Гiды

ПАДЛЕТКІ VS СІСТЭМА

ПАДЛЕТКІ VS СІСТЭМА

Настаўнікі не заўжды маюць рацыю, а нязгодныя з імі вучні і бацькі не абавязкова «скандалісты». Можна мець сваю думку і не жадаць выконваць любое пажаданне школьнай адміністрацыі. Тэзіс, які можа падацца блюзнерскім беларускім адукацыйным функцыянерам, між тым мае маральнае, псіхалагічнае і юрыдычнае абгрунтаванне. Пра тое, як цывілізавана і эфектыўна супрацьстаяць адміністрацыйнаму свавольству ў школе і навучыць гэтаму дзяцей, сумесны гайд sojka.io и Беларускага Хельсінскага Камітэту.

ПАДЛЕТКІ VS СІСТЭМА Калажы Ксеніі Лагавой

Чаму важна вучыць дзяцей адстойваць свае інтарэсы

Бо немагчыма чакаць крэатыўнасці, адказнасці ды самастойнасці ад таго, каго штодня вучаць паслухмянасці ды лаяльнасці. А ўсе сучасныя гісторыі поспеху, так ці інакш, гэта оды нешаблоннаму мысленню ды ўменню адстойваць сваю рацыю.

Мінулі дзясяцігоддзі з савецкіх часоў, а школа ў сучаснай Беларусі, хоць і дэкларуе іншыя мэты, карыстаецца старымі метадамі. Паходы на хакей і збор макулатуры, рамонт у класе за кошт бацькоў і здымкі ў ідэалагічных відэа сталі нормай. З якой, здаецца, і бацькі, і дзеці, і настаўнікі стаміліся змагацца. Чаму ж важна адстойваць свае інтарэсы і вучыць гэтаму дзяцей?

  • Мы хочам жыць у прававой і дэмакратычнай дзяржаве, і дзецям варта паказаць, што мы можам змагацца за свае правы.
  • Адмова ад нежаданага дзеяння — фактычна, апошні від палітычнага выказвання, за які не прадугледжана санкцыяў (прынамсі, пакуль што). Ва ўмовах ідэалагічнага ціску і жорсткіх рэпрэсіяў мы можам прынамсі не пагаджацца ісці супраць сваіх перакананняў.
  • У Беларусі «ўсё складана» з правамі чалавека. На шчасце, адукацыя — адна з нешматлікіх сфераў, у якіх яшчэ можна паспрабаваць вырашыць спрэчкі і праблемы законна. І навучыць гэтаму новае пакаленне.
  • Афіцыйны шлях вырашэння праблемаў дасць добры прыклад іншым бацькам і дзецям, якія яшчэ не ведаюць, як змагацца за свае правы, створыць афіцыйны прэцэдэнт і нагадае ідэалогам, «ваенрукам» ды «ябацюшкам» пра тое, што часам усё ж такі «да законаў».
  • Хранічная канфліктная сітуацыя ў навучальнай установе можа каштаваць вельмі шмат нерваў і сілаў і вучням, і бацькам. Вырашаць праблемы законным і цывілізаваным шляхам — лепшая стратэгія, чым зацягванне і замоўчванне.
  • Упэўненыя і спакойныя дарослыя вырастаюць з тых дзяцей, якія ведалі, што на іх баку блізкія. Дапамога ў супрацьстаянні адміністрацыйнаму свавольству ў школе — добрая нагода, каб умацаваць сувязі паміж бацькамі і дзецьмі.
  • Уменне адстойваць свае межы і прымаць адказнасць адназначна палегчыць жыццё ў будучыні.
ПАДЛЕТКІ VS СІСТЭМА Калажы Ксеніі Лагавой

Як падрыхтаваць сябе і дзіця да сутычак у школе

Што можна зрабіць дома?

Школа ёсць бадай што першай пляцоўкай, дзе чалавек вучыцца вырашаць праблемы і пытанні, якія доўгі час будуць уплываць на ягонае жыццё. На жаль, разам з ведамі, нормамі паводзінаў, сацыяльнымі сувязямі беларуская школа прапануе ідэалогію, афарбаваную ў чырвоны і зялёны колер.

Што можна зрабіць дома?

  • ‍Размаўляйце. Абмяркоўвайце, што адбываецца ў краіне і свеце, спрачайцеся. Калі дзіця прыйдзе ў школу з ужо гатовай карцінай свету, ідэалогам будзе нашмат больш складана на яе паўплываць.
  • ‍Тлумачце. Напрыклад, чаму дзіця можа быць нязгодным з настаўнікам. Усе памыляюцца, у тым ліку і настаўнікі, і бацькі. Таму варта вучыцца працаваць з фактамі і параўноўваць крыніцы інфармацыі. Для малодшых дзяцей, якія вераць у словы дарослых без сумневу, падрыхтуйце кароткія тлумачэнні ўсіх магчымых пытанняў. Напрыклад, падчас абмеркавання вайны можна звярнуць увагу на тое, што нападаць і забіваць людзей — дрэнна. Вельмі мала што можа гэта апраўдаць.
  • Падтрымлівайце. Дзіця, якое разам з бацькамі ідзе супраць школьнай сістэмы, можа трапіць пад ціск настаўнікаў і іншых дзяцей. Як супрацьстаяць булінгу і дапамагчы ўсім удзельнікам працэсу, мы распавядалі ў нашым гідзе.
  • ‍Парада «не слухай» не працуе. Навучальны працэс у Беларусі вельмі ідэалагізаваны. Дзіця праводзіць у школе шмат часу, камунікуе з іншымі дзецьмі і дарослымі. Ігнараваць вострыя пытанні — даць глебу для чужога ідэалагічнага насення.
  • Шукайце аднадумцаў. Нават калі ў школе дзіця атачаюць людзі з іншымі ідэйнымі ўстаноўкамі, знайдзіце прастору, дзе ваша сям’я будзе сярод сваіх.

Чаму пытанне «як справы?» не працуе

Усе мы хочам, каб нашыя дзеці былі самастойнымі ды шчаслівымі. Забяспечваем базавыя патрэбы, дбаем пра дабрабыт, здароўе, адукацыю, цікавы вольны час. Аднак не менш істотна рэгулярна слухаць і чуць сваё дзіця, разбірацца ў тым, што рэальна адбываецца ў ягоным школьным жыцці. Яшчэ ў гэтак званыя «траваядныя» часы беларускія медыі збіралі цэлыя гісторыі траўмаў вядомых беларусаў, вынесеных з-за школьнай лавы. Каб не прапусціць важнае, у псіхолагаў ёсць некалькі простых, але эфектыўных парадаў.

  • Не абмяжоўвайцеся пытаннем «як справы ў школе?». Звярніце ўвагу на настрой, паспрабуйце не падштурхоўваць да аднаскладовых адказаў «так/не». «Чаму ў цябе такі добры настрой?» лепшае пытанне, чым «у цябе ўсё добра?».
  • Пачынайце размову здалёк. Ці рабіў хтосьці сёння нешта цікавае ў класе? Што менавіта? Чаму табе спадабалася/не спадабалася гэтае дзеянне? Дайце дзіцяці магчымасць ацаніць тое, што адбывалася, пабыць экспертам у тэме.
  • Сканцэнтруйцеся на тым, што вам распавядае дзіця. Нават калі чалавек не ў гуморы, ён хутчэй пачне размаўляць з тым, хто сядзіць побач і глядзіць у вочы, чым з тым, хто мімаходзь кідае дзяжурнае пытанне.
  • Пачніце з сябе. Распавядзіце, як прайшоў ваш дзень, запытайцеся, як дзіця ацэньвае тое ці іншае здарэнне. З малымі можна абмяркоўваць нешта простае (сёння на працы мы кармілі беспрытульнага коціка), з падлеткамі можна перайсці да больш сур’ёзных тэмаў. Пры гэтым гаварыце менш, чым вашае дзіця. Не перапыняйце і не навязвайце сваё меркаванне. Не ператварайцеся ў начальніка. Памятайце, што няправільнага адказу на пытанне «як справы?» не існуе.
ПАДЛЕТКІ VS СІСТЭМА Калажы Ксеніі Лагавой

Што рабіць у канкрэтных сітуацыях

Школьнікаў зганялі на вучобу ў разгар каранавіруса

Школьнікаў зганялі на вучобу ў разгар каранавіруса

Красавік 2020, «Радыё Свабода»

У разгар пандэміі для беларускіх школьнікаў так і не прыдумалі дыстанцыйнага навучання, а наадварот — забаранілі вучыцца дома пад пагрозай праблемаў з атэстацыяй.

У красавіку настаўнікі атрымалі загад — забяспечыць прысутнасць усіх дзяцей на ўроках. «Нам загадалі забяспечыць 100% яўку з серады. А ў пятніцу ў нас па раёне па першай змене наведвальнасьць была 31%, па другой змене — 23,5%».

 

***

ВАЖНА! Бацькі часта незадаволеныя тым, што адбываецца з дзецьмі ў школе. Важна разумець тую мяжу, якая пралягае паміж тым, на што мы ў стане паўплываць, і тым, з чым даводзіцца мірыцца. Гэтак, напрыклад, цалкам законна патрабаваць, каб дзіця не наведвала дадатковыя ўрокі-гутаркі з праваслаўным святаром, але нельга адмовіцца ад матэматыкі. Бо гэты прадмет уваходзяць у абавязковую праграму.

Шмат карыснай інфармацыі можна знайсці на адпаведнай старонцы Беларускага Хельсінскага Камітэту.

Канфлікт з настаўнікам

Настаўніца трэсла партай над галавой і лаялася

Верасень 2019, «Еўрарадыё»

Настаўніца гомельскай школы №15 Людміла Чацвярткова прыйшла на замену весці ўрок у чацвёртым класе, але адбылася непрыемная гісторыя: калі яна несла парту па класе, адзін з вучняў паспрабаваў падставіць ёй падножку. І педагог не стрымалася: яна трэсла партай над галавой хлопчыка і крычала: «Я пайду ў турму, а табе п…ц!»

Гэты выпадак трапіў на відэа, пасля чаго ў школе адбыўся бацькоўскі сход: хаця настаўніца папрасіла прабачэння за тое, што адбылося, са школы яе звольнілі. Але ненадоўга — за яе заступіўся Аляксандр Лукашэнка (цытата: «Ды я на месцы гэтай настаўніцы галаву б адвярнуў шчанюку нейкаму»), пасля чаго Людмілу Чацвярткову аднавілі на ранейшай пасадзе — класным кіраўніком у 2 «В» класе.

 

***

Адносіны паміж вучнямі і педагогамі бываюць вельмі вострымі. Настаўнікі дазваляюць сабе абразы, зневажальныя выказванні, неаб’ектыўнае зніжэнне адзнак, нават рукапрыкладства. Школьнікі «троляць» педагогаў, хамяць, лаюцца, перашкаджаюць навучальнаму працэсу. Такія канфлікты патрабуюць асаблівай далікатнасці.

  • Не зацягвайце. Калі дзіця перыядычна скардзіцца на заніжаныя адзнакі, несправядлівасць ці грубасць, то варта пацікавіцца сітуацыяй.
  • ‍Паразмаўляйце з настаўнікам. Даведайцеся, як бачыць сітуацыю дарослы чалавек. Вельмі важна пазбягаць эмацыйнасці ў такіх гутарках. Вы прыходзіце не для таго каб сварыцца, а толькі спрабуеце глыбей зразумець сітуацыю. Калі вы хвалюецеся, паспрабуйце падрыхтаваць пытанні загадзя. Яны павінны быць па справе: не «чаму вы не любіце маё дзіця?», а «магчыма, вы дапаможаце разабрацца ў сітуацыі». Пазбягайце ацэнак, апелюйце да фактаў.
  • Тое ж тычыцца і адказаў настаўніка: вам патрэбныя канкрэтныя пажаданні адносна акадэмічнай паспяховасці і паводзінаў у школе. «Трэба, бо інакш мяне пазбавяць прэміі» — не аргумент ад настаўніка, а шантаж.
  • Дома абмяркуйце з дзіцём тое, што вы пачулі ад настаўніка. Не абвінавачвайце і не сварыцеся. Даведайцеся, ці гатова дзіця выконваць дакладныя правілы, і калі не, то чаму. Прапануйце дапамогу. Напрыклад, калі справа ў тым, што дзіця не асвойвае праграму па матэматыцы, прапануйце дадатковыя заняткі.
  • Калі сітуацыя не палепшыцца пасля размовы з настаўнікам, варта паразмаўляць з іншымі бацькамі вучняў. Магчыма, у іх ёсць аналагічныя праблемы? Як яны бачаць сітуацыю? Не варта настройваць усіх на вайну. Але калі іншага выйсця няма, то варта звяртацца да адміністрацыі школы, у аддзел адукацыі, Міністэрства адукацыі ці іншыя ўстановы ў залежнасці ад глыбіні канфлікта.

Прымушаюць уступаць у піянеры/БРСМ

Прымусовая падпіска на тэлеграм-каналы

Люты 2022, «Белсат»

‍У Добрушы і Клімавічах ад вучняў і іх бацькоў запатрабавалі падпісацца на праўладныя тэлеграм-каналы.

У Добрушы мясцовы аддзел адукацыі папрасіў настаўнікаў даць справаздачу аб тым, хто з вучняў з 9 па 11 клас, а таксама іх бацькоў, падпісаўся на тэлеграм-канал газеты «Добрушскі край». А ў Клімавічах вучняў і іх бацькоў прымушалі падпісацца на канал «Черные крылья», які рэпосціць навіны ад дзяржтэлеканалаў ды іншых прапагандысцкіх рэсурсаў.

 

***

Чатыры гады таму менскія школьнікі выклалі ў сеціва відэа, дзе настаўніца пагрозамі і шантажом прымушае дзяцей уступаць у Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ). Маўляў, нават фатаграфавацца не трэба, ды і ўнёскі сплочваць. Толькі не пратэставаць супраць свайго імя ў спісах. Тым, хто будзе катэгарычна супраць, абяцала праблемы пры паступленні.

‍На самой справе ўступленне ў любую арганізацыю не можа быць прымусовым. Не існуе санкцый за адмову ад удзелу ў піянерскай арганізацыі ці БРСМ. Дзяцей могуць падкупаць абяцаннямі бясплатных цікавых мерапрыемстваў, могуць заклікаць «быць адказнымі і дапамагаць краіне» ды выкарыстоўваць іншыя спробы стварыць масавасць у сваіх шэрагах. Задача бацькоў — патлумачыць, чаму гэтыя арганізацыі не вартыя даверу (дапамагаць можна і без піянераў, а сумленне і самастойнасць каштуюць даражэй за бясплатнае кіно). Таксама важна прапанаваць цікавую і карысную альтэрнатыву, сугучную інтарэсам дзіцяці.

Патрабуюць здаваць грошы

Мама дваіх дзяцей нечакана высветліла, як пазбегнуць пабораў

Кастрычнік 2019, «Салідарнасць»

Чытачка «Салідарнасці» дзеліцца лайфхакам: як пазбегчы бясконцых пабораў у школе, якія, хоць і добраахвотныя, але іх нясплата можа адбіцца і на настаўніках, і на дзецях.

Дачка-дзесяцікласніца перадала ёй просьбу класнага кіраўніка: прынесці квітанцыю аб аплаце штогадовага ўнёску ў апякунскі савет — адной базавай велічыні (у некаторых школах бяруць дзве базавыя). Аляксандра патлумачыла дачцэ, што ўзнос плаціць не будзе, бо ён з’яўляецца добраахвотным. Калі на класнай гадзіне настаўніца спытала дзяўчынку, ці прынесла яна квітанцыю, тая перадала ёй адказ маці. «Добра», — сказала класная, і тэма была зачынена. «Аказваецца, так можна было!» — здзівілася школьніца.

 

***

Адмовіцца ад грашовых збораў у школе досыць складана ў першую чаргу з-за страху, што пазіцыя бацькоў адаб’ецца на дзіцяці. Пры гэтым, у адпаведнасці з правіламі Міністэрства адукацыі, забаронена збіраць наяўныя грошы на патрэбы класа ці ўстановы адукацыі. Усе сродкі павінны збірацца толькі праз спецыяльны разліковы рахунак, які адкрывае апякунская рада школы ці класа.

‍Акрамя гэтага:

  • Ніхто не мае права прымусіць вас ахвяраваць грошы на патрэбы класа і школы. У такіх выпадках можна звярнуцца са скаргай ва ўпраўленне адукацыі ці пракуратуру.
  • Калі грошы сабралі, напрыканцы году апякунская рада абавязана даваць справаздачу. Вы маеце поўнае права ведаць, на што пайшлі вашыя грошы.

ВАЖНА! Чальцы апякунскай рады могуць не толькі патрабаваць справаздачы аб расходах, а таксама ўплываць на тое, куды будуць накіраваныя сродкі. Таксама будзе вельмі дарэчна спытаць, на што ідуць бюджэтныя сродкі і чаму трэба збіраць дадатковыя грошы.

Адмова ад удзелу ў пазакласных актыўнасцях

Вучням старэйшых класаў паказалі ідэалагічны фільм за грошы

Студзень 2021, «Еўрарадыё»

Вучняў старэйшых класаў мінскай школы №47 запрасілі на ідэалагічнае мерапрыемства «Беларусь — мая любоў!», але за грошы — уваход для вучняў 9-11 класаў каштаваў 5 рублёў. А да настаўнікаў давялі паказчыкі: ад кожнага класа мусіць быць мінімум па 5-7 дзяцей.

Потым дырэктарка школы Людміла Скорабагатава тлумачыла журналістам, што дзецям паказвалі 3D-фільм пра Беларусь нібыта «без палітычнага падтэксту», а грошы былі патрэбныя на аплату спецыяльнай тэхнікі для паказу 3D-фільма — акуляры, цёмны купал і іншыя эфекты. Паводле яе слоў, на прагляд запрашаліся толькі ахвочыя — яўку ад настаўнікаў яна не патрабавала.

 

***

Спробы ствараць масавасць на праўладных мерапрыемствах за кошт прымусу школьнікаў, студэнтаў і салдатаў тэрміновай службы даўно сталі візітоўкай беларускага афіцыёзу. Таму і дзеці, і бацькі намагаюцца пазбегнуць такіх «добраахвотных» паходаў на спартовыя спаборніцтвы, канцэрты ды іншыя імпрэзы.

Варта памятаць, што калі мерапрыемства не з’яўляецца часткай адукацыйнай праграмы, ніхто не можа прымусіць дзіця ўдзельнічаць у ім. Усё, што адбываецца па-за навучальнай праграмай, кантралюе ўжо не школа, а бацькі.

Калі дзіця гоняць «на бульбу»

Васьмікласніца паехала на бульбу ад школы і загінула

Верасень 2016, «Еўрарадыё»

Восенню 2016 года 11-я школа Маладзечна па загадзе раённага аддзела адукацыі накіравала сваіх вучняў у гаспадарку «Усход-агра» для збору бульбы. Але на полі адбыўся трагічны выпадак: вучаніца 8-га класа 13-гадовая Вікторыя Папчэня выпадкова трапіла пад колы грузавіка, які спрабаваў развярнуцца, і загінула.

Двое настаўнікаў, якія суправаджалі дзяцей, атрымалі па два гады «хатняй хіміі», дзве тысячы еўра штрафу і забарону на прафесію. Кіроўцу грузавіка прысудзілі тры гады хіміі. Дырэктара гаспадаркі «Усход-агра» звольнілі з пасады, дырэктар школы атрымаў вымову, а яго намеснікаў перавялі ў звычайныя настаўнікі.

 

***

  • Варта памятаць, што нельга прыцягваць да працы вучняў, якія не дасягнулі 14 гадоў.
  • ‍Агулам Кодэкс аб адукацыі наўпростава забараняе прыцягненне школьнікаў да выканання работ або аказання паслуг, якія не прадугледжаны навучальным планам або планам выхаваўчай работы. Гэта значыць, што бацькі могуць загадзя даведацца аб тым, ці прадугледжана ў праграме прыцягненне да сельскагаспадарчых працаў. Калі такіх працаў у плане няма, можна паскардзіцца ва ўпраўленне адукацыі ці пракуратуру. Усё залежыць ад таго, якая ўстанова стала ініцыятаркай працаў. Калі школа, то скардзіцца можна ва ўпраўленне адукацыі ці Міністэрства адукацыі, а калі само ўпраўленне прапанавала паездку «на бульбу», то адразу ў пракуратуру.
  • ‍Школа фактычна не можа ніякім чынам пакараць сям’ю, якая не жадае адпраўляць сваё дзіця на сельскагаспадарчыя працы.
  • Без пісьмовай згоды бацькоў дзіця не можа паехаць «на бульбу», нават калі такія працы ёсць у навучальным плане.

Здымкі для патрэбаў школы і СМІ

Сэлфі з аўтазака

Сакавік 2022, «The Village Беларусь»

Напярэдадні Дня беларускай міліцыі сілавікі запрасілі школьнікаў, ліцэістаў МУС і цяжкіх падлеткаў на базу АМАПа ва Уруччы. Акрамя экскурсіі па музеі, дзецям паказалі вадамёт, аўтазак, бронеаўтамабіль, спецмашыны загароды «плот-бар’ер» і стралковую зброю. Школьнікам далі магчымасць пасядзець у аўтазаку і зрабіць адтуль сэлфі для сацсетак.

 

***

Амаль у кожнага ёсць фота са школы, якое мы захоўваем «на доўгую памяць». Між тым, згодна з Законам «Аб абароне персанальных дадзеных», выява чалавека адносіцца да біяметрычных персанальных дадзеных. Гэта значыць, што для таго каб фатаграфаваць або здымаць відэа з удзелам чалавека, трэба атрымаць ягонае «свабоднае, адназначнае, інфармаванае выказванне волі». Калі размова ідзе пра дзяцей, то, згодна з заканадаўствам, такі дазвол могуць даць толькі бацькі ці афіцыйныя апекуны, прадстаўнікі органаў апекі. Адміністрацыя навучальнай установы не можа замяніць бацькоў ці апекуноў у гэтым пытанні.

У законе дакладна прапісаны ўзрост да 14 год, але фактычна гэтыя абмежаванні распаўсюджваюцца на дзяцей да 18 год за выключэннем тых выпадкаў, калі асоба да 18 год аб’яўленна цалкам дзеяздольнай (эмансіпацыя).

Больш карыснай інфармацыі ў памятцы ад Беларускага Хельсінскага Камітэту.

Важнае да тэмы:

  • Нават калі вы напачатку года падпісалі дазвол на здымкі дзіцяці, вы можаце адклікаць яго ў любы момант.
  • Калі здымкі ажыццяўляліся без вашай згоды, варта падаць скаргу. Скарга падаецца ў Нацыянальны цэнтр абароны персанальных дадзеных, а ў выпадку нязгоды з прынятым ім рашэннем — у суд.

Важна! Тэрмін падачы скаргі складае тры месяцы з дня, калі вы даведаліся аб дзеяннях (бяздзеянні), якія непасрэдна закранаюць правы, свабоды і законныя інтарэсы дзіцяці (ці вас). Пры падачы скаргі павінны быць прадстаўлены матэрыялы, якія пацвярджаюць парушэнне правоў, свабод і законных інтарэсаў суб’екта персанальных дадзеных.

  • Абараніць свае правы можна таксама ў судовым парадку. Вам неабходна звярнуцца ў суд з патрабаваннем аб выдаленні фатаграфій ці відэазапісаў, аб спыненні або забароне іх далейшага распаўсюджвання і кампенсацыі маральнай шкоды.

У адпаведнасці з арт. 23.7. КаАП (Парушэнне заканадаўства аб абароне персанальных дадзеных) наўмысныя незаконныя збор, апрацоўка, захоўванне або прадастаўленне персанальных дадзеных фізічнай асобы або парушэнне яе правоў, звязаных з апрацоўкай персанальных дадзеных, прыводзяць да штрафу ў памеры да 50 базавых велічынь. А калі такія дзеянні ўчыняе асоба, якой персанальныя дадзеныя вядомы ў сувязі з прафесійнай альбо службовай дзейнасцю, то памер штрафу складае да 100 базавых велічынь.

Крымінальная адказнасць за парушэнне патрабаванняў аб апрацоўцы персанальных дадзеных прадугледжана ў артыкулах Крымінальнага кодэксу 203-1 «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных» і 203-2 «Невыкананне мер забеспячэння і абароны персанальных дадзеных».

Выхоўваць дзяцей у Беларусі — няпростая задача. Зрэшты, прасцей сказаць, што ў нашай краіне даецца лёгка і бяспечна. Мы не можам абараніць дзяцей ад уплыву дзяржавы ці ад дрэнных навінаў, але мы дакладана ў стане паспрабаваць абараніць іх ад ідэалагічнага ціску і навучыць іх быць самастойнымі і адказнымі грамадзянамі Беларусі.