Размовы

Дзеці-беларусы за мяжой

Прыватныя гісторыі

Дзеці-беларусы за мяжой

Мы паразмаўлялі з людзьмі, якія з розных прычын цягам мінулага года з’ехалі з Беларусі з дзецьмі. Яны расказалі, як адаптуюцца ў новых краінах дзеці рознага ўзросту і тэмпераменту, а таксама пра тое, як у гэтых умовах застаюцца беларусамі.

*Імёны некаторых нашых герояў змененыя.

Ілюстрацыі Дар’і Давыдзенкі

Поля (9 гадоў) у Літве

Мы пераехалі ў Вільню з дачкой-школьніцай. Дагэтуль яна вучылася ў беларускамоўнай гімназіі – гэта было для нас свядомым выбарам, таму і ў Вільні мы разглядалі толькі адну школу – беларускамоўную гімназію. Раз такая магчымасць тут ёсць, трэба ёй карыстацца. Я ведаю, што тут куды больш шырокі выбар рускамоўных ці міжнародных школ з ангельскай ці французскай мовай навучання, куды беларусы часта аддаюць сваіх дзяцей, але для мяне было вельмі важна максімальна аблегчыць дачцэ адаптацыю і захаваць мову ў актыўным ужытку.

Прызнацца, я вельмі баялася, што ёй будзе цяжка нагнаць дзетак па ангельскай і літоўскай, таму яшчэ ў Беларусі пару месяцаў Поля займалася з рэпетытарамі. Ад праграмы яна адстае, але ад аднакласнікаў – неістотна, таму я спадзяюся, што нагоніць хутка. Яшчэ я перажывала, што ёй будзе цяжка ўліцца ў новы калектыў, але так склалася, што ў клас прыйшлі адразу чатыры вучні з Беларусі, з якімі Поля адразу пасябравала. Плюс дзеці апошнія два гады былі на каранціне і не паспелі асабліва здружыцца. Аказалася, што ўсе страхі былі ў маёй галаве. Насамрэч, калі табе настаўнік кажа: «У цябе ўсё атрымаецца!» – а мне піша: «У Вас вельмі здольная дачушка!» – то хіба нешта можа не атрымацца?

Аказалася, што ўсе страхі былі ў маёй галаве

Я пакуль не шукаю працу ў Літве і спрабую больш часу праводзіць з дачкой, каб максімальна запоўніць пустэчу ад расстання з роднымі і сябрамі, а яшчэ з домам. Шмат часу мы займаем гурткамі, а яшчэ мы прывезлі сюды цэлы багажнік беларускіх кніг, плюс тут у бібліятэцы набралі літоўскіх – сумаваць няма калі.

Але зайграе якая-небудзь песня Вольскага ці Міхалка – і па шчацэ дачкі бяжыць сляза, бо дома ёй было так весела спяваць караоке з сябрамі! Ці бабуля дашле відэа, як любімы коцік бегае па нашым садзе – і сэрца агортвае туга. Яна так не сумуе па школе, як па доме.

Дзеці-беларусы за мяжой

Света (4 гады) і Дзіма (8 гадоў) у Польшчы

Да таго як мы пераехалі ў Польшчу, Дзіма паспеў два гады адхадзіць у беларускую гімназію, і гэта яму вельмі дапамагло хутка навучыцца разумець польскую на слых. Ён адрознівае беларускую, польскую, расейскую, робіць нейкія паралелі паміж лексічнымі канструкцыямі. Света пакуль акумулюе ўсё што вакол яе, адрознівае толькі польскую і «нашу» (можа быць як беларускай, так і расейскай), але калі рэзка пераключыцца на польскую, то і адказваць яна будзе па-польску. За кошт таго, што Дзіма два месяцы правёў у розных летніках, у яго было шмат моўнай практыкі і ў школу ён пайшоў больш-менш падрыхтаваным да жыцця. Света ходзіць у садок толькі месяц, і ў іх групе некалькі ўкраінцаў, таму размаўляе яна там па-расейску, але ўспрымае, што кажуць выхавацелькі па-польску. Мы запісаліся ў мясцовую бібліятэку – чытаем пра жывёл, космас, пра ўсё, што цікава.

За кошт кніг, у першую чаргу, у нас застаецца і беларуская мова. З дома мы перавезлі нашу калекцыю і ўжо дзелімся ёй з іншымі беларускімі сем’ямі – напрыклад, па Гары Потэра стаіць чарга. Глядзім ютуб – Маляваныча і «Гаварун». Калі вывучаем новыя польскія словы – я заўсёды перакладаю на беларускую і рускую. Ну і калі да нас завітваюць нашы беларускія сябры і родныя, то дзеці чуюць і натуральную, размоўную беларускую мову.

Аляксандра (21), Марыя (14), Серафіма (9) і Вера (3,5) ва Украіне

Мы пачалі паступова пераязджаць у Кіеў у студзені. Найстарэйшая дачка – выдатніца, навучалася ў Менску, удзельнічала ў пратэстах. На содні не трапіла, але была суаўтаркай аднаго з вірусных відэа. Гэта было пытанне часу, калі яе пачнуць ціснуць. Выкладчыкаў ужо пачалі звальняць. Яна з’ехала ў Варшаву па стыпендыі. А мы з мужам, трыма дзецьмі ды коцікам пераехалі ва Украіну.

Дзеці перажылі пераезд неспакойна. Спачатку, калі я пераехала ва Украіну з малодшай дачкой, ёй было цікава ляцець на самалёце, але ўжо праз тыдзень яна пачала казаць: хадзем дадому. Яна вельмі хацела да сястрычак. Пазней пераехалі іншыя дзеці. Серафімка пераняла перамены досыць добра, але ў новай школе было складана, бо яна досыць сціплая дзяўчынка. Марыі, якой 14, было вельмі цяжка, бо яна пакінула сяброў. Яна вельмі актыўная і сацыяльная. Мы вернікі, і яна да таго ж пакінула царкву. Было балюча таксама развітацца з музычнай школай. Першы месяц яна была ў вельмі дэпрэсіўным стане, не ўставала з ложка, спала па палове дня. Мы з мужам разумелі, што такое адбываецца не праз тое, што яна стомленая, а таму, што гэта такі стан, калі наогул не хочаш прачынацца і пачынаць новы дзень, не бачыш ніякай радасці ў жыцці.

Марыі было складана, яна казала, што не будзе тут заставацца. Пазней мы ўладкавалі яе ў школу, яна пакрысе раззнаёмілася, знайшла сяброў. Нам усім вельмі дапамагла дваровая пляцоўка для гульні ў валейбол. Дачка пачала хадзіць туды, знайшла аднагодкаў, там таксама гулялі ейныя новыя аднакласнікі. У гэтым асяродзі яе добра прынялі. Можна сказаць, што асяродзе яе выцягнула. Усё лета яна правяла на гэтай пляцоўцы.

У гэтым асяродзі яе добра прынялі

З асяродзем агулам праблем не было. Былі страхі праз тое, што ўсё цяжка, ці прымуць. З навучаннем былі праблемы, асабліва з разуменнем украінскай мовы. Старэйшай было прасцей, бо яна добра ведае беларускую, а мовы падобныя. Настаўнікі ў школе ставяцца з разуменнем, у тым ліку да памылак. Што тычыцца іншых прадметаў, матэматыкі, то яна нават фору дала іншым дзецям. Яна ўжо прыносіць 11-кі і па гісторыі Украіны, і па ўкраінскай літаратуры.

У школе Серафімы памянялася настаўніца, прыйшла новая, якая гаворыць толькі па-ўкраінску. Дачка вярталася дадому і скардзілася, што нічога не разумее. Дапамагла простая размова з настаўніцай, яна зразумела нашу сітуацыю і паабяцала дапамагаць дачцэ. Тут у малодшай школе не ставяць адзнак, што, на мой погляд, добрая справа, еўрапейскі тып адукацыі. Зараз яна ўжо не жаліцца.

Наймалодшая, Вера, пайшла ў дзіцячы садок, усё лета пытала, калі мы яе аддамо. Але праз пару тыдняў пасля садка яна папрасілася больш не хадзіць. Ёй было складана праз украінскую мову. Мы рускамоўныя, і нават калі па-беларуску з ёй пачынаю размаўляць, яна пытае, чаму я размаўляю на дзіўнай мове. Але ўжо прывыкла казаць «доброго ранку», «до побачення».

Нічога асаблівага, каб заставацца беларусамі, не робім. Малодшай стаўлю калыханку. Проста размаўляем пра ўсё, кажам, хто мы і што мы, абмяркоўваем падзеі. Бянтэжыць, што ўтвараецца такая моўная каша. Але гэта натуральны працэс.

Нічога асаблівага, каб заставацца беларусамі, не робім. Малодшай стаўлю калыханку

Каб захаваць мову, таксама пакуль нічога не рабілі ды і самі на ёй не размаўлялі, на жаль. Можа, нам трэба пра гэта задумацца. Бо калі, як не зараз.

Дзеці-беларусы за мяжой

Мацвей (6 гадоў) у Грузіі

Мы ў Грузіі з сярэдзіны жніўня. Занадта небяспечна стала дома. Выехаць прынамсі на нейкі час мы вырашылі пасля цалкам абсурднага затрымання і ператрусу, які ўсёй нашай сям’і зладзіў КДБ. Я праходзіла сведкай па акце тэрарызму, хоць да іхнага аповеду пра гэтую справу не ведала абсалютна нічога. І мяне, і мужа адпусцілі. Але цяпер проста няма ўпэўненасці. Калі ім так проста на пустым месцы зрабіць цябе сведкай, то дзе гарантыя, што наступным разам ты гэтак жа на пустым месцы не апынешся ў іншым статусе? Таму мы купілі квіткі, знялі кватэру, селі на самалёт і прыляцелі туды, куды было прасцей. Муж кінуў у Беларусі добрую працу. Мы з’ехалі проста ў нікуды і на невядомы час.

Сын успрыняў пераезд нармальна, як прыгоду. Мора, горы, паездкі, новыя месцы – яму ўсё цікава. Аднак не без пытанняў. І далейшае выхаванне і развіццё дзіцяці для мяне цяпер – праблема нумар адзін.

І далейшае выхаванне і развіццё дзіцяці для мяне цяпер – праблема нумар адзін

Наконт мовы – сын ніяк не хоча камунікаваць з тымі, хто не размаўляе на ягонай мове. Я не чакала, што будзе такая праблема, і пакуль не ведаю, як яе пераадолець. Магчыма, у гэтым дапамогуць толькі час і сама камунікацыя. Перажываю за гэта, бо мы плануем ехаць далей у Еўропу, і там ужо дакладна давядзецца вучыць мясцовую мову. У Грузіі ў гэтым плане прасцей, бо расейская паўсюль.

У садок сын пакуль не ходзіць. Не сталі аддаваць, бо не плануем тут заставацца, і праз складанасці з нашымі з мужам працоўнымі раскладамі (праца аддаленая, аднак часта па раскладзе). Як вынік гэтага – бачу, што сыну стала цяжэй нават на дзіцячай пляцоўцы знаёміцца, хоць ён заўсёды быў вельмі гаваркі і адкрыты.

Яшчэ ён сам часта ўзгадвае свой садок у Беларусі, і кажа, што сумуе, асабліва па сябрах. Мне вельмі сумна гэта чуць, адчуваю сваю віну, што адарвала вось так дзіця ад яго звыклага асяродку і спакойнага жыцця. Цяпер мы збольшага ў нейкім хаосе, і наперадзе яшчэ адзін пераезд.

Мне вельмі сумна гэта чуць, адчуваю сваю віну, што адарвала вось так дзіця ад яго звыклага асяродку і спакойнага жыцця

Што яшчэ турбуе – нам патрэбны лагапед. Дзе і як з ім арганізаваць заняткі, і як адначасова правільныя гукі расейскія ставіць і вучыць замежную мову, я не ведаю. Мне пакуль гэта ўсё зусім незразумела, і яшчэ трэба будзе ў гэтым разабрацца.

Што яшчэ – цяжка без падтрымкі. Дома была так званая «вёска» – бабуля, цётка, сябры. Тут – толькі мы з мужам, прынамсі, пакуль, і ў выніку вельмі-вельмі цяжка разрывацца паміж дзіцём і працай, а працаваць цяпер трэба шмат.

Мы застаемся беларусамі, і нічога для гэтага не робім. Проста жывем. Не робім нічога, каб падкрэсліць нашую беларускасць – не вывешваем сцягі на вокнах, не ладзім акцыі – нашая ідэнтычнасць моцная і без гэтага. Магчыма, маюць сэнс беларускія садкі, гурткі, але на практыцы пакуль не спрабавалі.

Адначасова, вельмі моцна не хапае сваёй культуры, нават, не канкрэтна беларускай, а еўрапейскай, у тым ліку і таму з Грузіі паедзем.

Дзеці-беларусы за мяжой