Размовы

Што пісаць палітвязням: гісторыі ліставанняў

Малюнкі Dara T

Што пісаць палітвязням: гісторыі ліставанняў

Чым можна дапамагчы зняволеным? Паслаць паштоўку на свята, перавесці пару рублёў на турэмны рахунак, прапанаваць дапамогу сям’і. Ліставанне ў гэтым сціплым спісе — самы відавочны спосаб праявіць салідарнасць. Але на шляху да адрасата шмат перашкодаў — ад уласных сумневаў, комплексаў ды страхаў да цэнзараў, якія забракоўваюць асобныя фразы і цэлыя лісты. Sojka пагаварыла з людзьмі, якія вядуць рэгулярную перапіску, не зважаючы на абставіны. З чаго пачаць і як не здавацца — распавядаюць беларусы.

«Я ПРОСТА СТВАРАЮ ХВАЛЮ НЕАБЫЯКАВАСЦІ»

Гісторыя ад Веры

Увосень 2020-га я адчула, што мне трэба нешта рабіць, каб не звар’яцець ад таго, што адбываецца ў краіне. Даволі хутка прыйшла да высновы, што найлепшае, на што я здольная, — пісаць лісты. Гэта хутка стала маім паратункам і штодзённай справай.

Спачатку было няёмка пісаць незнаёмым людзям, асабліва мужчынам. Але на той момант дзяўчат і жанчын за кратамі было яшчэ мала, і я зразумела, што трэба вучыцца пісаць усім. Прыкладна праз месяц я ўжо даволі лёгка магла напісаць любому чалавеку.

Першы адказ прыйшоў прыкладна праз два тыдні, гэта быў невялічкі ліст ад Ігара Лосіка. Ён пісаў пра сваю маленькую дачку. Я плакала. З Ігарам у нас у выніку атрымалася рэгулярнае ліставанне, праўда, я адчувала, што карэспандэнтаў у яго шмат, і ён хоць і імкнецца адказваць усім, але не заўсёды мае на гэта рэсурс.

Я заўсёды пачынала з таго, што крыху расказвала пра сябе і пра тое, што мне важна штосьці рабіць і хоць неяк падтрымліваць тых, хто за кратамі, таму я пішу лісты. Часта мяне натхнялі развагі майго 5-гадовага на той момант сына. Часам гэта было весела, часам кранальна і натхняльна. Памятаю, што пісала пра тое, як сын, пабачыўшы прыгожы захад сонца, сказаў: «Мама, глядзі, неба — белае і чырвонае! Нават неба за нас! Яны не могуць разагнаць неба!» А неяк дзяліўся думкамі пра тое, што «людзі, якія нас б’юць, проста не ведаюць, што робяць, не разумеюць. Яны глядзяць у іншы бок, а іхныя рукі робяць кепскае. Яны хочуць, каб іх паважалі. Яны помсцяць беларусам, бо хочуць, каб мы іх любілі і паважалі. Яны нам кажуць: чаго вам трэба, вось вам кавалак краіны, жывіце. А мы так не хочам. Мы хочам свабоды, мама». Я гэта ўсё занатоўвала і дасылала. Не ведаю, ці шмат з гэтага ў выніку дайшло да адрасатаў, але, мяркую, цэнзарам таксама было карысна пачытаць.

Дарэчы, цэнзары. Мне спачатку было шкада, што вось я пішу, выбіраю прыгожыя паштоўкі, купляю маркі і канверты, а хтосьці проста возьме і выкіне іх у сметніцу. Але паступова стаўленне змянілася. Я вырашыла, што проста ствараю хвалю неабыякавасці. Бо акрамя вязняў і цэнзараў ёсць яшчэ супрацоўнікі пошты, якія прадаюць мне канверты і маркі, паштальёны, якія прыносяць адказы, людзі, якім я расказваю пра свой досвед ліставання, — гэта і для іх таксама.

Спачатку было няёмка пісаць незнаёмым людзям, асабліва мужчынам. Але на той момант дзяўчат і жанчын за кратамі было яшчэ мала, і я зразумела, што трэба вучыцца пісаць усім. Прыкладна праз месяц я ўжо даволі лёгка магла напісаць любому чалавеку

Бліжэй да Калядаў стала прасцей: мы з сынам намалявалі шмат паштовак на прыгожай паперы і я проста віншавала ўсіх са святамі. Памятаю, што ўдалося даслаць каля 70 віншаванняў.

Узімку і ўвесну мне самой стала псіхалагічна цяжэй. Я падтрымлівала некалькі рэгулярных ліставанняў: напрыклад, з Марыяй Несцеравай (з ёй мы дагэтуль трымаем сувязь), са Змітром Фурманавым (Зміцер — гэта ўвогуле не чалавек, а цуд: я звычайна і чытала ягоныя лісты, і пісала яму з усмешкай) і Змітром Казловым, адным са студэнтаў — Ягорам Канецкім… Было яшчэ 3-4 чалавекі, да каго рэгулярна даходзілі мае лісты.

Пісаць новым людзям зноўку стала складана, і тады я прыдумала выйсце: пачала віншаваць з днём народзінаў. Прыгожая паштоўка, цёплыя словы, урывак ці невялічкі верш — і можна дасылаць. Звычайна нават паштоўкі я дасылала ў канвертах і дадавала чыстыя аркушы і канверт, альбо чыстую паштоўку з маркай. Каб у чалавека была магчымасць ці адказаць мне, ці камусьці іншаму.

Весці статыстыку я пачала амаль адразу. Спачатку проста запісвала ў нататнік, але там было нязручна правяраць, каму і калі я даслала ліст. Зрабіла табліцу ў эксэлі: на адным аркушы тыя, каму дасылаю (дата, ліст ці паштоўка, звычайны канверт ці першы клас (і код), сцісла — пра што), на другім — адказы. Стала прасцей адсочваць рэгулярнасць адказаў і не забываць, каму і што пісала.

Заўсёды пісала ад рукі. Спачатку ў суполках для тых, хто піша вязням, лічылася, што такія лісты маюць больш шансаў трапіць у рукі адрасату. Пасля быццам і друкаваныя лісты сталі даходзіць прыкладна з той жа імавернасцю, што і рукапісныя, але для мяне ў апошніх больш душы і больш мяне самой. Мне гэта важна.

Пісаць новым людзям зноўку стала складана, і тады я прыдумала выйсце: пачала віншаваць з днём народзінаў. Прыгожая паштоўка, цёплыя словы, урывак ці невялічкі верш — і можна дасылаць

Адным з тых, каго я павіншавала на Каляды, быў Вітольд Ашурак. І ў адказ на маю паштоўку ён даслаў ліст — вельмі бадзёры і патрыятычна-натхнёны. Але на мой другі ліст адказа ўжо не было, і больш я яму так і не напісала. У дзень, калі стала вядома пра смерць Вітольда, я вырашыла знайсці гэты ліст і перачытаць. Нейкім дзіўным чынам ён аказаўся на самым версе ў скрынцы, дзе я захоўвала адказы ад вязняў.

Цяпер, праз сямейныя абставіны, пішу не так шмат, як раней, але падтрымліваю некалькі ліставанняў: калі доўга няма адказу, пішу новы ліст ці дасылаю паштоўку. Звычайна сувязь аднаўляецца. Але цяпер шмат хто з маіх карэспандэнтаў ужо не ў СІЗА, а ў калоніях, і часу на лісты ў іх значна меней. Напрыклад, мы дагэтуль на сувязі з Марыяй Несцеравай, і яна мне ўжо блізкі чалавек. Яна па ўзросце блізкая да маёй мамы, то можна сказаць, што ў мяне цяпер ёсць яшчэ адна любімая цётачка. Марыя цудоўна малюе і дасылае майму сыну самаробныя паштоўкі і розныя папяровыя цацкі. А яшчэ Марыя адказвае мне па-беларуску, і ейная беларуская за год стала проста шыкоўная. Увогуле, многія з тых, каму я пісала, адказвалі па-беларуску. Пісалі, што рэдка карыстаюцца беларускай мовай, але ім вельмі хочацца адказаць мне менавіта на ёй.

У пэўны момант у мяне скончыліся запасы паштовак (доўгія гады я прывозіла паштоўкі з падарожжаў) і тыя, што можна было знайсці ў кнігарнях, я ўжо таксама дасылала па некалькі разоў. Тады я напісала ў фэйсбуку, што калі хтосьці хацеў бы падзяліцца запасамі паштовак ці сам не мае рэсурсу пісаць шмат, то я гатовая зрабіць гэта за іх 🙂 У выніку сябры і нават незнаёмыя людзі сталі дзяліцца прыгожымі паштоўкамі, некаторыя нават дасылалі іх з іншых гарадоў і нават краін.

«ТАКАЯ ВОСЬ ШКОЛА»

Гісторыя ад Аляксандра

Пішу не так часта, бо ёсць нейкія блокі альбо, магчыма, сам часам не ў найлепшай псіхалагічнай форме, каб пісаць. Пішу толькі аднаму чалавеку, з якім дзесяць год знаёмы і маю купу агульных гісторый і інтарэсаў. Таму ў нейкай ступені і прасцей, бо заўжды знаходзіцца што сказаць і што ўспомніць.

Па першым часе пісаў ад рукі і па-беларуску, і лісты, і паштоўкі, але выявілася, што яны не даходзяць альбо вельмі кепска даходзяць. Значна больш эфектыўнай стала перапіска праз анлайн-сервісы. З’явіліся адказы, з якіх станавілася ясна, што мой ліст прачытаны. Стаў пісаць анлайн і на рускай мове, бо былі гутаркі, нібы цэнзары проста ў сметніцу адпраўляюць лісты ад рукі, і па-руску ім дабрацца да адрасата больш шанцаў. Усё гэта, канечне, абсурд і ідыятызм, з другога боку — калі хоць нейкая ёсць большая імавернасць дастаўкі, то хочацца ёю скарыстацца.

Расказваю пра справы на волі, пра горад, у якім мы абодва жывем, але ён не можа яго паглядзець. Горад змяняецца, штосьці адбываецца — пра гэта можна паведамляць, я думаю, без асаблівай рызыкі

Улік сваіх лістоў я не вяду. Ведаю, што чалавек іх атрымлівае, і тое добра. А як штосьці згубіцца, нічога страшнага. Не выключана, што яно недзе ў іншых руках акумулюецца і некалі стане даступным. Пішу пра прыватныя справы, непалітычна, стараюся без асаблівых казуістычных эзопавых моваў, бо яны, па вялікім рахунку, дарослым людзям ні да чога. Расказваю пра справы на волі, пра горад, у якім мы абодва жывем, але ён не можа яго паглядзець. Горад змяняецца, штосьці адбываецца — пра гэта можна паведамляць, я думаю, без асаблівай рызыкі. Навіны свету і краіны туды праз скажона-сапсаваны тэлевізар і так дойдуць, а канкрэтыкі не стае. Таксама часам успамінаю былыя размовы альбо агульныя справы і задумкі, тое, што нас лучыць.

Наконт настрою — тут як карта ляжа. Імкнуся пісаць больш-менш у добрым настроі, не тое каб бадзёрым і вясёленькім, але каб не было ўжо зусім дэпрэсіўна. Там гэта непатрэбна, думаю. Хаця нічога чалавечае не чужое. Можа, калі хтосьці напіша сумны ліст, выкажа няпростую эмоцыю, адрасату таксама гэта будзе важна атрымаць і раздзяліць яе. Але я стараюся ў больш-менш гарманічным ключы. Тое самае робіць і адрасат, дарэчы. Скразіць у лістах, канечне, і скруха, і часам безнадзейнасць, прынамсі выразнае шкадаванне, што так адбылося. Але ў той жа час — і вера, што ўсё будзе добра. Годнасць. Трываласць. Нават калі атрымаецца так, што калі-небудзь памяняемся месцамі, у мяне будзе памятны арыентыр, як сябе паводзіць у такой сітуацыі. Такая вось школа.

Што пісаць палітвязням: гісторыі ліставанняў

«АМАЛЬ З КОЖНЫМ І КОЖНАЙ МЫ АБМЯРКОЎВАЕМ КНІГІ»

Гісторыя ад Юлі

Першыя свае лісты я напісала недзе з год таму. Я выбрала адрасатамі знаёмых людзей — Максіма Знака і Вольгу Калацкую, але пачынаць пісаць усё адно было страшна. Я не памятаю, што было ў тых лістах, але яны не дайшлі. Пазней, у сакавіку, я ўзялася пісаць больш мэтанакіравана: завяла табліцу, дзе пачала рэгістраваць дату ліста, адрасата, змесціва канверта, а таксама фатаграфавала ўсе лісты. (Я працягваю гэтак рабіць і цяпер).

Спачатку я дасылала з Аўстрыі паштоўкі з днём нараджэння або паштоўкі з вершамі імяніннікам або знаёмым. Па шчырасці, нават гэтыя кароткія пасланні даваліся мне з цяжкасцю. Вясной і летам мінулага года я пісала мноству незнаёмых людзей, дасылала дзясяткі лістоў і паштовак, але адказаў было вобмаль. Тым даражэйшымі яны рабіліся, калі прыляталі проста ў Грац, хоць я давала і беларускі адрас, на які можна пісаць.

Але паўгода назад мой уласны брат з жонкай трапілі за краты, і таму, натуральна, я пачала больш пісаць родным людзям. Ім не дайшло нічога з больш чым 20 папяровых лістоў і паштовак, якія я дасылала адсюль. Наша перапіска ўсталявалася толькі недзе з ліста 12-га, праз сэрвіс Письмо.бел. Акрамя брата і яго жонкі, я перапісваюся яшчэ з некалькімі знаёмымі і раней незнаёмымі мне людзьмі. Цікава, што папяровыя лісты даходзяць хутчэй у «амерыканку» ці ў калоніі. А на Валадарку, падаецца, можна прабіцца толькі праз Письмо.бел. І тое не заўжды. Некаторым сваім адрасатам я напісала па 7-8 лістоў, але адказу не атрымала ні разу. Відаць, далёка не ўсе атрымалі і мае навагоднія віншаванні праз гэты сэрвіс.

Я ўсё ж стараюся пісаць тым, каго асабіста ведаю або ведаю нешта пра іх. Таму што калі на віншавальную паштоўку адказвае незнаёмы чалавек, то, безумоўна, узнікае пытанне: а пра што ж пісаць далей? Я выбрала такі падыход: я коратка пішу пра сябе, і потым пра горад Грац, у якім жыву, пра іншыя гарады, дзе мы бываем, пра кнігі, якія чытаю. Калі пісаць праз анлайн-сэрвіс, то ёсць магчымасць далучыць нейкі даволі вялікі тэкст. Ды прыкладу, тым, хто на Валадарцы нядаўна, я дасылаю агромністы спіс кніг, а тым, хто ўжо даўнавата, капірую розныя цікавыя артыкулы па гісторыі, мастацтве, літаратуры, дасылаю фота, якія зрабіла ў Грацы і ці ў нейкіх вандроўках. Дасылаю таксама вершы, свае і чужыя. Папяровыя лісты фатаграфую, каб не забыцца, пра што пісала, а электронныя захоўваюцца ў маім акаўнце аўтаматычна.

Я выбрала такі падыход: я коратка пішу пра сябе, і потым пра горад Грац, у якім жыву, пра іншыя гарады, дзе мы бываем, пра кнігі, якія чытаю

Адказы на лісты бываюць розныя, але збольшага мае адрасаты трымаюцца бадзёра. Амаль з кожным і кожнай мы абмяркоўваем кнігі. У СІЗА ўсе палітвязні пачынаюць многа чытаць, нашмат больш, чым на волі. Бібліятэка, прынамсі на Валадарцы, зусім някепская, там больш за тысячу кніг. Шмат мастацкай класікі па-руску, па-беларуску, па-ангельску і па-нямецку, ёсць падручнікі па замежных мовах і праграмаванні. У спісе — нават Мішэль Фуко, якога ў мінскіх кнігарнях я не бачыла, яго «История безумия в классическую эпоху».

У лістах вязні таксама расказваюць пра тое, ці бывалі яны ў тых месцах, пра якія я пішу, і калі не, то дзе бывалі. Ці часта хадзілі ў оперу, калі я расказваю пра свой нядаўні оперны досвед, ці хацелі б з’есці на Новы год «шубу», як гэта было на нядаўнія святы ў нас.

Блізкія людзі пішуць пра сваё штодзённыя заняткі, пра тое, як сумуюць па сям’і. Аднойчы брат даслаў апавяданне пра ката, які таксама чакае іх на волі. Я надрукавала аповед і пераслала ягонай жонцы. І хоць перапіска паміж зняволенымі сужэнцамі забароненая, прынамсі такім чынам ім удаецца падтрымліваць сувязь між сабой. Аповед пра іх сямейнага любімца дайшоў.

Я не магу сказаць, што мне лёгка пісаць лісты, хоць, падаецца, пісаць — гэта тая сфера, у якой я працую і тое, чым я жыву. Наадварот, на кожны ліст у мяне можа сыходзіць некалькі гадзін. Але я ведаю, што палітвязні моцна чакаюць нашы лісты — гэта сувязь з роднымі і блізкімі (па духу), гэта сувязь з жыццём, якое ў іх некалі было (і будзе), гэта сувязь з імі самімі.

«НЕ ХАВАЦЦА ХОЦЬ У ЛІСТАХ — МОЙ МІНІМАЛЬНЫ ЎЗРОВЕНЬ САМАПАВАГІ»

Гісторыя ад Наталлі

Мне было цяжка пачаць ліставанне, наогул здавалася, што ўсё гэта вялікая недарэчнасць, і хутка ўсе выйдуць на волю.

Пісаць пачала ў лістападзе 2020 года, калі выпадкова раскрыла ліст, што прыйшоў мужу: ён якраз быў у той турме, адкуль яму даслалі ліст, а я чамусьці вырашыла, што гэта мне. Але раз ужо распакавала, то вырашыла адказаць, і так завязалася адзіная сталая перапіска, якая цягнецца і дагэтуль. У першым лісце напісала крыху пра сябе, пра сваю працу; сказала, што захапляюся сілай духу чалавека, здольнага ў турме перачытваць творы Быкава; расказала, што чытала апошнім часам, што цікавага было; выказала надзею, што хутка ён зможа абняць дачку і жонку. Наогул, першы ліст быў вельмі доўгі, падзелены на раздзелы зорачкамі.

У першых лістах я расказваю пра сябе, пра тое, чым цікаўлюся. Калі ведаю, што чалавек шмат вандраваў па Беларусі, — пішу пра тое, дзе я сама нядаўна была; калі чалавек любіць чытаць — пра кнігі, што рыхтую або чытаю; пра новыя фільмы; нейкія смешныя выпадкі з дзецьмі; цікавыя сустрэчы. Потым ужо прасцей, бо завязваецца дыялог

Фактычна, бар’ер быў пераадолены. І я вырашыла напісаць іншым. Выбірала, каму пісаць, як правіла на сайце dissident.by. І працягвала ліставацца з маім першым сябрам па перапісцы. Потым падпісала каля 20 навагодніх паштовак, дзе таксама крыху распавядала пра сябе і прапаноўвала пісаць мне. Звычайна я дасылаю ліст у вялікім канверце першага класу. Туды кладу некалькі чыстых канвертаў, чыстую паперу, налепкі, некалькі чыстых паштовак (стараюся набываць у музеях з творамі мастацтва, гарадамі, даслала ўсе свае запасы паштовак з вандровак: В. Бабарыку дайшла паштоўка з Евай), часта — раздрукаваныя размалёўкі-антыстрэс, раздрукаваныя вершы або элементарныя практыкаванні па медытацыі, ёзе. І папярэдне ўсё пырскаю духамі. Калі ліст да свята (Новы год, дзень нараджэння і г.д.), то гэта можа быць падпісаная паштоўка з віншаваннямі, а ў дадатак — ліст.

У першых лістах я расказваю пра сябе, пра тое, чым цікаўлюся. Калі ведаю, што чалавек шмат вандраваў па Беларусі, — пішу пра тое, дзе я сама нядаўна была; калі чалавек любіць чытаць — пра кнігі, што рыхтую або чытаю; пра новыя фільмы; нейкія смешныя выпадкі з дзецьмі; цікавыя сустрэчы. Потым ужо прасцей, бо завязваецца дыялог. Раілі пісаць проста пра тое, што адбываецца на вуліцы, пра цікавыя падзеі. Я часам так і рабіла і часам гэта сапраўды было цікава адрасатам.

Лісты пішу і ад рукі, і друкаваныя. Калі ведаю, што камусьці дакладна аддаюць друкаванае, то стараюся друкаваць. Таксама магу друкаваць, каб паскорыць працэс. Напрыклад, вясной напісала многім пра бабра на вуліцы і асацыяцыі з «Хронікамі Нарніі», і мяне некалькі чалавек папрасілі падрабязней расказаць пра кнігу. Ці хачу расказаць пра фільм і ўстаўляю абзацы ў розныя лісты. Але ўсё роўна цалкам аднолькавыя лісты не дасылаю розным людзям і падпісваюся заўсёды рукой, каб заставалася нешта жывое.

Улік лістоў я не вяду. Спачатку збіралася, але не зрабіла. У мяне ёсць фізічныя пластыкавыя папкі з атрыманымі адказамі, асобная — з тымі, на якія трэба адказаць. І папкі і файлы з чыстымі канвертамі і паштоўкамі. Атрымліваю ліст — пішу адказ. Іх не так шмат, каб забыцца. Калі маю сілы і час — пішу новым людзям. Як выбіраю? Суб’ектыўна. Іх так шмат, што хоць камусьці напісаць — ужо добра. Заўсёды фатаграфую лісты, каб не пісаць паўторна тое самае і не даслаць тыя ж паштоўкі і г. д. Захоўваю ў спецыяльнай папцы на дыску. Магчыма, гэта і ёсць спіс.

Заўсёды пішу свой сапраўдны адрас. Часам страшна, як, напрыклад, калі даслала паштоўку В. Бабарыку пасля прысуду. Я разумею, што даўно ёсць спісы тых, хто піша і тым больш дасылае нейкія пасылкі. Але вырашыла, што не хавацца хоць у лістах — мой мінімальны ўзровень самапавагі.

Ёсць рэчы, якія, безумоўна, засмучаюць:

Хлопчык-студэнт, якому перадавала кнігі і ласункі ў СІЗА, ніколі не адказваў. Зараз ён у калоніі. Ягоная маці сказала, што ён зусім не атрымлівае лістоў, нават ад сястры. Але я ўсё роўна час ад часу дасылаю яму паштоўкі. Ёсць недасланы ліст да Вітольда Ашурка. Я раніцай хацела занесці на пошту, але не паспела.

Дзяўчынка-студэнтка, якая ў чэрвені напісала, што адзіны даступны ёй цяпер водар кветак — водар шампуню. А кветак і травы яна не бачыць.

Жанчыны, якія маюць маленькіх дзетак. Дзяўчаты-валанцёры, якія пішуць, як іх адарвалі ад дзетак і пасадзілі на Валадарку. Тата траіх дзяцей з абласнога цэнтру, які не ведае, ці хапае ім на жыццё. Гэта вельмі цяжкія лісты, настрой — адпаведны. Цяжка падбадзёрваць людзей у такой сітуацыі, гэта было б фальшыва. Я пішу, што падзяляю іх боль наколькі магчыма.Мне было цяжка пачаць ліставанне, наогул здавалася, што ўсё гэта вялікая недарэчнасць, і хутка ўсе выйдуць на волю.

Пісаць пачала ў лістападзе 2020 года, калі выпадкова раскрыла ліст, што прыйшоў мужу: ён якраз быў у той турме, адкуль яму даслалі ліст, а я чамусьці вырашыла, што гэта мне. Але раз ужо распакавала, то вырашыла адказаць, і так завязалася адзіная сталая перапіска, якая цягнецца і дагэтуль. У першым лісце напісала крыху пра сябе, пра сваю працу; сказала, што захапляюся сілай духу чалавека, здольнага ў турме перачытваць творы Быкава; расказала, што чытала апошнім часам, што цікавага было; выказала надзею, што хутка ён зможа абняць дачку і жонку. Наогул, першы ліст быў вельмі доўгі, падзелены на раздзелы зорачкамі.

Заўсёды пішу свой сапраўдны адрас. Часам страшна, як, напрыклад, калі даслала паштоўку В. Бабарыку пасля прысуду. Я разумею, што даўно ёсць спісы тых, хто піша і тым больш дасылае нейкія пасылкі. Але вырашыла, што не хавацца хоць у лістах — мой мінімальны ўзровень самапавагі

Ёсць людзі вельмі моцныя, як Віктар Бабарыка ці звычайная жанчына з гарадзенскай турмы. Ёсць тыя, хто сумуе ці часам упадае ў адчай. Ёсць тыя, хто выказвае свой боль. Я не пішу празмерна мажорных лістоў, нечага кшталту «Вы герой». Але і стараюся не выплёскваць свой адчай. Калі зусім дрэнны настрой, не пішу наогул або спачатку раблю запіс у дзённік, выліваю туды цяжкія эмоцыі. А наогул усіх цяпер прашу проста берагчы сябе і верыць. Бо ліхія часы ўсё ж скончацца, а пакуль мы мусім сябе зберагчы.

Чаму я ўвогуле пішу? Банальна, але з пачуцця салідарнасці з тымі, каму цяпер цяжэй. Хочацца неяк падзяліць іхні боль. Не заўсёды хапае сілаў, і, мусіць, патрэбна супервізія. Нейкай палёгкі, ачысткі сумлення зусім не адчуваю: гэтыя лісты — занадта дробная кропля.

Што пісаць палітвязням: гісторыі ліставанняў

«ВЯЗНІ ЧАСТА ПІШУЦЬ БАДЗЁРА І ПАДТРЫМЛІВАЮЦЬ МЯНЕ БОЛЕЙ, ЧЫМ Я ІХ»

Гісторыя ад Алесі

Я пачала пісаць палітвязням з лістапада 2020 года, калі пратэстная актыўнасць на вуліцах жорстка падаўлялася, а выхаду патрабавала. То бок першапачаткова я стала гэта рабіць для сябе — гэта была мая тэрапія, спроба заглушыць пачуццё віны ад таго, што я на волі, а яны ў няволі. Яшчэ я ставіла сябе на месца вязняў і адчувала, што мне было б важна ведаць, што пра мяне не забылі. І яшчэ я ярка выражаны экстраверт, дужа паддаюся таму, што вакол мяне. Калі вакол мяне творчыя і прыгожыя беларусы, я сама станаўлюся творчай і прыгожай. А калі вакол цябе шэрыя сцены ў цвілі, што будзе ў душы?

З гэтымі думкамі я стала пісаць. Каб абмінаць вострыя тэмы, але ўсё ж даносіць дух часу і сэнс таго, што адбываецца вакол, я стала пісаць пра культурныя падзеі: пра з’яўленне «беларускага Дудзя» і яго канал «Жизнь-малина», пра выхад кнігі «Нерасстраляныя» і тое, што ўвесь яе наклад раскупілі за пару дзён, хаця кніга каштавала 70 рублёў, пра спектакль у РТБД пра Скарыну і слёзы на вачах гледачоў, калі маскоўцы палілі ягоныя кнігі, пра пастаноўку ў філармоніі містэрыі «Сёстры из рая» і верш Светы Бень, які падтрымаў мінімум трох палітвязняў.

Часам і нават часта я друкую не персанальныя лісты, а проста ліст са сваімі думкамі, уражаннямі, навінамі, і адпраўляю яго па розных турмах і калоніях Беларусі. Гэты лайфхак я вынайшла праз 3-4 месяцы напісання індывідуальных лістоў ад рукі: у мяне было 10 адказаў на 100 адпраўленых, а колькасць вязняў расла кожны дзень. Тады я вырашыла аптымізаваць працэсы: перастала ў кожны ліст устаўляць свой малюнак, анкету, закладку, наклейкі і ўсякія нішцякі, а спынілася на наборы мінімум: друкаваны ліст, пустая паштоўка з маркай, пусты аркуш і канверцік для адказу. І ў мяне атрымалася ўсё як у падручніках: 20% высілкаў сталі прыносіць 80% плёну, а 80% высілкаў даганялі рэшту з 20%. Вядома, я не дабілася 100% адказаў на мае лісты, але такая масавая рассылка ўсляпую дала мне нейкую колькасць адказаў — і з гэтымі людзьмі замацавалася сталая перапіска.

Канечне, на адрасаваныя мне лісты я ўжо адказваю персанальна. Пачынаю з індывідуальных лістоў (іх бывае 0-3 на тыдзень), а потым яшчэ 10-15 дасылаю тым, ад каго даўно не было адказу, ці людзям, якія нядаўна трапілі ў следчы ізалятар. Па правілу емэйл-рассылак ніколі не шлю ўсе 10-15 лістоў у адно месца, бо калі яны лягуць на стол аднаму цэнзуру, то ў іх няма шанцаў. Дый не хацелася б, каб аднолькавы ліст трапіў вязням з адной камеры.

Часам і нават часта я друкую не персанальныя лісты, а проста ліст са сваімі думкамі, уражаннямі, навінамі, і адпраўляю яго па розных турмах і калоніях Беларусі. Гэты лайфхак я вынайшла праз 3-4 месяцы напісання індывідуальных лістоў ад рукі: у мяне было 10 адказаў на 100 адпраўленых, а колькасць вязняў расла кожны дзень

Заўжды праглядаю суполкі «Письма солидарности» ў фэйсбуку і «Обсуждаем письма в клеточку» ў Тэлеграме. Калі там пішуць, што некаму асабліва патрэбная падтрымка, уключаю іх у спіс сваёй «рассылкі». Арыентуюся на статыстыку адпраўленых лістоў вязням на «Дысідэнце» — пішу найменш вядомым людзям, якія не прызнаныя афіцыйна палітвязнямі, бо яны найбольш абдзеленыя ўвагай.

Я марыла атрымаць адказы ад Марыі Калеснікавай і Максіма Знака — пакуль мара спраўдзілася толькі на палову: Марыі я працягваю пісаць, а якая ж я была шчаслівая, калі атрымала першы ліст ад Максіма Знака! Цяпер у мяне больш-менш сталая перапіска з Віктарам Бабарыкам, Аляксандрам Васілевічам, Максімам Знакам, Міяй Міткевіч, Галінай Дзербыш. Раней амаль усе мае лісты даходзілі да Вольгі Маёравай, але ўжо некалькі месяцаў у мяне няма вестачкі ад яе. З пераводам у калоніі шмат з кім страчваецца сувязь, але гэта яшчэ і таму, што там у вязняў значна менш часу на перапіску. У студзені сяброўка атрымала ліст ад Алега Краўцова — адказ на жнівеньскі ліст! У яго там яшчэ 70 лістоў у чарзе!

Раней я вяла падрабязную статыстыку, каму колькі лістоў напісала, фоткала кожны ліст і паштоўку, падлічвала адказы, але цяпер часам забываюся гэта рабіць. Калі я адчуваю, што мне ў лісце вязень напісаў нешта важнае, я дзялюся яго лістом у суполках. Напрыклад, Вітольд Ашурак пісаў, як несправядліва мы не лічым палітвязнямі людзей, якіх за ўдзел у фінансаванні пратэсту пазбавілі бізнэсу і кінулі за краты па эканамічных артыкулах — і такія людзі сядзяць у засценках, усімі забытыя, без падтрымкі і веры ў лепшае. Ці Галіна Дзербыш пісала, як ёй адмовілі, калі яна патрабавала пазбавіць яе беларускага грамадзянства, раз ёй не даюць карыстацца правамі кожнага грамадзяніна на свабоду волевыяўлення, думак, мірных сходаў і г.д.

За ўвесь час я не атрымала ніводнага негатыўнага ці песімістычнага ліста. Наадварот, вязні часта пішуць бадзёра і падтрымліваюць мяне болей, чым я іх. Толькі пару разоў мяне папрасілі больш не пісаць

За ўвесь час я не атрымала ніводнага негатыўнага ці песімістычнага ліста. Наадварот, вязні часта пішуць бадзёра і падтрымліваюць мяне болей, чым я іх. Толькі пару разоў мяне папрасілі больш не пісаць. Першы раз гэта быў Андрэй Караленя, якога адным з першых асудзілі па крымінальным артыкуле за велапрабег, які быў яшчэ да выбараў. Потым яшчэ Ягор Сугойдзь рэкамендаваў не пісаць, а то ў хуткім часе і мне можа спатрэбіцца права на перапіску. І нядаўна Віктар Бабарыка папрасіў «выключыць яго з рассылкі», але потым я ад яго атрымала яшчэ пару лістоў. Мяркую, прычыны такіх просьбаў могуць быць розныя: недахоп эмацыйных сіл перапісвацца з незнаёмцам, клопат пра лёс тых, хто на волі, недавер і сумненне ў шчырасці, недахоп часу, ціск з боку адміністрацыі і суседзяў па камеры.

Ну і падзялюся прыкладамі таго, пра што я пішу ў лістах.

«Я сёння падзялюся з Вамі сваімі ўражаннямі ад наведвання некалькіх мерапрыемстваў. Першае — гэта містэрыя. Пастаноўка, заснаваная на матэрыялах суду над Жаннай Д’Арк, з суду над студэнткай з «Белай ружы» — групы супраціву фашыстам у Нямеччыне. А яшчэ там было шмат сімфанічнай музыкі, цікавы візуальны шэраг і неверагодная Света Бень. І яе верш, які запаў у душу:

Свет не бывает этот и тот
Свет — это только свет
Из него не вылепишь пулемёт
Не вылепишь пистолет
А если свет затолкать в буфет
В коробочку или в тюрьму
В заточении свет
Источает свет
И выключает тьму

Света Бень напісала, што будзе шчаслівая, калі гэтыя словы некага падтрымаюць. Мяне яны ўжо падтрымалі, бо я жыву далей з надзеяй, што побач ёсць людзі, якія знаходзяць сілы і сэнс нешта ствараць. Я цаню іх творчую энергію за ўнёсак не толькі ў культурную спадчыну, але і ў нас саміх».

 

«Цяпер не так шмат дабра вакол. Мне здаецца, усё робіцца для таго, каб мы паверылі, што засталіся адны, што ніхто нас не выратуе, што мы сам-насам са злом. Але я ведаю, што адна дзяўчына напісала лісты ўсім вязням, больш за тысячу лістоў. Я ведаю, як гэта няпроста, а яна напісала. Ці вось нядаўна людзі збіралі і дасылалі камплекты тэрмабялізны тым, каму цяпер халодна. Ці людзі дасылаюць кветкі жонкам і мамам зняволеных на іх дзень народзінаў. У Дашы Лосік было 17 букетаў! Адна жанчына зладзіла дыстанцыйнае навучанне для зняволенай: шле ёй заданні па беларускай мове, а яна адказы. Мастачка ў падтрымку беларусаў, якія за сваю грамадзянскую пазіцыю апынулася ў зняволенні, ужо намалявала больш за дзвесце іх партрэтаў. Яшчэ я чула, што людзі арганізуюць гульню нешта накшталт таемнага Санты, толькі адрасы яны атрымліваюць не калег, а дзетак вязняў. Тое, што радуе перад Калядамі, гэта новыя дзіцячыя кнігі пра зіму і новы год, збольшага перакладзеныя на беларускую мову. Ёсць што падарыць дзеткам. Яшчэ я ўжо і не пералічу, колькі міжнародных прэмій атрымалі беларусы. Ведаю, што дакументальны фільм пра лета 2020 намінаваны на «Оскар», а сем беларускіх вязняў атрымалі прэмію Аляхновіча за творы, напісаныя ў няволі».

 

«А яшчэ раскажу пра выставу, на якой я была пару тыдняў таму. Яна пра вязанне як сродак заглыблення ў сябе. Аўтарка гэтай інсталяцыі апынулася падчас лакдаўну ў Латвіі і вывязвала на прутках свае страхі і стрэс ад замкнёнасці ў чатырох сценах. Але падчас вязання ў ёй прачнуліся даўно забытыя страхі, праз якія яна ў дзяцінстве і навучылася вязаць. У 1990-я у сям’і не было грошай на новыя рэчы, і яна заўсёды баялася, што ёй не стане чаго насіць, што ў школе засмяюць. Цяпер, за час каранціну, ёй давялося звязаць 13 швэдраў, 4 шапкі, 2 снуды і 1 паліто, каб вывязаць сваю дзіцячую траўму і перастаць баяцца не выжыць. І калі беларусы траўмаваныя чым заўгодна, толькі не каранцінам, то ўва мне другая, дзіцячая траўма аўтаркі выклікала больш водгуку, чым першая, якая паслужыла нагодай для інсталяцыі. А ўчора я дазналася, што выставу дачасна згарнулі без каментарыяў. А калі ў нас нешта адбываецца без каментарыяў, то напрошваецца толькі адна версія падзеяў… Камон, выстава пра вязанне на прутках!!! Сур’ёзна? Але назвы твораў мне запомніліся: “Жыццё пад замком”, “Падарожжа ніці замест палётаў”, “10 дзён ізаляцыі: паліцыя не патэлефанавала”, “1500 метраў трывогі падчас кароны”…»

 

«Перад святамі я адправіла 40 паштовак у самыя розныя мясціны Беларусі, і яны пачкам мне вярнуліся, так і не трапіўшы за краты, бо на паштоўках без адмысловай разметкі я напісала спачатку “Каму”, потым тэкст паслання, а потым падпісала “Ад каго”. Так мы даведаліся, што на пошце ўжо ўсё аўтаматызавана, і першы адрас — адпраўшчыка, а другі — адрасата. І ніяк іначай. Айці-краіна! А тым часам 1 студзеня выйшаў фільм “Вяртанне ў Хогвартс”, дзе сустрэліся акторы фільма пра Гары Потэра і ўзгадвалі, як здымалася эпапея і як яны сталелі разам з ёй. Вельмі кранальнае відэа. А тут я ехала дадому ў машыне — і мне Яндэкс.Музыка прапанавала песню “Сплін” (вясна 2020 года), якая называецца “Передайте это Гарри Поттеру, если вдруг его встретите”. Чулі? Я – упершыню, а яна таго вартая. (і далей тэкст)»

 

«Учора анлайнер завёў новы тг-канал, на якім будзе публікаваць больш навінаў па-беларуску. Мне ў рэкамендацыях у інстаграме з’яўляецца ўсё больш акаўнтаў, якія так ці іначай дапамагаюць лепш вывучаць гісторыю, мову ці культуру Беларусі. У мяне таксама ёсць ідэя завесці акаўнт “Памылкі ў беларускай мове” і публікаваць там найбольш частыя памылкі з прыкладамі і слушныя варыянты ўжывання тых ці іншых словаў. Але я пакуль сумняюся, бо памылкі — гэта ўсё ж фокус на негатыве. Ці не будзе гэта дужа дэпрэсіўна… Ва ўсякім разе, варта было б ужо назапашваць матэрыял.

ААА! І апошняя навіна! З’явілася вельмі простая, але вірусная гульня — цяпер па-беларуску. Трэба штодзень адгадваць адно слова з 5 літар — у вас 6 спробаў. Першае пішаш усляпую, шэрым падсвечвае літары, якіх няма ў загаданым слове, карычневым – якія ёсць, але не на гэтым месцы, а зялёным – ёсць і акурат на гэтым месцы. Можна так і адно адному загадваць, бо многім аднаго слова на дзень мала, і яны лезуць адгадваць словы на іншых мовах!

Памятайце, што мы не можам быць шчаслівыя, пакуль вы не на волі. Мы чакаем!»