Гiды

Як не злавацца на тых, хто выехаў/застаўся

Як не злавацца на тых, хто выехаў/застаўся

Практычны дапаможнік па руйнаванні сценаў паміж намі

Мы ўсе злуемся. На тых, хто застаўся, рызыкуючы сваім жыццём, здароўем, уласным (і не толькі) спакоем. Той, хто застаўся, чуе, што ён цярпіла, пакутнік, што адчувае маральную перавагу, геройствуе. Той, хто з’ехаў – што пакінуў, адрокся, здрадзіў, пачаў уладкоўваць зручнае жыццё. Што крытыкуе з цёплага замежжа, адарваўся ад рэчаіснасці, ніколі не вернецца. Злосць – гэта натуральна, але не стваральна. Усе мы патрабуем павагі і еднасці. Мы распыталі беларусаў у Беларусі і тых, хто часова па-за ёй, пра крыўду і фрустрацыю, і запыталі псіхолага, як перамагаць злосць, набліжаючы і іншыя, не менш істотныя перамогі.

Для пачатку ўніверсальнае і банальнае: пастаўце сябе на месца іншых. Памятайце, што ўсё пачалося з эмпатыі і салідарнасці.

Як не злавацца на тых, хто выехаў/застаўся

Усё тычыцца ўсіх

І стрэс таксама. У стрэсе тыя, хто застаюцца, – і ў стрэсе тыя, хто выехаў. З’ехаць за мяжу раптоўна, з парай валізаў, без ясных планаў на працу, без пастаяннага кута і нават гораду, знаёмстваў, ведання моваў (і нават з гэтым усім!) – быццам ампутацыя цэлага жыцця, да якога прывык. Многія з тых, хто вымушана пакінуў краіну, перабываюць у вялікім стрэсе і хочуць аднаго – вярнуцца дадому.

Ва ўсіх розныя парогі вынослівасці і розныя абставіны. Страх перад тым, што цябе накрые чарговая хваля затрыманняў (а ці можна сцвердзіць, што кагосьці яна дакладна не закране?) – таксама дастатковая нагода для таго, каб з’ехаць. Памятайце, што ўсе мы розныя, і большасць сапраўды не з’ехала і не кінула дом у пошуку лепшага жыцця.

Шмат карыснай працы сёння немагчыма рабіць у межах краіны. Навіновыя сайты, фонды салідарнасці, дыпламатычныя сустрэчы з мэтай штодня ўплываць на палітычныя падзеі – гэта ўсё скончылася б адразу, каб не плынь людзей, якая паспела выехаць і весці няспынную дзейнасць з-за мяжы.

Падумайце, на што вы насамрэч злуяцеся

Калі шчыра адказаць на гэтае пытанне, можа аказацца, што ўсе мы насамрэч злуемся на невыносныя абставіны, на рэчаіснасць, што дапякла ўсіх нас, беларусаў, па абодва бакі мяжы.

«Злуюся на тых, хто з’ехаў, ці на тое, што сам не магу з’ехаць?»

Лепш паспачуваць і паспрабаваць зразумець, асабліва тых, хто адбыўся ў сваёй прафесіі і справе ў Беларусі.

Для іх гэта не прагулка, іх выгналі з уласнай краіны змусам, насуперак іхнаму жаданню. Вельмі цяжка адаптавацца за мяжой, пагатоў калі ты гэтага не хацеў і не планаваў.

Для некаторых гэта эмацыйна не лягчэй, чым сядзець у турме. Толькі ў іх не названыя тэрміны. А што, калі эміграцыя назаўжды?

 

«Злуюся на тых, хто застаўся, ці на тое, што цяпер ніяк не ўплываю на іхнае жыццё і сам не магу вярнуцца?»

Пажылыя сваякі, бацькі, прывязаная да месца (і часта ўлюбёная) праца, уласныя хваробы робяць ад’езд немагчымым.

Не варта пераконваць кагосьці да эміграцыі: хутчэй за ўсё, кожны, хто застаецца, мае свае прычыны і сам у стане ацаніць рызыкі.

Даведайцеся, якім чынам вашыя сябры ды блізкія пры жаданні могуць пакінуць Беларусь, і запэўніце іх, што, калі вынікне патрэба, вы будзеце ў стане ім дапамагчы.

Як не злавацца на тых, хто выехаў/застаўся

Пастаўцеся да сваіх злых словаў крытычна

«Яны ўсе не вернуцца»

Хутчэй за ўсё, вы маеце рацыю. але гэта не страшна. або інакш: страшна не гэта, а тое, што з намі робяць.

«Іх усіх пасадзяць»

Пры ўсёй маштабнасці рэпрэсій, памножанай на любоў да абагульненняў, варта, аднак, усведамляць, што ў страху бываюць вялікія вочы і часам мы сапраўды перабольшваем.

Злосць – спосаб пазбягаць рэчаіснасці.

  • «Калі б вы не з’ехалі, мы б перамаглі»
  • «Калі б мы выбралі нямірны пратэст, усё было б інакш»

Сёння – ужо не 2020, гісторыя не мае ўмоўнага ладу. Цяпер трэба вучыцца жыць у тых умовах, у якіх мы апынуліся.

Як не злавацца на тых, хто выехаў/застаўся

Хопіць асуджаць

Нехта можа смяяцца – хай смяецца. Нехта крычыць – хай выкрычыцца. Нехта посціць фотаздымкі з марскога пляжу – няхай. Кожны перажывае і ратуецца па-рознаму.

Мы – беларусы, мы ў стрэсе, і з намі не проста адбылася непрыемнасць – мы ўнутры вялікай траўмы.

Выкрычацца і высмяяцца можна і трэба, галоўнае: не забыць пры гэтым, што прычына траўмы і стрэсу – не мы самі. Мы – не ворагі адно аднаму. Помніце, як мы радаваліся, што нас шмат? Давайце захаваем сваю большасць і еднасць.

Гэта калі-небудзь скончыцца

Галоўная задача для ўсіх і кожнага з нас – захаваць сябе фізічна і эмацыйна здаровымі людзьмі. Па вялікім рахунку, няма значэння, дзе мы знаходзімся. У наступным спісе таго, што дапаможа нам вытрываць, няма нічога новага (але спісы карысныя самі па сабе):

  • Добрая ежа
  • Адпаведная фізічная актыўнасць
  • Рэгулярны графік і сон
  • Камфортны адпачынак

Чаго не раяць рабіць людзям у цяжкіх сітуацыях, дык гэта рэзка змяняць звыклы лад жыцця. Адкладзіце жорсткія дыеты для больш мяккіх перыядаў.

Як не злавацца на тых, хто выехаў/застаўся

Гэта яшчэ вельмі доўга не скончыцца

Рыхтуйцеся да горшага. Зараз цяжкі час, і ён працягнецца доўга, як самы цяжкі спрынт. Таму марнаваць энергію на злосць непрадуктыўна. Трэба берагчы ўласныя сілы.

Свядомы выбар

Калі нам страшна, мы губляем пачуццё кантролю, адчуванне, што мы самі выбіраем сваё жыццё. Давайце дамовімся: зараз няма добрых рашэнняў. Абставіны супраць нас, і кожны выбар – кепскі. Аднак адстаяць сваё права мець уласны, усвядомлены выбар мы можам.

Калі вы застаяцеся

  • Падумайце, што ў вас тут і наколькі гэта для вас каштоўна.
  • Важна, што гэта – ваш выбар. Пакуль вы на свабодзе, вы вырашаеце самі.
  • Вызначце, на што вы можаце абапірацца ў сваім выбары, калі адольваюць сумневы.
  • Магчымасць жыць ва ўласнай кватэры, хадзіць у знаёмы лес, рабіць сваю працу, размаўляць на сваёй мове, ездзіць на сваёй машыне – толькі частка прыкладаў, калі выбар перастае быць абстрактным, калі яго можна памацаць.

Калі вы выехалі

  • Вы разам са сваёй сям’ёй ці блізкімі людзьмі, і цяпер у вас хаця б на адну нагоду менш для перажыванняў за іх: у вашу кватэру пры вас хутчэй за ўсё ўжо не ўварвуцца незнаёмцы ў форме (ці без формы), вы можаце часам расслабіцца.
  • Можна ўспрымаць свой выезд як чарговую прыгоду.
  • Ну, а калі зусім не дапамагае, то: каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць. Няхай, можа, і не тым шляхам, пра які мы марылі, але ўжо як ёсць.

І ўсё ж – што рабіць са злосцю

Тое, што звычайна. Плакаць, займацца спортам, спяваць. Злосць раз’ядае і псіхіку, і цела.

Падумайце, як у вашым целе праяўляецца злосць, і што само цела хоча зрабіць, каб яму стала лягчэй. Хтосьці супакойваецца у фізічнай працы і спорце, іншыя ж хацелі б проста легчы і ляжаць.

Псіхолагі раяць слухаць сваё цела і даваць яму патрэбнае: злосць, пачуццё наканаванасці і бездапаможнасці можна і выбегаць, і выляжаць. Фізічнае пражыванне эмоцыяў дае палёгку і супакой.

Што робіць вас шчаслівым

Палітвязні не выйдуць, а справядлівасць не адновіцца ад таго, што вы ўвесь час будзеце ў скрусе.

Незалежна ад таго, пакутуем мы, злуемся, ненавідзім, асуджаем, чакаем перамогі або бядуем па страчанай Ітацы і закрытым акне магчымасцяў, ёсць тое, што ўвесь час адбываецца, – гэта нашае жыццё.

Час, які мы і нашыя блізкія маем, каб жыць і напаўняць жыццё сэнсам, ніхто не кампенсуе і не верне.

Напішыце спіс рэчаў, якія прыносяць вам задавальненне, і насіце яго з сабой (напрыклад, у тэлефоне).

Пайсці ў лес у грыбы, пагладзіць сабаку, выпіць смачнай гарбаты з прыгожага кубка – у кожнага гэты спіс будзе розным. У момант злосці і разгубленасці цяжка прыгадаць, што ў гэтым жыцці яшчэ былі задавальненні.

Але, зірнуўшы ў спіс, можна ўбачыць на ўласныя вочы пацверджанне гэтаму факту і выбраць тое, што хоць крыху зробіць нас весялейшымі.

Вызначце свой гарызонт планавання. Колькі вы можаце запланаваць наперад? За апошні год гэты далягляд зменшыўся ва ўсіх, і не толькі ў Беларусі.

Каранавірус і закрытыя межы адмянілі далёкія гарызонты. У Беларусі ж гэты далягляд стаў зусім непрадказальным.

Таму – не праракуйце. Плануйце на дзень, тры, на тыдзень. Гэта дасць большае адчуванне падкантрольнасці жыцця.

Свае

Дзе б вы ні знаходзіліся, шукайце сваіх. Свае – гэта такія ж дарослыя, з якімі супадаюць каштоўнасці і выбар.

Збірайцеся ў зуме, у лесе ці на канапе, злуйцеся разам, абмяркоўвайце навіны, фільмы, кнігі і побытавыя рэчы, гуляйце ў гульні, але рабіце гэта рэгулярна. Руціна вельмі дапамагае захоўваць спакой.

Як не злавацца на тых, хто выехаў/застаўся