Гiды

Дзесяць фільмаў, каб зразумець сучасную Украіну

Дзесяць фільмаў, каб зразумець сучасную Украіну

Кінакрытык Тарас Тарналіцкі на просьбу Сойкі перагледзеў самае must see ўкраінскае кіно і адабраў дзясятак стужак, якія варта паглядзець прама цяпер.

Наўрад ці ў крывавай і бязлітаснай агрэсіі Расеі супраць Украіны, якая расцягнулася на доўгія восем гадоў, існуюць выразныя матывы і ўжо тым больш адназначна станоўчыя моманты. І ўсё ж вайна паскорыла кансалідацыю грамадзянскай супольнасці нашых паўднёвых суседзяў, дапамагла запусціць важныя рэформы па абнаўленні дзяржавы і дала магутны імпульс для культурнага развіцця. Апошняе стала выразна прыкметным па з’яўленні новага пакалення кінематаграфістаў, здольных на шчырую размову са сваёй аўдыторыяй на самыя вострыя тэмы. Для постсавецкай кінапрасторы, захраслай у наратыве слаўнага савецкага мінулага, гэта можна назваць унікальнай сітуацыяй. Зрэшты, і да вайны ўкраінскае кіно было даволі разнастайным, цікавым і непадобным да візуальнай культуры суседніх краін.

І гэта важна разумець зараз, калі лёс адной з найбуйнейшых краін Еўропы вырашаецца на палях бітваў. Таму сёння гаворка пойдзе пра дзесяць украінскіх фільмаў, здольных растлумачыць асаблівасці культуры, гісторыі і светаўспрымання гэтага мужнага народа.

Дзесяць фільмаў, каб зразумець сучасную Украіну

«Плем’я» (рэж. Міраслаў Слабашпіцкі, 2014)

У сакавіку кінапрэмія «Оскар» нечакана абрала пераможцам у намінацыі «Найлепшы фільм» стужку «CODA: дзіця глухіх бацькоў» — інклюзіўнае драмеды пра жыццё глуханямой амерыканскай сям’і. У ім сыгралі акторы, якія валодаюць рэальнай глухатой, і для многіх гледачоў і СМІ гэта падзея здалася грандыёзным прарывам у рэпрэзентацыі на экране жыцця людзей з інваліднасцю, хоць украінскі рэжысёр Міраслаў Слабашпіцкі зрабіў тое ж самае на 8 гадоў раней у сваім дэбютным фільме «Племя».

Гэтая ў многіх момантах радыкальная карціна, якая здымалася ў перыяд Еўрамайдана і выйшла ў пракат падчас вайны на ўсходзе Украіны, рсказвае гісторыю маладога хлопца Сяргея, што трапіў у інтэрнат для глуханямых, якім фактычна цалкам кіруе крымінальная групоўка вучняў пад назвай «Племя».

Нягледзячы на тое, што фільм па драматургічнай структуры з’яўляецца класічным вестэрнам у дэкарацыях постсавецкай Украіны, гледачы цалкам справядліва ўспрынялі карціну ў існым на той момант палітычным кантэксце — як метафару супрацьстаяння індывіда і злачыннай улады. Акрамя ўдалага сцэнара, у «Племені» выявілася экстрэмальна эксперыментальная мастацкая форма: героі фільма камунікуюць толькі на мове жэстаў, якія не суправаджаюцца субтытрамі і закадравай музыкай. І граюць тут спрэс непрафесійныя акторы з рэальнымі праблемамі са слыхам, знойдзеныя рэжысёрам ва Украіне, Расеі і Беларусі (выканаўца галоўнай ролі Яна Новікава родам з-пад Гомеля).

Такі патэнцыял выліўся ў трыумф у секцыі «Тыдзень крытыкаў» у Канах (тры ўзнагароды) і на мностве іншых фестываляў, а таксама ў скандал і перафармаванне Украінскага оскараўскага камітэта, ранейшыя члены якога не захацелі вылучаць карціну на «Оскар» ад краіны. Увогуле, такой фестывальнай шуміхі не здаралася ні з адным іншым украінскім фільмам.

«Донбас» (рэж. Сяргей Лазніца, 2018)

Творчасць Сяргея Лазніцы непарыўна звязаная з мінулым і сучаснасцю Усходняй Еўропы. Да гэтага аўтара падштурхнула ўласная біяграфія: украінец па нацыянальнасці, ён нарадзіўся за савецкім часам у Беларусі, навучаўся кінарамяству ў Расеі і ў пачатку нулявых эміграваў у Германію. Падкрэслены касмапалітызм жыцця прасачыўся ў фільмаграфію, якая практычна цалкам прысвечаная бескампраміснаму асэнсаванню гістарычных і антрапалагічных працэсаў, якія адбываліся на (пост)савецкай тэрыторыі. Праз гэтую акалічнасць Лазніцу актыўна хваляць і крытыкуюць як ва ўкраінскай, так і расейскай кінасупольнасцях.

Сучаснай Украіне рэжысёр прысвяціў два фільмы — маштабную дакументальную кінахроніку «Майдан», якая бясстрасна зафіксавала галоўныя падзеі Рэвалюцыі годнасці мяжы 2013 і 2014 гадоў, а таксама яе своеасаблівы працяг — ігравы трагіфарс «Данбас», прысвечаны феномену постпраўды, які становіцца галоўнай сілай у самаабвешчаных рэспубліках ДНР і ЛНР. Фільм, які адкрываецца з пастановачнага тэлесюжэту пра абстрэл вуліцы ўкраінскай артылерыяй, адразу ж ператвараецца ў цэлы россып абсурдных, жудасных і проста жахлівых мінігісторый пра жыццё на акупаваных землях, дзе пануе анархія, карупцыя і самыя нізкія праявы чалавечай натуры.

Можна было б спісаць гэтую буфанаду анархіі на нястрымную фантазію аўтара, вось толькі ўсе гісторыі, што адбываліся на экране, Лазніца падгледзеў у інтэрнэце, сярод мноства апублікаваных прарасейскімі калабарантамі відэа, і проста старанна аднавіў іх у ігравой форме. Таму «Данбас» яшчэ раз бліскуча даказвае прапісную ісціну — рэальнае жыццё нашмат больш вынаходлівае, чым любое, хай нават самае неверагоднае кіно.

«Атлантида» (рэж. Валянцін Васяновіч, 2018)

Сёння намаганні мноства людзей і палітыкаў з усяго свету накіраваныя калі не на заканчэнне, то на спыненне ваенных дзеянняў ва Украіне. Вось толькі ў які момант гэта адбудзецца, ніхто не можа прадказаць. Затое можа ўявіць, што і зрабіў рэжысёр, аператар і сцэнарыст Валянцін Васяновіч у сваёй антыўтопіі «Атлантыда», якая стала ў 2019 годзе найлепшай у секцыі «Венецыянскія гарызонты» Венецыянскага кінафестывалю.

Паводле задумы Васяновіча, ягоная радзіма атрымала перамогу ў няроўнай сутычцы з былой імперыяй, але ўсход Украіны, месца асноўных баявых дзеянняў, ператварылася ў знежывелую прастору, рэсурсы якой знясіленыя, а зямля атручаная. Сяргей, ветэран нядаўняй вайны, застаўся тут жыць, журботна назіраючы, як зачыняюцца апошнія заводы, а ваенныя будуюць абарончыя ўмацаванні, размініруюць дарогі і знаходзяць парэшткі загінулых салдат, нібы асвойваючы землі даўно загінулай цывілізацыі.

У візуальным плане «Атлантыда» моцна нагадвае згаданае вышэй «Племя» Слабашпіцкага, на якім Васяновіч працаваў аператарам. Тут героі і навакольны ландшафт таксама змешчаныя ў шырокавугольную панараму лінзы відэакамеры, максімальна адстароненай ад гледача, ад чаго фільм нагадвае велічныя фрэскі, толькі што яны расказваюць не пра мінулае, а наадварот, пра будучыню. І гэтая будучыня не абяцае нам нічога добрага. Аўтар прадбачыць не толькі гуманітарную, экалагічную, але і антрапалагічную гібель умоўнага Данбаса, у якога ў запасе застаецца адзіны не вычарпаны рэсурс — людзі, гатовыя насуперак здароваму сэнсу працягваць тут жыць.

«Українські шерифи» (рэж. Раман Бандарчук, 2015)

Рыхтуючы цяперашняе ўварванне ва Украіну, расейская тэлепрапаганда ўпарта пераконвала сваю паству ў тым, што мясцовыя будуць сустракаць заваёўнікаў радасна, з кветкамі. У гэтую ж наіўную хлусню паверылі і крамлёўскія эліты. Усе яны, як мы ведаем, жорстка пралічыліся, не разумеючы, паводле якіх прынцыпаў жыве цяперашняе ўкраінскае грамадства, якія каштоўнасці яму блізкія. Адказ, якога не было ў рускіх агрэсараў, ёсць у фільме «Украінскія шэрыфы» дакументаліста і суарганізатара фестывалю Docudays Рамана Бандарчука.

«Украінскія шэрыфы» даказваюць, што грамадзянская ініцыятыва магчымая не толькі ў буйных і эканамічна развітых гарадах, але і простым сяле Старая Збур’еўка Херсонскай вобласці, — было б жаданне. Некалькі яго жыхароў (у фільме мы бачым Уладзіміра Рудкоўскага і Віктара Крывабародзьку) па даручэнні пасіянарнага старасты Віктара Маруняка становяцца пазаштатнымі памочнікамі ўчастковага інспектара, які не паспявае наводзіць парадак у найбліжэйшых вёсках. Так мужчыны з часам ператвараюцца ў сапраўдных шэрыфаў сваёй малой радзімы, ад вострага позірку якіх не выслізне ні адзін зладзюжка, п’янчуга і нават забойца. Бандарчук цягам чатырох гадоў здымаў сваіх герояў, аж да анэксіі Крыма і пачатку вайны на Данбасе. Разлік аўтара спачатку быў зняць трагікамедыю пра жыццё правінцыі, але атрымалася жыццесцвярджальнае кіно пра ўсёпераможную сілу нізавой самаарганізацыі, якую так не любяць постсавецкія аўтакраты.

Ідэя фільма зачапіла строгае журы Міжнароднага кінафестывалю дакументальнага кіно ў Амстэрдаме (IDFA), дзе «Украінскія шэрыфы» атрымалі спецыяльны прыз за найлепшы фільм, а таксама вылучаліся ад краіны на прэмію «Оскар», але фільм не прайшоў адбор.

Зрэшты, гісторыя адважных вяскоўцаў здзейсніла яшчэ адзін драматычны кульбіт: Старую Збур’еўку 24 лютага акупавалі расейскія войскі, а старасту Віктара Маруняка выкралі. Далейшы лёс шэрыфаў застаецца невядомым.

«Тіні забутих предків» (реж. Сяргей Параджанаў, 1964)

Абысціся без «адліжнага» кіно ў гэтай падборцы было б проста злачынствам. Савецкія 50-60-я гады выявіліся часам для веры ў лепшае жыццё і для нязбытных надзей, што савецкі рэжым пасля смерці Сталіна здольны эвалюцыянаваць у правільным кірунку. У гэтую кароткую пару п’янлівай свабоды і маладосці на экраны змаглі прарвацца «Цені забытых продкаў» — знятая паэтычнай кінамовай экранізацыя аднайменнага рамана пісьменніка Міхаіла Кацюбінскага. У ёй савецкі армянін Сяргей Параджанаў здолеў змясціць усю моц і прыгажосць культуры Закарпацця.

У карціне ўсплываюць розныя поры года, тэматычныя гуцульскія святы і рытуалы, царкоўныя абрады, народная атрыбутыка. Параджанаў з галавой занурае гледача ў адноўленае ім фальклорнае хараство, якое раскінулася сярод скал, рэк і далін Заходняй Украіны, фактычна адсоўваючы на другі план сюжэт — гісторыю няшчаснага кахання Івана і Марычкі, прадстаўнікоў двух варожых родаў.

Як і ўсякае паэтычнае кіно той эпохі, «Цені» няпроста ўспрымаць гледачу, які звыкся да літаратурацэнтрычнага кіно. Аўтар тут дорыць не ідэі, а эмоцыі, пачуццё яднання з прыродай і культурай дзівоснага краю, якая паказаная ўжо вельмі знарочыста фактурна, выпукла. Ведаючы, як лютавала савецкая цэнзура ў той час, абвінавачваючы аўтараў у несуцішным фармалізме, адмове прытрымлівацца прынцыпаў сацрэалізму, дзіўна, як гэтая карціна змагла пазбегнуць ідэалагічных штампаў.

«Цені» аказаліся прыкладам таго, што нават ва ўмовах татальнага кантролю ў СССР атрымлівалася бескампрамісна аўтарскае мастацтва. Праўда, далёка не ўсім лёс так спрыяў, як Параджанаву.

«Погані дороги» (рэж. Наталля Варажбіт, 2020)

Яшчэ адзін намінант ад Украіны на прэмію «Оскар» — драма «Дрэнныя дарогі» пра жыццё ва ўмовах ваеннай акупацыі. Таксама як і «Данбас» Лазніцы, карціна ўяўляе сабой альманах з пяці навел — невялікіх замалёвак з жыцця ля мяжы і на тэрыторыі непрызнаных рэспублік, і ўсе гэтыя пяць гісторый звязаныя з тэмай дарог. Аўтарам фільма стала дэбютантка ў вялікім кіно Наталля Варажбіт, якую на радзіме ведаюць найперш як таленавітага драматурга і сцэнарыста (менавіта яна напісала сцэнар да фільма «Кібаргі» пра баі ў Данецкім аэрапорце). Акурат ейная аднайменная п’еса і стала драматургічным падмуркам фільма, з якога выцякаюць усе яго мастацкія асаблівасці.

Першае, што кідаецца ў вочы, — гэта тэатрацэнтрычнасць карціны. Варажбіт дзесяцігоддзямі працавала з тэатральнымі рэжысёрамі і цяпер прынесла іх досвед на вялікі экран. Праз гэта ў «Дрэнных дарогах» уся адказнасць ляжыць, хутчэй, на акторах і добра прапісаным сцэнары, а не на мантажы і рэжысёрскім рамястве. У адных навэлах гэта выглядае арганічна, але ў іншых — напрыклад, у сцэне затрымання і спробы згвалтавання журналісткі ДНР-аўскім баевіком, — выходзіць знарочыста найграна.

Такім чынам, кіно перыядычна хістае з боку ў бок, з стану «не веру» ў стан «веру», бо словам Варажбіт відавочна валодае значна лепш, чым кінематаграфічнымі інструментамі. У гісторыі яе персанажаў верыш да канца, настолькі яны дэталёва прапісаныя і псіхалагічна вывераныя. Але драматургічна кіно не складваецца ў адзіны пазл, як у таго ж Лазніцы, так што рэжысёрцы яшчэ варта ўдасканальваць рамяство.

«Земля блакитна, ніби апельсин» (рэж. Ірына Цілык, 2020)

Ці можна звыкнуцца з вайной і жыць побач з фронтам, дзе працягваюцца артабстрэлы і часта чуваць страляніну? Гэтае пытанне ва ўмовах сённяшняй інфапавесткі як ніколі актуальнае, але для жыхароў усходу Украіны яно за 8 гадоў стала ўжо часткай штодзённасці. Адну такую гісторыю ў сваім дакументальным дэбюце ў поўным метры паказвае Ірына Цілык, пісьменніца, паэтка і рэжысёрка. Героямі яе дакументальнага фільма становіцца сям’я 36-гадовай Ганны, якая ў адзіночку выхоўвае чатырох дзяцей. Сям’я жыве ў горадзе Краснагораўка, якая ўваходзіла да 24 лютага ў «чырвоную зону» ўкраінскай часткі Данбаса, прастору якога перыядычна скаланаюць выбухі снарадаў, што прыляцелі з боку самаабвешчаных рэспублік.

Справіцца са штодзённым пачуццём страху і безвыходнасці дзецям дапамагаюць, як ні дзіўна, здымкі ўласных фільмаў. Кінематограф становіцца тут аддушынай, збаўчай арт-тэрапіяй, дзякуючы якой можна на нейкі час адмежавацца ад кашмару і гвалту, які адбываецца навокал.

Незвычайны погляд жанчыны-рэжысёра на вайну, гераіняй якога таксама становіцца іншая мужная жанчына і яе дзеці, не прамінуў незаўважаным на міжнародных фестывалях. Карціна Ірыны Цілык атрымала рэжысёрскую ўзнагароду на амерыканскім кінафоруме незалежнага кіно «Сандэнс», а таксама спецыяльны прыз на рыжскім «Артдокфэсце». Усё гэта дазволіла стаць «Зямлі» фактычна адным з галоўных украінскіх дакументальных фільмаў пра вайну на ўсходзе і важным напамінам пра тое, што яе неабходна як мага хутчэй завяршыць. Толькі вось новая фаза вайны знішчыла і гэтую крохкую надзею на мір не толькі для сям’і Ганны, але і ўжо для цэлай краіны.

«Носоріг» (рэж. Алег Сянцоў, 2021)

Можа падацца, што тэма вайны — тое адзінае, што ў апошнія гады хвалявала ўкраінскіх рэжысёраў, але гэта далёка не так. Асэнсаванню паддавалася і нядаўняе агульнае савецкае мінулае з яго разгульнымі постсавецкімі дзевяностымі, паказанае ўжо без налёту настальгіі і рамантызацыі мінулай эпохі. Менавіта ў такім ключы знятая крымінальная драма «Насарог» крымскага пісьменніка і рэжысёра Алега Сянцова, які стаў вядомым праз абсурдны палітычны пераслед з боку акупацыйных уладаў.

Услед за «Крышталём» беларускі Дар’і Жук і «Быком» расейца Барыса Акопава, «Насарог» Сянцова дэманструе ўкраінскі погляд на «хвацкія» дзевяностыя, у якім аўтар імкнецца абмінаць традыцыйныя клішэ і заганы крымінальнага жанру. Галоўным героем тут становіцца задзірлівы вясковы хлопец па мянушцы Насарог, з простай сям’і, у якога бацька сядзеў у турме, а брат-«афганец» загінуў адразу пасля дэмбеля ў адной з бандыцкіх разборак. Няздольны, прынамсі напачатку, рабіць высновы з чужых памылак, у прыбытковы бандытызм ублытваецца і Насарог, якому ў небяспечным рамястве спадарожнічае поспех.

Як і ў сваёй дэбютнай працы «Гамер», прысвечанай сталенню сімферопальскага падлетка-геймера, у сваёй новай карціне Сянцоў працягвае даследаваць мужчынскі характар і ўкраінскую маскуліннасць, да якой не мае асабліва пяшчотных пачуццяў. Галоўны герой «Насарога» — гэта занураны ў прымітыўныя інстынкты і фізіялагічныя патрэбы альфа-самец, які губляе ў канкурэнтнай барацьбе за месца пад сонцам усё самае каштоўнае, што было ў ягоным жыцці: маці, жонку, дачку. Усведамленне марнасці такога жыцця ператварае карціну ў сапраўдную грэцкую трагедыю, здольную пацягацца ў сваёй безвыходнасці з мафіёзнай драмай «Ірландзец» Марціна Скарсэзэ.

«Окупант» (рэж. Міхаіл Ткач, 2022)

У 2010-я рэжысёр Сяргей Лазніца запусціў моду на мантажнае дакументальнае кіно, у якім аўтарам становіцца не той, хто зняў матэрыял, а той, хто склаў з яго паўнавартасную гісторыю і ўдыхнуў новыя сэнсы. Журналіст выдання «Украінская праўда» Міхаіл Ткачук працягвае гэтую традыцыю ў сваёй дэбютнай ютуб-карціне «Акупант». У ёй аўтар змантажаваў мабільныя відэа, знятыя на смартфон арыштаванага расейскага лейтэнанта Юрыя Шалаева, выпускніка Маскоўскай вайсковай вучэльні.

Малады афіцэр у канцы лютага увайшоў з расейскімі войскамі на тэрыторыю Украіны з боку данецкага кірунку і ў пачатку красавіка трапіў у палон да ЗСУ.

Нягледзячы на адсутнасць кінематаграфічнага досведу, у Ткачука атрымалася вельмі цікавая публіцыстычная праца, якая без відавочных акцэнтаў і наратываў вельмі фрагментарна дэманструе нутро жыцця расейскага вайскоўца з моманту яго выпуску з вучэбкі і аж да адпраўкі на фронт.

З нарэзкі эпізодаў, знітаваных аскетычнымі інтэрцітрамі, паступова складваецца цэльнае разуменне ролі вайсковай службы ў лёсе Расеі позняй пуцінскай эпохі. Тут ёсць і п’янае караоке пад песні з серыяла «Спецназ», і рэпертуар Газманава. І дзядзька, які абсікаўся ад перапою, не здольны ўлезці на ложак, і маральна стомлены ад расейскіх ваенных каўказец, і траплянне на рэальную вайну з падбітай тэхнікай, параненымі калегамі і абпаленымі парэшткамі няўдачлівых салдат.

Можна доўга спрачацца, наколькі этычна было выстаўляць чужое асабістае жыццё на ўсеагульны агляд без дазволу ўладальніка тэлефона, але з тым жа поспехам можна разважаць, наколькі этычна захопліваць і знішчаць чужую краіну толькі на падставе таго, што камандаванне загадала табе так зрабіць.

«Акупант» — гэта не гісторыя пра маральнае раскладанне расейскіх афіцэраў або іх жахлівыя злачынствы. Яна хутчэй пра несфармаваную ўсвядомленасць уласнага жыцця, патопленую ў алкаголі, патрыятычных песнях і серыялах, жыццёвым камфорце на зарплаце ў дзяржавы. А яшчэ — пра разуменне непазбежнага жаху, што надыходзіць хутчэй за танкі, бо нешта ідзе не па плане, калі тваіх баявых таварышаў перамолвае ў фарш, а ты сам здалёк са страхам сочыш за вайскоўцамі, якія ставяць міну для тэхнікі, якая набліжаецца.

Рэжысёр не займаецца маралізатарствам, дазваляючы ацаніць увесь жах сітуацыі, у якой аказваецца чалавек, які цалкам даверыў сваё жыццё злачыннай і цынічнай дзяржаве.

«Мої думки тихі» (рэж. Антоніа Лукіч, 2019)

Зыходзячы з прыведзенага вышэй спісу карцін, можа скласціся адчуванне, што ўкраінскае кіно наскрозь смяротна сур’ёзнае і драматычнае. Але ёсць тут і свае цалкам удалыя камедыі, адным з яркіх узораў якіх з’яўляецца драмеды «Мае думкі ціхія» Антоніа Лукіча.

Героем карціны становіцца няўдачлівы гукарэжысёр з Ужгарада Вадзім у выкананні абаяльнага актора-дэбютанта Андрэя Лідагоўскага. Кар’ера і асабістае жыццё хлопца ніяк не складваюцца, і выратаваць становішча можа толькі заказ ад канадскай кампаніі, якой трэба тэрмінова запісаць гукі фауны Закарпацця. Вадзім мог бы справіцца з заданнем і са спакойнай душой з’ехаць жыць за мяжу, але разам з ім у паездку адпраўляецца настырная і актыўная мама, пад уплывам якой мужчына пераасэнсоўвае свае жыццёвыя прыярытэты.

«Мае думкі ціхія» — гэта пацешнае кіно, якое разважае на цалкам сур’ёзныя і актуальныя не толькі для ўкраінскага, але і для беларускага гледача тэмы немагчымасці самарэалізацыі на радзіме і эміграцыі як вырашэння праблемы. Лукіч чаргуе эксцэнтрычную камедыю з сямейнай драмай, паступова прыводзячы гледача да ўсведамлення, што эміграцыя — зусім не панацэя, і што сапраўдны дом там, дзе ёсць людзі, якія цябе падтрымліваюць і разумеюць.