Гiды

Беларуская вясновая касметычка за 50 рублёў

Беларуская вясновая касметычка за 50 рублёў

Вясновы закон: скарачэнне слаёў адзення выклікае няўхільнае жаданне выглядаць ярчэй. Змяніць зімовы камуфляж на добры макіяж. І хоць агульная сітуацыя з вайной, санкцыямі, фінансавымі рамансамі і цьмянай будучыняй трывожыць многіх з нас, на твары пра гэта пісаць не абавязкова. Сойка разабрала найлепшыя навінкі і прыгадала даўнія хіты беларускай касметыкі. Прапануем абнавіць касметычку да новага сезона, трымаць марку і глядзець будучыні ў твар.

ЗВЯРНІЦЕ ЎВАГУ: згаданыя сродкі — дэмакратычныя і бюджэтныя. Многія з іх натхнёныя прадукцыяй знакамітых замежных брэндаў, але, безумоўна, нельга чакаць, што сродак за 3 даляры паўторыць поспехі сродку за 30. Аднак часам здараецца і такое.

Танальныя асновы і кансілеры

Гэтыя прадукты дапамогуць прыхаваць пігментацыю, недасканаласці кшталту чырвоных плямак ці высыпанняў. Зробяць скуру на твары аднатоннай і роўнай. Танальныя асновы і крэмы варта наносіць на ўвесь твар, не забываючыся пра шыю і вушы, а кансілеры і карэктары выкарыстоўваюць на зонах, якія прынята называць «праблемнымі» (тыя самыя недасканаласці ў выглядзе прышчоў, пачырваненняў) ці пад вачыма для таго, каб прыхаваць цёмныя кругі.

Заўвага: Перад макіяжам не забудзьцеся скарыстацца ўвільгатняльнымі сродкамі (крэм, праймер, сэрум (ён жа: сываратка) і гэтак далей).

Belor Design кансілер

Belor Design кансілер Soft Focus. Лёгкі і просты ў выкарыстанні кансілер прыхавае нязначныя праблемы.

 

Relouis карэктар

Relouis карэктар Pro Full Cover. Ідэальны для таго, каб змагацца з цёмнымі кругамі пад вачыма.

Relouis танальны крэм-флюід з сатынавым фінішам

Relouis танальны крэм-флюід з сатынавым фінішам PARADISO. Лёгкі і далікатны крэм з вадкай тэкстурай, ідэальны для вясны і лета.

Танальная аснова BERNOVICH

Танальная аснова BERNOVICH GLOW SKIN. Надзвычай удалы амаж на знакаміты танальны крэм ад Dior.

«Беліта» кансілер

«Беліта» кансілер Better than sleep. Мае досыць шчыльную тэкстуру і добра прыхавае нават значныя недасканаласці.

Luxvisage CC-крэм

Luxvisage CC-крэм. Мае вільготны фініш, таму ідэальна падыдзе людзям з нармальнай ці сухой скурай. Адзін з самых папулярных беларускіх сродкаў для макіяжу.

Пудра/румяны/бронзар

Гэтыя сродкі выкарыстоўваюць, каб надаць твару роўны колер, прыбраць залішні бляск, падкрэсліць контур і зрабіць выгляд свежым і здаровым. Можна карыстацца ўсім адразу, а можна выбраць той прадукт, які сёння пасуе вам пад настрой.
Заўвага: Калі вы збіраецеся фарбваць павекі каляровымі ценямі, дадайце пад вочы трошкі больш пудры. Калі цені абсыплюцца, вы проста змахняце іх пэндзлікам.

Палетка з прадуктамі для твару PARADISO RELOUIS SUN

Палетка з прадуктамі для твару PARADISO RELOUIS SUN. Ёсць усё, каб «зрабіць твар»: пудра, контур, карэктар і хайлайтар. Колеры свежыя і лёгкія.

Рысавая пудра Final touch

Рысавая пудра Final touch. Надзейны штодзённы прадукт, ідэальны для тлустай скуры. Не мае пігменту, таму пасуе і для мужчын.

 

Belor Design пудра Matt Touch

Belor Design пудра Matt Touch. Хіт натхнёны знакамітай лінейкай пудраў ад амерыканскага брэнда MAC. Атрымалася не горш, чым у арыгінале.

Скульптар Relouis SCULPTING POWDER

Скульптар Relouis SCULPTING POWDER. Скульптар, які дапаможа падкрэсліць скулы і рысы твару. Колер дасканалы для ўладальнікаў светлай скуры.

Luxvisage пудра SILK DREAM

Luxvisage пудра SILK DREAM. Класічная пудра ў прыгожым і зручным выкананні.

Relouis PRO хайлайтар

Relouis PRO хайлайтар. Дадасць высакароднага і густоўнага ззяння скуры.

Цені для павекаў

Усе прадукты, якія мы сабралі ніжэй, вельмі лёгка ўжываць. Дастаткова нанесці іх на павекі аплікатарам, пэндзлікам ці проста пальцам і растушаваць. Спрабуйце спалучаць розныя колеры і тэкстуры, каб ствараць непаўторныя вясновыя вобразы!

BERNOVICH мона-цені

BERNOVICH мона-цені. Некалькі відаў ценяў на ўсе выпадкі жыцця. Матавыя і зіхоткія, усе з моцнай пігментацыяй, але вельмі мяккія і прыемныя.

Luxvisage вадкія цені METAL HYPE

Luxvisage вадкія цені METAL HYPE. Яшчэ адзін хіт — вадкія цені з далікатным і густоўным бляскам.

Belor Design вадкія цені NUDE HARMONY

Belor Design вадкія цені NUDE HARMONY. Новая нюдавая калекцыя са спакойнымі, пяшчотнымі і высакароднымі колерамі.

Belor Design палеткі ценяў NUDE HARMONY і INTELLECT

Belor Design палеткі ценяў NUDE HARMONY і INTELLECT. Наборы прэсаваных ценяў у двух палітрах, якія ідэальна пасуюць для штодзённага выкарыстання.

Тушы для вейкаў

Тушы ад беларускіх вытворцаў скараюць сэрцы якасцю і коштамі. Ніжэй мы прапануем дзве навінкі, якія варта не прапусціць. Абедзве тушы тэрмастойкія, павінны лёгка змывацца цёплай вадой без «эфекта панды», калі падчас змывання туш ператвараецца ў чорныя плямы вакол вачэй.

Luxvisage аб’ёмная туш

Luxvisage аб’ёмная туш ELASTICA THERMO TUBING

Relouis аб’ёмная туш

Relouis аб’ёмная туш STRIP IT EASY THERMO TUBING

Бровы

Раім вам абсалютны хіт у справе змагання з непаслухмянымі бровамі. Гель, які зафіксуе бровы на ўвесь дзень і лёгка змыецца. Добра спалучаецца з іншымі сродкамі і застаецца вельмі папулярным вынаходніцтвам ужо працяглы час.

Luxvisage гель для броваў

Luxvisage гель для броваў супер-моцнай фіксацыі BROW SUPER FIX 12H

Вусны

Часам адных нафарбаваных вуснаў хапае для таго, каб стварыць вобраз. Тым больш, што беларускія вытворцы не абмяжоўваюць сваю фантазію, ствараючы новыя памады, бляскі і цінты. Не абмяжоўвайце і вы сябе!

Relouis бляск для вуснаў з люстраным эфектам FASHION GLOSS

Relouis бляск для вуснаў з люстраным эфектам FASHION GLOSS. Празрысты бляск з лёгкай тэкстурай. Можна выкарыстоўваць самастойна ці спалучаць з памадай ці цінтам.

Luxvisage матавы бляск для вуснаў

Luxvisage матавы бляск для вуснаў PIN UP ULTRA MATT. Хіт хітоў, прадукт, які стаў папулярным літаральна ва ўсім свеце. Матавы, насычаны бляск (хоць па тэкстуры хутчэй памада) не перасушвае вусны і доўга трымаецца.

Luxvisage цінт для вуснаў з гілаўронавым комплексам

Luxvisage цінт для вуснаў з гілаўронавым комплексам LIP TINT AQUA GEL HYALURON COMPLEX. Сродак, які надае вуснам лёгкае натуральнае адценне. Пігмент надзвычай трывалы, а сам цінт прыемна адчуваецца на вуснах і не перасушвае скуру.