Тэарэтычная база: адкуль пайшоў адвент-каляндар
Адвент — назва перыяду перад Раством, прынятая ў асяроддзі каталікоў і некаторых пратэстантаў, аналагічнага перыяду каляднага посту ў праваслаўных. Адвент — час чакання, які папярэднічае Раству, падчас якога хрысціяне рыхтуюцца да свята.
Каб чакалася лягчэй, нехта ў Нямеччыне ў 19 ст. прыдумаў адвент-каляндар. Ён змяшчаў 24 пранумараваныя акенцы або дзверцы, за якімі быў схаваны сімвал, звязаны з нараджэннем Ісуса, напрыклад, выява Марыі, Іосіфа і немаўля Ісуса або фрагмент тэксту з Бібліі. Паводле задумкі, дзіця адкрывала па адным акенцы пачынаючы з 1 снежня. Першыя адвент-календары мусілі нагадваць пра важнасць нараджэння Ісуса, а таксама спалучаць веру з паўсядзённым жыццём.
Нямецкі адвент-каляндар пачатку 20 ст.
Эвалюцыя адвент-календара
Першыя друкаваныя календары паходзяць з самага пачатку 20 ст. і таксама з Нямеччыны. Першая сусветная вайна затармазіла працэс іх папулярызацыі, а цікавасць да іх узрасла толькі пасля 1920 года. Іх пачалі вырабляць іх у розных стылях, памерах і цэнах, а першыя шакаладкі трапілі ў адвент-каляндар толькі ў 1926 годзе.
Тады ж традыцыя адвент-календароў пашырылася з нямецкамоўных краін далей па ўсёй Еўропе. У той час яшчэ быў выхаваўчы момант: дзіця, перш чым адкрыць чарговае акенца, мусіла ўспомніць, што добрага і дрэннага яно зрабіла за дзень. У рэлігійных сем’ях гэты абрад звязаны са штодзённай малітвай.
У 21 ст. ужо мала хто ўспрымае адвент-каляндар як атрыбут рэлігійнага жыцця, ён ператварыўся ў цалкам сабе свецкую забаву. Хоць ніхто не перашкаджае быць добрай дзяўчынкай ці хлопчыкам, каб з чыстым сумленнем штодзень адкрываць акенцы з падарункамі. (Дарэчы, гэта могуць быць зусім не акенцы, а асобныя мяшэчкі/пакуначкі з падарункамі, схаваныя ў розных месцах дома).
Што хаваецца ў адвент-календарах
Тут Сойка пазбірала некалькі варыянтаў змесціва календароў — ад больш пашыраных да менш відавочных, — якія прынясуць радасць людзям з зусім рознымі густамі.
Шакалад, цукеркі, кава, гарбата і іншыя ласункі.
Гэта хіба самы стандартны варыянт, якім поўняцца крамы любога еўрапейскага горада пачынаючы з сярэдзіны лістапада. Выбіраць проста: яны ўсе хутчэй за ўсё неблагія — гэта ж не прафсаюзныя навагоднія падарункі, дзе ляжыць хіба з дзясятак шакаладных цукерак, а рэшта — нейкія невыразныя смактулькі, якія могуць пасля праляжаць хоць да сакавіка.
Касметыка
Выбіраць такі падарунак таксама нескладана: або па назве брэнда, які любіць ваш адрасат ці адрасатка, або па назве касметычнай сеткі, якім яны аддаюць перавагу. Ну або ўніверсальнае рашэнне: чым даражэйшы, тым звычайна лепшы.
Цацкі і гульні
Напрыклад, фігуркі Лега з адной з традыцыйных калядных гісторый — Гары Потэра. Ну, або проста нешта калякаляднае.
Шкарпэткі
Куды ж без гэтага ўніверсальнага падарунку на ўсе святы ўсіх часоў і народаў. Калі адчуваецца недахоп шкарпэтак у арганізме — яго лёгка запоўняць пары з адвент-календара (часцей кладуць 12 пар, так што можна або даставаць пару праз дзень, або даставаць па адной шкарпэціне, і не абавязкова па парадку, змешваючы іх, як хатні эльф Добі). Лайфхак: такі каляндар лёгка зрабіць самастойна, набыўшы забаўныя торбачкі і самыя вясёлыя пары шкарпэтак на ўласны густ.
Не паверыце: піва
Сойка нагадвае, што такія адвент-календары не рэкамендуецца дарыць дзецям і цяжарным жанчынам, але ўсім іншым аматарам піва — чаму не. Важна: не абавязкова выпіваць па піве штодзень, можна прыхаваць на святочную вечарынку, а пасля раздзяліць з сябрамі.
Самае важнае, што варта памятаць
У наш час, калі пры наяўнасці грошай даступныя амаль любыя камерцыйныя радасці, як ніколі цэніцца ручная праца. І часам бывае не так важна, што менавіта вы пакладзяце ў самаробны адвент-каляндар, калі прыдумаеце цікавы квэст для дзяцей або іншых сямейнікаў па здабычы ці пошуку ягоных частак. Бо як мы памятаем, галоўнае, для чаго ён быў прыдуманы — дачакацца Калядаў, а гэта весялей рабіць з цеплынёй і з любімымі людзьмі.