Гiды

На птушыных правах: хто застанецца з намі зімой

На птушыных правах: хто застанецца з намі зімой

Фота Сяргея Сацюка

Каб кукуха не паехала, магчыма, трэба звяртацца да зязюлі? Псіхолагі пагаджаюцца: назіранне за прыродай зніжае ўзровень трывожнасці і панікі. І жыццё ў мегаполісе не будзе перашкодай, калі скіраваць сваю ўвагу на звыклых і незаўважных, але ўсё яшчэ надзвычай цікавых і разнастайных птушак твайго гораду. Сойка ўхваляе і заклікае не марнаваць час, выбіраць сабе аб’ект для назірання, замілавання і клопату.

* Сойка хоць і птушка, але не арнітолаг, і калі мы памыліліся, называючы птушак, не выдзірайце з нас пер’е. Заўважым толькі, што сам працэс апазнавання птушак быў цікавым і тэрапеўтычным.

Сойка

Сюрпрыз-сюрпрыз! Сойка жыве не толькі ў тваім інстаграме. У гарадах Усходняй Еўропы, краінах Балтыі іх можна сустрэць побач з лесам ці буйным паркам. Сойкі — тыя яшчэ гарэзы, цікаўныя да ўсяго навокал, маюць слабасць да рабінаў.

Вераб’і

Гэтыя пухнатыя камячкі знаёмыя ўсім, але назіраць за імі ўсё роўна цікава. Нягледзечы на месцамі гопніцкія паводзіны — раскідаць, накрычаць, пабіцца, — яны вельмі забаўныя і мілыя. І знайсці іх зусім проста ў любым горадзе.

Галубы

Кажаш «горад» — уяўляеш галубоў, кажаш «голуб» — думаеш пра горад. Ядуць яны ўсё, жывуць мала і часта гінуць трагічна і разнастайна. На жаль, разносяць бруд і хваробы, таму лепш з гэтымі птушкамі не абдымацца і на гаўбцы не падкормліваць. Назірайце за гэтай часткай экасістэмы збоку.

Шпак

Першыя веснавыя госці, якія прыносяць ажыўленне пасля зімы і шмат карысці, бо знішчаюць інсектаў-паразітаў.

Азёрная чайка

Азёрная чайка вам не марская! Яна лятае ў «шапцы», актыўная і цікаўная. Дарэчы, не такая крыклівая, як яе сваякі.

Серабрыстая чайка

На фота маладая серабрыстая чайка, якая адчувае сябе ў горадзе камфортна і спакойна. Бо можа за сябе пастаяць і не саромеецца ўсталёўваць уласныя парадкі. Бачыце серабрыстую чайку, трымайце сваю сабойку мацней!

Вялікая сініца

Ідэальныя кандыдаты для наведвання гарадской кармушкі. Акуратныя, чыстаплотныя і сімпатычныя. Раней яны цураліся людзей, але апошнія гады не хаваюцца ў лесе летам, а ўвесь год праводзяць побач з чалавекам.

Сіняя сініца

Від сініцы, якая адрозніваецца ў першую чаргу сваёй сімпатычнай «шапачкай». Меншая памерам за вялікую сініцу. Хіба таму тая і вялікая.

Качка краква

Стасункі гэтых птушак з чалавекам у пэўным сэнсе трагічныя: людзі закормліваюць іх хлебам, які ім катэгарычна не пасуе. Краквы адмаўляюцца злятаць на поўдзень (ну навошта, кормяць жа) і гінуць ад халадоў і голаду. Не карміце качак хлебам, вараная вязкая аўсянка, нават цёрты сыр для іх больш карысныя.

Рудахвостка-чарнушка

Птушачка, якая так любіць скалісты ландшафт, што, перабраўшыся ў горад, аддае перавагу будаўнічым пляцоўкам, закінутым дамам, шматпавярховікам. Цікавыя невялікія птушкі, якія звычайна не прыцягваюць шмат увагі.

Дрозд-піскун

Куды больш заўважны жыхар гораду, чым іншыя дразды, бо любіць ласавацца рабінамі ў халодную пору. Па-расейску яго так і называюць «дрозд-рабіннік». Але насамрэч ён не супраць насякомых, малюскаў, ягадаў, яблыкаў і шышак. Таму хіба і пішчыць — ад шчасця.

Рудахвостка звычайная

Маленькая птушка, якая жыве побач з чалавекам. Самцы больш яркія, заўважныя, а самкі непрыкметныя. Сваякі чарнушак, але, як гэта ні дзіўна, больш чорныя.