Гiды

Дзе шукаць сваіх: Літва

Дзе шукаць сваіх: Літва

Уікэнд, пляжны адпачынак, Акропаліс ці эміграцыя — у Літву сцякаюцца беларусы. Мы тут ужо не «як дзядзька ў Вільні» — для гэтага працуе цэлая інфраструктура: арганізацыі, прасторы і суполкі. Сойка і Free Belarus Center прапануюць даведнік, з якім можна шукаць падтрымку і сяброў. Каб разам даследваць гістарычную сталіцу і сніць сны аб Беларусі.

Арганізацыі і прасторы

Беларускі дом

Адрас: Vilniaus, 20, Вільня

Прастора на Віленскай, 20. Тут месцяцца Цэнтр беларускай супольнасці і культуры, Віленскі беларускі музей імя І. Луцкевіча, беларуская бібліятэка і школка. Праводзяцца заняткі беларускай мовы з Вінцуком Вячоркам, сустрэчы з літаратарамі і музычныя выступы. Дзейнічае «Жаночы клуб», дзе дзяўчаты шыюць, вышываюць, плятуць з бісеру, ткуць на дошчачках і ўсяляк спрычыняюцца да традыцыйных рамёстваў. У бібліятэцы можна ўзяць кнігі, а ў выходныя можна прывесці дзетак у беларускую школку. Для дзяцей тут існуе творчая і тэатральная студыя, хор, заняткі па робататэхніцы, беларусазнаўстве, беларускай, літоўскай і ангельскай мове. На святы тут бывае людна: і кірмашы, і танцы, і квэсты, а каля ўваходу вас сустрэне графіці з дыджэямі пераменаў.

Актыўнымі быць файна

Адрас: Pylimo g. 6, Вільня

Беларуская арганізацыя нефармальнай адукацыі ў Вільні, якая дзейнічае ў фармаце шведскіх гурткоў, дзе роўны навучае роўнага. Гэта прастора без дыскрымінацыі, тут радыя вітаць самых розных людзей, якія падзяляюць дэмакратычныя каштоўнасці. Кожны ахвотны тут можа стварыць свой гурток на тэму, якая яму цікавая – калі назбіраецца дастатковая колькасць удзельнікаў, якім гэтая тэма таксама адгукаецца, то гурток будзе ўнесены ў агульны расклад АБФ. Напрыклад, для дарослых тут існуе мноства гурткоў па інтарэсах: «Hand made», «Час акварэлі», «English club», «Штодзённая мова», «КінаКлуб», «Беларускі народны строй», «Вандроўныя лайфхакі», «SexEducation», «Wonder Women», гурток традыцыйных народных спеваў і шмат чаго яшчэ. Апроч таго, тут ёсць гурткі і для дзяцей: «Тэатральчыкі», «Хмаркi», «Аниме», «Мультыклуб». Каб завітаць на сустрэчу гуртка, які вам цікавы, трэба зарэгістравацца.

Беларускі дом правоў чалавека

Адрас: Olimpiečių gatvė, 1А-11, Вільня

Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава ў Вільні – гэта праваабарончая арганізацыя, місія якой – падтрымка і развіццё праваабарончага руху Беларусі. З 2012 года Дом носіць імя Барыса Звозскава, беларускага праваабаронцы, якому належала ідэя стварэння ДПЧ і які ўдзельнічаў у дзейнасці Дома з першых яго дзён і да свайго заўчаснага сыходу. Тут праводзяцца трэнінгі па напісанні праектных заявак і конкурсы на падтрымку праектаў, накіраваных на абарону і прасоўванне правоў чалавека і ўмацаванне патэнцыялу праваабарончых арганізацый. Дзейнічае школа лічбавай бяспекі для праваабаронцаў, праводзяцца сустрэчы са спецдакладчыкам ААН, курсы па правах чалавека і тэматычныя выставы.

Фонд Razam

Адрас: Vilniaus, 16, Вільня

Фонд дапамогі беларусам у Літве, які падтрымлівае тых, хто спазнаў пераслед і знайшоў свой прытулак у Вільні. Тут можна знайсці інфармацыю пра легалізацыю ў Літве, пошук працы, арэнду жылля, курсы літоўскай мовы, псіхалагічную дапамогу на новым месцы. Апроч таго, тут існуе свая тэатральная студыя для дзяцей, якая ўжо паставіла спектакль «Сны аб Беларусі», кінаверсію якога можна паглядзець на ютуб-канале фонду. Ёсць і іншыя адукацыйныя магчымасці: ангельская і літоўская мовы, беларуская мова дзеткам, ёга, кінакурс, акадэмічны малюнак, клуб дэбатаў і іншае.

Фонд «Дапамога»

Адрас: Замак, Savanoriu 134B (Naujoji Riovoniu,10), Вільня

Фонд падтрымлівае беларусаў, якія апынуліся ў Літве, рознымі спосабамі: фінансава, інфармацыйна і нават прадуктамі. Актывісты часта ладзяць акцыі салідарнасці ў Вільні і па ўсёй Літве, а таксама падтрымліваюць мемарыял ахвярам рэжыму «Варта святла», штовечар запальваючы лямпадкі ля беларускай амбасады ў Вільні. Апроч палітычнай дзейнасці, у Замку таксама ёсць шмат адукацыйных мерапрыемстваў: літоўская мова, ёга і дыхальныя практыкі, танцавальная арт-тэрапія, матэматыка і асновы самаабароны.

Create Culture Space

Адрас: Karmelitų g. 5, Вільня

Беларуская event-прастора, у якой праходзяць імпрэзы самых розных фарматаў. Напрыклад, «Ноч правалаў» на пэўную тэму, дзе спікеры расказваюць пра свае няўдачы ці то ў вандроўках, ці то ў стасунках, ці то ў эміграцыі. Ці пітчынгі праектаў, дзе людзі дзеляцца сваімі ідэямі пра праекты, над якімі яны працуюць. Тут праходзяць майстар-класы, ролевыя гульні, трэнінгі, канцэрты, кінапрагляды, выставы і яшчэ шмат розных імпрэзаў, на якія прыходзіць разняволеная аўдыторыя і шчыра дзеліцца сваім досведам, творчасцю і планамі на будучыню.

Omni Academia

Адрас: Paupys, Aukštaičių, g.6-30, Вільня

Культурная прастора, у якой праходзяць інтэлектуальныя мерапрыемствы, творчыя вечарыны, сустрэчы з пісьменнікамі і рэжысёрамі, кінапрагляды, заняткі арт-тэрапіі. Напрыклад, гуслярны вечар, семінар па японскай эстэтыцы вабі-сабі, варкшоп пра вербацім, цыклы аўтарскіх лекцый і літаратурныя чытанні – усё гэта адбываецца ў сценах Омні Акадэміі.

Imaguru Startup Hub

Адрас: Vytenio, 18, Вільн

Творчая прастора і каворкінг, што акумулюе ў сабе магчымасці для стартапаў: мерапрыемствы па нэтворкінгу, хакатоны, майстар-класы, бізнэс-семінары, пітчынгі праектаў, гутаркі пра будучыню. Тут ёсць ментарская праграма для жанчын-прадпрымальніц, а таксама хаб салідарнасці беларусаў і ўкраінцаў. Часам тут праводзяцца ролевыя гульні, трэнінгі ды іншыя адукацыйныя мерапрыемствы.

Гасцёўня Рэсурснага цэнтра Беларускай рады культуры

Адрас: Šv. Ignoto g. 5, Вільня

Памяшканне ў гістарычным цэнтры Вільні, дзе можна зладзіць навучальны семінар, творчы варкшоп ці вечарыну, атрымаць кансультацыю аб праекце ці арганізацыйным развіцці культурніцкай ініцыятывы. Вас тут могуць навучыць складаць заяўкі на гранты, суправаджаць праект і пісаць справаздачы. Часам тут адбываюцца прэзентацыі, літаратурныя чытанні, творчыя сустрэчы і майстар-класы.

ЕГУ

Адрас: Savičiaus g. 17, Вільня

Універсітэт, дзе можна атрымаць адукацыю на беларускай, ангельскай і расейскай мовах. Але апроч таго, у сценах універсітэта ладзяцца шматлікія імпрэзы: тэатральныя пастаноўкі, кінафестывалі, адкрытыя лекцыі, арт-сустрэчы, майстар-класы, перформансы, прэзентацыі і мастацкія выставы.

Стэмбрыдж

Адрас: Maironio g. 11, Вільня

Беларуская прыватная школа і садок Stembridge паступова становіцца культурным цэнтрам не толькі для дзяцей. Найперш, тут месціцца беларуская кнігарня «Гартайка», куды можна прыйсці і набыць навінкі беларускага кнігадруку як з Беларусі, так і з нашых выдавецтваў за мяжой. Для дзяцей тут праводзяць шмат заняткаў дадатковай адукацыі, у тым ліку на беларускай мове: тэатральная студыя, творчая майстэрня, «Мова дзеткам», этна-гурток, курсы сторы-тэлінгу, студыя 3d-мастацтва «3Dкут».

Беларускае мора. Клайпеда

Прыватная ініцыятыва філалагіні Яўгеніі Валатоўскай, якая запачаткавала беларускія сустрэчы ў Клайпедзе. Клуб ладзіць спатканні, дыскусіі, а таксама заняткі для дзяцей па-беларуску. Па падрабязнасці аўтарка сустрэчаў запрашае ў дырэкт.

Чаты

Чат - Беларусы Вільні

Самы вялікі чат беларусаў Вільні, дзе можна задаць любое пытанне альбо знайсці на яго адказ па хэштэгах. У чаце ёсць інфармацыя пра міграцыю, легалізацыю, мяжу, апастыль, грашовыя аперацыі, арэнду жылля, спартовыя актыўнасці, паслугі, адукацыйныя магчымасці, медыцыну, крамы і г.д.

Двары Вільні

Ініцыятыва, якую прывезлі з сабой беларусы апошняй хвалі эміграцыі. Яны стварылі мапу Вільні і сустракаюцца раёнамі, ладзяць імпрэзы і акцыі, ходзяць разам у лазню ці ў боўлінг, гуляюць у настолкі ці ў спартовыя гульні на прыродзе.

Акцыі Вільнюса

Інфармацыйны канал, у якім можна знайсці абвесткі пра імпрэзы, дзе гарантавана можна сустрэць сваіх. Апроч акцый салідарнасці, сюды трапляюць і культурныя івэнты беларусаў, і дзяржаўныя мерапрыемствы Літвы.

ВильнюсЧат × Литва

Рускамоўны чат беларусаў Вільні, свабодны ад палітычных і сацыяльных дыскусій. Тут толькі карысная інфармацыя, сяброўская камунікацыя і ўзаемадапамога.

Беларусы в школе. Вильня

Абмеркаванне школ, водгукі на навучальныя ўстановы, абмеркаванне выпадкаў булінгу, пошук рэпетытараў, параўнанне літоўскіх, расейскіх, польскіх, ангельскіх, французскіх і беларускай школ у Вільні – усё ў гэтым чаце.

Малыши в Вильнюсе

Тут вядзецца абмеркаванне бацькоўскіх пытанняў, дзіцячых пляцовак, садкоў і школ, забаўляльных цэнтраў і гурткоў, а таксама гэта пляцоўка для знаёмства і тус мам у дэкрэце.

МнеНеЖалко в Литве

Чат для буккросінгу ў Літве і кніжны клуб «Кніжная клумба», які адбываецца анлайн. Цяпер там чытаюць кнігу па-беларуску «Гасцініца “Бельгія”» Ганны Севярынец.

Каунас Kaunas ГлавЧат

Лакальны чат беларусаў Коўна з усімі мерапрыемствамі і мясцовымі праблемамі.

Клайпеда × Klaipeda // Литва × Lithuania

Чат беларусаў Клайпеды, дзе яны знаёмяцца і дзеляцца досведам і выгодамі пражывання ў партовым горадзе каля мора.