Што гэта такое?
Крыптавалюта — лічбавыя «грошы». Іх нельга патрымаць у руках, але можна выкарыстаць у эканоміцы. Не існуе адзінага цэнтра вытворчасці адзінкі крыптавалюты — коінаў (ад ангельскага слова coin — «манета»), сістэма працуе дзякуючы блокчэйну.
Блокчэйн (літаральна ланцуг блокаў) з’яўляецца лічбавай базай дадзеных, якая захоўвае і перадае інфармацыю. Гэта тэхналогія дазваляе захоўваць зашыфраваныя дадзеныя на розных камп’ютарах, аб’яднаных у сетку. Блокчэйн выкарыстоўваецца не толькі ў фінансавай сферы, а дазваляе абараняць дадзеныя пацыентаў у медыцыне, працуе з забаўляльнай індустрыяй і гэтак далей.
Крыптавалюта — цалкам легальная рэч. Яна можа існаваць па-за банкаўскай сістэмай на ўзроўні абмену паміж карыстальнікамі. Таксама гэтай валюце не пагражае інфляцыя, бо колькасць коінаў заўжды абмежаваная і не можа перавышаць пэўнага ліміту. Па сутнасці, крыптавалюта — не аб’ект, а пэўны ключ/дазвол, які дае магчымасць перамяшчаць інфармацыю ад адной асобы да іншай без пасярэднікаў.
Усе крыптавалюты маюць свае адрозненні. Адны дазваляюць захаваць ананімнасць пры выкарыстанні, іншыя даюць больш надзейнасці і гэтак далей. Прыклады крыптавалютаў: Bitcoin, Ethereum, Litecoin, Ripple.
Чаму крыпта — не зусім грошы?
Коіны — адзінкі крыптавалюты. Іх нельга надрукаваць ці зрабіць на манетным двары. Коіны можна атрымаць падчас майнінгу — працэсу, падчас якога магутнасць камп’ютара выкарыстоўваецца для складаных матэматычных разлікаў.
Для аперацый з крыптавалютай не патрэбны пасярэднік — арганізацыя, якая б забяспечыла пераход плацяжу ці захоўванне капіталу. Умоўна, вы самі сабе банк.
Навошта яна патрэбная?
Першапачаткова стваральнікі адной з крыптавалют думалі, што коін стане адпаведнікам звычайных грошай, за які можна набыць усё што заўгодна, але не ўсе арганізацыі гатовыя да такога пераходу. Між тым, у Беларусі за крыптавалюту аднойчы нават прадалі кватэру. Часцей за ўсё крыптавалютай карыстаюцца на біржах і пляцоўках электроннага гандлю, дзе можна набыць самыя разнастайныя даброты — ад матэрыяльных рэчаў да паслугаў.
Дзе і як яе набываць?
1. Выбраць платформу — брокера ці біржу
Часцей за ўсё крыптавалюту можна набыць праз брокераў ці на адмысловых біржах (Dash2 Trade, OKX і іншыя). Выбіраючы платформу, варта праверыць яе надзейнасць, параўнаць прапановы і асаблівасці. Можна карыстацца мабільнымі аплікацыямі ці версіяй для персанальнага камп’ютара (напрыклад, Ledger, Trezor і інш.).
2. Папоўніць рахунак
Большасць платформаў працуе з традыцыйнымі валютамі і дазваляе набываць коіны за долары, фунты, еўра і іншыя валюты. Часам банкі не дазваляюць пераводзіць сродкі на крыптавалютныя транзакцыі, бо лічаць гэта небяспечным. Таксама праз тое, што курс крыптавалютаў можа вельмі імкліва мяняцца, большасць банкаў не дазваляюць крэдытныя аперацыі з імі.
3. Набыць ці прадаць
Калі грошы выведзеныя, то можна падабраць аптымальную прапанову на абранай платформе і пачынаць свой шлях у свет крыптаўгодаў.
- Важна! Набыць крыптавалюту з расейскімі банкаўскімі карткамі пасля пачатку вайны ва Украіне нельга.
Як з гэтым у Беларусі?
Крыптавалюты ў Беларусі цалкам легальныя як для грамадзянаў, так і для бізнэсаў. Існуе некалькі надзейных платформаў (у першую чаргу, Whitebird), якія дазваляюць абмяняць крыптавалюты на беларускія рублі, долары ЗША і расейскія рублі. Разлікі могуць ажыццяўляцца праз асабістую карту VISA ці праз разліковы рахунак для юрыдычных асобаў. Як і любы абменны пункт, платформы па вывадзе крыптавалютаў маюць сваю камісію і курсавыя розніцы. Для працы з вялікімі сумамі трэба будзе пацвярджаць асобу, для меншых (часцей у межах 10 тысяч долараў) дастаткова камунікацыі з сэрвісам падтрымкі. Можна карыстацца знаёмымі платформамі PayPal, Cash App, Venmo. Падатак за вывад крыптавалюты складае 5%.