Гiды

Без парты і дошкі: 8 спосабаў падвучыць беларускую мову

Без парты і дошкі: 8 спосабаў падвучыць беларускую мову

Малюнак Ксеніі Лагавой

Спадзяемся, вы з тых, хто даўно ўсталявалі беларускую мову інтэрфэйсу на ўсіх сваіх гаджэтах, падпісаліся на Лізу Ветраву, а перад сном замест скандынаўскага дэтэктыва чытаеце тлумачальны слоўнік ці «Новую зямлю» (ёсць шыкоўнае новае выданне).

Калі вы гатовыя да наступнага кроку, трымайце 8 рознабаковых магчымасцяў, якія дазволяць дадаць дробачку беларускай мовы ў вашу штодзённасць. Зрабіце сабе падарунак да Новага года!

Набыць каляндар на 2024 год

Сёлета выйшла багата беларускіх календароў — можна набыць той, які падорыць не толькі добры настрой на кожны дзень, але і дапаможа разнастаіць слоўнік.

«Лёгкая мова»

Напрыклад, адрыўны каляндар «Лёгкая мова» — гэта цікавае беларускае слова з тлумачэннем і заліпальнай карцінкай на кожнай старонцы.

«Мова вольных»

Выдавецтва «Гутэнберг» у Кракаве таксама выдала свой каляндар «Мова вольных» з беларускім словам на кожны дзень.

«Мой шчаслівы 2024»

У «Папуры» выйшаў каляндар «Мой шчаслівы 2024», які штодзень будзе спрабаваць звярнуць вашу ўвагу на шчаслівыя моманты і невялічкія прыемнасці.

«Простыя крокі»

А ў краме OZ.by можна набыць каляндарык «Простыя крокі», на старонках якога каля 500 беларускіх слоў, аб’яднаных у тэматычныя падборкі, а яшчэ моўныя гульні, натхняльныя вершы і цытаты, біяграфіі выбітных беларусаў і карысныя парады, як дакрануцца да беларускай мовы ў паўсядзённым жыцці.

Запісацца на анлайн-курс

Калі вы шукалі курсы беларускай мовы, дзе не трэба ўстаўляць прапушчаныя літары і знакі прыпынку, а можна проста размаўляць і ў жывой камунікацыі вывучаць новыя словы і пераадольваць моўны бар’ер, то мы знайшлі варыянт акурат для вас.

Інтэрактыўныя курсы для дарослых беларусаў заснавала аўтарка інстамага «Беларуская мова пакрысе» Паліна Маслянкова. Курсаў усяго два: для тых, хто толькі плануе перайсці на беларускую, і для тых, хто ўжо размаўляе, але хоча паглыбіць свае веды. Цяпер акурат ідзе зімовы набор у снежаньскія групы.

Уступіць у размоўны клуб

Калі вам хочацца больш размаўляць на абсалютна розныя тэмы, то паспрабуйце варыянт размоўнага клуба «Вольная мова». Гэта платформа анлайн-сустрэч для людзей, якія хацелі б зрабіць сваю пасіўную беларускую мову актыўнай.

Стваральнікі платформы распрацавалі тэлеграм-бот «Вусень Гутарыч», дзе можна абраць тэму і запісацца на наступную гутарку. Тэмы для абмеркавання бываюць самыя розныя: ад беларускага футбола і шортліста Гедройця да праблемаў, ці варта рабіць з дзецьмі хатнія заданні.

Далучыцца да кніжнага клуба

Чытаць кнігі на беларускай мове — гэта самы відавочны метад паляпшэння навыкаў валодання ёю. Але што, калі яшчэ і дыскутаваць пра чытво разам?

У Менску ёсць чытацкі клуб «З мовай», дзе аматары літаратуры абмяркоўваюць прачытаныя творы, сярод якіх «Золата» Ядвігіна Ш., «Радзіва Прудок» Андруся Горвата, «Каханне падчас халеры» Маркеса ды інш.

Калі Менск ад вас далёка, то пашукайце кніжныя клубы ў вашым горадзе. Або далучыцеся да анлайн-клуба «Карабель», у якім акурат цяпер дачытваюць Святлану Алексіевіч і ствараюць спіс кніг на 2024 год.

Наведваць заняткі ў вашым горадзе

Вялікі выбар анлайн-актыўнасцяў толькі павялічыў каштоўнасць жывой камунікацыі. Таму, калі ў вашым горадзе ёсць заняткі беларускай мовы, паспрабуйце наведаць іх хаця б з цікаўнасці. У шматлікіх гарадах свету працягваюць існаваць самыя масавыя курсы «Мова Нанова». Праверце, ці ёсць яны ў вашым горадзе.

У Менску ў прасторы «Парасон Арт» існуе шмат гурткоў для дзяцей і дарослых, і адзін з іх — творча-размоўная суполка «ШтурШок».

А ў Вільні штосераду можна наведваць заняткі «Беларуская мова з Вінцуком Вячоркам», дзе вядомы мовазнаўца дзеліцца сваімі ведамі, дае заданні і адказвае на пытанні ўдзельнікаў.

Праходзіць анлайн-тэсты

Анлайн-тэстаў па беларускай мове можна знайсці шмат: ад тых, што правяраюць школьныя граматыку, правапіс і пунктуацыю, да тых, якія выяўляюць вашы агульныя веды. Напрыклад, на платформе Оnlinetestpad можна прайсці самыя розныя тэсты: пра Ў нескладовае і пра «Народны альбом».

Яшчэ адна платформа для тэстаў — Wordwall, на якой таксама можна знайсці шмат тэстаў па беларускай мове ад розных аўтараў і настаўнікаў. Напрыклад, адрозніць Купалу ад Коласа паводле фактаў з іх біяграфій ці творчасці, адгадаць аўтараў цытат ці спалучыць назвы ягад з іх выявамі.

Таксама цікавыя тэсты можна знайсці на сайтах медыяў: напрыклад, тут і тут.

Усталяваць мабільную праграмку з заданнямі

Нядаўна з’явілася аплікацыя Mova 2.0, якую можна ўсталяваць на мабільную прыладу (пакуль на Андроід) і практыкавацца анлайн, пакуль едзеш у транспарце або чакаеш у чарзе.

Праграма створаная так, што спачатку даецца лексіка або правіла, а потым інтэрактыўныя практыкаванні на замацаванне. Апроч таго, можна прайсці выніковыя тэсты па лексіцы і граматыцы, ёсць цікавыя факты і звесткі да кожнай тэмы, а таксама крутая функцыя персанальнага слоўніка, куды можна заносіць словы для запамінання.

Пагартаць шпаргалкі з правіламі

Дарэчы, а вы ведалі, што па-беларуску шпаргалкі завуцца шпакамі? Вось такіх шпакоў з дыялогамі, слоўнікамі і правіламі Onliner рабіў у межах праекта «Пашпарт грамадзяніна». Гэта візуальна прывабныя і лінгвістычна грунтоўныя карткі, у якіх распісаныя шматлікія цяжкасці беларускай мовы: і адмысловае кіраванне (хварэць на грып ці грыпам? звярнуцца за дапамогай ці па дапамогу?), і этыкетныя формулы (Бывай! Вітанкі! На спажытак!), і ступені параўнання прыметнікаў (кніга цікавей за фільм ці цікавейшая?)