Гiды

Работа над памылкамі: СІНОНІМЫ

Работа над памылкамі: СІНОНІМЫ

Малюнак Ксеніі Лагавой

Вось вам тэкст: «Дранікі ў рэстаране апынуліся такімі смачнымі, што я іх адразу пакахаў. Я пазычыў паспытаць іх кожны дзень. Распавёў сябрам і паказаў накірунак на мапе – хай знаюць і ўзгадваюць, дзе гатуюць гэткую смакату!»

І вось заданне: прачытайце наш матэрыял пра сінонімы, выпраўце памылкі і пакіньце слушны варыянт у каментарах.

Разбяромся ў тых сінанімічных парах ці нават тройках блізказначных словаў, ва ўжыванні якіх мы найчасцей робім памылкі.

КІРУНАК + НАПРАМАК = НАКІРУНАК

Ёсць два раўназначныя словы «кірунак» і «напрамак», а вось слова «накірунак» – гэта злепак з гэтых сінонімаў. «Накіраваць» кагосьці кудысьці можна, а вось ад «накірунку» лепей пазбаўляцца.

УСПОМНІЦЬ + ЗГАДАЦЬ = УЗГАДАЦЬ

Тое ж тычыцца і дзеяслова «ўзгадаць», які ўтварыўся ў выніку склейкі сінонімаў «успомніць» і «згадаць». Адсутнасць яго ў слоўніках і прысутнасць у падручніках пра культуру мовы – таму пацверджанне.

РАСКАЗВАЦЬ – РАСПАВЯДАЦЬ

Слоўнікі разам з мовазнаўцамі хорам сцвярджаюць, што па-беларуску слушна «расказваць» гісторыі ці плёткі, а «распавядаць» – гэта ўкраінізм, шчодра прыўнесены ў беларускую мову Уладзімірам Караткевічам (зазірніце ў корпус беларускіх тэкстаў bnkorpus.info). Самае галоўнае – памятаць, што «расказваць» – не русізм, бо ў беларускай мове ёсць і казаць, і казка, і заказваць, і пераказ і яшчэ мноства аднакарэнных словаў.

БЯСПЛАТНА + ДАРМА – БЕСКАШТОЎНА

Па-беларуску атрымаць нешта і нічога не заплаціць можна «бясплатна», то бок «дарма». А вось «бескаштоўна» – гэта свежы ўкраінізм, які мы пазычаем у паўднёвага суседа, каб не гаварыць гэтак жа, як усходні сусед.

ЛЮБІЦЬ І КАХАЦЬ

«Любіць» – гэты дзеяслоў спалучаецца з любым аб’ектам сімпатыі: можна любіць дранікі, Радзіму, маму, дачку, жонку, лецішча, мора ці паспаць. А вось «кахаць» у сучаснай беларускай мове можна толькі партнёра ці партнёрку. Так, у літаратуры можна сустрэць спалучэнні «каханая мама», «каханы мой край», але гэта ўласціва ўзнёсла-паэтычнаму стылю з мэтай выражэння найвышэйшай ступені пачуцця.

ЗНАЦЬ І ВЕДАЦЬ

Паводле тлумачальнага слоўніка, «знаць» супадае з «ведаць» практычна ва ўсіх значэннях, проста «знаць» яшчэ можа быць і пабочным словам (Пакараў мяне, знаць, бог!), а ведаць можна яшчэ нечым (ведаць складам або крамай, то бок кіраваць).

Але яшчэ Ластоўскі ў 1923 годзе пісаў, што паміж гэтымі словамі ёсць розніца ў лексічным значэнні: «Можна чалавека знаць зь ягоных адзнакаў фізычных: аблічча, паходкі, мовы, але ня ведаць, хто і што ён такое ў сваёй душы. Нельга казаць: “Я знаю, дзе ён”, а трэба: “Я ведаю, дзе ён”; “ці ведаеш Тамаша”, а трэба: “ці знаеш Тамаша”». Такім чынам «знаць» – гэта пра знаёмства з чымсьці, а «ведаць» – пра веды. Таму ў эміграцыі навукі называліся «моваведа», «прыродаведа», але ў літаратурнай мове ўсё ж замацавалася «мовазнаўства», «прыродазнаўства».

АПЫНУЦЦА І АКАЗАЦЦА

Абодва словы ёсць у беларускай мове, але яны не ўзаемазамяняльныя. Рэч у тым, што ў слова «апынуцца» ёсць толькі адно значэнне – трапіць куды-небудзь, у нейкае месца ці становішча. А ў слова «аказацца», апроч гэтага значэння, ёсць яшчэ і іншыя: выявіцца, высветліцца (Мікола аказаўся добрым настаўнікам. Аказалася, што яны ведалі адно аднаго) і знайсціся (Добра, што ў яго аказаліся грошы). І ў гэтых кантэкстах ужыванне слова «апынуцца» будзе ўжо памылкай.

ЗАРАЗ І ЦЯПЕР

Паводле тлумачальнага слоўніка, «цяпер» і «зараз» супадаюць у адным значэнні (у цяперашні момант), але ў «зараз» ёсць яшчэ некалькі значэнняў: у самым хуткім часе, неўзабаве, неадкладна. І многія літаратары і мовазнаўцы сыходзяцца на тым, што гэтыя словы варта размяжоўваць: цяпер я чытаю артыкул, а зараз пайду піць гарбату.

РАБОТА І ПРАЦА

У многіх значэннях гэтыя словы супадаюць: хадзіць на работу і хадзіць на працу, узяцца за работу і ўзяцца за працу. Калі гаворка пра фізічную дзейнасць чалавека, то тут часцей выкарыстоўваецца «праца»: разумовая праца, фiзічная праца, а калі пра функцыянаванне органа ці механізма, то «работа»: работа сэрца, работа рухавіка.

Мовазнавец Юрась Бушлякоў зазначаў: «Называючы вытворчую чыннасьць або прымусовую актыўнасьць, слова работа рэгулярна ўжываюць у форме множнага лiку: будаўнiчыя работы, сельскагаспадарчыя работы, папраўчыя работы й г.д. … У сваю чаргу форма працы дарэчы пры размове пра творы, якiя сталi вынiкам мысьленчай, разумовай актыўнасьцi чалавека (скажам, да прыкладу, што ў сьвет выйшлi навуковыя працы). Характарызуючы якасьць, а таксама спосаб выкананьня нечага, ужываем слова работа: рэч выдатнай работы, твор ручной работы, замок кавальскай работы й г. д.»

ХАЦЕЦЬ + ЖАДАЦЬ + ЗЫЧЫЦЬ

Словы «хацець» і «жадаць» блізкія, але валодаюць рознай ступенню інтэнсіўнасці: «хацець – жадаць – прагнуць» можна размясціць на 10-бальнай шкале жаданняў, і тады ад 1 да 5 будзе «хацець», ад 6 да 8 – «жадаць», а ад 9 да 10 – «прагнуць».

Няварта паўсюль замяняць «хацець» на «жадаць», а «жадаць» на «зычыць» – давайце рабіць гэта асэнсавана. Калі мы возьмем віншавальны кантэкст, то, паводле тлумачальнага слоўніка, здароўя можна і жадаць, і зычыць (хаця Вінцук Вячорка сцвярджае, што выраз «жадаю вам» узнік пад уплывам рускай мовы). У зычэннях будзе дарэчы сказаць: Я зычу табе дабрабыту! Я жадаю, каб ты была шчаслівая! Я хачу табе пажадаць сапраўднага кахання!

Галоўнае, памятайце, што «пазычыць здароўя ці шчасця» вам наўрад ці ўдасца. Пазычыць можна грошы ці кнігу – то бок даць ці ўзяць на час.

АДЧЫНІЦЬ – АДКРЫЦЬ – РАЗНАСЦЕЖЫЦЬ – АДАМКНУЦЬ – АДСЛАНІЦЬ – РАЗГАРНУЦЬ – РАСПЛЮШЧЫЦЬ – РАСПАЧАЦЬ – РАСХІНУЦЬ – АДКАРКАВАЦЬ

Рускае «открыть» на беларускую мы перакладаем мінімум 10 сінонімамі – і гэта не мяжа! Проста ўсё залежыць ад кантэксту – з чым менавіта мы робім гэтае дзеянне. «Адкрываем» новую зорку, новую школу, паклады руды або Амерыку. «Адчыняем» мы дзверы, вокны, куфар. «Разгортваем» кнігу ці падручнік, а «расплюшчваем» вочы. Фіранкі або шторы можна «расхінуць», каб упусціць святло ў пакой, засланку ў печы можна «адсланіць», а бутэльку віна – «адкаркаваць». Дзверы, замкнёныя на ключ, можна «адамкнуць» ці нават «разнасцежыць» – адчыніць насцеж. А сход або мерапрыемства мы звычайна «распачынаем».