Гiды

10 cпосабаў сустрэць Новы год без тэлевізара

10 cпосабаў сустрэць Новы год без тэлевізара

Малюнак Ксеніі Лагавой

Прыкмета «як сустрэнеш год, гэтак і правядзеш» сёлета зусім дэзактуалізавалася на карысць сціплага жадання стрымаць імклівую чорную варонку, у якую ўжо ўпалі пажаданні дабра ды міру, што гучалі за навагоднімі сталамі летась. Пакуль поп-зоркі з усходу зноў і зноў пераапранаюцца ў свайго панурага Іпаліта, наш класік завяшчае: «Савецкае шампанскае, чорная ікра — гэта ўсё міраж». Сойка заклікае падымацца ад сталоў і, па іроніі лёсу, замест савецкай «Іроніі лёсу», шукаць уласных, новых шляхоў сустрэць Новы год. Перад вамі — 10 варыянтаў.

Сядзіба Дзеда Зімніка і Бабы Завірухі

Наведаць вёску Залейкі ў Іўеўскім раёне прапануем усім аматарам навагодняй казкі. Прычым олдскульнай – без фіксікаў і шчанячага патруля, але з больш звыклымі для нас казачнымі персанажамі. Перад кожным Новым годам на сядзібе Дзеда Зімніка і Бабы Завірухі ладзяць анімацыйную праграму і інтэрактыўны спектакль пад адкрытым небам: гэтым разам галоўнай гераіняй будзе Папялушка. Хто пабываў на сядзібе ў мінулыя гады, кажуць, што ад Дзеда Зімніка немагчыма з’ехаць не ў гуморы.

Індзейская сядзіба

Каб трапіць у індзейскую вёску, не трэба ляцець праз акіян. Праўда, улічвайце, што сучасныя «індзейцы» — камерцыйныя, і іх прасцей знайсці не па тытунёвым паху з люлькі міра, а праз турагенцтвы (часцей за ўсё наведванне вёскі ўваходзіць у экскурсійны тур па Глыбокім). Калі хочаце толькі індзейскага каларыту, можаце звязацца непасрэдна з сядзібай Утрына і забраняваць сустрэчу з індзейскім Дзедам Марозам. Арганізатары падрыхтавалі не толькі тэматычную праграму: у сядзібе ёсць кантактны заапарк з пяшчотными козачкамі, а таксама вам прапануюць катанні на сабаках хаскі (у тым ліку і начныя). Карацей, індзейцы зробяць усё, каб уразіць бледнатварых.

Пікнік-гатэль

Пакатацца на хаскі, а таксама на сапраўдным паўночным алені (і сфатаграфавацца з ім), можна і ў пікнік-гатэлі «Экспедыцыя». Назва супадае з сэнсам: на навагоднія святы можна правесці экспедыцыю, трапіўшы ў сапраўдную атмасферу поўначы з яе традыцыямі. Акрамя катання на сабачай запрэжцы і на банане, вы навучыцеся арканіць аленя (адмена ахтунгу: замест аркана выкарыстоўваюцца абручы, якія можна накідваць на рогі), у ціры дадуць адчуць, што такое паўночнае паляванне, таксама гасцей чакае майстар-клас ігры на паўночных музычных інструментах. Адшукаць беларускую «тундру» можна на ўзбярэжжы Мінскага мора.

Белавежская пушча

У апошнія гады пушча ўстойліва асацыюецца з навагоднімі святамі, таму яе наведванне ў гэты перыяд негатыўна ўспрымаецца праціўнікамі мэйнстрыма. А дарма, бо можна скласці свой асабісты маршрут, які зойме некалькі дзён. Што для гэтага трэба? Забранюйце домік паміж Берасцем і Белавежскай пушчай (ёсць годныя варыянты, напрыклад, у Камянецкім раёне). Па прыездзе пакіньце рэчы – і пагналі ў Берасце. Дзеці могуць пагуляць у снежкі на цягніках у музеі, а ўвечары папіце кавы на Гогаля ды пазабаўляйцеся з аніматарамі на Савецкай. На наступны дзень можна і ў пушчу, але Дзед Мароз, хаця паводле легенды і жыве там, мала чым адрозніваецца ад іншых, не белавежскіх. Можна скарыстацца магчымасцю падыхаць мясцовым паветрам, паглядзець на зуброў ды наведаць домік у Віскулях: з падзякай паразглядаць на фотаздымках дзядзек, якія «такую краіну развалілі». На зваротным шляху дамоў прабаўце гадзіну-другую ў Камянецкай вежы. Сойка гарантуе: такая вандроўка дае сілы як мінімум да канца студзеня. Толькі дамок замаўляйце з лазняй.

Парк жывёл

Беларуская кампанія па вырабе мэблі «Дыпрыз» – вядома, не IKEA, але і яна зрабіла нямала: яе намаганнямі сучасныя Баранавічы ўзгадваюцца не толькі праз чыгунку, дзякуючы якой яны ў свой час і з’явіліся. Зааландшафтны парк на тэрыторыі 400 гектараў, дзе жывуць дэкаратыўныя птушкі і рэдкія жывёлы, дзе высаджаны ўсе віды дрэваў, якія растуць у Беларусі, – яскравы прыклад таго, на што здольны прыватны бізнэс, калі яму не перашкаджаць. А з 15 снежня наведнікі Парку жывёл не толькі атрымаюць асалоду ад мясцовай прыроды, але і апынуцца ў дзвюх навагодніх лакацыях. У «Казачным свеце» госці сустрэнуцца з Гары Потэрам, катом Матроскіным і іншымі вядомымі героямі казак, будуць выконваць складаныя заданні, каб выратаваць Дзеда Мароза. А лакацыя «Лясныя таямніцы» перадасць атмасферу зімовага лесу. Калі вы зробіце выбар на карысць парку, не забудзьце пра папярэдні запіс.

Касцюмаваны конны паход

Сойка ўзгадала катанні на хаскі і аленях, але ёсць і больш традыцыйны для нашых мясцін жывы «транспарт» – коні. Адпаведныя базы можна лёгка адшукаюць праз інтэрнэт, мы жа адзначым ранча «Залатая шпора», дзе спецыялізуюцца на конных паходах. Вось і напярэдадні Калядаў можна адправіцца ў касцюмаваны аднадзённы паход «Санта і яго эльфы». А 1 студзеня наведнікаў ранча чакае больш лайтовая праграма: катанне на санях, глінтвейн, шпацыр па зімовым лесе.

Казачная краіна

Калі вы стаміліся ад калег і суседзяў, ды і ўвогуле вас усе раздражняе, адпраўляйцеся ў госці да дабравітаў, эльфаў, майстравітаў. Малівур – не вынік фантазіі стомленага чалавека, а казачная краіна, якую можна наведаць з чацвярга па нядзелю. Калі апынецеся там, не забудзьце выконваць правілы графа Малівура:

  • не паліце на тэрыторыі
  • не гаварыце брыдкія словы
  • не лазьце на цмока і іншыя скульптуры
  • не пакідайце бацькоў без нагляду
  • самастойна не заходзьце за агароджу і не карміце коней

Высакародныя алені і катанне на снегабалотаходзе

У нашым навагоднім гідзе шмат зімовай прыроды і рознай фаўны. Чарговы цікавы варыянт Сойка адшукала на паўночным захадзе Беларусі (за 260 км ад Мінска) – у вёсцы Зачарэўе Мёрскага раёна Віцебскай вобласці. Амаль дзесяць гадоў таму ў мясцовай паляўнічай гаспадарцы «Абстэрна» з’явілася аленевая ферма – зараз гэта буйная пляцоўка па селекцыі высакароднага аленя. З жывёламі можна сфатаграфавацца на фоне прыроды: вялікія вальеры і амаль непрыкметная агароджа ствараюць ураджанне запаведніка. У гаспадарцы вас чакае яшчэ адзін навагодні цуд: перамяшчацца па яе тэрыторыі вы зможаце на вялікім снегабалотаходзе. Гэта тая яшчэ звяруга, галоўная мэта якой – не толькі рухацца па любой паверхні, але і ўразіць вас сваімі здольнасцямі і памерамі.

Дубы і каштан

Ёсць добрыя навіны і для тых, хто хоча на ўвесь год зарадзіцца энэргіяй ад беларускай флоры. У нас ёсць на што паглядзець і што паказаць замежным турыстам. Напрыклад, недалёка ад вёскі Старое Раматава Маларыцкага раёна расце самае старое дрэва Беларусі – цар-дуб «Пажэжынскі»: яго вышыня – 46 метраў, а дыяметр ствала – больш за два метры. Адзіная праблема – зімой да дуба складана пад’ехаць, але невялікая вандроўка на лыжах пакіне яшчэ больш уражанняў.

У вёсцы Райца Карэліцкага раёна ёсць сядзіба Раецкіх, дзе расце адзіны ў Беларусі васьмітычынкавы каштан: некалькі стагодддзяў таму яго прывезла з парыжскай выставы княгіня Стэла Раецкая. Побач расце рэдкая белая таполя, якая не дае пуху. Перад ад’ездам Сойка раіць папіць гарбаты (абавязкова бярыце з сабой тэрмас) у знакамітай прыроднай альтанцы, створанай з пасаджаных колам сямі дрэваў.

Калі вы жывяце ў сталіцы і ў вас няма часу на доўгія падарожжы, едзьце ў вёску Карпілаўку, дзе расце знакаміты Дуб-дзядуля, пра які пісаў Ядвігін Ш. Там знаходзіцца і сядзіба пісьменніка, а побач – хутар Акопы, які да 1929 года арандавала маці Янкі Купалы – Бянігна Луцэвіч. Менавіта тут знакаміты паэт і драматург напісаў паэмы «Бандароўна», «Магіла льва», п’есы «Тутэйшыя», «Паўлінка» і «Раскіданае гняздо». Так што калі паедзеце на святы ў Карпілаўку, для адпаведнага настрою раім паслухаць у машыне аўдыёкнігі па творах Ядвігіна Ш. ці Янкі Купалы.

Парк ВКС

Вялікае Княства Сула – універсальнае месца, дзе летам можна адзначыць гадавіну перамогі ў Грунвальдскай бітве, а ўзімку з густам адсвяткаваць Новы год. У падрыхтаваную навагоднюю праграму акрамя стандартных мерапрыемстваў накшталт віншаванняў ад Дзеда Мароза і святочнага салюту ўключаны рыцарскі турнір, а таксама віртуозны танец на палотнах пад скляпеннямі Каралеўскай Асамблеі. А раніцай замест актыўнага пошуку недаедзеных салатаў на хатнім балконе вы зможаце паўдзельнічаць у розных забавах на тэрыторыі парку ці прайсці навагодні квэст.

Сойка верыць у сваіх чытачоў і чытачак і вашу бязмежную фантазію. Магчыма, у вас ужо гатовыя ўласныя арыгінальныя варыянты святкаваць Новы год без савецкага застолля і крамлёўскіх курантаў па тэлевізары. Дзяліцеся сваімі прапановамі, пішыце нам на sojka.editors@gmail.com Што б вы ні выбралі: зараджацца ад каштанаў, катацца на банане ці перачытваць Ядвігіна Ш. – зычым усім беларусам міру, еднасці і незалежнасці ў новай, лепшай будучыні.