Гiды

8 галасоў у беларускай музыцы, якія зачэпяць за жывое

8 галасоў у беларускай музыцы, якія зачэпяць за жывое

Малюнак Skat Goodie

Як нешта яскравае, што вядзе далей, чуваць нам беларускія галасы, на якія мы ляцім. У нас хапае вакалістак і вакалістаў, якія стройна і прыгожа спяваюць, але не ўсіх іх пазнаеш з пары нот. Сойка выправілася ў айчынныя музычныя хмызы на пошукі не проста галасоў-выдатнікаў, але адметных, спецыфічных і самабытных, ад якіх сон злятае з павек, болю цішыцца стогн, не шумяць ясакары, чарэсні.

Руся

Руся пачынала ў рок-гурце Indiga, і ўжо тады ён вылучаўся на фоне астатняй беларускай альтэрнатывы найперш вакалам. Гэта былі аўтарскія тэксты і мелодыі, цяпер яна занурылася ў фальклор і стала тварам ды голасам электроннага праекта Shuma. Самае цікавае, што нават калі Руся гуляе на фолькавым полі, то не губляе індывідуальнасці, а працягвае заварожваць, толькі гэтым разам з прымяненнем сучасных і старажытных чарадзейскіх практык.

Іван Кірчук

Наогул, моцнымі фольк-вакаламі розных гатункаў Сойку не здзівіць. Адзін толькі голас Алега Хаменкі з гурта «Палац» чаго варты. Але Іван Кірчук, як у складзе «Троіцы», так і аднаасобна — гэта глыба, валун, які, здаецца, быў у беларускай музыцы заўсёды, яшчэ з постледавіковых часоў. Ён сядзіць на пачэсным пасадзе, і мы з павагай азіраемся на ўсё, што ён робіць. Шаман, вясёлы сусед на застоллі, царскі рэкрут і маркотная дзяўчына, якую аддаюць замуж у чужы край — Іван Кірчук пераўвасабляецца, як чараўнік з краіны Оз, а мы і радыя падманвацца.

Валерыя Дэле

У менскі перыяд спявала ў соўл- ды фанк-гурце Dee Tree, пасля сольна эксперыментавала з электронікай. Цяпер выступае як кампазітарка і фронтвуман у берлінскай фармацыі з назвай KOOB. Спевы Дэле — гэта непаўторны аўтарскі мікс джазавай падачы, соўл-вакалу з традыцыйнай беларускай манерай. Усё гэта гучыць, быццам паходзіць адначасова з усіх культураў планеты Зямля, але пры гэтым вельмі па-роднаму.

Аляксандр Ільін

Пранізлівы і непаўторны голас гурта Nizkiz — Аляксандр Ільін здольны сваім тэмбрам натхняць, дарыць надзею, выклікаць сум або настальгію (некалі хутчэй фантомную, цяпер для многіх сапраўдную). Духаўздымальных, стадыённых паводле сутнасці спеваў так бракуе беларускай музыцы.

Андрэй Патрэй

Патрэй — адзін з нешматлікіх, хто на мяжы 80-90-х спяваў не толькі гора ды бяду, але і надзею. Быў фронтмэнам ULIS літаратна некалькі гадоў, падарыў свой голас дзвюм галоўным кружэлкам гурта («Чужаніца» і «Краіна доўгай белай хмары»), ён мог спяваць проста, адкрыта, трапляючы ў самую цэль, потым перайсці на паўшэпт і стогн параненай душы, і раптам выдаць дзікі вокліч, вастрэйшы за Бонаўскі.

Кася Камоцкая

Часам бывае, што вершу на паперы не верыш (не ў выпадку з гэтым тэкстам, праўда), а потым слухаеш тыя ж словы, праспяваныя голасам Касі, і здараецца магія: яна, быццам трохі ахрыплы, перапоўнены горкім досведам праваднік, вядзе цябе па радках і сапраўдных сэнсах. Камоцкая проста сама з акустычнай гітарай ці ў межах гурта Novaje Nieba быццам прачыняе патаемныя вымярэнні і глыбіні непадробнага надрыву, і для гэтага ёй не патрэбныя экзальтаваныя крыкі.

Света Бень

Вакал Светы Бень можна пачуць на запісах легендарнага кабарэ-бэнду «Серебряная свадьба», а цяпер на сольных выступах і ў дуэце з элеткроншчыцай Галяй Чыкіс. Бенька не проста мае запамінальны тэмбр голасу, але па-майстэрску карыстаецца сваім рэжысёрскім ды акторскім досведам. Яна не проста прыгожа распявае рандомныя словы, а выбудоўвае драматургію кампазіцыі, вывярае інтанацыі і акцэнты, кожная песня ператвараецца на маленькі спектакль, які ты пражываеш разам з ёй.

Сяргей Пукст

Шматаблічны Сяргей Пукст як вакаліст найбольш раскрываецца ў межаш гурта Pukstband і калі выступае сольна ці дуэтам з бубначом. Рэзкія пераходы ад мяккіх фальцэтаў і ласкавых раскацістых меладычных хадоў, якія ахінаюць сталёвай халоднасцю, да раптоўных гістэрычных гарачых зрываў. І як жа без фірмовых Пукстаўскіх прыгаворак а-ля рок-зорка: «юр-май-лав, юр-май-бэйбі»…