіна ўезду (сертыфікат на EN/LT/RU), Польшча — краіна прызначэння. Звярніце ўвагу, што гэта не той самы сертыфікат, як робяць пры перасячэнні РБ-РП.
- У тэлеграм-чаце «Pets to Poland» падрабязна разглядаюць розныя варыянты разгортвання падзеяў, так што лепей загадзя ўсё павывучаць (асноўнае: у Літве афармляюць чаовы ўвоз, таму пасля трэба абавязкова зрабіць пашпарт ЕС і «размытніць» вашага хвастатага сябра — вось тут жывы праклад, як «размытніць» ката).
- На тэрыторыю Еўрасаюза можна ўвозіць да 5 жывёлаў, аднак пры вяртанні ў Беларусі іх мусіць быць не больш за 2 (таму пасля трэба будзе падумаць, хто дапаможа вам увезці вашых астатніх сяброў — у прынцыпе, для гэтага сёння існуюць асобныя кампаніі).
ВЕЛЬМІ ВАЖНА: удакладніць правілы ўвозу жывёлаў можна ў дзяржаўнай ветстанцыі Беларусі, на сайце Міністэрства сельскай гаспадаркі, мытных органаў або пасольства краіны ўезду (для Літвы: па пытаннях правілаў увозу жывёлаў (ветслужба Літвы): klausimai@vmvt.lt; па пытаннях мытнага дэкларавання: info@lrmuitine.lt). Лепш быць упэўненым ва ўсіх падрыхтаваных дакументах. Калі нешта аформлена няправільна, вашага гадаванца могуць на мяжы забраць у каранцін. На жаль, у каранціне жывёлаў з няправільна аформленымі дакументамі могуць усыпіць.
Якім транспартам вывозіць жывёлу
- Аўтамабіль: заязджаеце на «чырвоны калідор» і паказваеце пашпарт і чып. Калі жывёла едзе з кур’ерам, то не забудзьце пазначыць яго звесткі ў пашпарце. (Перавозіць жывёлаў рэйсавым аўтобусам звычайна не дазвалюць, хоць выпадкі правозу былі — таму цікаўцеся ў кампаніі перавозчыка, але вельмі загадзя, каб мець план Б).
Самалёт: даведацца правілы правозу жывёлаў трэба ў канкрэтнай авіякампаніі. Часцей за ўсё, у салоне самалёта можна перавозіць жывёлаў у пераносцы, калі кантэйнер не перавышае памеры 55х40х20см, а максімальная вага жывёлы разам з кантэйнерам – не больш за 8 кг, збор за перавоз — ад 50 еўра. Калі жывёла важыць з пераноскай больш за 8 кг, то перавозіць яе можна толькі ў багажным адсеку (там тарыфы яшчэ вышэйшыя). ВАЖНА: калі ваш канцавы пункт падарожжа — адна з краін Еўропы, то не забудзьце вывучыць правілы ўвозу жывёлы з той краіны, куды яна прыляцела (часцей за ўсё гэта будзе Турцыя або Грузія як ледзьве не адзіныя даступныя кінуркі для самалётных падарожжаў).