Размовы

З Днём волі, спадарства!

Мікіта Моніч

З Днём волі, спадарства!

Мастацтвазнаўцу, папулярызатара культуры Мікіту Моніча часцяком называюць «культурным стэндаперам» — ягоныя аўтарскія расповеды «без пренебрежения и придыхания» зусім не падобныя да таго, як прэзентуюць культурную спадчыну пераемнікі савецкай традыцыі. Мікіта быў адным з найпапулярнейшых экскурсаводаў Нацыянальнага мастацкага музею Беларусі, пакуль яго не звольнілі за верш у сацсетках. Цяпер Мікіта папулярызуе мастацтва і гуманізм праз уласны канал «Около культуры» на YouTube. Sojka папрасіла Мікіту падзяліцца сваімі думкамі пра сімвалы, якія апісваюць нас і наш неспакойны час.

Цікавы гэта дзень, амаль што свята Шродынгера. Хочацца запісаць яго не столькі ў сутнасці, колькі ў сімвалы. Але потым успамінаеш, наколькі ён важны, рэальны, матэрыяльны для многіх тваіх сеткавых, а цяпер і «пажыццёвых» знаёмых. І што нават на ўласным прыкладзе не можаш назваць яго проста напамінам пра важнае.

Я сам, прызнацца, з «неверагодных». Тых, якія да 2020-га года не любілі Лукашэнку даволі пасіўна. У 2006-ым, будучы старшакласнікам, забег на Плошчу на паўгадзіны — пастаяць пад сцягамі з пачуццём незразумелага захаплення і ўсёпаглынальнага жаху. У 2010-м галасаваў у першы раз. Галасаваў за Раманчука, бо «разумныя ж рэчы кажа, здаецца». У 2015-ым нават не памятаю ўдзельнікаў працэсу, акрамя галоўнага злачынцы.

Але я памятаю, як вясной 2012-га мы з будучай жонкай выходзілі познім вечарам з пад’езда ў глухім спальніку Мінска, і тут з аранжавай ад ліхтароў цемры паўстала сагнутая ў натуральную літару «Г», але вельмі жвавая хтанічная бабуля з кульбакай і ў хустачцы. Праносячыся міма нас, яна ўзмахнула палачкай, нібы мячом, і праскрыпела: «Заўтра Дзень Волі, заўтра Дзень Волі!» Пасля чаго распусцілася ў цемры.‍

А Дзень Волі не распусціўся. У 2018-ым ля Опернага я ўспомніў і зразумеў той захапленне, што адчуў у 2006-ым. І стаяў пад велізарным БЧБ сцягам, што лунаў нада мой, і назіраў унутры сябе нейкія новыя і важныя пачуцці і думкі.

З Днём волі, спадарства!

Ну а далей ужо, як ва ўсіх, наступіў 2020-ы. З яго асцярожным аптымізмам летам, чэргамі на подпіс за незалежных кандыдатаў, арыштам Віктара, Эдуарда і Евы Бабарыкаў.

Далей былі захапленне ад жаночага трыа, мора людзей на плошчы Бангалор, знаёмыя твары ў натоўпе. Душэўны ўздым ад колькасці людзей з бранзалетамі на выбарчых участках, кучы бюлетэняў, складзеных матыльком-гармонікам.

З Днём волі, спадарства!

Далей цямней: успышкі і выбухі святлошумавых гранат, збіццё і катаванні.‍

Адрэналін, калі ўсё гэта бачыш на свае вочы. Стрыманы гнеў, калі ўначы 12 жніўня спантанна едзеш забіраць з Жодзіна хлопцаў з першай хвалі затрыманняў.‍

Захапленне валанцёрамі. У тэлеграме страшныя кадры збітых і тых, каго збіваюць.‍

Жанчыны ў белым.‍

Сэрца рвецца ад захаплення ад людскога мора на стэле: сцягі, барабаны, вада ад валанцёраў. Людзі, такія прыгожыя, іх твары поўныя спадзяванняў. Маршы па выходных: бясконцыя калоны, якія ідуць па праспектах, усё пульсуе надзеяй. Перакрылі цэнтр, ну і хрэн з вамі, мы гуляем.‍

Разгоны маршаў, зноў святлошумавыя ў адказ на спробу прайсці да Курапатаў. Страшныя кадры палявання на людзей на полі.‍

Спускаецца холад і цемра: спробы выйсці на раёне, машыны яшчэ гудуць, удаецца прайсціся па раёне.‍

Палітвязняў усё больш, надзеі ўсё менш.‍

Прайграў бутэльку каньяку, бо ставіў, што да Новага Года мы пераможам. Большасць маіх сяброў пакуль што ў Беларусі.

Так пачаўся, а потым і прайшоў 2021 год.

‍Неяк нават прыстасаваліся. Чалавек адаптыўнейшы за любога іншага звера. І, раптам, херакс, 24-га лютага. Нібы нейкі выбух, калі ад удару ўсё разлятаецца.

‍І гэтак жа сталі разлятацца ўсе, хто можа. Мы самі сабраліся за суткі. На пустой вячэрняй мяжы стаіць на святлафоры машына. Пад’язджаю ззаду, станаўлюся ў чаргу. Праз хвілін 10 святло ўсё яшчэ чырвонае, ніякага руху, таму вырашаю спытаць у кіроўцы, што ды як. Падыходжу да машыны, кіроўца апускае шкло, і аказваецца, што гэта мой няздзейснены заказчык: дамаўляліся, што прачытаю лекцыю яго супрацоўніцам да 8 сакавіка. «Мабыць, цяпер не прачытаю», — сумна смяемся мы. Запальваецца зялёнае святло, мы праязджаем на памежны кантроль.

Увесь навіновы парадак складаецца з трох тэм па змяншэнні размаху:

  • ‍Вайна
  • ‍Санкцыі
  • ‍Дапамога ўкраінцам

Украіна захапляе, бедствы вайны рвуць сэрца.

У 2014-ым на Майдане нарадзіўся вобраз кроплі ў акіяне. «Я кропля ў акіяне». Я неад’емная частка вялікага цэлага. Беларусы здаюцца мне насеннем у суровай мазольнай руцэ сейбіта па імені Гісторыя. Цыклапічная рука робіць узмах і веер, залацістая хваля разлятаецца вакол, так далёка, наколькі хапае замаху.

‍У 2020-ым у маім тэлеграме штодня з’яўляліся россыпы паведамленняў тыпу «Кантакт, які ў вас запісаны з імем па бацьку, дадаўся ў ТГ». Лічбавізацыя старэйшага пакалення і афіцыйных кантактаў неверагоднага маштабу.

Зараз у лідарах іншы тып паведамленняў: «Абанент прозвішча, імя змяніў нумар тэлефона на іншы з прэфіксам +370, +48, +49, +995, +374…» Уставіць патрэбнае, карацей.

Тут можна было б звярнуцца да класікі і ўспомніць пра

«…Хоць зернейкі засохшымі былі,
Усё ж такі жыцьцёвая іх сіла
Збудзілася і буйна ўскаласіла
Парой вясеньняй збожжа на ральлі»

Але я не гатовы параўнаць нас, беларусаў, з пшаніцай ці жытам.

А вось грэчка мне здаецца выдатным варыянтам. Самі глядзіце, прыводжу частку апісання з тэматычнага артыкула:

«Грэчка ўяўляе сабой каштоўную крупяную культуру. Пры вырошчванні яна не патрабуе адмысловага догляду. Гэтая расліна здольная даваць багатыя ўраджаі без падкормак і не патрабуе частых праполак, бо пустазелле побач з гэтай культурай расце слаба. Каранёвая сістэма ў гэтай культуры стрыжневая. Развіваецца яна слаба».

З Днём волі, спадарства!

(Ідэальныя эмігранты, працавітыя і мірныя, як трапна жартаваў экстрэміст Камісаранка: вы чулі пра беларускую мафію за мяжой?)

«У маладых экзэмпляраў ён афарбаваны ў зялёны колер, у спелых — у чырванавата-зялёны».

(Вось на чырванаватым-зеленаватым колеры ў спелых экзэмпляраў я рагатнуў у голас!)

«Цвіценне гэтай разнавіднасці надыходзіць у чэрвені-ліпені. Кветкі пафарбаваныя ў белы або ружовы колер. Плады выспяваюць у жніўні-верасні».

(Вось што мы назіралі ў 20-ым годзе — цыкл развіцця нас, нацыі грэчкі!)

З Днём волі, спадарства! fermer.blog

І вось цяпер мы саспелі. Былі сабраныя і пасеяныя рукой, якая не можа быць апісаная ў катэгорыях дабра ці зла. Прапаную надзяліць сейбіта, як мінімум, адной якасцю — чаканнем ураджаю.‍

Таму што амаль у кожнага, хто з’ехаў, засталіся мэты і мары ў Беларусі. У кожнага, хто застаўся, былі і застаюцца мэты і мары ў Беларусі.‍

Мне, напрыклад, яшчэ рабіць музей дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Мінску.‍

Калі гэта адбудзецца? Я не ведаю. Але вельмі гэтага хачу.‍

Мой любімы Бродскі (даруем яму, дурню, брыдоты пра Украіну) пісаў:

«Ты, сеятель, храни свою соху,‍
а мы решим, когда нам колоситься»

Дзень Волі — выдатны сімвал. У маім выпадку ён ператварыўся з даты ў нешта суб’ектыўна значнае. І гэтаксама з дня, важнага для часткі грамадства, ён стане рэальнасцю для новай краіны.‍

Так што,‍
З Днём Волі!

Меркаванне аўтара не заўжды тоеснае меркаванню рэдакцыі.

З Днём волі, спадарства!