У кожным з пунктаў Сойка вызначае найлепшыя прапановы ад пэўнага банка ці папярэджвае, на што звярнуць увагу, каб не змарнаваць час альбо не страціць грошы.
Карткамі якіх банкаў можна карыстацца за мяжой?
Прамоўце ўголас «санкцыі» ці «абмежаванні» — адразу зразумееце, у якія фінансавыя ўстановы трэба звяртацца, а ў якія непажадана ці ўвогуле немагчыма. У «БелВЭБ», «РРБ-Банку», «Тэхнабанку», «Дабрабыце» пацвердзілі, што праз абмежаванні іх карткамі нельга карыстацца па-за тэрыторыяй Беларусі.
З «Беларусбанкам» сітуацыя больш цікавая: установа з 2021-га знаходзіцца ў санкцыйных спісах, але на кліентах гэта амаль не адбіваецца. Там можна аформіць як валютную картку, так і карыстацца рублёвымі Visa і Mastercard, але ў другім выпадку трэба памятаць пра агульнае абмежаванне па суме ў 7 000 BYN (на працягу сямі каляндарных дзён). На ўсялякі выпадак у банку ўдакладнілі, што яны «зрабілі ўсё магчымае, астатняе залежыць ад наладак банкаў-нерэзідэнтаў» (то бок, калі ў вас не атрымаецца, — мы ні пры чым).
У «Белаграпрамбанку» параілі сачыць па сайтах Visa і Mastercard, у якіх краінах у рэжыме рэальнага часу існуюць абмежаванні па працы гэтых плацежных сістэм.
А вось спіс банкаў, дзе пацвердзілі магчымасць карыстацца іх карткамі за мяжой*:
- Прыёрбанк
- БНБ-Банк
- БСБ Банк
- БТА Банк
- МТБанк
- Парытэтбанк
- Рашэнне
- СтатусБанк
- Беларусбанк
- Белааграпрамбанк
- Белгазпрамбанк
* З кол-цэнтрам «Альфа-Банка» не ўдалося звязацца па незалежных ад нас прычынах, але на сайце банка вядзецца гаворка пра карыстанне карткамі за мяжой.
У якой валюце лепей адкрываць картку?
Беларускія банкі не вырабляюць мультыкарткі, таму вырашыце, у якой краіне вам спатрэбяцца еўра, а ў якой — долары. У некаторых прапановах прасочваецца залежнасць валюты ад плацежный сістэмы: так, у «Прыёрбанку» адкрыць картку ў доларах ці еўра можна па сістэме Visa, па картцы Mastercard Gold можна атрымаць толькі еўра, а адкрыццё карткі будзе каштаваць 220 BYN.
У некаторых банках прадугледжана двайная канверсія: спачатку беларускія рублі «ператвараюцца» ў долары, потым — у еўра.
Ці бярэцца камісія за наяўныя сродкі?
Гэта важнае пытанне для дасведчаных вандроўнікаў: некаторыя траплялі ў сітуацыю, што каб паесці ў нейкай швейцарскай вёсцы, далёка ад буйнога горада, трэба мець наяўныя грошы — тэрміналы там не працуюць. І калі вы з дома не ўзялі еўра, трэба быць гатовым плаціць камісію за здыманне грошай за мяжой. Гэта звычайная практыка амаль для ўсіх беларускіх банкаў, і камісія ў сярэднім складае 2-3,5% (ці мінімум 4-7 BYN). Не забывайце, што зверху можа прыляцець і камісія ад замежнага банка.
У «БНБ-Банка» ёсць безкамісійная прапанова: трэба валодаць прэміяльнай карткай Visa Infinite. Але яе адкрыццё праз інтэрнэт-банкінг будзе каштаваць 499 BYN, праз філіял банка — 599 BYN.
Як папоўніць рахунак?
Прапановы амаль ва ўсіх стандартныя:
- пералічэнне сродкаў з іншых картак праз АРІП,
- праз інфакіёск,
- філіял банка.
Будзьце ўважлівыя: калі раптам вы вырашыце перавесці грошы не па нумары карткі, а на карт-рахунак (IBAN), можаце заплаціць камісію — напрыклад, у «Парытэтбанку» гэта 2% ад сумы пераводу.
Таксама можа быць камісія, калі вам на рахунак пераводзяцца грошы з-за мяжы. Звычайна гэта таксама парадку 2%, але лепей удакладніць: «Беларусбанк», напрыклад, бярэ 15% (!), калі перавод на рахунак будзе не ад рэзідэнта РБ.
Увага: з вас могуць зняць грошы і калі вы кладзяце на рахунак суму, большую за вызначаную. Не забудзьце ўдакладніць гэта ў банку.
Ці ёсць абмежаванні па зняцці сродкаў?
Калі ў банка і ёсць ліміты на здыманне, яны звычайна камфортныя для вандроўнікаў — больш за прапанаваную за дзень суму часцей за ўсё і не патрабуецца. Але калі раптам вы захацелі ўдзельнічаць у аўкцыёне, вам могуць спатрэбіцца больш сур’езныя грошы. Амаль усе банкі дэманструюць гнуткасць у гэтым пытанні: праз асабісты кабінет на сайце ці праз мабільную аплікацыю суму можна павялічыць. Так, у «БСБ Банку» ліміт можна падняць з 3000 да 10000 BYN.
Ці хутка робіцца картка?
Стандартная прапанова — 2-10 дзён: залежыць ад банка і карткі, якую вы выбіраеце. Ёсць і больш хуткія варыянты: у некаторых установах можна атрымаць карткі тэрмінова — амаль адразу пасля заяўкі. Але звярніце ўвагу: у такіх выпадках карткі звычайна не імянныя — уладальнік нідзе не падпісаны. Для разлікаў за мяжой гэта не найлепшы варыянт: часта пры аплаце гатэля ці набыцці квіткоў патрабуюць карткі з падпісаным прозвішчам. Таму ў гэтым пытанні спяшацца не трэба: да падарожжа вы рыхтуецеся загадзя — час на адкрыццё карткі напэўна застанецца. Не спяшайцеся — абярыце самы зручны для вас варыянт.