Гiды

Найлепш захаваныя беларускія сінагогі

Найлепш захаваныя беларускія сінагогі

Падарожжы па Беларусі даюць як мінімум дзве рэчы — радасць адкрыццяў і боль расчараванняў. Цудам захаваныя помнікі архітэктуры ды мастацтва намякаюць пра нашу еўрапейскасць і культурнае багацце. Іншыя, яшчэ больш унікальныя, помнікі гінуць пад слоем пылу ды чыноўніцкай абыякавасці. Сойка абляцела найлепш захаваныя і пры гэтым найстарэйшыя ды найцікавейшыя беларускія сінагогі і склала свой спіс таго, што абавязкова паглядзець (аднавіць і захоўваць, як толькі з’явіцца магчымасць).

У канцы спісу вас чакае сюрпрыз — сінагогі, звязаныя з Беларуссю, якія можна паглядзець за мяжой.

Пінск. Галоўная Каралін-Столінская сінагога, або сінагога Аарона Перлава

Адна з нешматлікіх дзейных гістарычных сінагог Пінска (перад Другой сусветнай іх тут было 40). Каралін у даўніну быў асобным габрэйскім мястэчкам, цэнтрам хасідызму, потым — прадмесцем Пінска. Сёння ён частка горада. Галоўную сінагогу тут пабудаваў Аарон Перлаў — хасідскі рабін, цадык і заснавальнік уласнай рэлігійнай плыні (яна была настолькі славутай, што ўсіх хасідаў у ВКЛ называлі «карлінерамі»). Прыхільнікаў гэтай плыні сёння можна сустрэць па ўсім свеце, яны вядомыя сваім гучным і эмацыйным спосабам маліцца. Даўняя сінагога была драўлянай, сённяшні, цагляны варыянт пабудавалі ў 1904-м.

Прыхаджанамі гэтай сінагогі былі дзяды і бабулі аднаго з заснавальнікаў кампаніі Microsoft Стыва Балмера, і сам Стыў прыязджаў у Пінск наведаць аўтэнтычны будынак (ён жа аплаціў яго ахайную рэстаўрацыю).

Горадня. Вялікая харальная сінагога

Бадай, самая вялікая, самая прыгожая і найбольш дагледжаная з беларускіх сінагог. Гісторыя гэтага будынку сягае XVI стагоддзя, выявы сінагогі можна ўбачыць яшчэ на акварэлях мастака Напалеона Орды. У 1752 годзе галоўную сінагогу Горадні бачыў прускі падарожнік Шлемюлер, які занатаваў у дзённіку: «Яшчэ я аглядаў каменную габрэйскую сінагогу, даволі прыгожую, што з’яўляецца галоўнай пасля Віленскай».

Цяперашні будынак Вялікай харальнай сінагогі паўстаў у пачатку ХХ ст. у эклектычным духу маўрытанскага і псеўдагатычнага стыляў з выкарыстаннем муроў папярэдняй сінагогі. У савецкія часы ў ёй размяшчаліся мастацкія і рэстаўрацыйныя майстэрні, дзякуючы чаму яна выстаяла і захавалася, у 90-я сінагогу вярнулі габрэйскай абшчыне дзеля малітвы, сустрэчаў, а таксама як пляцоўку для музычных і тэатральных праектаў. Унутры працуе музей.

Вёска Індура, Гарадзенская вобласць. Закінутая сінагога

Сярод невялікай забудовы мястэчка сінагога ўражвае сваім маштабам. Яна не вылучаецца асаблівымі архітэктурнымі вартасцямі, аднак унутры ацалела шмат з інтэр’еру і, пры жаданні, сінагога магла б стаць турыстычнай пярлінай гэтых мясцінаў. Пабудавалі яе ў XIX стагоддзі, як і другую архітэктурную пярліну Індуры — шыкоўны Траецкі касцёл. Па вайне сінагога выкарыстоўвалася як склад угнаенняў, дзякуючы чаму і ацалела. Фасад будынку глядзіць не абы-куды, а за горы і лясы проста ў бок Ерусаліму.

Фота Сяргея Плыткевіча

Слонім. Гарадзенская вобласць. Сінагога з малатка

Сінагога XVII стагоддзя ў стылі барока, якая ізноў апынулася ў эпіцэнтры медыйнага інтарэсу. У 2018-м над праектам рэстаўрацыі гэтага помніка шчыравалі ў Лондане: архітэктар Цзывай Со, Брытанскі фонд габрэйскай спадчыны і сям’я Каплінскі, што паходзіць са Слоніма. Аднак у 2020-м будынак пайшоў з малатка: менская пісьменніца Ілона Караваева выкупіла яго за 27 тысячаў рублёў. Паводле ўмоваў аўкцыёну, новая ўладальніца абавязалася праз два гады паказаць праектную дакументацыю, а праз тры — праект рэканструкцыі. Але грошай пісьменніца не знайшла, і сінагога ізноў вяртаецца на аўкцыён. Між тым Слонімская сінагога сапраўды ўнікальная, уражвае і ейны маштаб, і якасць, і даўнасць. Унутры ацалелі фрэскі, ляпніна з выявамі львоў, унікальныя антрапаморфныя выявы, не характэрныя для юдаізму.

Ашмяны. Сінагога з унікальным купалам

Паводле некаторых звестак, драўляная сінагога на гэтым месцы стаяла ўжо ў канцы XVI стагоддзя. Класічная сінагога ў поўнай адпаведнасці з патрабаваннямі юдэйскага культу: тут ёсць мураваная біма, жаночая і мужчынская часткі, хор. Унутры цудам ацалеў унікальны драўляны купал, на якім намаляванае сіняе зорнае неба.

Падчас Другой сусветнай у сценах сінагогі было гета, дзе трымалі 4 тысячы вязняў, пазней савецкія ўлады выкарыстоўвалі памяшканне як склад спажывецкіх тавараў. Сёння помнік знаходзіцца ва ўладаранні Ашмянскага краязнаўчага музею.

 

Менск. Кітаеўская сінагога

Сталіца наша, што калісьці амаль напалову складалася з габрэйскага насельніцтва, можа пахваліцца адразу некалькімі вартымі ўвагі сінагогамі. Гэта і славутая харальная сінагога, дзе сёння знаходзіцца Рускі драмтэатр, і Зальцманаўская на Ракаўскім бровары, дзе сёння месціцца алімпійская школа па шахматах і шашках. Ёсць у Менску і тры дзейныя сінагогі. Аднак найстарэйшы аўтэнтычны будынак (пачатку XIX ст.) — гэта Кітаеўская сінагога ў Траецкім прадмесці, поўнасцю адрэстаўраваная тады ж, калі аднаўлялі ўвесь стары горад. Што праўда, сёння ў ёй знаходзіцца Дом прыроды. Будзем спадзявацца, для жучкоў, павучкоў ды васковых фігураў рускага цара некалі знойдуцца больш адэкватныя месцы.

Бабруйск. Вялікая сінагога

У самім горадзе ацалелі сем будынкаў сінагог (перад вайной іх было 40), хаця адна з іх у руінах. Вялікая сінагога XIX стагоддзя тут сапраўды вялікая — разлічаная на колішнюю шматлікую грамаду. І абшчына карыстаецца з яе дагэтуль — сінагога дзейная, у добрым стане. Хоць падчас гістарычных пертурбацый і страціла свой шыкоўны вялізарны франтон, але застаецца сучасным цэнтрам духоўнага і культурнага жыцця габрэяў Беларусі.

Быхаў. Унікальная сінагога-замак

Унікальная не толькі для Беларусі, але і для ўсяго рэгіёну — аналагаў ёй няма ў большасці нашых суседзяў. Сінагога-крэпасць пачатку XVII стагоддзя, што калісьці стаяла на штучным востраве, аточаным глыбокім ровам. Яна выглядае амаль правільным кубам да якога прыстаўленая паўкруглая вежа, па якой колісь падымаліся на верхні, абарончы ярус з байніцамі. У савецкія часы Быхаўскую сінагогу выкарыстоўвалі як склад — тут захоўвалі слоікі і рубероід, дзякуючы чаму захаваліся і сцены, і вокны. Аднак за постсавецкі час сінагогу давялі да стану руіны. Мясцовая габрэйская супольнасць у свой час гатовая была аднавіць храм сваімі сіламі, але матэрыялы скралі невядомыя. Унізе пад сінагогай ёсць таемнае сутарэнне — зала з калодзежам, у якім можна было хавацца ў часы войнаў. На жаль, гэты помнік таксама руйнуецца проста ў нас на вачах…

БОНУС!

Па-за Беларуссю таксама можна ўбачыць некалькі сінагог, моцна звязаных з нашай Радзімай. У нашым спісе — дзве абсалютныя must see.

Вёска Орля (Orla), Падляскае ваяводства, Польшча

Мястэчка Орля на Падляшшы калісьці належала Радзівілам (і наогул было горадам, але не будзем пра сумнае). Велічная барочная сінагога, захаваная і адрэстаўраваная, узвышаецца над невялікай забудовай колішняга габрэйскага мястэчка. Паводле легенды, раней тут быў кальвінісцкі збор, які габрэі так моцна хацелі выкупіць у Радзівілаў, што за гадзіну назбіралі 10 тысячаў манет. Сёння ў сінагозе адбываюцца культурныя імпрэзы, канцэрты (між іншых, тут выступаў Аляксандр Памідораў). Сама гміна Орля да нядаўна была адной з самых бедных у рэгіёне, але сітуацыя цалкам змянілася, калі побач пабудавалі фабрыку IKEA.

Білгорай (Biłgoraj), Люблінскае ваяводства, Польшча

Наведваючы Люблін, завітайце ў Білгорай — колішні габрэйскі штэтл, родны горад нобелеўскага лаўрэата Ісаака Башэвіса-Зінгера. З 2005 года тут будуюць раён, які выглядае як тыповае мястэчка ўсходняга ўзбярэжжа Рэчы Паспалітай: са старымі вуліцамі і драўлянай архітэктурай — касцёлам, царквой, мячэтам. А прататыпам для сінагогі стаў наш драўляны шэдэўр з вёскі Воўпа на Гарадзеншчыне. Барочная сінагога 1648 году пабудовы лічылася адной з самых прыгожых ва Усходняй Еўропе — з незвычайным фасадам і шыкоўнымі аздобамі ўнутры. Толькі ўявіце, што калісьці мы адновім яе і ў Воўпе.