Гiды

Як пачаць працаваць з нейрасеткамі

Як пачаць працаваць з нейрасеткамі

Пра нейрасеткі можна пачуць з кожнага праса — яны то замяняюць людзей на працоўных месцах, то робяць навуковыя адкрыцці. І гэта фантастыка, бо кожны чалавек можа ўзяць і хоць сёння пачаць выкарыстоўваць штучны інтэлект у рэальным жыцці. Калі вы яшчэ гэтага не робіце, то самы час: каб не стаць тымі самымі дзядулямі і бабулямі, якія не могуць у смартфоне знайсці іконку мэсэнджара.

Падрыхтавалі некалькі практычных кейсаў, як кожны беларус можа заюзаць штучны інтэлект.

Бульба на марсе: што нейрасеткі могуць намаляваць

З’яўленне графічных нейрасетак дае магчымасць ствараць класныя ілюстрацыі нават людзям, якія зусім нічога не разумеюць у маляванні і дызайне. Патрэбна крэатыўная вокладка для кнігі альбо музычнага альбому? Хочаце стварыць свой стыкерпак або запосціць прыгожы фотаздымак у сторыз? Ніякіх праблем — апісвайце словамі сваю задумку і за пару хвілін атрымлівайце вынік!

Самае складанае тут — прыдумаць ідэю малюнка і апісаць гэта так, каб нейрасетка зразумела вашу задумку. Далей сітуацыя выходзіць з-пад кантролю: на адзін і той жа промпт штучны інтэлект кожны раз будзе выдаваць новы вынік. Але калі не здавацца і эксперыментаваць, перапісваючы запыты, то рана ці позна атрымаецца нешта добрае.

Да прыкладу, папросім нейрасетку Midjourney намаляваць крэатыўны прынт на майку. Такі, якога на свеце больш ні ў кога няма: выяву касманаўта, што на Марсе капае бульбу. Дваццаць хвілін эксперыментаў з рознымі промптамі і стылямі — і вуаля, маем вось такі малюнак на запыт «realistic photo of an astronaut on Mars digging potatoes, a plowed field going into the distance»:

Ці вось такі на запыт «an astronaut on Mars digging potatoes, a distant plowed field, Storybook Illustration»:

Можна несці ў друкавальны цэнтр, рабіць прынт на майку і здзіўляць сяброў. І самы цымус у тым, што вашая фантазія амаль не абмежаваная — маляваць можна ўсё, што прыйдзе ў галаву.

Яшчэ адзін прыклад: зробім рэалістычную фотку кактэйля з промптам «realistic close-up photo of a hand with a cocktail in a street cafe in Minsk»:

Любы з гэтых чатырох варыянтаў можна смела посціць у сторыз інстаграма: ніхто не здагадаецца, ці сапраўды вы пілі той кактэйль у Менску, ці нават не выходзілі са сваёй утульнай кватэры ў Серабранацы. А яшчэ можна генераваць фота гор, мора, падарожжаў — сябры будуць здіўленыя вашаму насычанаму жыццю.

Але карыстанне Midjourney платнае (каля 10 даляраў за месяц), таму вось некалькі бясплатных нейрасетак, з якіх можна пачаць эксперыменты:

  • Adobe Firefly — паказвае вельмі крутыя вынікі, мае дастаткова шмат наладак, бясплатна можна рабіць малюнкі на 25 крэдытаў штомесяц.
  • Designer ад Microsoft выкарыстоўвае для генерацыі выяў нейрасетку DALL·E 3. Пасля таго як вы нешта згенеравалі, малюнак можна падправіць у графічным анлайн-рэдактары.
  • Leonardo.ai — нейрасетка, у якой штодзень даюцца бясплатныя токены на генерацыю малюнкаў. І тут жа створаныя выявы можна пераўтварыць у кароткія відэа.

Атака на чыноўнікаў: што можна напісаць нейрасеткай

Людзі ў свеце юзаюць генератыўныя тэкставыя нейрасеткі для ўсяго — нават пішуць кнігі. Але не будзем замахвацца на вялікае, а заюзаем ChatGPT для практычнага і суперкарыснага кейсу: пераспіскі з чыноўнікамі.

Напішам нейрасетцы просьбу скласці зварот у ЖКГ:

«Привет! Представь, что ты опытный бюрократ. Напиши обращение в КУП «ЖКХ Партизанского района г. Минска» о том, что во дворе дома по адресу ул. Стахановская, 37 на дороге много ям, и их нужно заасфальтировать. Обращение должно быть в бюрократическом стиле».

І вось які адказ атрымліваем:

«КУП “ЖКХ Партизанского района г. Минска”

Адрес: г. Минск, Партизанский район, ул. Стахановская, 37

Уважаемые сотрудники КУП “ЖКХ Партизанского района г. Минска”,

Сообщаем Вам о наличии значительного количества ям на дорожном покрытии во дворе дома, расположенного по адресу: ул. Стахановская, 37. Соображаем, что указанный дефект в инфраструктуре дороги представляет серьезную угрозу для безопасности движения транспорта и пешеходов, а также приводит к дополнительным расходам на ремонт автотранспортных средств.

В связи с вышеизложенным, просим Вас принять меры по проведению капитального ремонта и асфальтированию участка дороги, включая устранение выявленных ям. В случае невозможности немедленного выполнения работ, просим о предоставлении информации о планируемом сроке их проведения.

Надеемся на оперативное реагирование нашего обращения и просим о подтверждении его получения.

С уважением,
[Ваше имя]
[Ваш контактный номер телефона/электронной почты (по желанию)]»

Шок-кантэнт! Нават правіць нічога не трэба, толькі дадаць свае дадзеныя і адправіць. І гэта ўсё зроблена за хвіліну. Уяўвіце, колькі зваротаў у дзяржорганы можна напісаць за вечар.

Пісаць па-беларуску таксама можна, але давядзецца вычытваць памылкі за бясплатнай версіяй ChatGPT. Або паспрабаваць іншыя сэрвісы:

  • Copilot — там выкарыстоўваецца чацвёртая, навейшая мадэль ChatGPT, таму вынік атрымліваецца лепшы. А яшчэ гэты чат-бот умее хадзіць па інтэрнэце і шукаць там інфармацыю: можа расказаць пра актуальнае надвор’е ці зрабіць нейкую падборку.
  • Gemini ад Google — таксама цудоўна піша звароты бюракратычнай мовай. Але, на жаль, не можа і двух словаў звязаць па-беларуску.

Паслухаць дзеда: як ажывіць фотаздымкі

У стварэнні відэа нейрасеткі пакуль не дасягнулі такіх жа крутых поспехаў, як з тэкстам і малюнкамі. Прынамсі, пакуль мы не атрымаем магчымасці паспрабаваць Sora ад кампаніі OpenAI — на прадэманстраваных распрацоўшчыкамі прэзентацыйных роліках яна паказвае проста фантастычныя вынікі.

Ну а пакуль паспрабуем трошкі ажывіць фотаздымкі і малюнкі. Вось як сэрвіс LeiaPix дазваляе дадаць 3D-эфект нашаму касманаўту з бульбай:

Фотаздымкі рэальных людзей можна прагнаць пра сэрвіс Deep Nostalgia ад сайта MyHeritage. Ён створаны для таго, каб даўно памерлыя прабабулі ці прадзядулі маглі вам… усміхнуцца. Вось так, як Янка Купала:

На тым жа сайце вы зможаце знайсці раздзел DeepStory, які дапаможа вашым памерлым родзічам ажыць і расказаць сваю гісторыю жыцця. На жаль, беларуская мова для агучвання недаступная.

Што яшчэ з карыснага можна паспрабаваць:

  • Animated Drawings пакажа сапраўдную магію для вашых сына або дачкі: загружаны туды дзіцячы малюнак за некалькі секуд ажыве і пачне рухацца.
  • Adobe Podcast AI прадстаўляе інструмент для падкастараў: калі запіс голасу зроблены на не вельмі добры мікрафон, то штучны інтэлект паспрабуе яго палепшыць.