У якіх валютах захоўваць грошы?
Ёсць агульнае правіла: захоўваць грошы трэба ў той валюце, у якой вы паўсядзённа траціце. Ва ўмовах Беларусі гэта азначае, што, калі ў вас ёсць грошы, якімі вы ў найбліжэйшы час будзеце разлічвацца за ежу, камуналку і іншыя неабходныя штукі, іх няма сэнсу мяняць на замежную валюту, каб потым часта бегаць у абменнік.
Калі ж ёсць нейкія зберажэнні, якія вы не збіраецеся траціць хутка, гэтыя грошы лепш захоўваць у замежнай валюце — для дыверсіфікацыі мае сэнс падзяліць гэтыя сродкі па прынцыпе 50/50 паміж доларамі і еўра. Гэта самыя даступныя валюты ў Беларусі.
Безумоўна, ёсць і іншыя валюты: швейцарскі франк, брытанскі фунт, кітайскі юань, японская ена. Але ў Беларусі іх складана набыць у банках, а нават калі там яны будуць, розніца паміж пакупкай і продажам найхутчэй будзе вялікай.
Для Беларусаў замежжа — на блізкія расходы варта мець валюту краіны, у якой знаходзіцеся. Калі вы ў еўразоне, можна ўсё захоўваць у еўра.
Якім банкам лепш давяраць?
Прасцей сказаць, якім не давяраць. Тым, што пацярпелі ад санкцыяў, накіраваных на Беларусь або Расею. Нягледзячы на тое, што будуць распавядаць у дзяржаўных СМІ, а таксама незважаючы на запэўніванні чыноўнікаў з мінэканомікі, не варта захоўваць грошы ў беларускіх дзяржбанках і дочках расейскіх банкаў. Тыя банкі, што не трапляюць у гэтыя катэгорыі, знаходзяцца ў больш-менш аднолькавай сітуацыі.
Частку беларускіх банкаў ужо адключылі ад SWIFT. Пры гэтым адмыслоўцы не выключаюць, што ў будучыні санкцыі будуць узмоцненыя, у выніку чаго ад SWIFT адключаць усе беларускія банкі.
Таму, выбіраючы банк сёння, варта пагугліць, каму ён належыць і ці прымаліся ў дачыненні да яго пэўныя санкцыйныя меры.
Што зрабіць, каб сябе падстрахаваць?
Ніякія замежныя санкцыі не пагражаюць беларускім рублям, якія захоўваюцца ў беларускіх банках. Тэарэтычна пад рызыкай — дэпазіты і бягучыя рахункі, грошы на картках у валютах. Але, калі мы дапускаем рызыку трапляння ўсіх банкаў у нашай краіне пад санкцыі, у беларускіх банках лепш валюту не трымаць наогул.
Ці варта рыхтавацца да дэвальвацыі і інфляцыі?
У перакладзе на максімальна простую мову гэтыя дзве катэгорыі азначаюць вельмі падобнае — зніжэнне ўзроўню жыцця, зніжэнне ўзроўню даходаў. Перад намі дзве магчымасці (абедзве несуцяшальныя):
- Інфляцыйны сцэнар
У чалавека стабільны заробак ці нават даход намінальна расце, але дазволіць сабе ён можа за гэтыя грошы ён можа ўсё менш і менш.
- Іншы сцэнар
У краіне няма інфляцыі, цэны стаяць (бо ім гэтак загадалі), але ў людзей заробак зніжаецца, чалавек можа сабе дазволіць усё менш і менш. І ў першым, і ў другім выпадку вынік для яго аднолькавы. Больш важна не тое, як паасобку сябе паводзяць курс, цэны ці даходы, а толькі тое, як гэта ўсё адначасова ўплывае на наш дабрабыт.
У цяперашніх геапалітычных умовах на даляглядзе некалькіх гадоў эканамісты прагназуюць зніжэнне ўзроўню жыцця беларусаў.
І гэта ўжо пачало адбывацца: заробкі ў рублях растуць, але павальней за інфляцыю. На гэты працэс, безумоўна, уплываюць вайна, санкцыі, але таксама рашэнні ўнутры краіны, кшталту замарозкі даходаў.
А як для Еўропы? Там ёсць рызыка рэцэсіі, Еўропа пакутуе ад росту цэнаў на энерганосьбіты, аднак катастрофы не адбылося, і найхутчэй эканоміка хутка рэабілітуецца.
Ці час, каб укладаць у нерухомасць?
Нерухомасць варта набываць, калі расце эканоміка краіны. Калі растуць заробкі, адбываецца крэдытаванне, краіна прывабная для замежных інвестыцыяў. Калі па кожным з гэтых пунктаў усё інакш (як у нас), няма прычынаў для набыцця нерухомасці. Выключэнне — вам няма дзе жыць.
Размаўляць пра інвестыцыі і ўкладанні ў краіне, якая з’яўляецца суўдзельніцай агрэсара і якая стаіць на парогу вайны, незалежныя эксперты не раяць. Укладанне ў акцыі і аблігацыі лічаць папросту несвоечасовымі і неадэкватнымі — як падобныя дзеянні ў Нямеччыне ў пачатку 1940-х гадоў. Куды ні ўкладай, фінансава гэта скончыцца кепска.
Калі ёсць зберажэнні, варта захоўваць іх у гатоўцы. Аднак не выключана, што пры развіцці падзеяў, могуць увесці канфіскацыйны закон, які абавязвае здаць валюту па фіксаваным курсе. Пакуль такая магчымасць існуе толькі ў тэорыі, але яе варта трымаць у галаве.
ВАЖНА! Многія памятаюць, як пасля распаду Савецкага саюза людзі бралі крэдыты, потым адбывалася рэзкая інфляцыя, рэзкая дэвальвацыя, і крэдыты абясцэньваліся, што дазваляла сплаціць запазычанасць з аднаго заробку. Сёння крэдытаў пад фіксаваную стаўку не бывае. Крэдыт, які вы возьмеце сёння, у 99% выпадкаў будзе мець плаваючую стаўку, вырасце інфляцыя — вырасце і стаўка па вашым крэдыце.
Золата?
Золата — гэта ўкладанне на доўгі час пры спакойнай геапалітычнай сітуацыі. Ёсць вялікая розніца у цане паміж пакупкай і продажам гэтага металу. Калі вы набылі золата ўчора, а сёння прадаяце, каб набыць ежу, яно мусіла б неверагодна падняцца ў цане, каб вы хаця б выйшлі ў нуль.
У ваенныя часы бывалі гісторыі, калі злітак золата мянялі на бохан хлеба.
Укладацца ў грэчку і запалкі?
Гэта не зберажэнні, гэта траты ў чыстым выглядзе. Аднак спробы дзяржавы рэгуляваць цэны могуць прывесці да жорсткага дэфіцыту, таму запасціся пэўнай колькасцю важных прадуктаў сапраўды варта. Але ўсё мусіць быць у меру, і спускаць усе зберажэнні на макарону і тушаніну не варта.