Гiды

9 вершаў пра каханне, ад якіх сэрца б’ецца мацней

9 вершаў пра каханне, ад якіх сэрца б’ецца мацней

Хутчэй каханне міне, чым гэтыя вершы выветрацца з галавы. Беларускія паэты ведаюць, як замяшаць любоўнае зелле, ужываючы толькі словы. Лоўкасць мовы — і ніякага махлярства. Шэкспіраўскія страсці з сінявокімі ў галоўнай ролі — трымайце свежую Сойчыну падборку. Карацей, make love, not war — і каханне пераможа.

Кірыла Анохін

хто калі не я

каго

калі не цябе

Андрэй Адамовіч

Хрыстова пупавіна

Калі птушкі, звяры і варажбіты спявалі Езусу песні, а ён:

– хапаў сябе за ногі, ногі засоўваў у рот,
– даваў кіруючыя парады сінедрыёну,
– сцаў і сраў у далоні рымскім легіянерам,

рымскія легіянеры, прасветленыя, кідалі службу,

а Язэп, які да гэтага свята меў сваё асабістае стаўленне,
адрэзаўшы малому пупавіну, абкруціў яе вакол шыі,
і павёў сям’ю ў Егіпет.

І так ён пасля і хадзіў з гэтаю пупавінаю,
якая нагадвала яму хвост віфліемскае зоркі
і яго чорнае і ссохлае жыццё.

А перад габрэйскай Пасхай, пакуль Язэп спаў,
пупавіну нехта скраў.
Язэп плакаў, бо ведаў, што на добрае ўжо не павернецца,
і ягоныя рукі не падняліся ўскрыць горла ягнятку.

А на пупавіне пасля павесіўся Юда,
ён і скраў яе, пупавіну, бо не было тады
горшага чалавека ва ўсёй Юдэі, а, можа, нават
і ва ўсім свеце.

А пупавіну пасля знайшлі нейкія жыдкі
і прадалі яе першым хрысціянам за трыццаць срэбных рублёў.

Пупавіну доўга хавалі і перадавалі адзін аднаму
розныя манахі і сябры патаемных арганізацыяў.

А яшчэ яе шукаў Дэн Браўн, але не знайшоў,
дзе яна цяпер, ніхто не ведае.
Хоць шмат хто верыць, што ў Дэна Браўна.

Хто ім забароніць верыць у гэта?
Я дык вось веру, што гэтая пупавіна на маёй шыі,
а раней была на шыі майго бацькі.

Бо што так цісне мне горла?
Што так цісне?
Што так замінае дыхаць,
калі я гляджу на цябе і на нашага сына?

Шмат хто называе гэта каханнем, любоўю або мілосцю.

А я называю гэта Хрыстоваю пупавінаю.
Бо часам яна цісне мне так балюча,
што цяжка паверыць, быццам гэта каханне, любоў або мілосць.

Хоць напэўна такое яно і ёсць, каханне да самае смерці,
любоў, пра якую казаў нам Езус.

Дар’я Бялькевіч

Пыл пад ложкам захоўвае сны.
Кожны раз, калі ты мне спішся,
я мыю падлогу.

Наста Кудасава

сцеражы гэтых рытмаў няўстойлівы смак,
даражэйшай цаной здабыты.
так хавае сваіх цуда-юдаў касматых
рака міліярдалітрая,
так стрымаць бы ў грудзёх трапяткое «люблю»,
так вароне б за сыр ухапіцца,
каб ігольнымі вушкамі сонмы вярблюдаў
ішлі ў твой аазіс напіцца…

Наста Манцэвіч

Што мне рабіць з табою,
такой прыгожаю?
Калі ты стаіш на кухні
у адных шкарпэтках
і варыш каву. мне.
у маёй кватэры, —
Глядзець на цябе.

Што мне рабіць з табою,
такой разумнаю?
Калі ты расказваеш
мне. з захапленнем
пра фільм, які паглядзела,
пакуль я была на працы, —
Слухаць цябе.

Што мне рабіць з табою,
такой пяшчотнаю?
Калі ты ўсміхаешся
і кратаеш мяне за руку
сваёю рукой
пяшчотнай, як ты ўся, —
Абдымаць цябе.

Што мне рабіць з табою,
такую дзікай?
Калі ты ператвараешся
у ваўчыцу, і я
імгненна
ператвараюся ў ваўка, —
Спаць з табой.

Што мне рабіць з табою,
такою зменлівай?
Кожны дзень рознаю,
Непасрэднаю,
пазбаўленай логікі, ды
Нявечнаю, —
Быць з табой.

Марыя Мартысевіч

Урыўкі з інтэрнэт-дзённіка Барбары Радзівіл

Мой Жыкгімонт, мой юны Жыкгімонт
ідзе на сьвет падлеткавай вайною,
кранальна эпатуючы beau monde
кіслотнаю фрызураю і мною,
Мой Жыкгімонт саромеецца слоў
«аральны сэкс», і так баіца маці,
ёй хлусячы пра сеймы і паслоў,
калі ў палацы Пацаў зноўку party.
Мой Жыкгімонт – завостранае «кг»
Бы выбух у каханьнем поўным роце.
O mon petit prince, je suis très fatigeé
Хадзем ад іх, мой любы Жыкгімонце…
Мой Жыкгімонт – у ім адметны дар
яго ўладарства станецца эпохай,
ну а пакуль мой слаўны гаспадар
сьпяшае да мяне таемнай лёхай,
бо ёсьць адно, што болей не міне,
пра што пакуль што думаецца ўпотай:
мой Жыкгімонт ужо жыве ўва мне
маленькай сарамліваю зікготай.

Вальжына Морт

я
тоненькая
як
твае
Вейкі

Тацяна Нядбай

І куды ж падзецца ад гэтай прагі,
неспатольнай ніводнай вядомай магіяй,
неўтрыманай ніякімі моцнымі кратамі,
яна шэпча адно — кратай,

яна просіць толькі адно — лашчы,
у спляценнях ценяў з целамі нашымі
дакранайся да самых падатлівых выгінаў,
гэта плынь, што нясе па вясне крыгі,

гэта так, як долу ўглядацца з вежаў —
навальніца, што стогнамі неба рэжа й
працінае на выдыху горнай ракой
тонкі спакой.

Андрэй Хадановіч

Парная лічба

Дзяўчына прыходзіць у краму.
Дзяўчына купляе рамонкавую гарбату,
пакунак на дваццаць аднаразовых пакецікаў.
Дзяўчына прыносіць пакунак дадому.
Дзяўчына выцягвае пакецікі па адным,
варожачы: «Кахае. Не кахае.
Кахае. Не кахае. Кахае».
Хоць ведае, як бывае ў жыцці
з парнымі лічбамі. А што рабіць?
Рамонкавую гарбату на дваццаць пяць пакецікаў
зноў раскупілі іншыя дзяўчаты.