Гiды

Незалежная кінаіндустрыя: з чаго пачаць

Незалежная кінаіндустрыя: з чаго пачаць

Зняць уласнае кіно не марыў хіба той, хто пісаў уласны раман. Або планаваў уласны палёт у космас. Пагадзіцеся, свой фільм гучыць як мара. Тым не менш, сярод беларусаў нямала тых, хто ажыццявіў гэтую мару і гатовы падзяліцца з пачаткоўцамі сваім досведам і ідэямі. Сойка апытала Волю Чайкоўскую, журналістку, рэжысёрку, прадзюсарку і фільммэйкерку, пра тое, што рабіць маладому беларускаму рэжысёру, у планах якога — скарэнне свету.

Незалежная кінаіндустрыя: з чаго пачаць

Як аматару кіно прабіцца ў кінаіндустрыю?

Калі шчыра, трэба быць крыху вар’яткай і мець унутранае адчуванне прызначэння. Мяне проста цягнула ў кіно. Калі б мне дакладна і падрабязна распавялі пра ўсе складанасці ў гэтай індустрыі — асабліва калі няма ў каго спытаць, няма ў каго навучыцца, — я б 100 разоў падумала, ці варта мне ўсё гэта распачынаць. Тут шмат што залежыць ад асабістага жадання, упартасці, унутранай матывацыі, ад працаздольнасці і неўміручасці. Не здавацца, грукацца ва ўсе дзверы, спрабаваць усё.

Калі працавала журналісткай, я шмат пісала, аналізавала, крытыкавала тое, што адбываецца ў беларускім кіно, у Міністэрстве культуры, у «Беларусьфільме». А потым я пачала вывучаць, як працуе замежны кінематограф, як фінансуецца кіно, то бок глядзець па-за экран. Я параўноўвала ўсё з Беларуссю і разумела, што там усё вельмі складана, але адначасова ўсё вельмі проста: тыя рэчы, якіх не хапала беларускаму кіно, у сусветным кінематографе ўжо даўно былі вынайдзеныя і функцыянавалі. Цікавілася, як працуюць кінаінстытуцыі, як праходзіць адбор фільмаў на конкурснай аснове для фінансавання. Можна было браць і пераймаць гэты досвед, вучыцца ў еўрапейскіх калег.

Я шмат пісала, што такое пра копрадакшн і як гэта крута, але я тады яшчэ кепска ўяўляла, што гэта такое, якія ў ім нюансы і падводныя камяні. Напрыклад, фільм Аляксандра Міхалковіча «Мая бабуля з Марса» я ўжо спрадзюсавала як прадзюсарка ад кампаніі Volia Films. Гэта копрадакшн Беларусь, Эстонія, Украіна. То бок ад кожнай краіны-вытворцы ёсць нейкі фінансавы ўнёсак у стварэнне фільма. На той момант мая кампанія была зарэгістраваная ў Беларусі і Эстоніі, я знаходзіла для гэтага фільма фінансаванне на міжнародных кінарынках, укладала сваю працу ў гэты праект, таму ў графе вытворцаў стаялі гэтыя краіны. Я запрасіла копрадзюсара Ігара Савічэнку з Украіны, які атрымаў грошы ўкраінскага фонда кіно на постпрадакшн гэтага фільма. Бывае так, што сярод краінаў вытворчасці іх ажно 12 — і гэта ўплывае на шмат розных рэчаў. Напрыклад, чым больш краінаў вытворчасці, тым даражэйшы фільм.

Ці абавязкова ў гэтай справе атрымаць адукацыю, а ўжо потым здымаць?

Я прадзюсарка-самавучка, у мяне была журналісцкая адукацыя, я сама шмат пісала пра кіно, але каб працаваць у кіно, мала толькі адукацыі. Каб прадзюсаваць кіно, трэба мець пэўныя рысы характару: стрэсаўстолівасць, шматзадачнасць, здольнасць вырашаць канфлікты і пераадольваць крызісы, вытрымліваць дэдлайны і пісаць кучу заявак і справаздачаў, мадэраваць камунікацыю з рэжысёрамі і рэжысёркамі. Гэта больш софт-скілы, чым нейкія веды. Бюджэты лічыць у таблічках і г.д. — гэтаму ўсяму можна навучыцца, калі ёсць у каго спытаць парады.

Я пайшла вучыцца ў Балтыйскую кінашколу, калі мне ўжо было 30 гадоў, на той момант я ўжо 5 гадоў працавала ў кіно, рабіла фестываль «Паўночнае ззянне», спрадзюсавала 4-5 дакументальных фільмаў, шмат зрабіла памылак і набіла гузакоў. Нягледзячы на гэта, мне ўсё ж хацелася атрымаць кінаадукацыю, перадусім каб не заставацца самавучкай, не выслухоўваць нейкіх кпінаў, што я не фільммэйкерка, не кінапрадзюсарка, бо ў мяне няма адукацыі. Так, свет кіно даволі канкурэнтны і не заўжды прыязны. Для мяне гэта было траўматычна, таму я пайшла ў кінашколу, якая дала мне больш упэўненасці, міжнароднае кам’юніці, я адчула сябе прафесіяналкай на міжнародным узроўні і, вядома, гэта мне моцна дапамагло стаць часткай эстонскай кінаіндустрыі.

Тут я эстонская прадзюсарка і рэжысёрка беларускага паходжання, усе ведаюць, што я з Беларусі. Напрыклад, летась эстонскі кінаінстытут мяне адабраў у лік чатырох эстонскіх прадзюсарак, якія прадстаўлялі Эстонію ў Берліне на еўрапейскім кінарынку. Гэта было прызнанне маіх скілоў, майго таленту, маіх заслуг перад кінематографам.

Кіно — гэта вельмі канкурэнтная індустрыя, тут шмат спаборніцтва, шмат барацьбы за фінансаванне, заўсёдная гонка і дэдлайны. І калі ты маеш кінаадукацыю, то гэта вельмі дапамагае адчуваць сябе бяспечна і ўпэўнена рухацца наперад.

Варыянтаў, дзе павучыцца ствараць кіно, шмат. Ёсць, напрыклад, крутая кінашкола ў Лондане, Варшаўская кінашкола, а яшчэ кінашкола ў Лодзі, дзе Дэвід Лінч выкладаў. І ў Нямеччыне шмат кінашколаў. Патрэбна выбіраць па прыярытэтах.

Я ў Балтыйскай кінашколе заканчвала магістратуру па рэжысуры і прадзюсаванні дакументальнага кіно. У межах кінашколы я зрабіла 4 фільмы, і толькі за адзін з іх мне не сорамна — гэта «Агульная мова», фільм пра маіх бацькоў, які можна паглядзець на VODBLISK. Ён шмат пападарожнічаў па фестывалях, але я не змагла атрымаць напоўніцу ўсіх эмоцый, бо ён акурат выйшаў у пандэмію ў кастрычніку 2020 года, мне было вельмі складана пра гэты фільм гаварыць, бо іншыя тэмы былі ў паветры.

Як атрымаць фінансаванне на фільм?

Патрэбна мець добрае разуменне, які праект ты робіш, дакладнае, лаканічнае апісанне задумы, без вады. Да любой заяўкі ёсць пакет дакументаў, якія патрэбна запоўніць: крэатыўнае апісанне праекту, бюджэт, план дыстрыбуцыі і распаўсюду з канкрэтнымі лічбамі і назвамі фестываляў ці платформаў, са спасылкамі на агентаў, з якімі будзеце працаваць. Калі мы гаворым пра фільм, то патрэбна, каб быў логлайн, сінапсіс праекта, уцямны сцэнар ці хаця б трытмент на некалькі старонак, прыблізна разлічаны бюджэт. Часта яшчэ ў заяку ўваходзіць SWOT-аналіз, які паказвае, ці ацаніў аўтар заяўкі ўсе рызыкі праекта, усе слабыя і моцныя бакі.

Найлепшы спосаб напісаць добрую заяўку — гэта зразумець, чаго хоча фонд, вельмі ўважліва прачытаць гайдлайны, пракансультавацца з кімсьці з фонду пра прыярытэты, патрабаванні, папрасіць парадаў у тых, каму ўдалося здабыць фінансаванне на свой праект.

Таксама важна быць шчырымі ў матывацыі, чаму гэты канкрэтны праект вам хочацца рэалізаваць. Дзіўным чынам, але ва ўсіх заяўках відаць, ці гэты чалавек проста шукае грошы, ці ён шукае грошы на тое, што баліць, ці мае праект сацыяльнае значэнне.

Напісанне заяўкі — гэта цэлае мастацтва, але найперш трэба адштурхоўвацца не ад заяўкі, а ад праекта.

Як ацаніць бюджэт фільма?

Палічаны бюджэт — гэта істотны тэст на адэкватнасць. Чым ён будзе больш дакладны, прадуманы і падрабязны, тым большы давер да гэтага праекта.

Каб палічыць бюджэт, трэба дакладна разумець, колькі ў цябе здымкавых дзён, колькі трэба актораў, якой складанасці здымкі. Калі тое, што здымкі з агнём і вадой каштуюць вельмі шмат, гэта агульнавядомы факт, то мала хто ўяўляе, наколькі складана, дорага і доўга здымаць дзяцей і жывёл. Гэта непрадказальна. Працу прафесійных актораў можна запланаваць, а з дзецьмі і жывёламі ты ніколі не ведаеш, колькі табе спатрэбіцца дубляў.

Дасведчаны прадзюсар ці прадзюсарка табе адразу скажа, рэалістычны бюджэт ці не. Напрыклад, поўнаметражны фільм, 100 хвілінаў, 18 здымкавых дзён, бюджэт 30 тысяч еўра, праект на стадыі напісання сцэнара, у лістападзе 2024 года прэм’ера — гэта немагчыма ўспрымаць сур’ёзна! Глядзіш каманду, ці ёсць там у кагосьці досвед, і разумееш, што не цягне такая каманда рэалізаваць такі праект!

Трэба разумець свае планы на распаўсюд гэтага фільма, якая ў гэтага праекта аўдыторыя, якія амбіцыі ў стваральнікаў: ці гэта фестывальныя прэм’еры, ці стрымінгавыя платформы. Гэта ўсё важна ў любой заяўцы адлюстроўваць.

Куды падаваць заяўкі на фінансаванне?

Наогул, шукаць грошы — гэта праца прадзюсара. Таму найперш варта знайсці прадзюсара, а для гэтага варта ездзіць на кінарынкі, на пітчынгі, знаёміцца і прадстаўляць сябе, на ўсіх кінаівэнтах расказваць пра свой праект. Сярод ключавых і важных я б назвала Marché du Film у Канах, Еўрапейскі кінарынак у Берліне, івэнты Інстытута дакументальнага кіно ў Празе, CPH:DOX FORUM, на які мы сёлета вязём беларускую дэлегацыю ад кінафестывалю «Паўночнае ззянне». Ёсць добрая пляцоўка Vilnius Meeting Point у межах фестывалю Kinopavasaris, з якога можна пачынаць. Сачыце за коламі, якія посцяць розныя суполкі накшталт Sekktor, Art Power таксама абвяшчае колы.

Каманда для стварэння кіно звычайна складаецца з мноства спецыялістаў: рэжысёраў_ак, прадзюсараў_ак, актораў_ак, аператараў_ак, мантажораў_ак, каларыстаў_ак, гукарэжысёраў_ак, кампазітараў_ак, сэт-дызайнераў_ак ці сцэнографаў_ак. І каб сабраць такую каманду, трэба знаёміцца, спрабаваць заразіць усіх сваёй ідэяй. Ну і як варыянт пайсці вучыцца ў кінашколу, бо там будзе асяродак, майстры-настаўнікі, якія будуць штурхаць, знаёміць, прадстаўляць камусьці цябе. А яшчэ там будзе магчымасць рэжысаваць актораў і акторак — гэта практыка, якой усім рэжысёрам вельмі не стае. Атрымаць такі досвед па-за кінашколай вельмі цяжка.

Што такое фандрайзінг у асобна ўзятай краіне?

Інстытута прадзюсавання ў Беларусі не існуе, у Беларусі і грошай на незалежнае кіно ніколі не было.

А ў любой еўрапейскай краіне ёсць кінаінстытут, у яго ёсць нейкі бюджэт на гульнявое, дакументальнае і анімацыйнае кіно на год. І ён размяркоўваецца на адкрытых колах, куды кінематаграфісты падаюць свае праекты. Ёсць яшчэ рэгіянальнае фінансаванне: гэта калі б у Віцебскай, Магілёўскай ды іншых абласцях былі свае рэгіянальныя кінафонды. Напрыклад, калі вы плануеце здымаць у Віцебскай вобласці, вы б маглі падаць у Рэгіянальны кінафонд Віцебскай вобласці.

А чым займаецца Беларуская незалежная кінаакадэмія?

У кінаакадэміі мы спрабуем падтрымліваць беларускіх фільммэйкераў, прасоўваем іх інтарэсы за мяжой, але сама кінаакадэмія не займаецца фінансаваннем, у нас ніколі не было такой амбіцыі. Мы аб’ядноўваем беларускіх кінематаграфістаў, у якіх ёсць досвед у кіно, даём асабістыя парады і дапамагаем выводзіць іх праекты на міжнародны рынак, але мы не навучальная і не фінансавая інстытуцыя.

Сёлета другі год запар у межах кінарынку Берлінале мы арганізавалі стэнд Беларускай незалежнай кінаакадэміі, дзе мы правялі безліч розных сустрэч з людзьмі з кінаіндустрыі, прадзюсарамі і г.д. Мы правялі публічны пітч, на падставе адкрытага колу адабралі пэўную колькасць праектаў, якія шукаюць замежных партнёраў.

Ці магчыма здымаць беларускае незалежнае кіно не ў Беларусі?

І магчыма, і немагчыма. Я магу прывесці ў прыклад кароткаметражны фільм Мары Тамковіч «Лайф», на базе якога яна зрабіла гульнявы свой фільм «Пад шэрым небам» — гэта фільм пра беларускіх журналістак, цалкам заснаваны на канкрэтнай дакументальнай гісторыі, фільм гаворыць пра актуальныя падзеі для Беларусі. Мара — беларуска, тэма беларуская, але Мара даўно ўжо жыве ў Польшчы і атрымала грошы ад польскага кінаінстытута на гэты фільм. Беларусі ў краінах вытворчасці гэтага фільма стаяць не будзе, бо няма фінансавага ўнёску Беларусі ў гэты фільм. Дык гэта чый фільм: беларускі ці польскі?

Але фестывальнае кіно — яно для каго?

Як яго пабачыць звычайнаму беларускаму гледачу, які не мае магчымасці трапіць на закрыты паказ?

Найперш гэта фестываль «Паўночнае ззянне», у нас ёсць беларускі конкурс з 2020 года, з мінулага года адборам беларускіх фільмаў на конкурс займаецца Ігар Сукманаў, былы арт-дырэктар «Лістападу». Мы даём яскравы зрэз таго, што адбываецца ў беларускім кіно на працягу канкрэтнага года.

Можна глядзець фільмы ў анлайн-кінатэатры VODBLISK, гэта фільмы, якія маюць нейкае значэнне, вагу, імя ў беларускай кінапрасторы. Там і Дар’я Жук, і Улада Сянькова, і Мара Тамковіч, і Андрэй Куціла, і Аляксей Палуян.

Ёсць шмат іншых фэстаў, дзе можна сачыць за беларускім кіно, напрыклад, «Бульбамуві».

А колькі фільмаў беларусы здымаюць на год?

Біч беларускага кіно ў тым, што яно ніяк не можа выбрацца са стэрэатыпу, што гэта вельмі нішавае кіно, што ў Беларусі няма кінаіндустрыі, няма аўтараў, няма фільмаў. Я б дужа хацела прадставіць статыстыку, колькі фільмаў здымаюць беларусы на год, але такой статыстыкі няма. Я сама шукала звесткі пра прысутнасць жанчын у беларускім кіно, я нават абмяркоўвала з даследчымі цэнтрамі, ці магчыма зрабіць такое даследаванне. Але рэч у тым, што Міністэрства культуры Беларусі, якое фінансуе кіно, не дае ніякай адкрытай статыстыкі. Плюс куча незалежных праектаў — як па іх весці статыстыку? У каго ёсць рэсурс збіраць гэтую інфармацыю ў асобную базу дадзеных?

А нават калі б знайшоўся рэсурс, то адразу ўзнікне пытанне, што лічыць беларускім кіно? Калі б у нас была свая кінаінстытуцыя, якая б фінансавала беларускае незалежнае кіно і давала справаздачу, тады б мы ведалі, колькі фільмаў знялі беларусы за год. А тое, што ствараецца цяпер, проста не паддаецца падліку (але гэта не 5 і не 500, а недзе 50 на год).

Да мяне часцяком звяртаюцца замежныя прадзюсары і гавораць: «А вось у нас тут у Францыі здымае фільм вось такая беларуская рэжысёрка»… Я кажу: «Добра, а давайце нам гэтую рэжысёрку! Чаму мы пра яе не ведаем?!» Нашы людзі нешта ствараюць у межах іншых краінаў, а мы і не ўяўляем, што яны ёсць!

Можаш назваць 5 найлепшых беларускіх незалежных фільмаў?

Насамрэч, тое, што ёсць на VODBLISK, можна браць і глядзець! Напрыклад, адзін з самых культавых беларускіх фільмаў — «Чыстае мастацтва» Максіма Шведа. Можна паглядзець «Возера радасці» Аляксея Палуяна, суперкранальная гісторыя, з непрафесійнай акторкай у галоўнай ролі, можна пачытаць гісторыю працы рэжысёра з гэтай дзяўчынай, яна з дзіцячага дома, з невялікай беларускай вёскі. Можна паглядзець фільм Улады Сяньковай «ІІ» ці фільм Аляксандра Міхалковіча «Мая бабуля з Марса» — гэта адны з самых папулярных фільмаў у нас на VODBLISK па колькасці праглядаў. Але некаторыя фільмы, якія я вельмі люблю, мы не можам паказаць на VODBLISK з прычынаў бяспекі.

Мы ў пэўным сэнсе займаемся захаваннем культурнай спадчыны, для нас гэта вельмі вялікі выклік, бо ў нас няма доступу да архіваў «Беларусьфільма», да класных стужак «Беларускага летапісу». Мая мара — паказаць на VODBLISK фільм «Дарога на Курапаты», але яго немагчыма знайсці ў добрай якасці. І ці прададуць нам яго, вялікае пытанне. І ці этычна набываць яго цяпер у «Летапісу» — таксама вялікае пытанне.

5 парадаў людзям, якія хочуць трапіць у кінаіндустрыю

– мець добрыя намеры
– быць настойлівымі
– быць працавітымі
– мець максімальна дакладнае ўяўленне пра праект
– цікавіцца ў калегаў, у якіх атрымалася, але калегі зусім не абавязаныя дзяліцца з вамі ўсімі сваімі сакрэтамі. Вы павінныя зацікавіць сваім праектам калег, каб ім захацелася вам дапамагчы.

Складана выдаць нейкую агульную схему поспеху, бо ў кіно яе няма. Нават дасведчаныя рэжысёры і прадзюсары, якія маюць да халеры ўзнагарод, бяруцца за новы праект як за чысты аркуш. Немагчыма скапіпасціць свой папярэдні досвед на новы сцэнар, новы бюджэт, новыя ўмовы здымкі і прасоўвання фільма.

Калі я чытаю біяграфіі розных рэжысёрак і рэжысёраў, яны ўсе пішуць, як вучыліся здымаць кіно. Яны шмат глядзелі кіно і шмат чыталі, як стваралі кіно да іх. Усё. Ёсць пэўныя правілы, як працуе сцэнар, драматургія, але ўсё, што тычыць фандрайзінгу, узаемадзеяння з людзьмі — гэта ўсё неймаверна творчая праца.

Кароткі слоўнік

Логлайн — кароткае апісанне сутнасці гісторыі / асноўнай завязкі сюжэту фільма / серыяла (не больш за два сказы), якое выкарыстоўваецца для прыцягнення ўвагі прадзюсараў, фестывальных адборшчыкаў, а потым і гледачоў.

Трытмант — прэзентацыя, у якой рэжысёр апісвае свае кінастылістычныя ідэі, вобразныя рашэнні, канцэпцыі па вобразах і мізансцэнах, каб адлюстраваць вобраз будучага твора. Гэта аснова для працы з акторамі і акторкамі, здымкамі і іншымі элементамі фільма, каб дасягнуць жаданага эстэтычнага і эмацыянальнага эфекту ў выніку. Увогуле, дэманстрацыя магчымасцяў і план дзеянняў у адным флаконе.

Сінапсіс — апісанне сюжэту з яго асноўнымі паваротамі, характарыстыкай вядучых персанажаў і фактарамі, якія ўплываюць на іх развіццё, а таксама ключавымі момантамі: ад завязкі да развязкі. Сінапсіс можа складацца як з аднаго абзаца, так і з некалькіх старонак.

Дыстрыбуцыя ў кіно — гэта працэс распаўсюджання і продажу фільмаў, пачынаючы ад іх кінатэатральнага паказу і заканчваючы дыстрыбуцыяй на дыскі, стрымінгавыя платформы, тэлевізійныя паказы і іншыя медыйныя каналы.

Рэжысаваць актораў — у ігравым кіно адным з важных інструментаў рэжысёра / рэжысёркі з’яўляецца праца з акторамі / акторкамі. Дзякуючы гэтаму дасягаецца эфект, які задумваўся першапачаткова стваральнікамі / стваральніцамі фільма.